Вы тут

Прыгожая мара Махатмы Гандзі


Штогод Амбасада Індыі выдае беларусам каля 8 тысяч візаў


Нядаўняя прэс-канферэнцыя ў Нацыянальным прэс-цэнтры ў Мінску прысвячалася Дню Рэспублікі Індыя: штогод ён адзначаецца 26 студзеня. Свята, нагадаю, звязана з прыняццем Канстытуцыі, пераходам краіны ад статуса брытанскага дамініёна да рэспублікі. Канстытуцыю прынялі ў лістападзе 1949-га, яна ўступіла ў сілу 26 студзеня 1950 года. І сёлета Рэспубліцы Індыя — 70 гадоў. Прыгожы ўзрост! Мы ведаем: адным з заснавальнікаў індыйскай дзяржаўнасці, ідэолагам філасофіі сацьяграха й барацьбы за незалежнасць сваёй краіны без гвалту быў Махандас Карамчанд “Махатма” Гандзі (1869—1948). Ён загінуў ад куль аднаго з фанатаў-нацыяналістаў праз 6 месяцаў пасля абвяшчэння незалежнасці краіны (1947). Дарэчы, паміраючы, Махатма жэстамі паказаў, што прабачае забойцу.

Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Індыі ў Беларусі спадарыня Сангіта Багадур расказала на прэс-канферэнцыі: хутка ўжо ў Мінску з’явяцца білборды з выявай Махатмы Гандзі. Самы знакаміты індыец атрымаў тытул Махатма, што азначае “Вялікая душа”, за тое, што ўсё жыццё прысвяціў самаўдасканаленню й служэнню грамадству, нястомна выступаў супраць гвалту й рэлігійных звадаў. Помнік Махатму Гандзі ў Мінску ўстаноўлены ў чэрвені 2015 года ва ўнутраным дворыку Беларускага дзяржуніверсітэта. Да 150-х угодкаў Махатмы ў мінскім Лошыцкім парку ў лістападзе 2018-га былі высаджаны паўтары сотні маладых дрэўцаў: вербы, ліпы і рабіны. Пра Махатму Гандзі беларусы ведаюць з кніжак “Маё жыццё”, “Мая вера” і “Ключ да здароўя”, у якіх Гандзі падзяліўся сваім светапоглядам.

Спадарыня Сангіта Багадур на прэс-канферэнцыі дала зразумець: сёння й беларусы, і таксама індыйцы зацікаўленыя ў тым, каб паміж краінамі развіваліся шматбаковыя стасункі, у тым ліку й турыстычны абмен. Штогод Амбасада Індыі выдае беларусам 7-8 тысяч візаў. Амбасадар ведае: многія індыйцы хацелі б прыехаць у Беларусь. Яна лічыць, што наша краіна вельмі прыгожая, і варта больш рэкламаваць яе лепшыя каштоўнасці ў Індыі, каб прыцягнуць адтуль больш турыстаў. Да таго ж Амбасада Індыі ў Беларусі нядаўна атрымала ад Нацыянальнага аэрапорта “Мінск” прапанову наладзіць прамыя авіяпералёты паміж краінамі. Спадзяемся — так і будзе!

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?