Вы тут

І на “Інтэграле” яго віншавалі


Ветэран працы і вялікі аптыміст Іван Ігнаценка адзначыў 90-годдзе разам з роднымі, сябрамі ды былымі саслужыўцамі са знакамітага Мінскага вытворчага аб’яднання


Іван Васілевіч у святочны дзень

Што за месца, дзе ён плённа працаваў, змяніўшы прафесію агранома на клопаты завадскога прафсаюзнага лідара? Гэта быў першы цэх завода “Транзістар” ВА “Інтэграл”, уведзены ў строй у 1968-м. І працаўнікі, амаль 1500 чалавек, актыўна ўключыліся ў сацспаборніцтва — пад яго кіраўніцтвам. На саюзным узроўні мінчане перамагалі, а Іван Ігнаценка быў важным “вінцікам” у механізме поспеху.

У СССР пра Мінскае вытворчае аб’яднанне “Інтэграл” ведалі многія: тысячы людзей там працавалі, “абаронка” вялікія заказы размяшчала. Дыёды, транзістары, інтэгральныя мікрасхемы... І першы ў Савецкім Саюзе айчынны гадзіннік “Секунда-2” зрабілі там у 1973-м. Вось радкі з гісторыі ВА: “1974. Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі за распрацоўку й стварэнне апаратуры для даследавання касмічнай прасторы... 1981. Ордэн Леніна за распрацоўку й вытворчасць электронных блокаў для наземнага комплексу шматразовай касмічнай сістэмы... 1988. Першыя мікра-ЭВМ”. Высокатэхналагічная, навукаёмістая вытворчасць! Прадукцыя “Інтэграла” й цяпер працуе ў целе Беларускага касмічнага апарата (БКА), яшчэ шмат дзе. Пра тое — на сайце https://www.іntegral.by/ru/about/hіstory. А ў новай гісторыі Беларусі на “Інтэграле” стварылі субмікронную вытворчасць, заводы яго ўвайшлі ў адкрытае акцыянернае таварыства “Інтэграл” (2010), потым зарэгістраваны й аднайменны холдынг (2013).

...Іван Васілевіч — жывы сведка й актыўны ўдзельнік высокіх, касмічных перамог “Інтэграла”. Зберагае граматы (у тым ліку й Вярхоўнага савета БССР), значкі “Пераможца сацспаборніцтва” (1973, 1974, 1975, 1977, 1978...), медаль “Ветэран працы”. З новых “экспанатаў” — віншаванне ад Савета ветэранаў працы ўпраўляючай кампаніі холдынга “Інтэграл”. І дыплом “За творчую індывідуальнасць”, якім Іван Ігнаценка ўшанаваны як удзельнік літаратурна-творчага конкурсу “Інтэграл літаратурны” — яго ладзіць прафсаюзны камітэт. “Я ж і вершы пішу: пра дачу, сяброў ды тое, як і ў прыгожым узросце аптымістам заставацца, — удакладняе Іван Васілевіч. — Ну й самамасаж заўсёды пры мне — тое, што дапамагае не здавацца”.

Пяць гадоў таму пісаў я ў часопісе “Беларусь. Belarus” пра цяжкую долю Івана Ігнаценкі, які ў вайну асірацеў і гадаваў малодшых сястрычак: бо хлеб з ранку да вечара бацька здабываў. Ён — нашчадак моцных людзей з Украіны, з Палтаўшчыны: дзед пражыў гадоў 95. Бацька ж, Васіль Лукіч, хоць і працаваў вельмі цяжка (грабаром: будаваў дарогі), аднак да 88 дажыў. Шукаючы паратунку ад галадухі 30-х гадоў на Украіне, грабар Ігнаценка й перасяліўся з сям’ёй у Беларусь: на Магілёўшчыну, у вёску Нясята Клічаўскага раёна. Івану й 13-ці не было ў 1941-м. Добра памятае, як немцы акружылі вёску — рабілі блакаду, яны з бацькам праз бульбу спрабавалі ўцячы. Выпаўзлі на гітлераўца — той павёў іх пад дулам аўтамата да школы. Думалі — усім канец, бо зона ж партызанская. Неяк абышлося...

Працоўныя ўзнагароды ветэрана

Галоднае дзяцінства, вучоба на агранома, праца ў калгасе, служба ў войску (“артылерыстам у былым Царскім Сяле, пад Ленінградам”)... Далей — вучоба на хіміка ў Беларускім дзяржуніверсітэце, ужо разам з маладою жонкаю, Ганнай Мінаўнай. І вучыцца, і працаваць, і дзяцей гадаваць — усё разам даводзілася рабіць былым вяскоўцам, абжываючыся ў Мінску. Старэйшы сын іх, Мікалай, некаторы час нават быў у кругласутачным садзіку. Ды ён — таксама хімік, кандыдат геолага-мінералагічных навук, а яшчэ й мануальны тэрапеўт, аўтар грунтоўнага дапаможніка “Самамасаж” — пра бацькоў адклікаецца з захапленнем, цёплынёй. “Бацька мой — як анёл-ахоўнік”, — так і ў святочны дзень 90-годдзя казаў, уручаючы юбіляру букет гваздзікоў. Бо гэта ж ён, Іван Васілевіч, пасля страшнай бойкі, у якой падлетка чуць не забілі, дапамагаў сыну аднаўляць пашкоджаную спіну. Кнігі перапісваў, каб практыкаванні былі пад рукой. Падняўся на ногі Мікалай, бо былі ёгаўскія асаны, бацькавы масажы. Ён, па словах Мікалая — не чараўнік, але таленавіты самамасажыст. Ад яго й сын пераняў шмат, заўважыўшы: той ніколі не сядзіць без справы. Увесь час нешта на сабе размінае: руку, спіну, калена. І многія тэхнікі, пра якія гаворка ў кнізе Мікалая — ад бацькі. Зрэшты, абодва народныя лекары — і бацька, і сын — сотням людзей сваім гэтым майстэрствам дапамаглі.

Здароўя вам, Іван Васілевіч, і доўгіх гадоў бадзёрага жыцця!

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

У 1943—1944 гадах легендарнай Хаваншчыны (Івацэвіцкі раён) немец баяўся як агню.

Культура

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым  дакументальнае кіно — несумленнае

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым дакументальнае кіно — несумленнае

Заўтра ў харвацкай сталіцы пачынаецца міжнародны фестываль дакументальнага кіно ZаgrеbDох, у асноўны конкурс якога адабраны і фільм беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы Summа.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.