Вы тут

Той, хто дзеліцца крыламі


Творчы вечар Уладзіміра Ліпскага прайшоў у Тэатры юнага гледача – бо прысвячаўся саракагадоваму юбілею працы вядомага пісьменніка на пасадзе галоўнага рэдактара дзіцячага часопіса “Вясёлка”


Удзельнікі літаратурнага спектакля “Дзялюся крыламі” і сябры пісьменніка Уладзіміра Ліпскага на сцэне Тэатра юнага гледача

Такую творчую імпрэзу, ведаю, марыў зладзіць Уладзімір Сцяпанавіч даўно. Каб гучала роднае слова са сцэны, з добрым рэжысёрам ды прыгожай, выбудаванай па законах жыццёвай логікі дзеяй... Магчыма, і да 75-х угодкаў, у 2015-м нешта падобнае магло б адбыцца. Ды на майскія святы (нарадзіўся галоўрэд “Вясёлкі” 6 мая 1940 года ў вёсцы Шоўкавічы, на гомельскім Палессі), пэўна ж, не так шмат людзей у горадзе, як 10 студзеня. Дзяліўся неяк думкамі Уладзімір Сцяпанавіч: імпрэзаю літаратурна-тэатральнай хочацца яму прыўнесці “новы фармат” у культурнае жыццё — прыцягнуць увагу да сучаснай беларускай літаратуры, вывесці мастацкае слова на вялікую сцэну.

І гэта быў літаратурны спектакль (які зладзіў вядомы рэжысёр Валеры Анісенка, ён жа й як чытальнік у вечарыне паўдзельнічаў): з чытаннем твораў аўтара, прыемнай музыкай, з вядомымі людзьмі. Многія, хто быў у зале, ведалі: вось гэты рухавы, энергічны, аптымістычны чалавек на сцэне за столікам — і ёсць Уладзімір Ліпскі. Пісьменнік, грамадскі дзеяч, лаўрэат Дзяржпрэміі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі. А таксама лаўрэат міжнароднай прэміі імя Альберта Швейцара і расійскай прэміі імя Аляксандра Грына. Да таго ж 30 гадоў ён узначальвае Беларускі дзіцячы фонд. Ініцыятар і старшыня журы Усебеларускіх фэстаў народнага гумару ў Аўцюках. І амаль 70 кніг для дзяцей і дарослых — ягоны творчы набытак, і пераклады яго твораў на рускую, украінскую, літоўскую, нямецкую мовы панеслі вестку пра таленавітага шоўкаўца-беларуса па свеце.

Пра тое, як аказаўся ўпершыню Уладзімір Ліпскі ў “Вясёлцы”, як знаёміўся з мудрым рэдактарам і стваральнікам часопіса Васілём Віткам — мы пісалі (“Сын, сям’я, камсамол і “Вясёлка”. — ГР, 26.10.2018). Менавіта праз гэты часопіс пайшлі ў свет першыя творы для дзяцей тагачаснага работніка ЦК, і наступныя. Пасля камсамола Іван Шамякін запрасіў яго ў Саюз пісьменнікаў — адказным сакратаром, і два з паловай гады быў ён, згадвае з усмешкай, галоўным ключнікам у СП: “Першы прыходзіў і апошні выходзіў. Быў арганізатарам шматлікіх мерапрыемстваў. Тады будынак ля Парку Горкага толькі што адкрылі. Дакладваў пра бягучую сітуацыю кожны дзень Максіму Танку, Івану Шамякіну... Былі ў той час незабыўныя сустрэчы! Ёсць у мяне кнігі з аўтографамі Канстанціна Сіманава, і Расула Гамзатава прымалі мы. І я быў у дэлегацыях, што выязджалі за межы Беларусі. А ў 1978-м, калі Анатоль Грачанікаў з рэдактара “Вясёлкі” на другую пасаду ішоў, то я папрасіўся — і Шамякін парэкамендаваў мяне ў “Вясёлку”. А я ж яшчэ й не быў членам Саюза пісьменнікаў. Васіль Вітка, потым Еўдакія Лось два з паловай гады, Анатоль Грачанікаў столькі ж. А я — чацвёрты рэдактар “Вясёлкі”.

Сорак ужо гадоў Уладзімір Сцяпанавіч на гэтай пасадзе — а, гаворыць, як адзін дзень. І ў тым ён шчаслівы, бо так званыя дзіцячыя тэмы сталі й “галоўнай мелодыяй” сталічнага жыцця сялянскага сына.

Не абышлося, вядома ж, без дзяцей і ў праграме літаратурнага спектакля “Дзялюся крыламі”. Гучалі творы Уладзіміра Ліпскага з вуснаў юных артыстаў: выхаванцаў садка “Ліхтарык”. Былі на сцэне, прадстаўляючы перыяды творчасці пісьменніка, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, заслужаны артыст Леанід Улашчанка, згаданы ўжо Валеры Анісенка, пераможцы Усебеларускага дзіцячага конкурсу “Жывая класіка” — у тым ліку й з родных мясцін галоўрэда. Прыехаў з Палесся на свята вядомы аграрый з душою паэта Рыгор Бабчанок (пра якога Ліпскі напісаў аповесць), быў гурт гумарыстаў з Аўцюкоў, спяваў саліст Іван Буслай. Казалі добрыя словы пра сябра калегі па пісьменніцкім цаху, тэлевядучы Стас Ліпскі. Юбіляру чыталі вершы, дарылі мёд, статуэткі й нават самагонку з Аўцюкоў. Яго віншавалі прыхільнікі творчасці, чытачы “Вясёлкі”, “Бусі” — з розных куткоў Беларусі.

Сябрам, удзельнікам імпрэзы Уладзімір Сцяпанавіч раздорваў шчодра сваю новую кнігу “Мая Беларусь”. Калі разгарнуць вокладку — то як два крылы... І здавалася: ён сапраўды хоча, каб кожны з нас павучыўся лётаць. І змог, як і сам аўтар у прыгожым узросце, хоць крышку ў штодзённасці прыўзнімацца — на крылах творчасці — над жыццёвай мітуснёй.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.