Вы тут

Прэзідэнт аб павелічэнні колькасці памежнікаў: Гэта беспрэцэдэнтны крок


Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка пры зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржаўнай мяжы Беларусі органамі памежнай службы ў 2019 годзе.


"Традыцыйна ў пачатку года мы прымаем рашэнні на ахову межаў нашай краіны — дзяржаўнай мяжы", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар нагадаў, што год таму былі канкрэтызаваны напрамкі работы ведамства па ахове межаў і ўзмацненні правапарадку на прыгранічнай тэрыторыі. Акрамя таго, на заканадаўчым узроўні прыняты ўсе неабходныя рашэнні.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што праведзеная аптымізацыя, асабліва кантрольных працэдур на мяжы, дазволіла павысіць эфектыўнасць беларускіх пунктаў пропуску. Практыка паказала, што асобныя функцыі пагранічнікаў у шэрагу выпадкаў могуць сваімі сіламі выканаць супрацоўнікі мытняў. Гэта рацыянальны падыход, і дадзеную работу трэба працягнуць, лічыць кіраўнік дзяржавы.

"З улікам узрастання негатыўных фактараў, звязаных з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай — асабліва зброі — перад Дзяржпагранкамітэтам пастаўлена задача павялічыць да неабходнай штатную колькасць. Беспрэцэдэнтны крок, але нацыянальная бяспека — важнейшы фактар", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Таму кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прыняць вычарпальныя меры па павелічэнні і стварэнні новых падраздзяленняў на мяжы, а асабліва — адраджэнне манеўраных груп, якія заўсёды знаходзяцца ў рэзерве кіраўнікоў пагранічных атрадаў і гатовы ў любы момант выступіць па кірунку руху верагоднага праціўніка пры абвастрэнні сітуацыі.

Беларускі лідар падкрэсліў: пагранічная палітыка Беларусі накіравана не на канфрантацыю з суседнімі дзяржавамі, а на ўмацаванне пояса добрасуседства.

"З гэтага мы перш за ўсё павінны зыходзіць. Не проста на замок наглуха зачыняць мяжу і ствараць праблемы для сваіх грамадзян і грамадзян суседзяў, тых, хто да нас прыязджае, а ствараць спрыяльную зону. У той жа час, адсякаць тых, хто да нас едзе з непажаданымі намерамі, асабліва гэта важна напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў", — адзначыў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што неабходна забяспечыць законнасць і правапарадак, выказваючы максімум увагі да турыстаў і гасцей нашай краіны.

Нароўні з выразнай справаздачай ён папрасіў старшыню Дзяржпагранкамітэта Беларусі Анатоля Лапо адказаць на наступныя актуальныя пытанні: па-першае, наколькі здольныя сёння органы памежнай службы супрацьстаяць тым выклікам, якія бачаць яны і дзяржава? "Выклікаў стала больш, чым гэта было нават у мінулым годзе, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Як вы эфектыўна тут працуеце?"

Па-другое: якія меры для гэтага ўжо ажыццяўляюцца і будуць прадпрымацца ў далейшым для таго, каб забяспечыць бяспеку краіны? І па-трэцяе: што яшчэ неабходна зрабіць з боку кіраўніцтва краіны для забеспячэння эфектыўнай працы памежнай службы?

Аляксандр Лукашэнка нагадаў старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, што у рамках паездак, у тым ліку ў Брэст, самімі пагранічнікамі быў пастаўлены шэраг іншых пытанняў, па якіх Прэзідэнт прыняў рашэнні. "Як яны выкананы? Аж да перайменавання нейкай службы ў памежныя войскі і гэтак далей. Вы ведаеце, такія пытанні падымаліся, — дадаў ён. — Калі гэта не трэба, давайце скажам не трэба тым афіцэрам, якія ўзнімалі гэтыя пытанні. Калі гэта трэба рабіць, тады давайце, будзем рабіць".

Таксама ён пацікавіўся працай нашых пагранічнікаў з украінскімі калегамі, якія там праблемы, што трэба зрабіць, ці былі рэалізаваны меры, пра якія дамаўляліся падчас наведвання беларускім лідарам мяжы з Украінай.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.