Вы тут

Тамара плюс Мітрафан


Муж і жонка Курачкіны ў Беларусі нарадзіліся, а ў Рэспубліцы Комі абодва сваімі літаратурнымі талентамі раскрыліся


Сям’я Курачкіных у Брэсце

Кажуць, дзве творчыя асобы ў адной сям’і цяжка ўжываюцца. Маўляў, павінен адзін быць лідарам, а другі — у цяні схавацца: інакш будзе суперніцтва. Можа, яно й так, але сям’я Курачкіных з Сыктыўкара тады — шчаслівае выключэнне. І муж, і жонка — вядомыя літаратары, і не суперніцтва ў іх — творчы саюз.

Мітрафан, праўда, сваю першую кніжку выпусціў яшчэ ў 1976‑м: ужо вядомым журналістам быў. А Тамара ў літаратуру прыйшла пазней, маючы салідны працоўны стаж. І з’яўленне яе твораў на старонках літаратурных альманахаў было адкрыццём для мужа: ён і не падазраваў, што побач з ім жыве лірык, ды яшчэ які! Здзіўляцца было чаму: Мітрафан у рыфмах — з юнацтва, Тамара ж больш займалася “прозаю жыцця”. Ён быў журналістам, яго прафесія схіляла да творчасці, а яна — вучыла дзяцей, кіравала рэвізійным аддзелам у трэсце сталовых і рэстаранаў. Ці ж там да вершаў? Але яны прыйшлі да яе, пайшлі потым у рэспубліканскія альманахі, газеты, потым — і на старонкі СМІ Беларусі.

Цяпер у Тамары Іванаўны ўжо салідны спіс апавяданняў і вершаў. Вялікі наробак і ў Мітрафана Іванавіча: яго кнігі выдаваліся і ў Карэліі. Потым, калі Курачкіны сталі адной сям’ёй, кнігі пачалі выходзіць у Сыктыўкары. Абое прывязаны да Комі, але душамі паяднаны з Беларуссю: тое бачна й па творах. А праца Мітрафана таксама на лірыку не настройвала: спачатку ён узначальваў аддзел эканомікі ў газеце, потым пяць гадоў быў рэдактарам раёнкі. Яшчэ рэдагаваў часопіс абкама партыі “Вестник политической информации” — таксама ж не песні… А ён у вольную часіну пісаў вершы, прычым розныя: ад памфлетаў і едкай сатыры на чыноўнікаў да прызнанняў у каханні. Прырода, дзеці, жанчыны — вечныя тэмы. Друкаваўся ў газетах, альманахах, потым вершы збіраліся ў кнігі. Яшчэ была проза — таксама розная, але практычна ўся — пра жыццё-быццё людзей ды іх справы-клопаты. Пад яго рэдактарствам выйшлі зборнікі твораў мясцовых аўтараў, некалькі кніг комі-пісьменнікаў. Ён і цяпер, размяняўшы дзявяты дзясятак (родам з 1938 года), у добрай творчай форме: ці не штогод выпускае новую кнігу. Самымі значнымі сам аўтар называе: “Связь времён” (2000), “След на северной земле” (2006), “Созвездие белорусского пограничья” (2014), “Магия обыкновенных букв” (2015). Пра ягоную творчасць з’яўляюцца станоўчыя водгукі ў СМІ.

У Тамары кніг яшчэ не гэтулькі, але яна “тэмп набірае”: вершы яе, апавяданні друкуюцца ў газетах і альманахах Комі, Кіславодска, Масквы, Мінска. Нядаўна выйшла кніга “А я с любовью и душой слова искала…” І пра яе творчасць ёсць станоўчыя водгукі, рэцэнзіі. Скажам, член Саюза пісьменнікаў Расіі Іван Аксёнаў пісаў у альманаху “Литературный Кисловодск” (2016, № 60): “Добрым атрымалася апавяданне “Доброта” Тамары Курачкінай. Так і бачыш гэтую цудоўную жанчыну Наталку, якая ўся свеціцца дабрынёй, чуеш гэтую мяккую, пявучую беларускую гаворку, і на душы становіцца цяплей”… Такія словы майстра пяра шмат значаць для любога літаратара, натхняюць на далейшую працу.

Творчы саюз Курачкіных з гадамі толькі мацнее. І ёсць надзея, што мы яшчэ пабачым, прачытаем не адну кнігу гэтых беларусаў-рупліўцаў з Сыктыўкара. Урадлівым для іх выдаўся й 2018 год. Яны яшчэ раней падрыхтавалі да друку працяг згаданай кнігі пра беларусаў Комі “След на северной земле”, даўшы ёй назву “Беларусь — наша родина, а Север стал любовью”. Кніга была прымеркавана да 20‑годдзя стварэння ў Комі Нацыянальна-культурнай беларускай аўтаноміі. Яшчэ Тамара Іванаўна выдала сваю другую кніжку пад назвай “Судьба”. Напісала ж пра свайго мужа — старэйшага журналіста, літаратара ў Рэспубліцы Комі. У літальманахах “Сыктывкар” і “Литературный Кисловодск”, у інтэрнет-часопісе “Орнамент” Тамара Курачкіна надрукавала цікавыя апавяданні “Горьковатый привкус детства”, “Дворняжка по кличке Дружок”, “Рекс”. Ды й Мітрафан Іванавіч выдаў чарговую кнігу “Смехом — по помехам” (сборник сатиры и юмора).

Летам 2018‑га муж і жонка Курачкіны пабывалі ў Беларусі, у Брэсце: родным горадзе Тамары Іванаўны. Гістарычная радзіма сустрэла беларусаў з Сыктыўкара добразычліва, і газета “Брестский вестник” змясціла добры артыкул пра творчую сям’ю літаратараў-землякоў. Чытачы мелі магчымасць прачытаць вершы Тамары “Песня жизни”, “Нет милее места”, Мітрафана — “Как манит бор стихами”.

Пажадаем адоранай творчай пары (сям’і ўжо больш за 50 гадоў) здароўя, новых творчых поспехаў.

Анатоль Полькін, г. Сыктыўкар

Ад рэдакцыі. Сям’я Курачкіных даслала нам раней кнігу “Смехом — по помехам”, а потым і кніжку “Судьба”. Дзякуем вам, паважаныя суайчыннікі! Апошняе выданне можна лічыць агульным дасягненнем нашых землякоў: Тамара Курачкіна напісала пра свайго мужа. У кнізе шмат фотаздымкаў. Такі падарунак зрабіла жонка Мітрафану Іванавічу на яго 80-гадовы юбілей — пра які мы, дарэчы, пісалі (“Душам расці — у творчасці” — ГР, 8.02.2018) .

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».