Вы тут

Ірына Шаўлякова-Барзенка. Сеціратура як феномен актыўнай адсутнасці


Сеціратура ў розных кантэкстах і дыскурсах абмяркоўваецца напрыканцы 2010-х як дадзенасць. Інакш кажучы, сама яе наяўнасць як шматслойнага феномена — інфармацыйнага, сацыякультурнага, уласна мастацкага (апошні вектар, як ні дзіўна, аказваецца ў цэнтры ўвагі нашмат радзей), — сумненняў не выклікае.


Паняцце «беларуская сеціратура» ўтвараецца, у пэўным сэнсе, аўтаматычна, па аналогіі: калі ёсць сусветнае мастацтва слова і нацыянальныя літаратурныя традыцыі, то пры наяўнасці сеціратуры як з’явы глабальнай інфармацыйнай прасторы павінна быць у беларускім сегменце сеціва і нацыянальная сеціратура.

Але ўсё не так проста ў айчынным хранатопе, у тым ліку інфармацыйным. Бо калі найноўшая беларуская літаратура рухаецца не столькі ў агульнай плыні літаратурнага развіцця (сусветных жанрава-стылявых тэндэнцый), колькі насустрач ёй [1], то з чаго б роднай сеціратуры быць «як у людзей»?..

 

1. Сеціратура abovo: «імя» як сутнасць з’явы

Найперш, варта вызначыцца ў рэчах базавых: паняцце «літаратура ў сеціве» тоеснае паняццю «сеціратура» ці не?

Мэтазгодна пачаць abovo, то бок з уласна імені з’явы.

Як вядома, побач з паняццем «сеціратура» на правах вельмі падобных і нават сінанімічных у сучасных даследаваннях выкарыстоўваюцца паняцці «медыяславеснасць», «гіперлітаратура», «кіберлітаратура». Найбольш рэлевантным з пункту гледжання суадносін наймення і змястоўнасці нам падаецца тэрміналагічнае найменне «сеціратура», паколькі яно ўтрымівае ўказанне на выток характалагічных рыс феномена, які ён абазначае. Да ўсяго, калі звяртацца да кантэнт-аналізу канкрэтных інтэрнэт-рэсурсаў і з’яў, становіцца відавочна, што медыяславеснасць, гіперлітаратура і кіберлітаратура суадносяцца з паняццем сеціратуры як складовыя відавыя кампаненты з родавым феноменам.

Якой бы загадкавай у сваёй няпэўнасці сённяшняму чытачу і нават даследчыку ні падавалася сеціратура, яна, вядома, не магла паўстаць з ніадкуль. Сама ўяўная канцэптуальная няўлоўнасць сеціратуры вынікае, на наш погляд, з ігнаравання відавочнасцей. Самая відавочная з іх звязана з тым, што «сучаснае інтэрмедыйнае мастацтва з’яўляецца не толькі і не столькі параджэннем інавацыйных тэхналогій, але шмат у чым наследуе мастацкія пошукі папярэдніх эпох» [2, с. 360].

Пры мінімальна ўважлівым аналізе сеціратуры як масіву тэкстаў (твораў) становіцца відавочна, што паняційна-змястоўная няўлоўнасць гэтай з’явы ў значнай ступені ёсць вынікам расфакусаванасці («шырыні») і адначасова рознасфакусаванасці («дыфузнасці») разгляду сеціўнай мастацкай славеснасці.

У шырокім сэнсе да сеціратуры можна залічыць любы твор, змешчаны ў сеціве.

У вузкім сэнсе пад сеціратурай маюць на ўвазе такія мастацкія творы, якія нельга перанесці на паперу без страты жанрава-стылявых уласцівасцей і, па выніку, мастацка-эстэтычнай адметнасці, нават вартасці. Народжаныя ў інтэрнэце і для інтэрнэта, яны па вызначэнні магчымыя дзякуючы ўласцівасцям сеціва, таму пры пераносе на традыцыйныя носьбіты «і адметны характар, і вобраз твора моцна разбураюцца, і твор наогул абясцэньваецца» [3].

Аднак так званая новая якасць літаратуры ў інтэрнэце звязана не проста з іншым фарматам бытавання тэкстаў і рознага кшталту падзей вакол іх, але з сутнаснымі зменамі літаратурных феноменаў і працэсаў, што закранаюць розныя ўзроўні мастацкай славеснасці як складанай сістэмы, здольнай да самаарганізацыі і самаразвіцця. Адным з фактараў гэтых змен з’яўляецца сеткавая прырода інфармацыйнай прасторы і — шырэй — сучаснага грамадства. Інакш кажучы, літаратура становіцца сеціратурай не тады, калі «пераязджае» ў сеціва, а тады, калі набывае якасна новыя мастацка-эстэтычныя адметнасці.

Найперш гэта звязана з тым, што ў сеціве слова, застаючыся ўласна словам — ключавым кампанентам мовы літаратуры як віда мастацтва, асноўным будаўнічым матэрыялам мастацкага тэксту, — патэнцыяльна атрымлівае доступ да арсеналу так званай дапоўненай рэальнасці. Гэта азначае, што слова набывае магчымасць візуалізавацца ў розных выглядах: не толькі ў статычным (фотавыявы, малюнкі), але і ў дынамічным фармаце (відэашэрагі, анімацыі); яно можа агучвацца, а таксама імгненна апынацца ў новых і новых кантэкстах (гіпертэкстуальнасць) і г. д. Па вялікім рахунку, у сеціве можа патэнцыяльна трансфармавацца сама «прырода» мастацкага слова, калі ўласна вербальнасць становіцца толькі кампанентам новай мультысенсарнай цэласнасці. У пэўным сэнсе, сеціратура — гэта сучасная разнавіднасць мастацкага сінкрэтызму, ускладненага магчымасцямі найноўшых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Не менш важнымі адзнакамі сеціратуры становяцца яе прынцыповая працэсуальнасць і супольны характар стварэння. У пэўным сэнсе, сеціратура — гэта праект іманентна задоўжаны, прынцыпова не завяршальны, бясконца «ліючаяся форма», калі згадаць філасофскую метафару Ігната Абдзіраловіча.

Сутнасць сеціратуры ў адным з аспектаў можа быць прадстаўленая як працэсуальны вынік (умоўна завершаны ў любы момант яго аналізу) сеткавага ўзаемадзеяння не толькі розных суб’ектаў літаратурнага працэсу, але і розных яго аб’ектаў, і нават падзей. Гэта азначае, што сеціва як новая анталагічная прастора для мастацкай славеснасці мае на ўвазе радыкальную трансфармацыю экзістэнцыйнага фармату. Гэта як ператварыцца з інтраверта ў экстраверта (даволі хутка, трэба сказаць): калі літаратура ў дасеціўную пару рухалася ад маналагічных форм культурнай камунікацыі да дыялагічных, то з перамяшчэннем літаратурнага працэсу ў сеціва яна становіцца адначасова прасторай, працэсам і дынамічна-незавяршальным вынікам няспыннага палілога.

Набор характаралагічных прымет сеціратуры, сабраных з розных даследаванняў і акрэсленых у выніку ўласных назіранняў, мы паспрабавалі згрупаваць у некалькі блокаў:

1) агульныя прынцыпы (сама)фарміравання: калектыўнасць (супольнасць стварэння), ананімнасць, аднаўляльнасць, машынныя метады стварэння;

2) функцыянальныя асаблівасці: дынамічнасць, працэсуальнасць, хуткая распаўсюджвальнасць, інтэрактыўнасць, віртуальнасць бытавання.

3) змястоўна-структурныя ўласцівасці тэкстаў: гіпертэкставасць, імагінатыўнасць (тут: злітнасць рэальнага і нерэальнага), патэнцыяльна неабмежаваная галінастасць твора ў цэлым пры лаканічнасці, мінімалізме асобных складовых частак.

У межах гэтага артыкула звернем увагу на некалькі істотных — для пачатку размовы — момантаў.

Калі паглядзець на першы блок, дзе прадстаўлены агульныя прынцыпы самааргаанізацыі твораў сеціратуры, то адразу кідаецца ў вочы тыпалагічнае падабенства яе да фальклору, якому, аднак, для (сама)развіцця неабходныя выгоды інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Асабліва згаданыя калектыўнасць і ананімнасць стварэння сеціратуры схіляюць некаторых даследчыкаў да разгляду яе ў якасці «постфальклору». Так, нямецкая славістка Хенрыка Шміт, аўтар манаграфіі «Руская літаратура ў інтэрнэце: паміж лічбавым фальклорам і палітычнай прапагандай» (2011) аналізуе феномен «другаснай індывідуалізацыі» літаратурнага твора ў сеціве: «Пастаянная камунікацыя ў інтэрнэце міжволі спрашчае зносіны, навязвае пэўныя клішэ; адчужэнне тэксту ад паперы аказваецца і адчужэннем яго ад індывідуальнай камунікатыўнай стратэгіі» [4].

Калектыўнасць як прынцып самастварэння сеціратуры выразна адрозніваецца ад знаёмага нам фальклорнага механізму. Калі гаварыць пра сеціратуру ў вузкім сэнсе, то яна паўстае ў выніку «калектыўнай сатворчасці карыстальнікаў» [5, с. 23], у аснове якой ляжыць новы тып (сама)развіцця твора на этапе яго рэцэпцыі: цела тэксту абрастае каментарамі, якія не проста нанізваюцца адзін на адзін, але ўступаюць у складанае ўзаемадзеянне і з тэкстам, і паміж сабой. Мы становімся сведкамі нараджэння адметнага феномена — феномена «ўплывовасці нязначнага», калі выпадковае, па вялікім рахунку, каментаванне становіцца працягам тэкстатварэння. Інакш кажучы, жыццё тэксту пасля фінальнай аўтаравай кропкі не проста пачынаецца, але штораз пасля кожнага новага каментара апынаецца ў своеасаблівай кропцы біфуркацыі, з веерам няпэўнасцей, што да магчымых вектараў далейшага руху.

Дарэчы, менавіта спосаб існавання сеціратуры як своеасаблівага хаосмасу, што можа разглядацца як сістэма ўпарадкаваных няпэўнасцей, выпадковасцей, падказавае ўжо зараз найбольш прадуктыўны канцэптуальны грунт і метадалагічны інструментарый яе вывучэння. Іх утрымлівае, на наш погляд, перадусім сінергетыка­, арыентаваная, з аднаго боку, на пошук універсальных законаў эвалюцыі і самаарганізацыі скаладаных сістэм, якой з’яўляецца літаратура, а з другога боку, — на даследаванне феноменаў і працэсаў у іх узаемадзеянні і ўплыве. Вядома, размова ідзе не пра наўпроставую экстрапаляцыю сінергетычнага падыходу на сеціратуру як адмысловы літаратурна-мастацкі хранатоп. Мы маем на ўвазе перадусім мэтазгоднае спалучэнне адпаведных прынцыпаў (нелінейнасці, незамкнутасці (адкрытасці), дынамічнай іерархічнасці і інш.) і паняццяў (самаарганізацыі, флуктуацыі, кропкі біфуркацыі, дысіпатыўных структур і г. д.) сінергетычнай канцэпцыі з метадалагічнымі падыходамі і даследчымі практыкамі, якія ўжо сталі часткай метадалагічнай традыцыі і засведчылі прадуктыўнасць у сферы даследавання сучасных літаратурных з’яў і працэсаў (тыпалагічны, параўнальны, структурна-функцыянальны, семіятычны, фенаменалагічны, герменеўтычны і інш.).

Згаданая вышэй ананімнасць як адзін з прынцыпаў (сама)фарміравання сеціратуры таксама якасна адрозніваецца ад класічнай фальклорнай ананімнасці. Асабліва выразна гэта адчуваецца ў выпадку з сённяшнім беларускім літаратурным працэсам у сеціве, які вызначаецца, на наш погляд, высокай ступенню персаналізаванасці. Гэта ў сусветных маштабах аўтар у сеціве «містыфікуецца» і «множыцца»», пры гэтым «дыстанцыя паміж чытачом і аўтарам скарачаецца ці сціраецца зусім» [6, с. 125]. А ў нас літаратурныя містыфікацыі не толькі адзінкавыя, але і найчасцей кароткатэрміновыя (рэдкі аўтар выцерпіць нават год, каб не раскрыць усе тонкасці-нюансы ўласнага «праекта»). У дачыненні да беларускага літаратурнага сегмента сеціва больш мэтазгодным падаецца гаварыць не столькі пра ананімнасць, колькі пра сувязь паміж віртуальнай і рэальнай асобамі [5, с. 14], ступень яе адвольнасці. Аўтар у сеціве разглядаецца сёння найчасцей як «віртуальная аўтарская асоба», то бок як адмысловы жанр літаратурнай творчасці. Пры гэтым сцвярджэнне некаторых даследчыкаў, што толькі ў інтэрнэце аўтар атрымлівае сапраўдную магчымасць ствараць сябе як знакавую постаць, якраз у выпадку з беларускімі літаратурнымі практыкамі ў сеціве мае выдатную ілюстрацыю ў асобе Андруся Горвата, дакладней, «у віртуальнай асобе аўтара» допісаў у сеціве, якія пасля ўрэчавіліся ў кнігу «Радзіва “Прудок”».

 

2. Найноўшая беларуская літаратура ў інтэрнэце: жанравыя стратэгіі «ўсеціўлення»

Сеціратура як феномен глабальнай інфармацыйнай прасторы падаецца даволі дынамічнай: тое, што напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў падавалася прадуктам эксклюзіўным, ужо да сярэдзіны 2010-х набывае выразныя адзнакі індустрыяльнай вытворчасці. Праўда, у беларускім літаратурным сегменце інтэрнэта ўсё інакш.

Беларуская літаратура ў сеціве як адносная культурная і мастацкая еднасць — напрыканцы другога дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя мае, на наш погляд, як мінімум дзве спецыфічныя рысы: прэцэдэнтнасць і працэсуальнасць.

Першая адзнака звязана з адзінкавасцю ўласна сеціратурных мастацкіх твораў-праектаў. Другая мае на ўвазе перавагу падзейнасці над вынікам: літаратурны дыскурс тут утвараецца пераважна за кошт рознага кшталту калялітаратурных падзей, а не за кошт уласна ўзораў сеціратуры. Пры гэтым цэнтр уласна літаратурнай падзейнасці паступова перамяшчаецца ў сеціва. Як напісаў у сацыяльнай сетцы facebook у адным з лютаўскіх допісаў 2018 года Віктар Шніп, «паціху перасяляемся ў сеціва. Тут у нас свае пісьменнікі, мастакі, музыкі, грамадскія дзеячы… І ты сядзіш перад маніторам, як перад акном у Беларусь…» Кантэнт-аналіз беларускага сегмента сеціва сведчыць пра тое, што ўласна ўзораў сеціратуры, у вузкім сэнсе (напрыклад, розных відаў гіпертэксту ці інтэрактыўных (калектыўных) твораў-праектаў), адшукаць можна адзінкі. У гэтым сэнсе беларуская літаратура і сёння складаецца з індывідуальных праектаў-«прэцэндэнтаў». На працягу пэўнага часу вядомая блог-платформа LiveJournal («Жывы часопіс» / «Живой журнал» / ЖЖ) утрымлівала лідарства ў сэнсе індывідуальнай літаратурнай і калектыўнай калялітаратурнай актыўнасці ў беларускім сегменце сеціва. Дарэчы, даследчыкі расійскай медыяпрасторы і рускай літаратуры ў інтэрнэце звязвалі з папулярнасцю гэтага сервісу станаўленне розных форм сеціратуры і, у прыватнасці, блогерскай паэзіі як спецыфічна сеціўнай з’явы [4]. Але і ў час росквіту ЖЖ, і пасля перамяшчэння цэнтру (каля)літаратурнай актыўнасці ў іншыя сацыяльныя сеткі, беларускія праекты сеціратурнага кшталту былі і застаюцца з’явамі прэцэдэнтнымі.

Найбольш яркімі ўзорамі ўласна сеціратурных з’яў у паэзіі нам падаюцца «відэавершы» Валярыны Куставай, калектыўная электронная паэма «Буслан і Жабміла» (ініцыятарам яе стварэння ў 2012 годзе стаў Юрась Нераток), «паэтычна-геаграфічны» інтэрнэт-праект «Вершы без межаў» Мікіты Найдзёнава.

«Відэавершы» Валярыны Куставай, на першы погляд, падаюцца жанравым запазычаннем з добра і даўно вядомых тэлевізійных практык. Але пры больш пільнай увазе становіцца заўважнай прынцыповая адрознасць эфекту, уражання, якое яны робяць на чытача-гледача. Справа не толькі ў тым, што ў «віртуальнай асобе» Валярыны Куставай (як адмысловым жанры сеціўнай (і шырэй — медыя) прасторы) шчасліва супадаюць якасць паэтычных твораў, акцёрскі талент і яркі візуальны вобраз. «Відэавершы» ў выніковым выглядзе прад’яўляюцца чытачу — карыстальніку сеціва ў фармаце відэа-сэлфі, што стварае адмысловы сугестыўны эфект «інтымнасці для ўсіх»: кожнаму даецца магчымасць адчуць непасрэдную далучанасць да таемнасцей паэтычнай творчасці не толькі як да мастацкага сакраманту, але і як да нейкага асабістага «спосабу жыць».

Яшчэ адзін узор сеціратурнай паэзіі — «Буслан і Жабміла», калектыўная паэма-додзінсі; гэта «e-mail-праект», або праект электроннага ліставання на працягу трох месяцаў (19.06.2011—19.09.2011), ажыццёўлены па ідэйнай задуме Ірыны Карэлінай, падтрыманай і скаардынаванай паэтам Юрасём Нератком з падключэннем яшчэ чатырох паэтаў — Міколы Кандратава, Аліны Агрэніч, Алеся Емяльянава і Наталлі Кучмель» [7]. Вытокі і мастацка-стылявыя асаблівасці гэтага ўзору інтэрактыўнай літаратуры сталіся аб’ектам даследавання ў артыкуле літаратуразнаўцы і пісьменніка Таццяны Барысюк, якая ідэнтыфікуе праект як калектыўную творчасць постмадэрніцкага кшталту — іранічную, месцамі калажна-цытатную (алюзіі на радкі А. Пушкіна, М. Багдановіча і Я. Коласа), дзе «індывідуальны почырк прыглушаны не так дэкларуемай тэарэтыкамі гэтага напрамку «смерцю аўтара», колькі неабходнасцю ўніфікацыі розных «галасоў» для стварэння адзінага ў сваёй шматстайнасці задум і творчых свядомасцей тэксту» [7].

Вершы з дэбютнага зборніка Мікіты Найдзёнава «Развітанцы» (2015), адгукаючыся на заклік аўтара, чыталі беларусы (пераважна моладзь) у розных кутках свету (у ЗША і на Гоа, у Чэхіі і В’етнаме, у Даніі і Славакіі); відэаролікі даволі хутка разышліся па інтэрнэце, іх часам можна знайсці ў абсалютна нечаканых месцах (напрыклад, на індыйскім сайце, прысвечаным новым тэхналогіям рамонту абутку). У пэўным сэнсе, праект нагадвае штосьці сярэдняе паміж флэшмобам і вірусным відэа.

У параўнанні з папярэднім «паэтычна-геаграфічным» праектам, паэзія віртуальнай асобы ‘Таня Скарынкина’ прысутнічае, напрыклад, на facebook у фармаце больш камерным, менш дынамічным (у сэнсе візуалізацыі), але, наколькі можна меркаваць па рэакцыі чытачоў-карыстальнікаў, не менш прыцягальным. Адмысловы сугестыўны эфект ствараецца не толькі за кошт «злітнага» ўспрымання паэтычнага твора і, напрыклад, фотаздымка, што ўзаемаперацякаюць адзін у адзін — і адзін у адным адгукаюцца сэнсамі. Менавіта такое ўражанне робіць верш «Много простых людей» («Много простых людей / ходит в общий бассейн / о чём они плавают в шумной пустоте?»), спалучаны ў сакавіцкім допісе 2018 года з фатаграфіяй вядомага французскага майстра Франсуа Калара «Cours de Natation», які той зрабіў у 1930 годе. Дадатковыя эмацыйныя і сэнсавыя канатацыі ўзнікаюць таксама за кошт спалучэння ў полі зроку чытача-карыстальніка (у межах паласы пракруткі) тонка, густоўна візуалізаванага мастацкага слова і вербалізаванай міфалогіі паўсядзённасці, натуральнымі дзівосамі якой шчодра дзеліцца ‘Таня Скарынкина’ на сваёй старонцы ў facebook.

Была ў беларускім літаратурным сегменце інтэрнэта цікавая спроба зрабіць з паэтычнага слэма як формы літаратурнай актыўнасці своеасаблівы жанр сеціратуры. У верасні 2016 года ў facebook з’явілася група «Паэтычная бітва» (https://www.facebook.com/bitvapaetaubelarusi/#). Арганізатары групы агучылі 13 правіл, паводле якіх вершы (не менш за чатыры радкі) не абмяжоўваліся паводле тэматыкі, але павінны былі пісацца толькі па-беларуску; на кожную бітву адводзіўся тыдзень. Дэклараваліся роўнасць удзельнікаў («У бітве усе роўныя, як у лазні, калі Вы класік, то вас нічога не ўратуе, акрамя цікавых рыфмаў і нестандартнага мыслення») і, што паказальна, прыярытэт працэсу над вынікам: «Пераможца альбо не выяўляецца зусім (мы атрымоўваем эстэтычнае задавальнне ад самога працэсу), альбо праз трэціх асобаў (рэдактараў)». Апошняя актыўнасць назіралася ў верасні 2017 года (па стане на сакавік 2018-га). Але гэта якраз той выпадак, калі паэтычны слэм з разавай падзеі літаратурнага жыцця патэнцыяльна можа стацца неабмежаваным у часе (працэсуальным) жанрам так званай інтэрактыўнай літаратуры (як адной з форм сеціратуры).

У прозе найбольш яскравыя ўзоры ўласна сеціратурнага кшталту звязаны, на наш погляд, з «самаарганізацыяй» допісаў віртуальнай асобы ‘Андрусь Горват’ у кнігу «Радзіва “Прудок”», з «літаратурна-фатаграфічнымі» допісамі віртуальнай асобы ‘Уладзімір Сцяпан’ і сеціўным дзённікам віртуальнай асобы ‘Віктар Шніп’, а таксама са спробай «увіртуаліць» раман-інструкцыю Людмілы Рублеўскай «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію»,

Тры першыя фігуранты гэтага кароткага спісу пры ўсёй разнастайнасці індывідуальна-творчых стыляў і пісьменніцкіх манер яднаюцца ў межах адной стратэгіі асваення сеціва як літаратурнага хранатопа. Іх тэксты, як правіла, уяўляюць сабой мініпрозу з наратывам рэфлексіўнага тыпу, выразнай экзістэнцыйна-лірычнай настраёвасцю і схільнасцю да апавядальнасці навелістычнага тыпу (апошняя асабліва ярка выражана ў творах Уладзіміра Сцяпана). Уражвае хуткасць своеасаблівага «сталення» тэкстаў гэтых аўтараў у сеціве: як правіла, амаль імгненна пасля нараджэння (з’яўлення на персанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы) «немаўляты» пачынаюць абрастаць каментарамі, разгаліноўвацца дадатковымі сюжэтнымі лініямі і калізіямі, з дапамогай перапостаў трапляюць у новыя кантэксты, дзе таксама працягваюць пашырацца, прырастаць новымі дэталямі і г. д.

Паказальна, што вызначаць прыналежнасць твора (літаратурнага факта) да сеціратуры толькі па месцы нараджэння (у сеціве) немэтазгодна, бо і ў нас ёсць прыклады таго, як твор, што ўпершыню з’явіўся ў традыцыйным друкаваным фармаце (у часопіснай і/ці кніжнай публікацыі), дзякуючы гіпертэкставай прыродзе сеціва набываў сутнасна іншае быццё. Так, раман Людмілы Рублеўскай «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію», датаваны 2007 годам, спачатку друкаваўся ў часопісе «Дзеяслоў», пазней увайшоў у склад зборніка прозы. Але, размешчаны на сайце «Родныя вобразы» (http://rv-blr.com/litaratura/view/2143), гэты «раман-інструкцыя», які можна было б лічыць і адзінкавым узорам рамана-квеста ў беларускай літаратуры, набыў гіпертэкставыя ўласцівасці. Героі-гульцы «фізічна» перамяшчаюцца з Мінска 2000-х гадоў у Менск 1933 года праз своеасаблівы прагал у часе. Чытач — карыстальнік сеціва — можа адным клікам мышкі скіроўваць сюжэт у абсалютна нечаканае рэчышча. Гэты твор Людмілы Рублеўскай можа быць вызначаны як разнавіднасць гіпертэксту, што прапануе чытачу вялікую колькасць розных шляхоў, алгарытмаў чытання.

Што тычыцца сутнасных адрозненняў жыцця ў сеціве беларускай прозы і паэзіі, то можна заўважыць, што проза найчасцей абірае форму гіпертэксту: так, раман-інструкцыя Людмілы Рублеўскай тыпалагічна ёсць «садам сцяжынак, якія разбягаюцца»; допісы Андруся Горвата, Уладзіміра Сцяпана, Віктара Шніпа набліжаюцца да такой разнавіднасці гіпертэксту, як «гасцявая кніга». У сваю чаргу паэзія карыстаецца арсеналам медыяславеснасці: яшчэ раз згадаем «відэавершы» Валярыны Куставай і «відэалізацыю» «Развітанцаў» Мікіты Найдзёнава, а таксама «паэтычны відэапраект» грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі» пад назвай «Чорна-белыя вершы», фанатэку «Літрадыё» (litradio.by).

Калі паспрабаваць тыпалагізаваць формы беларускай літаратурна-крытычнай актыўнасці ў інтэрнэце, можна вылучыць:

— «крытыкацэнтраваныя» праекты;

— літаратурна-крытычныя сегменты ў політэматычных электронных выданнях (рэсурсах);

— «літаратурацэнтраваныя» групы ў сацыяльных сетках;

— віртуальныя асобы крытыкаў, даследчыкаў літаратуры як адметны жанр сеціўнага крытычна-даследчага дыскурсу.

Здаецца, вясной 2015 года на рэсурсе bookster.by з’явіўся праект «Прэпарацыя: тры крытыкі пра адзін твор». Тром асобам прапаноўвалася выступіць у ролі крытыкаў-экспертаў — выказацца пра паэтычны ці празаічны твор, які змяшчаўся на гэтай жа старонцы, але спачатку ананімна, без аўтарства. Ацэнкі крытыкаў, як правіла, былі надзвычай кароткімі, але падкрэслена экспрэсіўнымі, і прыцягвалі ўвагу ўжо сваімі загалоўкамі: «Аўтар хацеў некаму адпомсціць вуду-тэкстам» (zamirouskaya), «Без смеласці ў чужых снах рабіць няма чаго» (стрэльнікаў) і інш. [8]. Імя аўтара мастацкага твора і наведвальнікі рэсурсу, і крытыкі даведваліся праз некалькі тыдняў. Некаторыя чытачы пісалі ў каментарах, што часам выказванні крытыкаў чытаць цікавей, чым самі творы. На жаль, праект у актыўнай фазе праіснаваў нядоўга, затое стаўся насамрэч прэцэдэнтнай формай асваення літаратурнай крытыкай інтэрнэт-прасторы і формай літаратурнай падзейнасці ў сеціве.

У якасці прыкладаў калі не пашырэння, то больш ці менш сталай прысутнасці літаратурна-крытычнай рэфлексіі ў сеціве можна назваць тэксты Ціхана Чарнякевіча, Марыі Мартысевіч на сity.dog. Даволі звыклай зараз становіцца крытычная рэфлексія ў межах спецыяльна створаных (хоць і нешматлікіх у колькасных адносінах) груп у сацыяльных сетках. Так, у facebook, напрыклад, надзвычай паслядоўна культурна-асветніцкі і ўласна крытычны (рэфлексійна-ацэначны) кампаненты прадстаўлены зараз (па стане на сакавік 2018 года) у групах «Толькі пра літаратуру» (адміністратар JanMaksymiuk), «Книжные новости от @Александр Федута».

Адмысловым жанрам сеціўнай крытыкі сёння з’яўляецца чат. Гэта можа быць чат у адпаведнай групе (літаратурацэнтраванай) ці на асабістай старонцы (у блогу). Карыстальнікі, у той ці іншай ступені далучаныя да беларускага літаратурнага працэсу, як правіла, не проста маюць уласнае меркаванне пра факты і падзеі літаратурнага жыцця, але і актыўна яго выказваюць. Яно і зразумела: кожны чытач сучаснай беларускай літаратуры — гэта амаль заўсёды трошкі пісьменнік (у сэнсе, літаратар, журналіст, блогер) і абсалютна заўсёды эксперт.

Найбольш цікавым жанрам, у якім выяўляецца адметнасць уласна сеціўнай беларускай крытыкі, з’яўляецца ўжо не раз згаданы жанр віртуальнай асобы.

Існуюць розныя погляды на віртуальную асобу як адмысловы жанр сеціратуры. Калі Хенрыке Шміт схільная трактаваць яе ў першую чаргу як містыфікацыю, прычым добра прадуманую містыфікацыю, то, напрыклад, расійскі даследчык Яўген Горных характарызуе віртуальную асобу як «збор тэкстаў», што «замяняюць і пашпарт, і даведкі, і пратаколы, і аўтабіяграфіі». Для яго віртуальная асоба — гэта «пэўны сінтаксіс, які можа спалучаць разнастайныя элементы». Звычайна ў якасці такіх элементаў выступаюць уласна тэксты, «кожны з якіх значны для віртуальнай найперш магчымасцю працытаваць яго. <…> Віртуальная асоба жывая да таго часу, пакуль яе цытуюць менавіта ў якасці асобы, а не ў якасці безасабовых і прыналежных усім выказванняў» [4].

Спецыфіка віртуальнай асобы беларускага крытыка (даследчыка) звязана з максімальнай збліжанасцю ўласна віртуальнай асобы і рэальнага чалавека. Узорамі (не тое што полюсавымі, але стратэгічна вельмі адрознымі) літаратурна-крытычнай і даследчай актыўнасці ў сеціве нам падаюцца віртуальныя асобы ‘Ганна Севярынец’і ‘Павал Абрамовіч’.

У facebook Ганна Севярынец побач з энергічнымі водгукамі на бягучае жыццё ва ўсіх яго праявах паспявае пісаць уласную гісторыю беларускай літаратуры ХХ стагоддзя практычна анлайн. Пры гэтым нарошчваюцца тэмпы не толькі яе літаратурнай, але і калялітаратурнай (асветніцкай, медыя-) актыўнасці ў фармаце рэальнага (персанальнага) удзелу ў рознага кшталту публічных імпрэзах, праектах, сустрэчах і г. д.

Павал Абрамовіч таксама з неверагоднай энергічнасцю сумяшчае асветніцтва агульнакультурнае (шматлікія допісы пра кіно, фатаграфію як мастацтва, музыку, міфалогію паўсядзённасці і г. д.) з нерэальнай крытычнай актыўнасцю. Асваенне ўсё новых і новых тэрыторый ажыццяўляецца ім у рэжыме нон-стоп: з LiveJournal пераехаў у facebook, пасля была невялікая паўза, пасля зноў імпэтнае вяртанне ў facebook, паралельна з вывучэннем магчымасцей Telegram’а. Дзе б ні з’яўлялася віртуальная асоба гэтага аўтара, паўсюль літаратурная праблематыка калі не пераважае, то застаецца ў лідарах. Пры гэтым у сэнсе публічных выхадаў ён з’яўляецца абсалютным антыподам Ганны Севярынец: наколькі можна меркаваць па ягоных жа выказваннях, ён прынцыпова не бярэ ўдзел у літаратурных і калялітаратурных імпрэзах, хаця ўвесь час аказваецца абазнаным у іх дэталях не горш (а можа быць, і лепш) за іх непасрэдных удзельнікаў.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя Павал Абрамовіч мог бы заняць не апошняе месца ў плеядзе «раззлаваных маладых людзей» (калі б такая была ў тагачаснай айчыннай літаратурнай прасторы па аналогіі з адпаведнай плынню ў англійскай прозе). У літаратурнай прасторы 2010-х гадоў віртуальная асоба «Павал Абрамовіч», у чыіх тэкстах глыбіня і шырокая кантэкстнасць аналізу з’яў мастацкай славеснасці спалучаецца з напружаным эмацыянальным п(е)ражываннем, бачыцца феноменам не проста адметным, але выключным. У першым набліжэнні яго можна акрэсліць яго творчасць як феномен «новай крытычнай чуллівасці», дзе падкрэсленая эмацыянальнасць як «нерв» сеціўнай камунікацыі набывае ўплывовасць, нават пэўную сугестыўнасць дзякуючы экспертнаму (прафесійнаму) характару крытычнай рэфлексіі.

Такім чынам, пералічаныя вышэй творы, праекты і віртуальныя асобы (як адметныя жанры) паводле сваіх прыкмет з найбольшай пэўнасцю могуць быць залічаны да ўласна сеціратуры. Іх відавочная прэцэдэнтнасць азначае і індывідуальна-стылявую непаўторнасць, арыгінальнасць, і адзінкавасць, нешматлікасць адначасова. Аналіз прысутнасці беларускай мастацкай славеснасці ў інтэрнэце, а таксама падзей і актыўнасці розных удзельнікаў (каля)літаратурнага жыцця дазваляе зрабіць даволі пэўную выснову: па стане на канец 2010-х гадоў беларускі літаратурны працэс у сеціве ёсць, а ўласна беларускай сеціратуры — няма. Згаданая выснова сінтэзавалася з вынікаў аналізу беларускага мастацтва слова ў сеціве ў змястоўна-функцыянальным, працэсуальным і падзейным аспектах. Гэта меркаванне не ўтрымлівае ацэначных канатацый, яно не ёсць нагодай для засмучэння ці радасці; яно, хутчэй, ёсць яшчэ адной важкай падставай гаварыць пра высокую верагоднасць нарастання спецыфічнасці (адметнасці) развіцця нацыянальнай мастацкай славеснасці як літаратуры класічнага тыпу ў прасторы інфармацыйнага грамадства.

 

Спіс літаратуры:

1. Шаўлякова-Барзенка, І. Л. Проза / І. Л. Шаўлякова-Барзенка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Т. 4, кн. 3 / НАН Беларусі, Аддз-не гуманітар. навук і мастацтваў, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ.; навук. рэд. У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук. — Мінск: Беларус. навука, 2014. — С. 8—35.

2. Солдаткина, Я. В. Понятие «медиасловесность» и актуальные процессы в современной культуре / Я. В. Солдаткина // Преподаватель ХХІ век. — 2017. — № 2. — С. 356—368.

3. Схелтйенс, В. Сетература: новое литературное движение? / В. Схелтйенс [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://www.netslova.ru/teoriya/werner.html. — Дата доступа: 27.10.2016.

4. Марков, А. Сетература: место сборки / А. Марков [Электронный ресурс] // Новое Литературное Обозрение. — № 118 (6/2012). — Режим доступа: http://www.nlobooks.ru/node/2879. — Дата доступа: 02.03.2018.

5. Гаджиев, А. Сетература: история, типология и поэтика русской сетевой литературы. Тезисы лекций в Бакинском славянском университете / А. Гаджиев. — Баку: Мутарджим, 2012. — 76 с.

6. Лицарева, К. С. Типологические черты сетературы. Проблема автора и читателя / К. С. Лицарева // Вестник Вятского государственного университета. — Т. 2. — 2012. — № 2. — С. 125—127.

7. Барысюк, Т. П. Калектыўныя смс- і e-mаil праекты (дзённік «Рэцэпт ад песімізму» і паэма «Буслан і Жабміла») як ідэйна-жанравы феномен / Т. П. Барысюк // Карповские научные чтения: сб. науч. статей. — Вып.10. — В 2 ч. — Ч. 2. — Минск: БГУ, 2016. — C. 275 — 280.

8. Прэпарацыя: тры крытыкі пра адзін твор [Электронны рэсурс] // Bookster.by. — Рэжым доступу: http://bookster.by/pages. — Дата доступу: 20.10.2016.

 

Артыкул паступіў у рэдакцыю 30 сакавіка 2018 года.

 

Рэзюмэ

Ірына ШАЎЛЯКОВА-БАРЗЕНКА

Беларуская сеціратура як феномен актыўнай адсутнасці

 

УДК 82.02

Асэнсаванне сеціратуры як феномена ў сучасным гуманітарным дыскурсе адбываецца адначасова ў некалькіх вымярэннях: сацыякультурным, мастацка-эстэтычным, інфармацыйным. Аднак прысутнасць сучаснай беларускай літаратуры ў сеціве, сутнасць і спецыфіка сеціўнага жыцця нацыянальнага мастацтва слова дагэтуль не былі аб’ектам тэарэтыка-літаратурнай увагі. У артыкуле Ірыны Шаўляковай-Барзенка, эксперта Міжкультурнага даследчага цэнтра Універсітэта Хучжоу (КНР), зроблена спроба акрэсліць тэрміналагічна-паняційныя межы сеціратуры, вызначыць асноўныя прынцыпы яе стварэння, а такcама сутнасныя характарыстыкі. У рабоце на падставе аналізу шэрагу паэтычных і празаічных твораў, літаратурна-крытычнай актыўнасці, падзей літаратурнага жыцця вызначаюцца асаблівасці функцыянавання і жанравыя стратэгіі найноўшага беларускага мастацтва слова ў інтэрнэце.

 

Ключавыя словы: беларуская літаратура, сеціва, сеціратура, літаратурны працэс, прэцэдэнтнасць, працэсуальнасць, візуальнасць, гіпертэкст, віртуальная асоба аўтара.

 

Summary

Iryna SHAULIAKOVA-BARZENKA

Belarusian network literature as a phenomenon of the active absence

 

Network literature as a complex phenomenon is considered in modern humanitarian discourse in various aspects: social andcultural, artistic and aesthetic, information, etc. However, the presence of contemporary Belarusian literature in the Internet, as well as the essence and characteristics of the national literature on the Internet have not been a subject of literary studies before. IrynaShauliakova-Barzenka, expert of the Intercultural Research Center of Huzhou University (China), analyze in the articlethe terminological and conceptual boundaries of the network literature, and the basic principles of its creation, and its essential characteristics. Here on the basis of the analysis of a number of poetry and prose texts, as well as literary-critical activity, different literary events the features of existence and genre strategies of the nowadays Belarusian literature on the Internet are defined.

 

Keywords: Belarusian literature, the Internet, network literature, literary process, precedence, processuality, visuality, hypertext, virtual identity of the author.

 

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».