Вы тут

Летась у Беларусі выяўлена каля 52 тысяч новых выпадкаў раку


17 тысяч пацыентаў памерлі.

Паводле слоў спецыялістаў, смяротнасць ад анкалагічных хвароб будзе павялічвацца. Пры гэтым у Беларусі зацвярджаюцца новыя алгарытмы лячэння і з'яўляюцца новыя лекавыя сродкі. Толькі на закупку таргетных прэпаратаў сёлета з рэспубліканскага бюджэту будзе выдаткавана 50 мільёнаў долараў.


За апошнія пяць гадоў захваральнасць анкалагічнымі хваробамі ў Беларусі вырасла на 11 %, а смяротнасць — на 2 %. Пры гэтым сярод працаздольных захваральнасць павялічылася на 12 %, а смяротнасць знізілася на 4 %. Сёння ў Беларусі на дыспансерным уліку з анказахворваннямі стаіць больш за 300 тысяч чалавек. Больш за палову з іх (60 %) пераадолелі так званы 5-гадовы парог выжывальнасці.

— Штогод колькасць новых выпадкаў раку павялічваецца прыкладна на тысячу: у 2017 годзе выяўлена 51 тысяча, у 2018-м — 52, у 2019-м будзе каля 52 тысяч, — расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргей Красны. — Але своечасовая дыягностыка дае свае вынікі: у 2018 годзе на 1—2-й стадыях хвароба выяўлялася ў 67 % пацыентаў, у 2017-м — у 61 %.

Анколаг нагадаў, што для эфектыўнага лячэння крайне важна выявіць хваробу на 1—2-й стадыях. Калі лячэнне пачата пры першай стадыі, пяцігадовы парог выжывальнасці пераадольваюць амаль усе пацыенты, пры 2-й — 70—80 %, пры трэцяй — толькі палова, пры чацвёртай — усяго 5 %.

Сяргей Красны адзначыў, што самай распаўсюджанай лакалізацыяй у мужчын з'яўляецца рак прастаты, у жанчын — рак малочнай залозы. Пры гэтым заклікаў не палохацца, бо гэтыя віды пухлін і лечацца лепш за ўсё.

— Калі мець на ўвазе пацыентаў з ракам прастаты, то там такое паняцце, як 5-гадовы парог выжывальнасці нават не ўжываецца, бо амаль ўсе пацыенты пераадольваюць нават 10-гадовы рубеж. Тое ж датычыць і раку малочнай залозы, за выключэннем запушчаных і вельмі агрэсіўных пухлін, якія, на шчасце, не так часта сустракаюцца, — растлумачыў анколаг.

Сёння ў Беларусі паўсюдна ўкараняюцца скрынінгавыя праграмы па выяўленні раку чатырох найбольш распаўсюджаных у нас лакалізацый — раку прастаты, малочнай залозы, шыйкі маткі і коларэктальнай зоны. Скрынінг — абследаванне груп людзей, якія не маюць сімптомаў, для выяўлення хвароб.

— Ёсць яшчэ раёны, дзе мужчыны ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў не маюць магчымасці здаць аналіз крыві на ПСА (прастатспецыфічны антыген). Але ў любым рэгіёне можна зрабіць яго на платнай аснове, ён каштуе ад 2 да 30 рублёў у залежнасці ад рэактываў, — звярнуў увагу Сяргей Красны. — На рак малочнай залозы правяраюць жанчын ва ўзросце ад 50 да 70 гадоў, робіцца рэнтгенмамаграфія. У некаторых нашых раёнах няма рэнтгенмамографаў, у такім выпадку можна звярнуцца ў раённую паліклініку і вам падкажуць, дзе можна прайсці гэта абследаванне. У больш маладым узросце эфектыўная УГД-дыягностыка.

Коларэктальны рак — адзін з самых распаўсюджаных у Беларусі. І ў 80 % выпадкаў яго можна папярэдзіць з дапамогай прафілактычнай каланаскапіі. Даследаванне робіцца пад анестэзіяй, і пры выяўленні паліпаў, якія ў будучым могуць весці да раку, яны выдаляюцца эндаскапічнымі метадамі. Пілотны праект па гэтым скрынінгу завершаны нядаўна.

— У больш чым паловы абследаваных пацыентаў ва ўзросце ад 45 да 70 гадоў знойдзены і выдалены паліпы. У 9 % выпадкаў праз 10—15 гадоў яны б перарадзіліся ў ракавыя пухліны. Усе выпадкі раку былі выяўлены на 1—2-й стадыях, паліпы выдалены эндаскапічна, без хіміятэрапіі і апраменьвання, — падкрэсліў Сяргей Красны.

Пакуль сітуацыя з коларэктальным ракам у Беларусі сумная — у 50 % выпадкаў ён выяўляецца на 3—4-й стадыях. Таму з 50, і нават з 45 гадоў пажадана раз у дзесяцігоддзе праходзіць татальную каланаскапію. Калі зрабіць яе хоць бы раз у жыцці, імавернасць узнікнення раку тоўстай кішкі змяншаецца на 60 %. Пакуль у Беларусі не ва ўсіх рэгіянальных медустановах ёсць магчымасць арганізаваць спецыяльныя кабінеты для гэтай працэдуры. Такім скрынінгам ахоплена ўсяго 5 % беларусаў, і раней, чым праз 10 гадоў, распаўсюдзіць яго на ўсю мэтавую групу наўрад ці ўдасца.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не прапусціць рак

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.