Вы тут

Узоры этнасферы


25 гадоў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур актыўна працуе разам з нацыянальна-культурнымі грамадскімі суполкамі Беларусі


Ансамбль «Эрэбуні» — упрыгажэнне армянскай дыяспары ў Беларусі

Сёлета — юбілей у Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, і вясёлае святочнае рэха, будзем спадзявацца, яшчэ пракоціцца ў 2019-м як па Беларусі, так і за яе межамі. На святочную дату звярнула ўвагу дырэктарка цэнтра Вольга Антоненка пад час прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Разам з ёй на сустрэчу з журналістамі прыйшлі таксама кіраўнікі малдоўскай, азербайджанскай, татарскай і эстонскай дыяспар, якія — у ліку найбольш актыўных у краіне.

Наогул у РЦНК, які працуе пад эгідай Міністэрства культуры, цяпер шмат сяброў па творчай супрацы, і сярод іх многія іншыя грамадскія суполкі: армян, афганцаў, грэкаў, грузін, дагестанцаў, казахаў, карэйцаў, літоўцаў, немцаў, палесцінцаў, палякаў, рускіх, башкір, туркменаў, украінцаў, цыган, чувашоў, яўрэяў. Падтрымлівае цэнтр і стасункі з Амбасадамі розных краін у Беларусі, сярод якіх Эстонія, Латвія, Літва, Украіна, Расія, Германія, Польшча, Кітай, Іран, Карэя, Казахстан, Арменія, Грузія, Азербайджан, Малдова, Ізраіль, Сербія ды іншыя. Былі на прэс-канферэнцыі ў чарговы раз названыя знакавыя лічбы, якія сведчаць: Беларускі Мацярык — значна большы за саму Рэспубліку Беларусь. Мяркуйце самі: 4 мільёны этнічных беларусаў, а таксама выхадцаў з Беларусі ды іх нашчадкаў жывуць за межамі нашай краіны. У той жа час у Беларусі жывуць прадстаўнікі 141 нацыянальнасці. Прычым усе яны, паводле беларускіх законаў, маюць тут права развіваць культуру, вывучаць мову, гісторыю, традыцыі сваіх продкаў. Яны й стварылі больш за 200 грамадскіх арганізацый ды іх філіялаў, шэраг творчых гуртоў і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім, культурным жыцці Беларусі.

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур якраз і быў створаны, каб каардынаваць разнастайную дзейнасць такіх шматлікіх нацыянальна-культурных суполак у Беларусі. Яшчэ на РЦНК была ўскладзена й такая важная місія: падтрымліваць сувязі з беларусамі, якія жывуць за мяжой, — найперш з суполкамі, творчымі гуртамі, якія там створаны. У РЦНК, гаварыла Вольга Антоненка, цяпер працуюць тры аддзелы: па рабоце з нацыянальна-культурнымі грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў замежжа, па метадычным забеспячэнні дзейнасці клубных арганізацый ды аддзел народнай творчасці.

Гэтымі днямі цэнтр падводзіць вынікі дзейнасці за мінулы год. І вялікае яго дасягненне ў тым, што супрацоўнікі РЦНК дапамаглі адбыцца больш чым 370 імпрэзам, канцэртам творчых калектываў розных нацыянальнасцяў. Пад час тых культурных падзей сацыяльна актыўныя прадстаўнікі розных нацыянальных суполак Беларусі змаглі выехаць з творчымі праектамі за межы нашай краіны, а беларусы замежжа — наведаць Бацькаўшчыну.

Найбуйной падзеяй у этнасферы Беларусі стаў летась XІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур: у чарговы раз ён сабраў таленавітых прадстаўнікоў дыяспар у чэрвені 2018-га ў Гродне. На фэсце ўзнагароды атрымалі прадстаўнікі 37 нацыянальнасцяў, а казахскі падворак — Гран-пры. Цэнтр, адзначыла Вольга Антоненка, летась арганізаваў удзел беларускай творчай дэлегацыі ў ІІ Міжнародных Парадэльфійскіх гульнях у горадзе Іжэўску (Рэспубліка Удмурція, Расія). Гран-пры на гэты раз — наш: ім ушанаваная народная вакальная мужчынская група “Хорус” Беларускага таварыства па зроку з Віцебска.

На творчую стажыроўку ў РЦНК летась прыехала 17 прадстаўнікоў беларускай дыяспары з 9 краін. Яны знаёміліся з беларускімі абрадамі, спевамі, танцамі, бралі майстар-класы ад майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Не застаюцца без падтрымкі РЦНК і беларусы замежжа. Беларускія суполкі ў Ізраілі, Італіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Сербіі, Украіне, Эстоніі, ЮАР атрымалі з Бацькаўшчыны летась і важкую матэрыяльную падтрымку: гэта 252 камплекты беларускіх сцэнічных касцюмаў, камплекты кніжак, сувеніры з беларускай сімволікай, а таксама музінструменты.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.