Вы тут

Больш чым кнігі


Такі асноўны дэвіз XXVІ Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, што пройдзе ў Мінску 6-10 лютага


Фота sputnik.by

Аб праграме выставы, яе гасцях, асноўных мерапрыемствах вялікага міжнароднага кніжнага форуму — наша гутарка з намеснікам Міністра інфармацыі Ігарам Бузоўскім.

— Ігар Іванавіч, дазвольце пачаць гутарку з асабістых уражанняў. У мінулыя гады мы былі сведкамі таго, як актыўна й захоплена ўдзельнічалі ў выставах творчыя калектывы ўкраінскай дыяспары. Яны працавалі на вялікім стэндзе, прадстаўленым нашымі суседзямі з Украіны. Скажыце, а ці ўлічваецца пры складанні праграмы кніжнай выставы-кірмашу меркаванне, якое склалася пра Беларусь і ў свеце — як пра краіну шматнацыянальную?

— Безумоўна! Так гістарычна склалася, што Беларусь з’яўляецца гасціннай краінай, дзе можна пазнаёміцца з культурай, звычаямі многіх народаў. У нас дружна жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасцяў, іх культурная разнастайнасць служыць узаемнаму ўзбагачэнню. Таму, зыходзячы з дадзеных пасылаў, фармуецца й праграма Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая да таго ж адкрывае міжнародны каляндар кніжных выстаў і з’яўляецца свайго роду справаздачай аб рабоце кнігавыдаўцоў Беларусі за мінулы год. І яшчэ, як кажуць, зверкай гадзіннікаў на будучыню. Да прыкладу, у мінулым годзе ў кулуарах госці выставы абмяркоўвалі, якой літаратуры не хапае публіцы, што чытаюць у розных краінах. Высветлілася, што, скажам, расейцы чакаюць новых перакладаў Уладзіміра Караткевіча, у Германіі гатовыя купляць Васіля Быкава, дыпламаты ж хацелі б убачыць паэму «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча на англійскай мове. Тэма міжнароднага супрацоўніцтва, якая была адной з галоўных на кніжным форуме летась, відавочна не вычарпаная. Дзякуючы такому супрацоўніцтву мы рухаемся наперад у развіцці важных момантаў, якія пашыраюць і ўзбагачаюць кніжную культурную прастору.

— Назавіце, калі ласка, асноўныя лічбы, каб паказаць маштаб выставы, якая даўно стала традыцыйнай.

— Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш‑2019 па традыцыі пройдзе ў Адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. На плошчах каля 3000 квадратных метраў свае экспазіцыі прадставяць больш за 300 экспанентаў. Чакаецца, што выставу сёлета наведаюць каля 60 тысяч жыхароў і гасцей сталіцы. Цікавыя экспазіцыі прадставяць ЗША, Расія, Казахстан, Германія, Польшча, Кітай. Безумоўна, знакавай будзе й нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь. Чакаецца ўдзел у мерапрыемстве прадстаўнікоў больш чым 25 краін блізкага й далёкага замежжа. Гэта Украіна, Азербайджан, Таджыкістан, Узбекістан, Малдова, Латвія, Літва, Эстонія, Сербія, Чэхія, Славакія, Італія, Францыя, Швецыя, Егіпет.

— Што за сэнс, па-вашаму, закладзены ў асноўным дэвізе выставы: «Больш чым кнігі»?

— Каб вырашаць задачы выставы па папулярызацыі чытання, садзеянню развіццю нацыянальнага кнігавыдання і продажы кніг, неабходна разумець, што час дыктуе новыя патрабаванні да арганізацыі працы кніжнай сферы. Важна не толькі знайсці аўтара, надрукаваць і выставіць у продаж кнігу, але патрэбна забяспечыць эфектыўны маркетынг у адпаведнасці з запатрабаваннямі часу. Таму ў 2019 годзе да працы прыцягнута шырокае кола зацікаўленых як на самой пляцоўцы выставы, так і за яе межамі — гастрафестываль, тэматычная работа кінатэатраў, тэатраў, паэтычны аўтобус, кнігарні, бібліятэкі, музеі, нават асобая пляцоўка ў Храме-помніку ў імя Усіх святых.

— Якіх яшчэ навінак нам чакаць у гэтым годзе?

— Навінкі, як вядома, — паказчык развіцця. Арганізатары актыўна працуюць, каб павялічыць колькасць пляцовак выставы, пра якія казаў. Зоны актыўнасці будуць па ўсім Мінску. Прапрацоўваецца магчымасць паказу ў кінатэатрах фільмаў, а ў тэатрах — спектакляў, пастаўленых па вядомых творах беларускіх пісьменнікаў. Такіх, да прыкладу, як спектакль «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які можна будзе паглядзець на сцэне Тэатра імя Янкі Купалы. Або кінакарціну «У тумане» паводле Васіля Быкава ў Доме кіно. З тэлеканаламі абмяркоўваецца пытанне, каб у дні выставы ішлі нацыянальныя тэлефільмы, як мастацкія, так і дакументальныя, якія ўвайшлі ў «залаты фонд» беларускага тэлебачання. Мяркуецца таксама перад іх пачаткам акцэнтаваць увагу на тым, што ў Мінску праходзіць кніжная выстава-кірмаш. Акрамя таго, для папулярызацыі выставы і як своеасаблівае запрашэнне яе наведаць, а таксама як ілюстрацыю карысці ад чытання кніг як такога хочам увасобіць ідэю прыгатавання ў кавярнях і рэстаранах страў, апісаных у раманах і аповесцях, апавяданнях майстроў беларускай славеснасці. Гэта будзе своеасаблівы гастранамічны фестываль у сістэме грамадскага харчавання. Акцэнт на крэатыўныя «літаратурныя» стравы можа быць зроблены ў меню. Скажам, ва Уладзіміра Караткевіча ў «Дзікім паляванні караля Стаха» на балі елі пампушкі з часнаком, альбо індычку з яблыкамі. Дык вось госці Мінска ды яго жыхары, наведаўшы той ці іншы рэстаран у дні выставы, дзе прадстаўлена беларуская кухня, змогуць тое паспытаць. Ёсць у нас яшчэ адна цікавая задумка. Хочам па праспекце Пераможцаў пусціць па маршруце так званы паэтычны аўтобус, корпус якога будзе аформлены ў духу выставы: з яе праграмай, іншай рэкламнай інфармацыяй. У салоне аўтобуса загучыць жывое слова. Гэта могуць быць вершы, якія прачытаюць самі аўтары, а то й лепшыя чытальнікі, тыя, хто перамаглі на конкурсе «Жывая класіка». У іх рэпертуары ёсць творы як беларускіх, так і іншых паэтаў. Важна, каб гэты аўтобус даязджаў непасрэдна да асноўнай пляцоўкі выставы. Тэрытарыяльна гэта не надта зручна, але мы думаем і ў гэтым кірунку.

— Мабыць, у бібліятэках Мінска таксама будзе вялікая й разнастайная праграма?

— Так, у іх пройдуць фестывалі кнігі, аўтограф-сесіі, сустрэчы чытачоў з пісьменнікамі — як з беларускімі, так і з гасцямі з іншых краін. Прыдуманая й крэатыўная праграма, квэсты, якія прывабліваюць дзяцей да чытання. Гэта могуць быць і тэатралізаваныя імпрэзы па кнігах дзіцячых пісьменнікаў.

— Ці плануецца праца дзіцячых пляцовак на асноўнай плошчы выставы?

— Так, плануецца. Нам, вядома ж, важна, каб дзеці прыцягваліся да чытання. Магчыма, у цэнтры выставы зробім зону актыўнасці, арт-аб’ект. Якім ён будзе — абмяркоўваем. Магу прывесці канкрэтныя прыклады. Рыхтуецца жартоўная віктарына «Вярніце звяроў у слова», якая пройдзе на Нацыянальным стэндзе Беларусі. Карыстаючыся падказкамі, дзеці адгадаюць словы й назвы тых звяроў, якія ад іх «уцяклі», з удзелам Музея займальных навук «ЭКСПИРИмЕНтуС». Арганізатар — выдавецтва «Народная асвета». А на стэндзе Германіі пройдзе квэст «Дзіцячы дзень: майструем разам», які рыхтуе Амбасада Германіі ў Беларусі.

— Як увасобіце на выставе тэму Еўрапейскіх гульняў–2019?

— Пройдзе прэзентацыя кніг, прысвечаных тэматыцы II Еўрапейскіх гульняў. Прычым у ёй прымуць удзел прадстаўнікі Нацыянальнага Алімпійскага камітэта, знакамітыя беларускія спартсмены. У гэтыя ж дні прапануем гасцям выставы наведаць музей Нацыянальнага Алімпійскага камітэта. Будуць таксама іншыя мерапрыемствы.

— Напэўна ж у дні выставы будзе гучаць і музыка. Якія ансамблі запрашаеце?

— Без музыкі не абысціся: з ёю ўсё больш урачыста. Да прыкладу, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» будзе прэзентаваць свой выдавецкі праект — кнігу «Арганы Беларусі» пры ўдзеле Беларускай дзяржакадэміі музыкі ў самой Акадэміі. Прэзентацыя пройдзе ў суправаджэнні выступленняў студэнтаў Акадэміі. У адзін з дзён будзе на выставе граць і спяваць папулярны, як вы ведаеце, ансамбль «Стары Ольса». Будуць выступаць і барды, і драматычныя акцёры…

— Ці будуць неяк задзейнічаны ў выставе блогеры?

— Пытанне своечасовае. На асноўнай пляцоўцы плануецца праца не толькі з выдаўцамі, распаўсюджвальнікамі кнігі, але й з людзьмі, якія сёння выйшлі за межы яе звычайнага разумення. Гэта блогеры. Бо яны сёння ўплываюць на паняцце электроннай кнігі, на распаўсюджанне яе ў інтэрнэце. Гэта будуць дыскусіі, якія мы арганізуем пад час выстаў, у прыватнасці, плануем пры інфармацыйнай падтрымцы газеты «Аргументы и факты в Беларуси» культурна-камерцыйны праект. Правядзем спачатку ў прэс-цэнтры дыскусію сярод блогераў, а потым паглядзім. Магчыма, гэта крыху адхіленая тэма ад тэмы выставы, але сёння ж важна кнігу не толькі напісаць, выдаць, але вельмі важна яе й прасоўваць.

— Мне здаецца, што гэта якраз і суадносіцца з дэвізам выставы: «Больш чым кнігі»…

— Можна й так сказаць. Калі раней кніга была часткай калекцыі, стаяла на стэлажах, то сёння яе трэба прадаваць. І так, каб чалавек у гэтым меў патрэбу. Трэба ствараць моду на кнігу, каб кніга й карыснай, і патрэбнай была. Мы ведаем: кніга — гэта свята, элемент вольнага часу. Але ў той жа час і элемент выхавання, таму гэты элемент мы абавязаны чалавеку прадастаўляць. Гэта задача дзяржавы й грамадства. Як гэта рабіць правільна — таксама будзем абмяркоўваць на выставе.

— Ці плануюцца канферэнцыі з блогерамі?

— Так, з імі мяркуем правесці міні-канферэнцыі «Новыя тэхналогіі і кніга», «NeoBook і сучасная кніга». Хацелася б пагаварыць пра тэхнікі й методыкі чытання з дзецьмі, пра эмацыйны складнік тэкстаў, пра стварэнне ўспрымання новых фарматаў кнігі, у тым ліку й кніг з дапоўненай рэальнасцю, якія ўжо выпушчаныя. Да прыкладу, ёсць кніга «Аліса ў краіне цудаў». Цікавы быў бы й дыялог пра мову й тэндэнцыі сучасных ілюстрацый да кніг, пра ўзаемасувязі тэксту з ілюстрацыяй, нейрафізіялогію чытання. І пра тое, як фармуецца мозг дзіцяці ў залежнасці ад таго, што яно чытае.

— Наколькі папулярныя беларускія аўтары, якія прымуць удзел у выставе?

— Запрашаем тых, чыя творчасць знаходзіць водгук у чытачоў. Дарэчы, у сацсетках, на іншых пляцоўках часта дыскутуецца спрэчнае пытанне пра мясцовых аўтараў, пра тое, наколькі яны яркія, запатрабаваныя. У такіх спрэчках заўсёды ёсць момант суб’ектывізму. Мы назіраем, напрыклад: калі нашы аўтары прэзентуюць, скажам, у гандлёвых цэнтрах свае кнігі, то за імі чэргі выстройваюцца. Вось мы хацелі б гэтыя формы прасоўвання кніг, аўтараў вывучыць, каб у далейшым удасканаліць механізмы прэзентацыі.

— Ці мяркуецца правядзенне Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», як тое было ў 2018 годзе? І хто яго ладзіць?

— Міжнародны сімпозіум літаратараў абавязковы. Ладзяць: Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура» ды Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД. У сімпозіуме паўдзельнічаюць прадстаўнікі 25 краін. Гэта будуць не толькі літаратары, але й тыя, хто прасоўвае беларускую кнігу за мяжой і лепшую замежную літаратуру ў Беларусі, а таксама тыя, хто спрыяе развіццю ды ўмацаванню супрацоўніцтва з далёкім і блізкім замежжам. Гэтыя людзі — нашы аднадумцы, практыкі, якія працуюць ужо не адзін год для развіцця кніжнай галіны нашай краіны. Пройдзе ў дні сімпозіума й семінар маладых перакладчыкаў, беларуска-казахскі форум «Літаратурны дыялог у прасторы й часе», літаратурныя вечарыны. Гэта будзе пара знаёмстваў, зносін. Як вядома, падобныя сустрэчы ўзбагачаюць. Адкрыецца кнігарня «Дружба», у якой будуць прадстаўлены кнігі аўтараў розных краін блізкага й далёкага замежжа — як на мове арыгінала, так і ў перакладзе на рускую, беларускую мовы. У дні выставы ў кнігарні запланавана правядзенне шэрага прэзентацый і сустрэч з прадстаўнікамі краін-удзельніц выставы.

Несумненна, V Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які за гады правядзення па праве стаў інтэлектуальнай пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў гуманітарнага й культурнага супрацоўніцтва, знакавым міжнародным праектам, скіраваным на захаванне духоўна-маральных асноў развіцця грамадства й дзяржавы, умацаванне гуманітарных сувязяў між пісьменнікамі — гэта найбуйное мерапрыемства выставы. Пройдуць і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 58‑га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», і цырымонія ўшанавання пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Першацвет».

— Хто з расійскіх папулярных аўтараў прыедзе на выставу?

— Плануецца, што ўдзел прымуць як маладыя аўтары, так і знакамітыя. Напрыклад, Максім Макарычаў, Леанід Млечын, Міхаіл Велер, Сяргей Лук’яненка…

— Як будзе прадстаўлена Беларусь?

— Асноўнымі тэмамі нацыянальнага стэнда нашай краіны на выставе стануць Год малой радзімы, юбілеі класікаў беларускай літаратуры, знакавыя даты ў гісторыі краіны. Будзе арганізаваны шырокі продаж кніжнай прадукцыі айчыннай вытворчасці. Таксама прадставім праект «У пошуках страчанага» вядомага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава. У 2019-м праекту спаўняецца 15 гадоў. Акрамя таго, на нацыянальным стэндзе госці ды ўдзельнікі выставы змогуць азнаёміцца з арыгіналам унікальнага выдання — кнігай Францыска Скарыны «Малая падарожная кніга» 1522 года выдання, набытай «Белгазпрамбанкам». Яшчэ на стэндзе можна будзе ўбачыць кнігі — пераможцаў міжнароднага й нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

У зоне прэзентацый адбудуцца шматлікія сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прэзентацыі новых кніг, пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскай акцыі, арганізаванай сумесна з Міністэрствам адукацыі, «Пішам кнігу разам. Якой мы жадаем бачыць нашу Беларусь праз 10 гадоў». У плыні акцыі навучэнцам і студэнтам было прапанавана ў 10‑ці пунктах прадставіць, апісаць: якой будзе наша краіна праз 10 гадоў.

Пройдзе і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Робім па-людску?!» на лепшы магазін кнігагандлёвай сеткі ААТ «Белкніга».

— Як будзе арганізавана работа з сацсеткамі, якія адлюстроўваюць выставу?

— Сёлета створаны персанальны сайт Мінскай міжнароднай кніжнай выставы www.книжная-ярмарка.бел, на якім размяшчаецца ўся інфармацыя для ўдзельнікаў і наведнікаў выставы: умовы ўдзелу, форма заяўкі, праграма мерапрыемстваў, схема выставы, фотаархіў. Акрамя таго, плануецца стварэнне старонак выставы ў сацсетках Facebook, Instagram, Twitter, Вконтакте ды іншых.

— Як лічыце: друкаваная кніга не здасць сваіх пазіцый?

— Шмат спрэчак усё яшчэ вядзецца пра мэтазгоднасць друкаванага слова — як у нас, так і ў іншых краінах. Але адказ на гэтае актуальнае пытанне дасць само жыццё. У нас цікавасць да электроннай прадукцыі ўсё яшчэ пераважная, а ў стаўленні да кнігі папяровай — зніжаецца. У некаторых краінах, наадварот, цікавасць да яе расце. Дарэчы, апошнім часам мы ўдзельнічалі ў многіх буйных міжнародных кніжных выставах: у Пекіне, Франкфурце-на-Майне (Германія) ды іншых краінах, дзе бачылі, як жыва праяўляецца тая цікавасць. Што гавораць і аналітыкі. Думаю, з часам і ў нас інтарэс вернецца. Бо кніга — сацыяльная з’ява, якую стварыў чалавек і якая жыве й трансфармуецца ўжо не адно тысячагоддзе. З’яўленне інтэрнэту (а гэта — той жа тэкст, інфармацыя, проста іншы спосаб трансляцыі) сёння ўплывае, зменьвае, трансфармуе складаныя сістэмы грамадскіх узаемаадносін. І мы не можам адмаўляць яго карысці, як і карысці кнігі.

Гутарыла Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».