Вы тут

Паэт, калега, грамадзянін


Амаль 20 гадоў Міхась Калачынскі ўзначальваў часопіс  «Беларусь» і як галоўны рэдактар удзельнічаў у рабоце XXVI сесіі ААН


З чаго пачынаецца Радзіма? Для кожнага, безумоўна, гэта сваё… Для класіка беларускай літаратуры, заслужанага работніка культуры Беларусі, вядомага паэта, аўтара больш чым дзесяці зборнікаў паэзіі Міхася Калачынскага малая Радзіма пачыналася не толькі «з той бярозкі, якая на полі расце», але і з рэчкі Бобр, якая працякае праз невялікі гарадок Крупкі, дзе нарадзіўся будучы паэт. З тых бароў і пералескаў, якія зялёнымі каралямі акружылі гарадок. З рэшткаў старой смаленскай дарогі на ўскраіне пасёлка, па якой 200 гадоў назад праходзілі войскі Напалеона, таямнічага Стаячага возера таксама ў межах сучаснага горада Крупкі, куды, паводле падання, скінуў нарабаваныя скарбы той жа Напалеон, уцякаючы з Расіі. Усё гэта і многае іншае, звязанае з малой Радзімай, з асаблівай сілай прагучала ў яго вершах «Вясною ў Крупках», «Назвы і сутнасць», «Змітраўскі лес», «Акруга сінявокіх» і многіх іншых творах.
Менавіта з Крупак пачалася вялікая дарога ў літаратуру Міхася, так называлі ў дзяцінстве Калачынскага, так гэта імя й засталося яго паэтычным іменем на ўсё жыццё. Адсюль пачыналася яго Вялікая Радзіма — Беларусь, якую Міхась Калачынскі ўслаўляў у сваіх вершах і паэмах. Беларусь ён абараняў на франтавых шляхах Вялікай Айчыннай вайны, якія прайшоў у якасці ваеннага карэспандэнта. Гэтыя шляхі адзначаны шматлікімі баявымі ўзнагародамі.
А часопіс «Беларусь» Міхась Іванавіч, ужо прызнаны аўтарытэт у літаратурных кругах і вядомы паэт, узначальваў на працягу амаль 20 гадоў. Да прыходу на працу ў гэты часопіс Калачынскі ўжо меў пэўны досвед кіраўнічай працы: у 1953-1954 гадах працаваў галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага і грамадска-публіцыстычнага часопіса «Нёман». Той досвед вельмі спатрэбіўна на новым месцы працы. За адносна кароткі час пад кіраўніцтвам Калачынскага часопіс «Беларусь» стаў адным з самых вядомых і аўтарытэтных перыядычных выданняў не толькі на прасторах Беларусі, але і ў маштабе ўсяго Савецкага Саюза, нават за межамі. Яго змест значна паглыбіўся, тэматычны дыяпазон публікацый стаў шырэйшым. Калачынскі вышукваў і ўсяляк падтрымліваў таленавітых аўтараў, якія пісалі на старонках часопіса пра палітыку, эканоміку, культуру, мастацтва. Той вобраз альбо імідж сённяшняга часопіса, які цяпер друкуецца на беларускай, англійскай, кітайскай мовах, закладваўся менавіта ў тыя гады, калі кірункі выпрацоўваліся і реалізаваліся менавіта з удзелам Міхася Калачынскага. Аб аўтарытэце часопіса і ўкладзе галоўнага рэдактара ў яго дзейнасць і ў беларускую літаратуру сведчаць не толькі дзяржаўныя адзнакі і ўзнагароды, у тым ліку тыя, якімі быў адзначаны асабіста Калачынскі — ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Дружбы народаў», «Знак Пашаны», але й той факт, што ў 1971 годзе паэт і галоўны рэдактар часопіса ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXVI сесіі ААН.

Адначасова з кіраўнічай працай Міхась Калачынскі працягваў плённа працаваць на літаратурнай ніве. Менавіта ў 1960–1970 гадах, калі ён узначальваў часопіс «Беларусь», вышлі пяць зборнікаў яго паэзіі.

Але фундамент закладваўся менавіта ў перадваенныя гады, калі паэт жыў і працаваў на сваёй малай Радзіме.

Міхася Калачынскага можна аднесці да таго пакалення людзей, якіх вобразна называюць «люстэркам свайго часу». Часу складанага, дзе вітаў пафас стваральнай працы, пафас энтузіязму і шчырага патрыятызму, гонару з прыналежнасць да сваёй Радзімы, незалежна ад таго, «малой» ці «вялікай» — і адначасова насычанага супярэчлівасцямі, цяжкасцямі як суб’ектыўнага, так і аб’ектыўнага плану.

Калачынскі па праве адносіцца да катэгорыі класікаў беларускай літаратуры. У шматлікіх зборніках вершаў, паэмах ён адлюстроўваў як паэтычныя вобразы роднага краю, так і важнейшыя вехі грамадскага жыцця супольнасцяў людзей, падзеі, якія адбыліся не толькі на яго Радзіме, а і па ўсім свеце. Асобнае месца ў творчасці Міхася Калачынскага займае тэма Вялікай Айчыннай вайны, дарогамі якой ён прайшоў у якасці ваеннага карэспандэнта.
Не ўсе яго творы дайшлі да сучаснага чытача. У зборніках Калачынскага, што выйшлі ў розныя гады, ёсць нямала вершаў маладога паэта, створаных у даваенны час. Некаторыя з тых, надрукаваныя на Радзіме Калачынскага ў Крупскай раённай газеце «Голас калгасніка» ў 1938 — 1940 гады, лічыліся згубленымі: усе тыя газеты, якія знаходзіліся ў рэдакцыі альбо ў бібліятэках Беларусі, былі знішчаны ў гады ваеннага ліхалецця. Толькі нядаўна мне ўдалося іх выявіць у Маскве, у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, дзе захоўваюцца і газеты, якія дасылаліся з саюзных рэспублік, у тым ліку даваенныя. Большасць вершаў прысвечана малой Радзіме, людзям Крупшчыны.

Яны розныя па тэматыцы і танальнасці. Міхась Калачынскі ў даваенны час быў супрацоўнікам раённай рэдакцыі, часта ездзіў на месцы, у калгасы, на прамысловыя прадпрыемствы, сустракаўся з людзьмі. Яго ўражанні ад сустрэч і праявіліся ў паэтычных рэпартажах на старонках газеты. Безумоўна, на першым плане ў яго былі людзі працы, перадавікі вытворчасці.
Свайго роду гімнам стваральнай працы стаў верш Міхася Калачынскага «Фрагменты вясны». У ім з’ядналіся разам і пачуццё радасці, нейкай узнёсласці з нагоды таго, што прыйшла вясна, прырода абудзілася, і адчуванне маладосці аратых, што вельмі адпавядае менавіта вясне, — часу росквіту прыроды, і надзеі на лепшае ў будучыні. Разам з тым верш паказвае і глыбокае веданне аўтарам усіх дэталяў вясковай працы. 

Але далягляд паэта не абмяжоўваўся малой Радзімай, роднымі нівамі і палямі, жыццём сваіх землякоў. Як сапраўдны грамадзянін, патрыёт сваёй Радзімы, ён горача адклікаецца на падзеі таго часу ўсесаюзнага маштабу, нават міжнароднага плану, шчыра, з юнацкім запалам і максімалізмам выказвае свой пункт погляду.

Творчасць Міхася Калачынскага адлюстроўвае светапогляд пакалення паэта, паказвае, чым і як жыў савецкі народ у складаныя перадваенные гады, што адчувалі, у што верылі людзі ў той час, перш за ўсё моладзь, равеснікі Міхася Іванавіча. Гэта яскрава паказана ў вершы «Маё пакаленне».

 Міхась Калачынскі прайшоў дарогамі аж дзвюх войнаў. Ваяваў у якасці радавога байца ў час Савецка-фінляндскай вайны. Тады ж ён атрымаў за свае баявыя дзеянні першую ваенную ўзнагароду — медаль «За адвагу». На той час гэта была даволі рэдкая ўзнагарода. Уручаў яе маладому байцу ў Крамлі сам Міхаіл Калінін. Свае пачуцці аб падзеях гэтай вайны паэт адлюстраваў у першым паэтычным зборніку «На выбаргскай дарозе». Кніжка была падрыхтавана да друку, але яе гранкі згарэлі ў полымі шматлікіх пажараў, калі гарэлі будынкі сталіцы ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. З яе пачаткам і да самага канца вайны Калачынскі — зноў у ліку абаронцаў Айчыны, ваяваў у якасці ваеннага карэспандэнта на франтах Каўказа, Украіны, Малдавіі, удзельнічаў у вызваленні ад гітлераўцаў Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, узнагароджаны баявымі ўзнагародамі. Усё, што бачыў воін-паэт, што перажыў, ён адлюстроўваў у сваіх вершах. Яны пасля вайны былі надрукаваныя ў зборніках «Сонца ў блакіце», «У вялікім паходзе», «Насустрач жыццю». Пазней у аўтабіяграфіі ён напіша: «Рэдакцыю машыны праз вайну везлі. Газетчыкі наперадзе — з пяхотай, з танкамі, кавалерыяй. Маладзейшыя, абстраляныя, хто зведаў, па чым фунт ліха, у першым эшалоне знаходзіліся. І мне там даводзілася быць…»

Міхась Калачынскі ўсё жыццё быў салдатам, асноўнай зброяй якога было, па вобразным выказванні аднаго з паэтаў савецкага часу, пяро, прыраўненае да штыка. Як салдат, які быў заўсёды на пярэднім краі, ваяваў як штыком, так і пяром, Міхась Іванавіч быў узнагароджаны і баявымі, і мірнымі ўзнагародамі. Гэта два ордэны Чырвонай Зоркі, Ордэн Айчыннай вайны другой ступені, ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Знак Пашаны, шматлікія медалі. Гэтыя і многія іншыя ўзнагароды — заслужаны вынік жыцця Міхаіся Іванавіча Калачынскага і яго прызнанне грамадствам. А яшчэ ўдзячнасць нашчадкаў за яго ўклад у Перамогу над фашызмам і павага і ўдзячнасць чытачоў за яго шматбаковы талент. 

Дзмітры Хромчанка, кандыдат гістарычных навук

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

У 1943—1944 гадах легендарнай Хаваншчыны (Івацэвіцкі раён) немец баяўся як агню.

Культура

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым  дакументальнае кіно — несумленнае

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым дакументальнае кіно — несумленнае

Заўтра ў харвацкай сталіцы пачынаецца міжнародны фестываль дакументальнага кіно ZаgrеbDох, у асноўны конкурс якога адабраны і фільм беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы Summа.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.