Вы тут

Да Беларусі — з любоўю


Літаратар з Чабаксар Валеры Тургай стварыў аўтарскую анталогію перакладаў беларускага слова на чувашскую мову


Валеры Тургай — добры сябар Беларусі. У 2018 годзе ён прымаў удзел у Мінскім Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час”. Вядомы чувашскі паэт, перакладчык, публіцыст, шмат робіць для развіцця міжнародных стасункаў чувашскай нацыянальнай літаратуры. Менавіта ён сёння выбудоўвае, трываліць беларуска-чувашскі літаратурны мост. Робіць гэта, як сведчаць яго чувашскія калегі, упэўнена, з добрым веданнем справы, з цудоўным мастацкім густам. Да прыкладу, летась у Чабаксарах дзякуючы намаганням Валеры Тургая прайшоў вечар паэзіі Янкі Купалы.

Здзейсненае чувашскім паэтам у развіцці беларуска-чувашскіх літаратурных сувязяў узнаўляе й памяць пра час, праведзены Янкам Купалам у Чабаксарах — а было тое на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Новы падарунак Валеры Тургая чувашскаму чытачу — падрыхтаваная да друку кніга “Любоў мая — Беларусь”. Выданне хутка пабачыць свет у адной з друкарняў Чабаксар.

120 старонак складае аўтарская анталогія перакладаў беларускага слова на чувашскую мову. Адкрываецца зборнік знакамітым урыўкам з прадмовы Францыска Скарыны да “Кнігі Юдзіф”. Далей ідуць вершы Максіма Багдановіча, народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна. А таксама — Міколы Купрэева, Анатоля Грачанікава, Генадзя Бураўкіна, Навума Гальпяровіча, Яўгеніі Янішчыц, Міхася Пазнякова, Анатоля Сыса, Віктара Шніпа, Алеся Бадака, Марыі Кобец, Таццяны Сівец, Валерыі Радунь, Юліі Алейчанкі. Найбольш ёмісты — раздзел перакладаў з паэзіі Янкі Купалы: у ім, акрамя асобных вершаў, і 22 купалаўскія санеты. “Працуючы над перастварэннем санетаў, — расказвае Валеры Тургай, — я кансультаваўся з супрацоўнікамі Літаратурнага музея Янкі Купалы, ягонай дырэктаркай Аленай Ляшковіч. Увогуле ўдзячны беларускім сябрам за падказку перастварыць такі яркі, вобразны купалаўскі цыкл. Ведаю, што раней выходзіла кніга санетаў Купалы на розных мовах народаў свету. То мяркую, спадзяюся, што яшчэ і ў Мінску ў новым выданні кнігі Янкі Купалы «“Санеты” на мовах свету» з’явіцца й маё — чувашскае — пераўвасабленне, маё чувашскае прачытанне неўміручых твораў геніяльнага беларускага паэта”.

Цяпер на рабочым стале Валеры Тургая — падрадкоўнікі вершаў іншых беларускіх паэтаў: Міколы Мятліцкага, Міхася Башлакова, Людмілы Рублеўскай, Генадзя Пашкова, Міколы Віча, Раісы Баравіковай, Юрася Свіркі... “Думаю над новым выданнем анталогіі беларускай паэзіі па-чувашску, — дзеліцца планамі перакладчык. — Вельмі хочацца для чытача ў Чувашыі прадставіць шырокую палітру беларускай паэзіі, паказаць усе яе колеры й вобразы. Для таго, мяркую, не аднойчы яшчэ й прыеду ў Беларусь”.

Такіх сяброў слова проста нельга не шанаваць, не адзначаць сваёй увагай. Чувашскі паэт — у шэрагу тых сучасных паэтаў з розных нацыянальных літаратур Расіі, якія пільна сочаць за развіццём беларускага мастацкага слова. І тут яшчэ можна згадаць балкарца Саліха Гуртуева, чачэнца Адама Ахматукаева, калмычку Рыму Ханінаву, удмурта Вячаслава Ар-Сяргі, башкірку Зульфію Хананаву, татарына Рэната Харыса...

Застаецца дадаць, што і ў Беларусі перакладчыкі ўважлівыя да творчасці Валеры Тургая. Ягоныя вершы па-беларуску друкаваліся ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Ёмістая падборка перакладаў чувашскага сябра рыхтуецца да друку ў часопісе “Полымя”. А “Мастацкая літаратура” ў серыі “Сябрына: паэзія народаў Расіі” запланавала выпуск асобнага зборніка вершаў Валеры Тургая.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?