Вы тут

Міністр інфармацыі - аб кніжнай выставе


З 6 па 10 лютага пройдзе XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Напярэдадні гэтай падзеі на пытанні газеты «Літаратура і мастацтва» адказвае міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ.


— Скажыце, ці адлюстроўвае выстаўка ўсю палітру айчыннага кнігавыдання?

— Выстаўка, як на мой погляд, — гэта прэзентацыя плёну дзейнасці розных кніжных выдавецтваў краіны. І найперш, несумненна, як бы мы ні клапаціліся пра міжнародны розгалас, як бы ні дбалі пра міжнародны прэстыж кніжнага свята, гэтая прэзентацыя скіравана менавіта на айчынныя выдавецтвы. Іншая справа, што выстаўка — яшчэ і камерцыйны праект: экспанентам трэба аплачваць плошчу, забудову, несці іншыя выдаткі. Таму, магчыма, з большай лёгкасцю на выстаўку ідуць буйныя выдавецтвы, як і беларускія, так і замежныя. А многія краіны паказваюць сваё кнігавыданне на аб’яднаных стэндах, якія ўсталёўваюць з дапамогай сваіх амбасад, што працуюць у Беларусі. Па традыцыі прадстаўнічымі былі ва ўсе гады стэнды ФРГ, Францыі, Польшчы, Вялікабрытаніі, іншых еўрапейскіх краін.

— І які ў такім разе плён кніжных здабыткаў прадстаўляе выстаўка? Ці дакладна яна падсумоўвае здзейсненае ў гэтай галіне за мінулы, 2018, год?

— Кніг, брашур выдадзена каля 10  000 назваў. У апошнія гады лічба гэтая, як правіла, традыцыйная. І, несумненна, мноства выданняў з гэтых абсягаў будуць якраз і прадстаўлены на выстаўцы. Калі не самімі выдавецтвамі, то на стэндах Саюза пісьменнікаў Беларусі, ААТ «Белкніга». Дарэчы, хацеў бы падкрэсліць, што «Белкніга» як галоўная кнігагандлёвая арганізацыя краіны шмат робіць для прапаганды кнігі, для таго, каб літаральна кожная кніжная навінка знайшла свайго чытача. Дзеля гэтага адкрываюцца і новыя кнігарні. Летась яны былі адкрыты ў Бабруйску, Оршы, Іванаве, Бараўлянах (Мінскі раён). Сёлета — у самы пярэдадзень кніжнай выстаўкі — пачынае сваю работу магілёўскі «Букініст». Падзея, лічу, вельмі важная. Таму што фактычна кніжны гандаль (паколькі раней, калі існавалі абласныя прадпрыемствы, «Магілёўаблкніга» ўлілася ў склад акцыянернага таварыства «Магілёўаблсаюздрук») у гэтым рэгіёне краіны спакваля сышоў на нішто. Усё меней сталі трапляць на Магілёўшчыну кнігі айчынных выдавецтваў. «Белкніга» спрабуе гэтую сітуацыю выправіць. І спадзяюся, што сёлета некалькі крам будуць адкрыты гэтым акцыянерным таварыствам у раёнах Магілёўскай вобласці. Дарэчы, і ў Мінску нас чакаюць прыемныя сюрпрызы. Праводзіцца мадэрнізацыя вядомай кнігарні «Светач» — у тым ліку і з істотным пашырэннем гандлёвых плошчаў. Праведзены рэбрэндынг яшчэ адной з кнігарняў па праспекце Пераможцаў: ранейшая кнігарня «Мастацтва», якая некаторы час мела і назву «Прэзентацыя», цяпер сарыентавана на продаж кніг замежных выдавецтваў на розных мовах. І назва ў кнігарні новая — «Дружба».

— Дарэчы, калі гаварыць пра кніжны гандаль, то наколькі рынак заняты менавіта кнігарнямі «Белкнігі»?..

— «Белкніга» далёка не манапаліст. Існуе і кнігагандлёвая сетка ў сістэме «Белкаапсаюза» — гэта недзе больш за 40 кнігарняў. А яшчэ — «Акадэмкніга», вельмі магутны кнігагандлёвы цэнтр. Існуе цэлы шэраг прыватных крам. І самае галоўнае — продаж кніг сыходзіць у фармат інтэрнэт-гандлю.

— А чаму гэтую форму не выкарыстоўвае «Белкніга»?

— І «Белкніга» сёння займаецца продажам кніг праз інтэрнэт. Праўда, пакуль што ў гэтым кірунку зроблены толькі першыя крокі.

— Добра, давайце вернемся непасрэдна да выстаўкі…

— Хачу звярнуць увагу на такую акалічнасць. Сёлета яна праходзіць не толькі на праспекце Пераможцаў, 14.

— І што гэта значыць для наведвальніка?

— Шэраг мерапрыемстваў, звязаных з кнігай, прапагандай чытання, пройдзе з 6 па 10 лютага ў бібліятэках Мінска, асобных кнігарнях, у Нацыянальным гістарычным музеі краіны, у Палацы мастацтва па вуліцы Казлова, у кінатэатрах і тэатрах, у літаратурных музеях. І нават у кавярнях сталіцы. І прэзентавацца будуць не толькі кнігі, але і фільмы, сцэнарыі якіх напісаны па найболей вядомых творах беларускіх празаікаў, драматургаў, што датычыць кінатэатраў. А ў кавярнях прыгатуюць не проста беларускія стравы, а адкрыюць для наведвальнікаў літаратурныя кулінарныя рэцэпты.

— Якія-небудзь адметныя кніжныя сустрэчы чакаюць наведвальнікаў на самой выстаўцы?

— Ужо ў першы дзень літаральна адразу пасля адкрыцця на цэнтральнай пляцоўцы гаспадарыць пачне паэзія. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» прэзентуе серыю кніг «100 вершаў» — калектыўны зборнік «Зямля бацькоў, зямля святая», зборнікі Яўгеніі Янішчыц «Кахання сад і ластаўка вясны», Генадзя Бураўкіна «Ніці лёсу», Міхася Стральцова «Я зноўку тут», Пімена Панчанкі «Сэрца маё». Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадэманструе факсімільнае выданне першай у свеце кнігі пад назвай «Буквар» (упершыню пабачыла свет гэтая ўнікальная асветніцкая кніга ў 1618 годзе). Дарэчы, ужо 6 лютага свае праекты прэзентуюць госці — у тым ліку і Савет па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельнікаў СНД. Пачне работу перасоўная выстаўка мастацкіх кніг сучасных пісьменнікаў дзяржаў СНД «Чытаем разам — пазнаём адзін аднаго». Міжнародны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва прэзентуе і альманах маладой драматургіі, у якім выступаюць беларускія, расійскія і ўкраінскія драматургі.

Варта зазначыць, што да выстаўкі добра падрыхтаваліся ўсе дзяржаўныя выдавецтвы. Вельмі шмат навінак прадставіць чытачу, у прыватнасці, выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Найперш — трохтомную персанальную энцыклапедыю «Янка Купала». Пра яе ўжо пішуць у друку, яна прыйшла на паліцы кнігарняў. Спадзяюся, што выдавецкія рэдактары, аўтары гэтага ўнікальнага трохтомніка раскажуць, як складалася выданне, як увогуле ствараюцца персанальныя энцыклапедыі, каму з класікаў яшчэ будуць прысвечаны падобныя энцыклапедычныя даведнікі ці персанальныя энцыклапедыі. Можа быць, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прэзентуе новыя ідэі, падкажа пісьменнікам, літаратуразнаўцам, як і куды выдавецтва рухаецца ў гэтым кірунку, ці выйдуць у найбліжэйшы час энцыклапедыі пра Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, магчыма — пра Кузьму Чорнага. Ці нават — пра Уладзіміра Мулявіна. Хіба артыст такога маштабу не варты энцыклапедычнага ўшанавання?!.

Некалькі слоў пра «Мастацкую літаратуру»… І тут адметныя кніжныя навінкі. Выходзіць цэлы шэраг кніг, якія прадстаўляюць замежныя літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. Вярнуўся да «жыцця» альманах «Далягляды». Некалі ж было такое гадавое выданне. Пад адной вокладкай зараз будуць прадстаўлены проза і паэзія самых розных краін свету. Выйдзе кніга вершаў класіка кітайскай паэзіі XX стагоддзя Ай Ціна. Дарэчы, другая кніга Ай Ціна па-беларуску, паэта, які прайшоў праз многія драматычныя выпрабаванні, у тым ліку — і праз «культурную рэвалюцыю». «Мастацкая літаратура» перавыдала да выстаўкі зборнік паэзіі Уолта Уітмена «Лісце травы» ў перакладзе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Янкі Сіпакова.

— Колькі замежных краін будзе ўдзельнічаць у выстаўцы?

— Мяркуецца, што больш як 30. Цэнтральным экспанентам будзе Расійская Федэрацыя. Расійскія кнігавыдаўцы на чале з Федэральным агенцтвам па друку Расійскай Федэрацыі займаюць на кніжнай выстаўцы 200 квадратных метраў. Прадстаўнічую праграму абяцае выдавецтва «Молодая гвардия». Будуць прэзентаваны навінкі серыі «Жыццё знакамітых людзей». Са сваімі кнігамі наведвальнікаў выстаўкі, чытачоў пазнаёмяць самі аўтары — Вячаслаў Бандарэнка, Максім Макарычаў, Мікалай Далгаполаў. Дарэчы, апошні з іх даўно і паспяхова займаецца гісторыяй знешняй разведкі Савецкага Саюза. І сярод герояў яго кніг — і ўраджэнцы Беларусі. Адзін з іх — Міхаіл Мукасей са Случчыны. У серыі «ЖЗЛ» Мікалай Далгаполаў выдаў кнігу і пра беларускую партызанку, падпольшчыцу, Героя Савецкага Саюза Надзею Траян.

Несумненна, цікавасць павінна выклікаць і экспазіцыя «У пошуках страчанага», якая прадстаўляе аднайменны праект Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і калекцыянера-філакартыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. На стэндзе — 21 філакартычная кніга з рэпрадукцыямі старых паштовак з яго калекцыі. Некаторыя з іх пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Да ўвагі наведвальнікаў — і міні-выстаўка розных артэфактаў, што расказваюць пра беларускую даўніну.

Вельмі шмат адметных ініцыятыў вылучыў да выстаўкі і Саюз пісьменнікаў Беларусі, які з’яўляецца адным з арганізатараў кніжнага свята. Аўтограф-сесіі, прэзентацыі кніжных навінак, круглыя сталы, Свята маладой паэзіі, спектакль Мінскага гарадскога тэатра паэзіі на вершы Лізаветы Палеес «У палоне музыкі душы», розныя іншыя творчыя праекты — тут галоўным завадатарам выступае пісьменніцкая супольнасць.

Цікава, што актыўны ўдзел у выстаўцы прымаюць перыядычныя выданні: дзіцячыя, літаратурна-мастацкія часопісы. Канешне ж, яны спраектавалі такія мерапрыемствы, дзе рэй будуць весці пісьменнікі, іншыя творчыя асобы. Напрыклад, часопіс «Маладосць» збірае на выстаўцы літаратурных крытыкаў. Дзіцячыя часопісы падводзяць вынікі творчых конкурсаў.

— 2019 год асаблівы ў сучаснай гісторыі нашай краіны. У ліпені мы будзем адзначаць 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Летам у нашай краіне пройдуць II Еўрапейскія гульні… Ці будзе на выстаўцы зроблены які-небудзь акцэнт на гэтыя актуаліі?

— Так, гэтыя тэмы адлюстраваны і ў праграме выстаўкі, яны прысутнічаюць у спектры выданняў, якія ўжо пабачылі свет. Увогуле, будзе прэзентавана шмат выданняў і па гісторыка-краязнаўчай праблематыцы.

Хацеў бы звярнуць увагу вось яшчэ на што. Сёлета ў кніжнай выстаўкі-кірмашу досыць шмат партнёраў, памагатых. Сярод суарганізатараў выстаўкі — міністэрствы замежных спраў, культуры, адукацыі, Мінскі гарвыканкам… Наўмысна да выстаўкі «Белпошта» выпусціла канверты ў гонар пісьменнікаў — да 150-годдзя Ядвігіна Ш. і 150-годдзя Адама Гурыновіча. Адбудзецца спецыяльнае гашэнне канвертаў. Асобнае месца ў выстаўцы-кірмашы займае Міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час», які праводзіцца ўжо пяты год запар. Да ўдзелу ў ім запрошаны пісьменнікі болей як з 20 краін свету.

— Што ж, відавочна, што выстаўка-кірмаш будзе дастаткова насычаная. І хацелася б, каб яе наведалі як мага болей мінчан, гасцей сталіцы…

— І арганізатары таксама на гэта спадзяюцца.

Гутарыў Сяргей ПАЎЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».