Вы тут

Веды на паліцы


У XXVI Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы выдавецтва «Мастацкая літаратура» ўдзельнічае не ўпершыню. Як заўсёды, яно прадставіць свае лепшыя кнігі, створаныя ў мінулым годзе. Ёсць і яшчэ адна важная для выдавецтва місія: абвясціць пераможцаў конкурсу «Першацвет». Гэтая святочная падзея традыцыйна адбываецца пад час кніжнага форуму. 

Сучаснае выдавецтва «Мастацкая літаратура» працуе на высокім прафесійным узроўні. Пра тое сведчаць шматлікія прэміі, атрыманыя ў розныя гады. Напрыклад, прэмія «Золата Парыжа» (2006), Гран-пры Міжнароднага конкурсу за літаратурна-мастацкае выданне Леаніда Несцерчука «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны» (2009). Ёсць у выдавецтва таксама ўзнагароды на міжнародных і рэспубліканскіх выставах-кірмашах. Імі «Мастацкую літаратуру» адзначылі за поспехі, дасягнутыя ў мастацка-тэхнічным афармленні і паліграфічным выкананні. А такія вядомыя   серыі кніг як «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», «Зямля мая», «Нашы героі», «Беларуская аўтарская казка», «Казкі ХХІ стагоддзя» набылі папулярнасць і нават сталі візітнай карткай «Мастацкай літаратуры». Яно выдае арыгінальныя творы беларускіх пісьменнікаў, кнігі па літаратуразнаўстве і крытыцы, лепшыя творы замежных пісьменнікаў, літаратуру для дзяцей і падлеткаў, навукова-папулярную, публіцыстычную і юрыдычную літаратуру, мастацкія і гукавыя электронныя выданні, вучэбна-метадычную літаратуру…
Існуе выдавецтва «Мастацкая літаратура» з 1972 года, у той час яно было амаль адзіным. Таму толькі праз яго аўтар меў магчымасць атрымаць пропуск у таварыства лепшых пісьменнікаў і паэтаў, стаць знакамітым. 


Сёння шмат чаго змянілася ў свеце і, адпаведна, у галіне літаратуры таксама. З’явіліся новыя выдавецтвы — друкавацца стала прасцей. Адбыліся змены і ў «Мастацкай літаратуры». Але па-ранейшаму застаюцца высокімі патрабаванні рэдактараў да якасці твораў ці перакладаў, а яшчэ — іх імкненне надоўга захапіць увагу чытача й прывіць яму густ да «сур’ёзнай» літаратуры. Што гэта значыць і, увогуле, якую літаратуру сёння можна чытаць — пра гэтае мы разважалі з дырэктарам выдавецтва Алесем Бадаком.  

Кніжныя справы

— Алесь Мікалаевіч! Міжнародная выстава праходзіць ужо 26-ы раз, і вы ў ёй зноў прымаеце ўдзел. З чым пойдзеце на выставу цяпер?

— Сапраўды так, колькі існуе выстава, столькі мы ў ёй і ўдзельнічаем. Гэта для нас, кнігавыдаўцоў, — свята. З чым ідзем? Ёсць навінкі, якія выдалі якраз для кніжнай выставы: новыя серыі, новыя аўтары… Напрыклад, з’явіцца альманах «Далягляды». Сталы чытач беларускамоўнай літаратуры напэўна памятае, што ў 80-я гады гэты альманах быў досыць папулярным. У «Даляглядах» друкаваліся ўзоры лепшай сусветнай літаратуры. І вось цяпер мы адраджаем гэтую, так скажам, традыцыю. Першы нумар і прэзентуем на кніжнай выставе. Яшчэ, летась было падпісана пагадненне з кітайскім бокам аб выданні серыі кніг пад агульнай назвай «Ключавыя паняцці кітайскай думкі і культуры». Напрыканцы года выйшла першая кніга гэтай серыі. Апроч таго, выдалі своеасаблівую паэтычную анталогію «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. Сто паэтаў Кітая ХХ стагоддзя». Таксама ў серыі «Светлыя знакі: паэзія Кітая» ў 2018 годзе выйшлі кніга паэта Су Шы «Подых усходняга схілу» і зборнік выбраных перакладаў Рыгора Барадуліна кітайскіх паэтаў розных эпох «Храм на вяршыні гары». Увогуле мастацкую кітайскую літаратуру выдаем вельмі актыўна. 

— Раскажыце пра конкурс «Першацвет».

— Мы яго праводзім ужо трэці раз сумесна з Выдавецкім домам «Звязда». Гэта штогадовы конкурс, які праводзіцца ў дзвюх намінацыях: паэзія і проза. Ахвотнікаў паўдзельнічаць у ім заўсёды шмат, як правіла, больш за сотню. А пасля журы трэба выбраць 10 лепшых паэтаў і 10 лепшых празаікаў. Іх творы і складаюць зборнік «Першацвет». Пераможцаў конкурсу аб’яўляем якраз на міжнароднай выставе. Уручаем дыпломы, кагосьці падтрымліваем далей: выдаем асобныя кніжкі. Так было, напрыклад, з аўтаркамі Маргарытай Латышкевіч, Станіславай Умец…   

— Якія пытанні абмяркоўваюцца на круглых сталах пад час кніжнага форуму?

— Заўсёды цікавыя пытанні перакладу мастацкай літаратуры, таму што гэта — адзін з вядучых кірункаў нашай дзейнасці. Напрыклад, ёсць у нас рускамоўны зборнік «Созвучие», дзе друкуюцца творы замежных пісьменнікаў, новая серыя «Бібліятэка замежнай літаратуры». Ці, скажам, сёлета выйдзе раман «Мадам» вельмі цікавага польскага пісьменніка Антонія Ліберы, яшчэ творы фінскіх аўтараў, якія пішуць для дзяцей… Але мы стараемся, каб гэты міжнародны дыялог быў карысны і  беларускім пісьменнікам, і замежным. Імкнемся, дзякуючы сталым кантактам, спрыяць таму, каб нашыя аўтары друкаваліся за мяжой. Найбольш цесныя, гістарычныя сувязі — з краінамі СНД. Там добра ведаюць беларускую літаратуру 20-га стагоддзя: Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча. Гэта, безумоўна, гонар нашай літаратуры, але сёння задача — адкрыць для замежнага чытача новыя імёны. Канешне, на круглых сталах заўсёды прыемна размаўляць з сусветна вядомымі пісьменнікамі. Летась прыязджаў, дарэчы, па ініцыятыве «Мастацкай літаратуры», Горан Петравіч — сусветна знакамітая персона, адзін з нашых аўтараў зборніка сербскай прозы 20-га стагоддзя. З ім было цікава разважаць пра тэндэнцыі ў сусветнай літаратуры. 

Чытаць — не перачытаць

— І што цяпер у трэндзе? Да якой літаратуры ў чытачоў больш інтарэсу? 

— Любая нацыянальная літаратура — заўсёды разнастайная. Ёсць у ёй жанры больш камерныя, ёсць — папулярныя. Фантастыка, дэтэктыў ці жаночы раман — увесь час запатрабаваныя, і таму часцей перакладаюцца. А вось так званая інтэлектуальная проза, напрыклад, — менш папулярная. Як і ўвогуле сур’ёзная літаратура. Але яна грае сваю выключную ролю ў развіцці сусветнай літаратуры.  

— А што для вас сур’ёзная літаратура?

— Якую перачытваеш. Думаю, 90 працэнтаў чытачоў «лёгкіх» жанраў не перачытваюць напісанае. Такія творы, як правіла, будуюцца на нейкай інтрызе. Чытачу галоўнае даведацца, чым усё скончыцца: ажэняцца героі, развядуцца? Але сур’ёзную літаратуру можна кожны раз перачытваць і знаходзіць для сябе нешта новае. Яна ніколі не старэе ці старэе вельмі марудна. Напрыклад, я разоў пяць перачытваў «Майстра і Маргарыту» Міхаіла Булгакава ў розным узросце. І кожны раз гэты раман для мяне — як новы. А кнігу «Злачынства і пакаранне» Фёдара Дастаеўскага я перыядычна адкрываю ўжо гадоў дзесяць. Мне дастаткова зняць раман з паліцы, прачытаць 5 старонак і паставіць на месца. Потым вярнуцца да яго праз год і прачытаць яшчэ 10 старонак. У гэтым і ёсць сэнс класічнага твора, ён — як добрае віно: нельга ўзяць і адразу цалкам выпіць. Трэба смакаваць.

— Пра што сёння пішуць аўтары?

— На жаль, літаратура стала кніжным бізнесам. На ёй спрабуюсь зарабляць грошы, адсунуўшы эмоцыі й пачуцці, душэўныя пошукі на другі план. Цяпер столькі ўсяго рознага ёсць, і ў гэтым моры вельмі цяжка вылавіць нешта адзінае, новае. Памятаю, прыязджаў да нас Мішэль Луё — французкі пісьменнік. Я спытаў, каго з сучаснікаў можна пачытаць. Мішэль з тугою адказаў: ёсць, канешне, імёны раскручаных аўтараў бізнес-літаратуры, але пісьменнікі, якіх можна параіць, выдаюцца маленькімі тыражамі ў прыватных друкарнях... З другога боку, уся літаратура заўсёды круціцца вакол некалькіх галоўных тэм: каханне, жыццё, чалавечыя адносіны… І кожнае пакаленне імкнецца гаварыць на гэтыя тэмы па-свойму. Чаму не?! Можа быць, камусьці лягчэй знайсці адказы на свае пытанні, чытаючы сучасную літаратуру. Але класіка — вечная. Яна надчасавая. Твор жыве і перажывае нас.

— Я пазнаёмілася ў інтэрнэце з меркаваннем, што класіка патроху перастае быць класікай,  перастае быть патрэбнай: так бы мовіць — надта далёка наперад пайшло чалавецтва ў сваім развіцці, а хваляванні Дастаеўскага ці Талстога ўжо неактуальныя… Што вы думаеце наконт гэтага?

— Я не згодны. Так, у класічнай літаратуры заўсёды было менш чытачоў, чым у сучаснай. Але пра некаторых сённяшніх куміраў заўтра забудуць. А той, хто не вельмі папулярны сярод сучаснікаў, можа быць запатрабаваны ў будучыні. Глядзіце: калі сабраць тыражы аўтараў за час, пакуль яны былі папулярныя, і параўнаць іх з агульнай колькасцю тыражоў тых, каго чытаюць і цераз 10, 20 ці нават цераз 100 гадоў, вы ўбачыце, што ўплыў таго ж Дастаеўскага сёння большы, чым супер-раскручаных сучаснікаў. Успышка поспеху ў іх караткачасовая: яна асляпляе і тут жа гасне. А класічныя «зоркі» не так ярка свецяць, але доўга.

— У чым тут сакрэт? Як твор становіцца класікай?

— Гэтага ніхто не ведае! Неаднаразова чуў, як казалі: «Я не прачытаў «Вайну і мір». Ведаеце, у літаратуры ёсць магічная асаблівасць: сам факт існавання таго ж рамана «Вайна і мір» ужо робіць свой карысны ўплыў на чалавецтва. Усё роўна адчуваеш яго энергетыку, яна перадаецца!.. У сучасных творах такога няма. Таму — я ўпэўнены — будзе жыць і Дастаеўскі, і Талстой, будуць жыць, французкія, амерыканскія, англійскія класічныя аўтары… І беларускія! І не так важна, колькі разоў іх чытаюць.

— Калі назіраеш за зменамі, якія адбываюцца ў сучасным кінематографе, здаецца, што ў сцэнарыстаў не хапае часу адлюстраваць глыбінны сэнс падзей, стасункаў паміж людзьмі… І ў сучаснай літаратуры, відаць, адбываецца тое ж самае…

— Справа ў тым, што яна з самага моманту існавання адаптуецца пад час — гэта нармальна. Інакш прыйдзе страшэнны застой, і літаратурай перастануць цікавіцца ўвогуле. Давайце возьмем да прыкладу эпоху Дуніна-Марцінкевіча, які — заўважу! — не быў папулярны ў свой час, і параўнаем яго з драматургіяй эпохі Янкі Купалы. Адразу бачна адрозненне! Я кажу не пра тэму, а ўвогуле пра літаратурную з’яву. Андрэй Макаёнак і Аляксей Дудараў — тут таксама бачна, што беларуская драматургія развівалася. Далей, Францішак Багушэвіч ды Янка Купала — абсалютна розныя эпохі! Янка Купала і Максім Танк… І сучасная паэзія таксама адрозніваецца ад паэзіі 20 стагоддзя.

Новае слова ў літаратуры 

— Раскажыце, у якім стане цяпер сучасная беларуская паэзія. Мне здаецца, гэты жанр працягвае актыўна жыць толькі ў віртуальнай прасторы: маю на ўвазе сацсеткі, асобныя блогі… Паэты ўвогуле друкуюцца?

— Друкуюцца ды паўсюль! Сёння гэта зрабіць няцяжка, калі ў цябе ёсць грошы. Але калі мы кажам пра якасць, а «Мастацкая літаратура» працуе толькі з якаснымі творамі, тут я бачу праблему. Вельмі многа імён, але мала асоб. І размова ідзе не толькі пра беларусаў — увогуле, гэта сусветная тэндэнцыя… Мы неяк хацелі адрадзіць серыю «Першая кніга паэта». Ведаеце, як ні дзіўна пра гэта гаварыць, але не знайшлі аўтараў! Хтосьці ўжо выдаўся самастойна, іншых мы не пажадалі друкаваць: узровень не дастатковы. Між тым, калі ўспомніць 70–80-я гады, трапіць у гэтую серыю быў гонар для любога паэта, мара яго жыцця. А цяпер, маючы грошы, можна паехаць нават у Лондан, у прыватную друкарню. Многія тым карыстаюцца: сам сабе рэдактар, карэктар, прадавец… Гэта насцярожвае, таму что такім чынам губляецца якасць. У тым ліку і патрабавальнасць аўтара да самога сябе. Я, калі сустракаюся з маладымі паэтамі, пытаю іх: чые сучасныя вершы вы можаце назваць анталагічнымі, знакавымі? І прыводжу ў прыклад паэтаў мінулага стагоддзя: Яўгенію Янішчыц, Максіма Танка, Алеся Разанава… Многія іх вядомыя творы былі напісаныя ў маладым узросце. А цяпер хто з вашых равеснікаў, паэтаў 21 га стагоддзя папоўніць спадчыну, на вашу думку? У адказ — цішыня. Таму што колькасць вершаў не заўсёды сведчыць пра якасць. Тым не менш я люблю маладую паэзію за яе разнявольнасць. Памятаю, гэта было яшчэ ў мае маладыя гады, як цяжка выходзіла кніга Алеся Разанава «Шлях 360» — вельмі наватарская, зусім не характэрная для нашай тагачаснай паэзіі. Цяжка таму, што, лічылася: нацыянальная літаратура павінна быць з пэўнымі межамі, за якія нельга выходзіць. А сёння — пішы пра што хочаш, як хочаш. Усё ёсць для самарэалізацыі!

— Як думаеце, беларускія аўтары здольныя сказаць «новае слова» ў сусветнай літаратуры? Пра што для гэтага трэба пісаць? Можа трылогію, накшталт «50 адценняў шэрага»?

— Вельмі цяжка сказаць новае слова — час бяжыць хутка. Памятаю, недзе ў сярэдзіне 90-х я задумаў напісаць аўтабіяграфічную аповесць пра школьныя гады. Але спачатку спытаў сябе: наколькі сучасным чытачам будзе цікава даведацца пра мае школьныя гады? Тады я вырашыў у адным невялікім творы сумясціць дзве розныя эпохі: савецкую і цяперашнюю. Але пакуль я пісаў, час зноў змяніўся. І тыя васьмікласнікі з маёй аповесці, якія захапляліся першымі мабільнымі тэлефонамі, цяпер не ведаюць без іх свайго жыцця. Так, маё новае састарэла. Тым не менш, задача любога пісьменніка — усё ж такі сказать сваё слова ў літаратуры. Калі не ставіць амбіцыйную мэту — грош цана такому аўтару і такому твору. Але не трэба прагінацца пад зменлівы свет. Калі бачыш, што папулярны цяпер жанр табе не па душы, не пішы ў ім дзеля выгады! Сапраўдная літаратура заўсёды знойдзе свайго чытача. Прыкладаў шмат, можна ўзгадаць таго ж Стэндаля. Сёння, мабыць, ён не зусім вядомы маладому чытачу пісьменнік. Але ў другой палове 20 га стагоддя ў Беларусі амаль кожны ведаў Стэндаля, якога пры жыцці ніхто не чытаў! Ён перайшоў са свайго стагоддзя ў наступнае і застаўся ў будучыні. Таму я кажу: калі сёння пра цябе не гавораць — гэта не значыць, што пра цябе не скажуць заўтра. Галоўнае — не падладжвацца пад момант, быць самім сабой.

— А што вы параіце пачытаць?

— Як я ўжо казаў, літаратура вельмі разнастайная, таму не буду нічога вам раіць. Кожны без праблем знойдзе тое, што яму блізка. Магу сказать, што я перачытваю ў апошні час: з замежнай літаратуры гэта творы Міларада Павіча і Архана Памука, а з беларускай прозы — творы Андрэя Федарэнкі.

Гутарыла Аліса Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.