Вы тут

Таццяна Сівец. Лісты да Ліса


Сівец Таццяна Мікалаеўна нарадзілася 23 чэрвеня 1982 года ў Мінску. Скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2005), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (2008), Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2016). Працавала на радыёстанцыі «Беларусь», галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер — галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік». Паэт, драматург, перакладчык.


 

Аўтар кніг «Праляцець па вясёлцы» (2002), «Ліпеньская навальніца» (2003), «Таму, хто знойдзе» (2009), «Брык і Шуся шукаюць лета» (2012), «Куды прапала малпа Маня?» (2013), «Самы лепшы падарунак» (2014), «Разняволенасць» (2016).

Пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2013 года».

Вершы публікаваліся ў перакладах на азербайджанскую, англійскую, балгарскую, калмыцкую, рускую, украінскую, чачэнскую мовы.

 

Лісты да Ліса

 

***

Ліс, я ізноў невядома дзе!

Прывітанне шлю з ніадкуль —

у тваю вясну.

Тут усе

умеюць гуляць па вадзе.

Я таксама спрабую, але

увесь час тану.

Ды не губляю надзеі…

 

Так, мой Ліс,

хто каго прыручыў —

пытаннейка на мільён.

Я адчуваю, як цягнецца,

як нацягваецца шнур,

той, што нас злучыў.

Праўда, стала цяжэй удаваць,

што «нічога так,

не баліць…» І ўвогуле —

гэта ўсё «не маё»…

 

Я вучуся атрымліваць

тое, што захачу —

то бок вучуся паменш хацець…

Кажуць, тут хутка зіма,

зноў зіма… Ты такое чуў?!

 

…А ведаеш, Ліс,

мы былі б з табою,

калі б не ён,

разам, Ліс, калі б ён не прыляцеў!..

 

 

***

Калі мы змяніліся незваротна?

Калі гэта маска, Ліс, прырасла да скуры?

Калі мы скурвіліся?

Калі пачалі гандляваць усім, што выходзіць з рота?

 

Чаму паміж мной і мною — мільён адрозненняў?..

Я палюбіў глядзець, як падаюць самалёты…

Я — у аблозе, Ліс! Я сабой акружаны…

Таму выбірацца будзе зусім нялёгка;

Жывым — дык увогуле немагчыма;

Мяркую, гэта заслужана…

 

Я палюбіў гарбату з пялёсткамі ружаў, Ліс…

 

 

***

Слухай, Ліс, можа, мне стаць дарослым і піць пачаць?

Можа, завесці жонку і ёй маніць?

Ліс, як вам з Ружаю бавіць час

Без мяне… Даруй… Я не хацеў… Прысні мяне!

Ну!

Хоць ува сне я хачу забыцца пра боль мой,

Што кліча ў сваю блакітную глыбіню,

Ліс, мы спалім яго, нібыта лісток альбомны

Са статкам баранчыкаў…

Гэта будзе ахвяра —

Вось толькі каму?

Ліс, мой Бог і таварыш

Змайстраваў самалёт, паляцеў у сваю зіму…

Я чакаю яго, я буду яго чакаць…

Не сумуй па мне, Ліс, прашу цябе, не сумуй!

Лепей скажы ім, Ліс, што я проста сышоў з зямлі…

Бо гэткім, як я, даруецца ўсё, апрача сыходу…

Зрэшты, кажы ім цяпер усё, што табе заўгодна,

Мой Ліс…

Тут не бывае змей. А гэтую я прынёс з сабою…

Насіў яе ў сэрцы — гады, паіў тугою сваёю, быў яе Богам —

І вось — яна згодная…

Жыццё — гэта смецце, Ліс…

А зоркі — такія смешныя…

Былі…

Пакуль не разбіліся…

 

 

***

Ліс, я думаў, калі я заплюшчу вочы,

Яе не стане… Але ж вось яна!

Пасміхаецца, шэпча мне: «Прывітанне!»

Я бег ад яе, зрываўся, ўставаў і падаў…

А яна была… Проста была.

Бессэнсоўная, быццам лінія далягляду.

 

Ліс, тут нічога не дапаможа:

Ні віскі, ні Pater Noster —

Мне яе не пазбыцца ніяк, ні з кім —

Гэтай тройчы выклятай Адзіноты!

Вось і цяпер — я пішу табе, а яна так блізка —

Дыхае ў спіну і заглядае ў ліст мой…

 

Ліс, я, напэўна, вар’ят, але часам мне падаецца,

Што гэта яна пад маімі павекамі птушкай б'ецца.

І нават калі я заплюшчу вочы,

Яна мяне не пакіне.

Мне цікава, пакуль я з табою, Ліс,

З кім яна?..

 

 

***

Ліс, мы чакаем цябе, чуеш Ліс!..

Калі ласка, прашу цябе, please-please-please!

Мы пайшлі ад цябе:

Я і неба, каб зараз шаптаць табе кожнай ночы:

Вярніся, вярніся, вярніся... Ды вецер ізноў паўночны...

Не хоча вярнуць цябе да мяне, не хоча...

 

 

***

Колькі нам засталося, Ліс?

Палічы мае дні, палічы...

Забяры сабе ўсе —

Толькі будзь са мной побач сягоння:

На гэтай планеце так холадна поначы...

Калі...

Не, не трэба фальшывых усмешак і ветлівых фразаў —

Калі наша вайна завітае па нас,

Мы адчуем адразу...

Ліс...

Вер мне, я ведаю, я дакладна ведаю, што кажу...

Гэта праўда... Ды праўда не трэба

Ні ястрабу, ні смаўжу...

Кладзіся... Глядзі над сабою...

Галоўнае, каб не было дажджу...

 

 

***

Ліс, мы ж сябры?

Мы такія сябры, як хіба што

ў сухотным бараку...

Мы выпілі час... І на дне

засталася сухая пяшчота...

Мы ўсе паміраем, Ліс,

Хто ад раку, а хто — ад ранку...

Ды пра гэта мы будзем маўчаць...

Днее.

Я захіну фіранку,

Папрасі там некага — за мяне...

 

 

***

Развітайся са мною, Ліс,

Калі будзеш сыходзіць...

Не сягоння, не...

І нат не ў наступным годзе...

Але там, дзе пачнецца прышласць,

Хворая на маўчанне,

Выпі са мною чаю,

Скажы, што будзеш пісаць мне...

Ну, што яшчэ кажуць звычайна?..

Ліс, толькі не адлятай, як Ён,

Не сказаўшы нічога...

Развітайся, а потым сядай у свой светлы човен...

Усміхніся мне, Ліс, азірнуўшыся на імгненне...

Паабяцай мне памятаць і прыходзіць хаця б у сне... Не...

Лепей не трэба...

Сны запляту я ў косы...

Пастаўлю шматкроп'і там, дзе патрэбны коскі...

Развітайся са мною, Ліс,

Не сыходзь употай!

Я буду смяяцца, Ліс!..

Плакаць — потым...

 

 

***

Яны ціха прыходзяць, Ліс...

Прыходзяць усё забраць...

Такі вось у іх парадак, такі парад...

Ты шэпчаш: не час, не трэба, чакай, пакуль яшчэ не пара...

Ды наўрад ці яны паслухаюць, Ліс... Наўрад...

Мне не патрэбна, Ліс, іх праўда і вера іх...

Усё, што маё, хай стане цяпер тваім...

Я адчуваю: яны ўжо ідуць за мной...

Здымі з майго сэрца боль...

Прывяжы да ног...

 

 

***

Ліс, мяне пасылаюць тым, каму трэба крыху святла...

Я нашу ў душы зорку, яна ўсіх любіць, яна не прымае зла...

Толькі замест таго, каб разам са мной палаць,

Яны прагнуць мяне патушыць...

Ці выпаліць яе, спапяліць — да тла.

Але й гэта не горай, Ліс, за іголкі падманаў іх,

За тонкія іх намёкі...

Так, я ведаю, і табе нялёгка...

Нялёгка быць зверам...

Ды нават, калі ад мяне застанецца, Ліс,

Толькі жменька зорнага смецця,

Я буду верыць ім...

Буду верыць...

 

 

***

Ліс, мне сніцца, як наш самалёт вылятае ў ноч...

Ліс, мне сніцца, што ты пілот.

Потым мы падаем, Ліс, але гэта не важна,

Бо ты са мной.

Ліс, мы на дне акіяна цяпер (што за кепскі сон!).

Мне не страшна памерці, Ліс,

Страшна, што гэта — ўсё!..

Я гляджу ў твае вочы,

Час супыняе бег...

Я прачынаюся.

Без цябе.

 

 

***

Найгоршае з выпрабаванняў, Ліс, —

Выпрабаванне цішай...

Ты нібыта ляціш, а

Нехта страляе ў крылы... І ліць

Кроў або слёзы — вырашыць толькі

Лёс...

Я не баюся, Ліс,

Нават калі

Гэта

Апошні

Палёт.

 

Толькі ты будзь са мною — да самага небыцця.

Толькі ты мяне за руку трымай!

Бачыш, Ліс, зоркі над намі мігцяць...

Чуеш, Ліс, смерці няма!

 

 

***

Кожную ноч мне сніцца трывожны сон:

Ноч хавае пустыню пад сінім сваім крысом...

У гэтай пустыні двое — Хлопчык белавалосы і Ліс. І ўсё.

Кожную ноч яны ўсё ідуць, ідуць...

Можа, шукаюць шчасця, а мо — ваду.

Хлопчык кажа: «Ты толькі павер мне, Ліс, я знайду...»

 

Ліс маўчыць. Ён стаміўся і хоча спаць.

Кажа Хлопчыку: «Я стары... Я ўжо ўмею здавацца і адступаць...

Змірыся... Кладзіся побач, пакуль не ўпаў...»

Хлопчык смяецца: «Глядзі, якая тут далячынь...»

Кажа Лісу: «Чаго ты?

Ты ж сам мяне прыручыў!»

Яны ўсё ідуць... Хлопчык лічыць зоркі, а Ліс перастаў лічыць...

 

Ліс бурчыць: «Ты не бачыш, вакол пясок!..

Калодзежы спяць... Дык нашто турбаваць іх сон?

Так заўсёды было, ад самых старых часоў...»

Хлопчык шэпча яму: «Я чую, пяе вада...

Калі знойдзем яе, больш не будзе, чаго жадаць...»

Штоночы яны ідуць... Ідуць па сваіх слядах...

 

 

***

Ведаеш, Ліс, калісьці (калі ўсе дрэвы былі вышэйшыя за баабабы),

Калі быў я маленькі такі, што, пэўна, змяшчаўся адной ў далоні...

Калі смерць матылька была самым вялікім горам, а падарожжа ў шафу — найлепшай забаўкай...

Я тады ўпершыню пабачыў іх, я адчуў, Ліс, якія яны халодныя!..

Зоркі глядзелі... Маўчалі... І я маўчаў ім...

(Я і сёння маўчу ім пра ўсё, што мяне руйнуе...)

Я заблукаў — ці то ў космасе, ці то ў часе...

Але я вярнуся...

Чуеш?..

Вярнуся!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.