Вы тут

Таня Скарынкіна. Касманаўты ў горадзе


Таня Скарынкіна (Скарынкіна Таццяна Уладзіміраўна) нарадзілася ў 1969 годзе ў г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. Скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Працавала мастаком-ілюстратарам, паштальёнам, журналістам. Творы друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Arche», «Крещатик» (Германія), «Лава» (Украіна), «Аналогон» (Чэхія), «Сибирские огни» (Расія) ды інш. Аўтар кніг паэзіі «Книга для чтения вне помещений и в помещениях» (2013) і «Португальские трехстишия» (2014), «Американские горки» (2018), зборніка эсэ «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі» (2016). Творы перакладаліся на іўрыт, польскую, чэшскую, грузінскую, італьянскую і англійскую мовы. Зборнік эсэ перакладзены на англійскую і выдадзены ў Вялікабрытаніі.


Касманаўты ў горадзе

Эсэ

 

Я ніколі б не пачала пра касманаўтаў, каб не Саша.

Саша агаломшыла літаральна напярэдадні Дня касманаўтыкі, што мае фотакартку Юрыя Гагарына. Не паштоўку, а менавіта здымак. Толькі не паказала, бо знайсці не можа. Саша жыве ва ўласным доме, дзе на гарышчы столькі ўсяго… Старыя ёлачныя цацкі, абрусы, кнігі, паштоўкі. Скрынка на скрынцы. І фота недзе ўнутры. Пакуль я чакала з цвёрдай верай, што Гагарын знойдзецца, незаўважна пачалі збірацца гісторыі пра космас, аб якім да гэтае пары амаль нічога не ведаю. Але кожны не ведае па-свойму. І я запыталася ў старэйшай цёці, ці адбіўся на яе жыцці палёт першага чалавека ў космас.

— Цёця Ядзя, ці адчулі вы што-небудзь асаблівае, калі Гагарын паляцеў?

— Нічога я не помню, Таня. Вова быў малы. Годзік быў яму.

Стрыечны брат Вова падказвае з услоніка, дзе паліць у адкрытую дзверцу печы:

— Восем месяцаў.

— Восем месяцаў, — паўтарае за ім цёця, — і я сядзела ва врэмянцы. Ні радзіва, нічога не было.

— Гэта значыць, што вы нават не ведалі пра першы касмічны палёт?

— Ну, можа, чула ад людзей, што паляцеў нейкі чалавек у космас. Цяпер во радзіва цэлы дзень гавора, новасці чуеш. А так жа, гавару, там сядзела. Ні радзіва, ні свету. После мы правялі. Нада было столб паставіць свой, і купіць гэтага провада, і правясці. Вот мы после зрабілі, тут столб стаяў.

— А да сталба вы жылі як, без святла?

— Керасінка. І быў жа гэты ў нас…

Вова падказвае ад печы:

— Керагаз.

— Керагаз, да. І вот прачнецца Вова ночай, захоча есці. Падпалю керагаз, пастаўлю кружку. А ён жа пака ўзгарыць, я і засну. Прачнуся, малако выкіпела. Трэба мыць кружку. Другое наліваць малако. Во такое было. Таня, жутка было. А зімой мароз, вот тут напроціў двяры стаіць гэта краватка. І во клуб марозу ў хату, дык абкрывала ад холаду краватку сваім паліто.

— Там быў адзін пакой?

— Маленькая комнатка. Адно маленькае акошка. Занавескі ніякай не было. Неяк сяджу ночай, ужо прачнулася карміць. Тады чую сабака як забрэша. Гляджу ў акошка, нехта лезе праз плот. Я так спужалася. Гэта малое палажыла на краваць, сама схавалася, а Эдзі (муж цёці, мамін родны старэйшы брат) не было. Можа, запіўшы, не прыйшоў… Наверна, што запіўшы, не прыйшоў дамоў. Такое бывала. А дзіця раве. Пастаяла-пастаяла, але ціха. Наверна, сабака напужаў злодзея. І скарэй узялася зноў карміць.

— Мала радасці. А колькі вам год было?

— Так-так-так, можа, 23. Я сначала радзіла первае ў 58-м. Гэта мне быў 21. Тады два гады не было дзяцей, як первае дзіцё памярло. Тады ў шэйсятым. Скока было? 23 гады. Вову радзіла. І скора васпалілася грудзь. Нескалька дней я гаравала, тады ўжо пайшла да врача. Врач сказаў: «Як нарве ўжо настаяшча, тады прарэжам». Тады я гавару мамусі (цёціна свякроўка, а мая бабуля) пра аперацыю. Яна гавора: «Не нада праразаць, усё мы зробім так». І калі нарыў зрабіўся, прылажыла мёду. Гэты мёд пабыў не знаю сколькі, і прарвала мне. Цэлы стакан гною выліўся.

Гэта прыкладна ўсё, што цёці нагадала пытанне пра космас.

 

З бабуляй, якую я называла мамусяй, вялі мы калісьці тэалагічна-касмічную дыскусію. Неяк яна адбілася ў памяці, думаю, таму, што бабуля ўмомант адказала на самаўпэўненую акцябрацкую тыраду.

— Бабуля, а вось касманаўты лёталі ў космас і ніякага Бога там не бачылі, — кажу, не без жадання даняць. Трэба адзначыць, бабуля вельмі рэлігійная была. Нават калі ў Смаргоні савецкая ўлада зачыніла касцёл Свентэго Міхала Арханёла, ездзіла ў суседняе Вішнева маліцца. І бабуля адказала:

— Вока чалавека не здольнае Бога ўбачыць.

Сказала да такой ступені ўпэўнена, што я нават не запыталася чаму. Чаму вока не здольнае. Нават вока касманаўта. Мала пра што, акрамя касманаўтаў і Бога, памятаю з размоваў нашых. Дык наганяю з мамай. Любімыя яе тэмы падымаю: дзяцінства, святы, кавалеры, санаторыі. Кавалеры і санаторыі моцна звязаныя паміж сабой. Мама крыху бліжэй да космасу апынулася, калі ў Дзінтары ў санаторыі пазнаёмілася хаця і не зусім з касманаўтам. Мама так сказала: «Не касманаўт, але недзе блізка ля ракет завіхаўся»:

— В кругу касманаўтыкі ён быў. Не лятаў у космас. Нейкі там інжынер, што-та такое. Факт, што меў атнашэнне па рабоце з касманаўцікай.

— А ён быў у форме?

— Што ён, ляцець сабіраўся? Не сабіраўся. Санаторый — эта отдых.

— Адкуль я ведаю, як апранаюцца касманаўты ў адпачынку?

— Як абычныя людзі, ў гражданскую адзежду. Абычны мужчына. Патом ужо сказаў, што сям’я, жанат, рабёнак есць.

— Адкуль ён сам?

— Масква. Ну, і пашлі на танцы первы вечар. А ён прыехаў раньшэ, і ўжо жанчыны на белы танец як падляцелі. Абдымаюць, хватаюць. Ну, а я ж не ўмею лётаць і адбіваць. Такое не раблю ніколі. Са мной дзевачкі незамужнія з комнаты былі, гаразда маложе. А мне 45, ужо после разводу. Он прымерна быў равеснік. І тока ён увайшоў — яны да яго. І кружацца, гэта ўсё. А ён мяне прыглашае. І патом кажа: «Давай пайдзём куда пагуляем, я не магу тут». Насколька, панімаеш, жанчыны маладые не сцесняюцца ні на што. Забраць з-пад носа. Хоць за руку падзяржаць. Так не было нідзе, як на Рыжскім узмор’і. Яны казалі пра сябе, што масквічкі. А я думаю: «Божа, яшчэ падмаскоўе ці ёсць там якое».

— У вас было з касманаўтам сур’ёзна?

— Ну як… После абеда ўстрэчае, после ужына.

— Але ж ён жанаты. Вы проста, каб не сумна было, сустракаліся?

— Да. Ты проста праводзіш врэмя. Еслі ты прыехаў у санаторый, і не абраціў ніхто вніманія, тагда і отдыха ж нету, раз нету кампаніі. Ні на танцы, ні на канцэрт, ні так, еслі няма з кім. Гэта очэнь скучна. Чалавеку нада ўсё раўно правадзіць неяк врэмя. А еслі адзін, што з гэтага тады санаторыя? Але ў мяне не было такога.

— Каб мужчыны на цябе не звярнулі ўвагі?

— Да. Каб не абрацілі вніманія, не было такого. Панімаеш, я не думаю, што красавіца была, но ўсё раўно абрашчалі вніманіе. Ліцо маё красаты не мела. Но была харошая фігура. Не сразу, але патом ужо паўзраслела і начала панімаць, як адзявацца, гэта ўсё, каб обувь харошая. Ну, і ён абраціў вніманіе.

— Касманаўт?

— Называй так, калі хочаш.

— Карацей, вы проста сябравалі?

— Да! Да!

— Вы ж не цалаваліся, не спалі?

— Я не спала, божа ўпасі!

— Ці запрашаў у рэстаран?

— Хадзілі раз.

— А кветкі дарыў?

— А кветкі… Хадзілі на луг. І там кветкі сабіралі.

Так і бачу, як мама з касманаўтам у скафандры збірае палявыя кветкі на бязмежным стракатым поплаве. Бяры і здымай фантастычнае кіно. Я хоць і ведаю, што быў ён не ў скафандры, але ўсё роўна бачу так, хоць трэсні.

 

Але нічога больш фантастычнага, чым галюцынацыі сяброўкі Тані, калі яна раптоўна захварэла на шызафрэнію, я не чула. Даўно гэта было. Я б, можа, і не ўспомніла, каб не гагарынскі здымак, пра які мару і пішу ў спадзяванні, што ён недзе блізка і не можа быць, каб не знайшоўся. Я, калі ўспомніла пра Таніны хваравітыя ўяўленні, толькі і чакала сустрэцца з ёй. Удакладніць дэталі. Многа год таму, адразу пасля шпіталя яна расказвала, што перад тым, як бацькі вызвалі «хуткую дапамогу», тры дні і тры ночы не падымалася з ложка, нічога не ела, а лётала ў космас. Там была такая прыгажосць, і Таня да такой ступені яскрава казала пра ўласны космас, што я па сёння ўяўляю, быццам бы сама лётала з ёй разам па чорным космасе, размахваючы рукамі, нібы крыламі, як нязграбная птушка, і бачыла блакітна-серабрыстую зямлю. Бліскучую, як ёлачны шар. Таня не да канца ўпэўнена, што гэтага палёту не было. Усё па-сапраўднаму адчувала. Яна не хацела, каб яе вылечылі. Так было добра вандраваць між зорак. Урачы меркавалі інакш. Альбо космас, альбо знясіленне. Але ці памятае Таня пра той палёт?

Нябачныя ў змярканні стрыжы рэжуць паветра за расчыненай форткай. Сліва за форткай цвіце. Я пасылаю сігналы праз фортку. Выйдзі насустрач мне, Таня, прашу, успомні падзеі пятнаццацігадовай даўніны.

Раптам Саша патэлефанавала: знайшла фотакартку з Гагарыным. Сігнал дайшоў не зусім па адрасе, але напрамак які трэба — касмічны. Душа заспявала. Цягнік на далёкай чыгунцы натхнёна зароў скрозь духмянае паветра і пайшоў па шпалах адбіваць матыўчык адвечны: та-та та-та-та, та-та та-та-та. Напэўна, таварняк. Бо доўга-доўга ў расчыненую фортку татакала. Гэта, каб супакоіцца, што знайшлася фотакартка, абстрагуюся на староннія гукі.

 

Фільм «Папяровы салдат» Алексея Германа-малодшага пра падрыхтоўку да першага касмічнага палёту, канешне, падабрала ўдала глядзець у гэтыя дні, калі пра космас пішу. Не тое што зусім выпадкова. У спісе фільмаў для тэрміновага прагляду ён стаяў на самым пачатку. Папішу пра космас, пагляджу фільм. Штучнае натхненне, але спосаб правераны. Спрацоўвае заўсёды. А падчас размовы напярэдадні 12 красавіка Гагарына з доктарам, які сочыць за станам здароўя касманаўтаў, узнікла пачуццё, што натхненне штучным быць перастае. Доктар пытаецца:

— Юра, ты зусім нічога не адчуваеш?

Пытаецца таму, што твар Юрыя ціхамірна ўсміхаецца над сінім у белую палосачку каўнерыкам спартыўнага касцюма з воўны. Юра грызе яблык:

— Канешне, лёгкае хваляванне прысутнічае, але настрой добры. Пасадзяць цябе ў каробачку, ляці! І потым, кім бы я быў, калі б нічога гэтага не было? Нікім.

Горла пераняло ад крохкасці жыцця. Ад выпадковасці падзей.

 

Ноччу мы гулялі з Сашай уздоўж квітнеючых садоў прыватнага сектара. Ігрушы, вішні, алыча, чаромха белым карункам лезлі скрозь дрот і дошкі платоў без ніякай шкоды для сябе. Паветра горка-салодкае, шчыльнае і адначасова пяшчотнае, быццам падымала над зямлёй. Мы не адчувалі ног. Плылі ў бязважкасці. Альбо наогул нас не існавала. Быць нікім прыемна і нават неабходна, каб растварыцца ў вясне. Здавалася, гэта самае галоўнае — зліцца з самім духам вясны. А вясна дазваляла і нават настойвала.

Саша расказвала, што яе бабулі вучань падарыў гэты аматарскі здымак Гагарына. Бабуля ўсё жыццё працавала настаўніцай. Ёй 90, і яна ўжо не памятае, хто менавіта з вучняў служыў на Байкануры ў войску. Прывёз і ўручыў. Бабуля чамусьці ўпэўнена, што Гагарын на фота «п’яненькі», але фірменную ўсмешку нават на гэтым, не вельмі якасным здымку, ні з чыёй не зблытаеш. Кажуць, што Гагарын паляцеў у космас першым, менавіта дзякуючы сваёй непараўнальнай ўсмешцы.

Праз некалькі дзён трапіла на Сашыны народзіны. Мы, канешне, і фотакартку з выявай Гагарына абмяркоўвалі. Дарэчы, гэта адбывалася 10 красавіка, напярэдадні Дня касманаўтыкі, і мае пытанні пра Гагарына ўспрымаліся адэкватна. Тата Сашы расказваў пра першы касмічны палёт. Цяпер уключыла дыктафон, слухаю шум-гам застольны, пазіраючы ў акно. Воблакі стаяць пад акном вішнёвыя і воблакі над імі плывуць нябесныя. Дзе неба? Дзе зямля? Хачу да іх, пад іх, на двор, але перш тату занатую, каб з чыстым сумленнем прыбрацца, нарэшце не ў зімовае, і выйсці. Каб ісці да поўнага стамлення па вясновай Смаргоні:

— Я помню, как прыйшоў дамой. Я ў 4-м класе быў. Мяне адправіў бацька на балота пасці кароў. Тагда па весне ўсе на балотах кароў паслі. Цёпла і сонечна. Я после першай змены прыйшоў. Чатыры ўрокі было. І ацец кажа: «Давай, зганяй на балота кароў». Ну, зганяў. Ну што. Прыйшоў дамой і сказалі: «Ужо чалавек паляцеў».

— Па радыё?

— Не. Мужыкі сказалі. І усё, і потым усе: «Юры Аляксеевіч! Юры Аляксеевіч!» Паляцеў старшым лейценантам, прыляцеў маёрам.

— Як вы думаеце, чаму менавіта Гагарына выбралі першым?

— Бо ён быў болей абшчыцельны з усіх, более прастой, камунікабельны. Чыста па чалавечаскім качаствам выбран быў.

— І што, па-вашаму, з гэтых палётаў у космас?

— Ну, як? Прэсціж страны — раз! Ваенка — два. Абарона прэвыше ўсяго для любога гасударства. Праводзяцца ж ісследовання ў космасе. Палучаюць какіе-то вешчэства новыя. Там бальшыя праграмы рабочыя. А Гагарын, як гаварыцца, пралажыў пуць. Чалавек паляцеў у неізвеснасць. Ён нават сам не ведаў, вернецца ілі не».

Між тым у фільме Германа-малодшага Юры Гагарын нічым не выдае гэтую страшную думку, што папросту можа не вярнуцца. А наадварот, просіць Германа Цітова і доктара: «Паслухайце, давайце сходзім у рэстаран. Я іх не люблю. Афіцыянтаў баюся. Але калі вярнуся, трэба будзе прывыкаць».

 

Уключаю зноў дыктафон, адтуль раптам жаночы голас:

— Я падыходжу да ўнівермага. Там стаяць мае калегі з музычнай школы.

Ну, зразумела, гэта старэйшая стрыечная сястра. Чую, як я ў сястры пытаюся:

— Летам?

Звычка ўжо сфарміравалася, каб уявіць карціну, якой не бачыла на ўласныя вочы, мне патрэбна ўсё дэтальна ўдакладняць.

— Да. А я з дачкой. Нармальна ўсё. Я пытаюся: «Што вы тут робіце?» Яны кажуць: «Ты ведаеш, нам падалося, ва ўнівермаг падняўся Грэчка».

— Які Грэчка?

— Касманаўт. Пайшлі правяраць, кажу. І мы такія ўчацвярох заходзім і рыскаем па ўсіх аддзелах. Знайшлі яго ў аддзеле «Сувеніры». Стаіць там вельмі сціпла. Мы яго пазналі па прычосцы. Яна эксклюзіўная. А-ля «вожык». Ніколі не змянялася. Побач з ім нейкая жанчына, выбірае пярэстую хустку ў кветкі. А ён проста стаіць. Мы такія кажам яму: «Здраствуйце! Мы вас узналі. А што вы тут дзелаеце?» — «Я во тут у радні». «Што, ходзіце па магазінах?» — «Да вот». «Можэт вы нам дадзіце автограф?» — «Давайце, дам». Адна з сябровак маіх кажа: «У мяне сёння нарадзіўся ўнук». Ён падпісаў для ўнука. У дачкі маёй паперкі не было. Выцягнула кнігу на ангельскай. Ён вельмі ўразіўся, што нехта тут чытае на замежнай. Мы сказалі, бо ў Англіі жыве. Прыехала ў адпачынак. Карацей, распісаўся ўсім.

— Як ён быў апрануты? — пытаюся я ў дыктафоне.

— Не памятаю, толькі заўважыла, што ён вельмі здаровы.

— Высокі?

— Не, твар вялікі. Но апрануты дакладна па-цывільнаму быў. Не ў скафандры.

Я зноў ўявіла фантастычную карцінку. Грэчка ў скафандры выходзіць з універмага. Рухі павольныя. Спыняецца на прыступках. Квяцістай махае хусткай. Мінакі пляскаюць у далоні.

І тут сястра Валя ўспамінае пра касманаўта, які менавіта махаў і якраз у Смаргоні:

— Мы яшчэ аднаго касманаўта сустракалі, калі я ў школе вучылася. Шонін, па-мойму. Мог быць такі?

Гэта, напэўна, падчас нейкага свята. Чую прыглушаныя размовай гукі сталовых прыбораў. Цётак галасы. Калі я запісала сястру? На Вялікдзень? Ці на Дзявятае мая? Не памятаю. Шукаю ў сеціве Шоніна. Касманаўт нумар 17. А Грэчка, які таксама Георгій, касманаўт нумар 34. Не ведала, што яны былі пранумераваныя. На пытанне сястры адказвае цёця Марыя:

— Быў ён у нас, я помню. Да радні прыехаў. (Адразу два касманаўты маюць радню ў Смаргоні. Можа, і Гагарына сваякі якія жывуць у нашых мясцінах? Трэба пацікавіцца ў старажылаў і музейных работнікаў). Ну і пазвалі выступіць у школе. Яго тут прынімалі власці смаргонскія. Сабралі міцінг. А ён так напіўся. Яго на машыне прывязлі, і выйсці не змог, — цёця таксама была там, аказваецца.

— Мужэства не хваціла, — гэта ўжо мама. І смяецца. Усе смяюцца.

— Цэлы дзень яго чакалі усёй школай з букетамі, каб ён прыехаў і махнуў рукой, — працягвае сястра.

— Нешта сказаў яшчэ. Вродзе бы: «Харошыя вы дзеці», — дадае цёця Марыя.

— Гэтага нам хапіла на ўсю жызнь. Нясём у сэрцы! — падсумавала Валя пад агульны рогат.

 

З Таняй, наадварот, было ўсё сур’ёзна. Мы нарэшце сустрэліся, калі цвіў бэз на ўсю моц. У двары вялікі куст, селі на лаву пад кустом. Бачна было, што Таня не вельмі хоча ўспамінаць. І я разумею, але ж спыніцца не магу са сваімі пытаннямі. Я так доўга чакала.

Ноччу біўся першы хрушч у шкло другога паверха. Фортка адчыненая, але ці патлумачыш яму? Моцна прасіўся, стукаючыся аб ніжнюю частку акна, каб пусцілі ў хату, дзе святло. Ён думае, дзе святло, там лепей, наіўны. Я спачатку ўявіла, нібы маленькімі каменьчыкамі нехта заве на вуліцу. Напрыклад, малады кавалер. Але час кавалераў з каменьчыкамі даўно мінуў. Ды нават і ў юнацкія гады не памятаю, каб выклікалі на двор каменьчыкамі. Толькі аднойчы хлопчык, якому я падабалася ў дашкольным узросце, кінуў мне ў спіну кавалкам цэглы.

Падышла да акна, адшмаргнула фіранку. Хрушч. Спінкай на карнізе. І ніяк не здолее перавярнуцца. Нечакана склаў лапкі парныя і пацягнуў колькі хапала моцы ўверх. Нават шкада яго зрабілася за намаганні. Раптам хрушч перавярнуўся на жывот. Змясціў цэнтр цяжару.

Днямі слухала перадачу пра кіно, дзе казалі, што аб’ект пачынае вызываць спачуванне, калі мы назіраем, як ён змагаецца за ўласнае жыццё. Нават, калі гэта будзе шклянка, якая не даецца, каб яе скінулі са стала.

Калі па Таню прыйшлі санітары, дык яна таксама супраціўлялася. Але не жыццё адстойвала, а каб пакінулі ў космасе. Яе вынеслі ў коўдры, бо баялася ступіць на падлогу. Падлога гарэла пад Танінымі нагамі.

— Даўно хацела запытацца, а чаму ты думала, што падлога гарыць? — кажу я.

— У мяне тэмпература была высокая. За 40. Мне ўсё гарэла.

— Ты раней, калі расказвала пра хваробу, не казала пра тэмпературу.

— А мы пры зносінах некаторыя рэчы выпускаем. У кожным з нас занадта шмат інфармыцыі.

— І ўсё ж я б хацела ўдакладніць сёе-тое. Ты казала, што лётала ў космас.

— Першы раз там было горача і цёмна. У другі раз вельмі прыгожа. Але справа не ў гэтым. Я заўсёды марыла… Як табе сказаць. Я павінна была прыйсці да Бога. Загладзіць свае нейкія пэўныя грахі. Таму Бог назначыў мне праз хваробу прыйсці да яго. Але толькі з маёй згоды. Таму што гэта вельмі цяжка ўсё і балюча. Гэта было з аднаго боку вар’яцтва. У літаральным сэнсе. А з другога боку, я павінна была прайсці гэты шлях.

— Я добра памятаю, як ты казала, што ляцела сярод зорак у цемры. І так я ўбачыла цябе, як зорку сярод зорак. Толькі большую за іх.

— Я бы сказала, што гэта мая свядомасць паднялася на іншы ўзровень. Мне патрэбныя былі ўзбагачэнне розуму і душы. Мне не хапала шырыні спазнанняў. І мой розум, дасягнуўшы пэўнай вышыні, вярнуўся назад на зямлю. Абагаціўся розум.

— Атрымліваецца, што ў той момант, калі яго не было, ты хварэла?

— Так. І я безмежна ўдзячная Богу, што са мной гэта здарылася. Няхай такім шляхам. Пры тэмпературы, якая спальвае нутро, ты не можаш ні есці, ні піць. Але грахі адпакутаць можна толькі самым цяжкім спосабам. Цяпер, калі я пабывала і тут, і там, я ўжо не ведаю, хто я.

Я бачыла, Таню гэта не вельмі палохае. У ёй цяпер такая моц звышчалавечая пасялілася. Побач з ёй я адчуваю, што можна нічога і не казаць. Яна счытвае ўсе мае думкі. Мне ад гэтага страшна і смешна. І невядома, што яшчэ. Побач з ёй я пачынаю разумець такое, аб чым і не здагадвалася ў сабе. Нібы ты стаў празрыстым, і святло праходзіць скрозь цябе, не спыняючыся.

Значыцца, бабуля мела рацыю, калі казала пра нябачнага Бога ў космасе. Ім з Таняй было б аб чым пагавырыць.

Званок у дзверы. Таня. Я ўзрадавалася. Але твар мае заклапочаны. Вочы ў падлогу:

— Таня. Не прыходзь да нас болей.

Вось так. І пасунулася ўніз па сходках, не развітаўшыся. Насамрэч, у выпадку з Таняй мной упершыню быў парушаны закон натуральнага стварэння гісторыі. Бо не дала сустрэчы нашай адбыцца выпадкова. Сама пайшла да Тані. Прыдумала штучную нагоду. Нейкі здымак дзіцячы, сумесны, дваровы знайшоўся. Аднесці, каб паскорыць рытм апавядання. Вось і атрымала пад дых.

Бацькі Таніны адразу зразумелі, калі я прыйшла, што маю шкурны інтарэс. Твары іх выказвалі адное. Страх за дачку. Але я не думала, што страх да такой ступені моцны. Няўжо Таня расказала ім пра нашу размову? Не дай бог! З іншага боку, а што тут такога злачыннага пагаварыць пра хваробу сівой даўніны? Можа, каму на карысць Танін вопыт пойдзе.

 

Карацей, з-за космасу згубіла прыяцельку. Тыдзень амаль не бралася за працяг. Думала нават кінуць справу касмічную. Усё ж пераадолела смутак нечаканай страты звыклых прыяцельскіх зносін. Суцішылася неяк у рэшце рэшт. І калі ва ўсю буялі півоні, сяброўка З. вярнулася з Іспаніі. З адпачынку. Як заўсёды важнае здараецца само. З., расказваючы пра тэатр-музей Сальвадора Далі ў Фігерасе, гаворыць раптам:

— А над уваходам знакаміты касманаўт.

І паказала здымак у тэлефоне. Знакаміты? Упершыню чую. Ні пра што не гаворыць маленькая фігурка на балконе ў памаранжавым скафандры. Вяртаючыся ад З., са смакам іспанскай кілбасы ў роце думаю пра касмічную фігурку. Можа, гэта нават скафандр Гагарына. Сальвадору Далі было па плячы набываць ва ўласнае карыстанне і не такое. Слановыя чарапы купляў, жывога мурашкаеда трымаў. Чаму б не ўпрыгожыць балкон сканфандрам першага касманаўта.

Дома чытаю пра музей Далі. Пра ўваход менавіта. А гэта аказаўся вадалаз! Скафандр вадалаза, дакладней. Каб не З., ніколі б не скончылася бясконцая касмічнасць. Пэўны знак, трэба пісаць пра мора. Тым больш летам. Яно, канешне, непагодлівае сёлета. Пазбівала дажджом півоніі. Але ружы ўжо пайшлі, ліліі распускаюцца і шыпшына разгортвае пакамечаныя шматкі пялёсткаў…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».