Вы тут

Чым здзіўлялі ўдзельнікі нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2019»


Мірныя людзі з Украіны, партугальскі трансгендэр і хіт пра бульбу: чым здзіўлялі ўдзельнікі нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2019".


Арганізатары беларускага адбору, якія сёлета спрасцілі працэдуру падачы заявак і адкрылі творчыя межы для выканаўцаў з усяго свету, атрымалі рэкордную колькасць заявак – 113 з 15 краін. Даехалі да этапу жывога праслухоўвання, праўда, не ўсе, і тым не менш чарга артыстаў на ўваходзе ў Белтэлерадыёкампанію ўражвала. У калідорах вакол самай вялікай студыі "600 метраў" гучалі распеўкі на рускай, беларускай, англійскай, італьянскай, іспанскай і, здаецца, нават на неіснуючых мовах, а фокус-група, складзеная з прафесіяналаў музычнай і тэлевізійнай сферы, цягам некалькіх гадзін цярпліва выслухоўвала абсалютна ўсіх кандыдатаў – нават тых, па чыім спеве з першых нот было зразумела: чыстай вады нефармат, прычым ні для якога конкурсу.

У фокусе

Уласна, слухалі, запісвалі на відэа асабліва яркія выступленні і рабілі загадкавыя паметкі ў папках 11 экспертаў. У склад судзейскай калегіі ўвайшлі кампазітар, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Атрашкевіч, прадзюсар, намеснік старшыні праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў Андрэй Каліна, педагог па вакалу, салістка Маладзёжнага тэатра эстрады Вольга Вронская, спявак, кампазітар і тэлевядучы Герман (Дзмітрый Карпінчык), дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Ігар Мельнікаў, мастацкі кіраўнік вакальнага гурта "Чысты голас" Валерый Прыгун, спявак, кампазітар, тэлевядучы і ўдзельнік "Еўрабачання 2014" Тэо (Юрый Вашчук), тэлевядучы і каментатар конкурсаў "Еўрабачанне" Яўген Перлін, рэжысёр і прадзюсар, дырэктар прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Анжэліна Мікульская, заслужаная артыстка Беларусі. спявачка, удзельніца "Еўрабачання-2013" Алена Ланская, а таксама намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Васіль Галаван.

Паўтарэнне пройдзенага

Часу да пачатку праслухоўвання застаецца зусім нічога, а запісных фаварытаў адбору пакуль не бачна, таму вывучаем прыблізны спіс удзельнікаў і спрабуем суаднесці па творчых псеўданімах і сцэнічных уборах, хто з іх хто і аб чым спявае. Атрымліваецца не вельмі ўдала, бо знаёмых прозвішчаў у спісе няшмат.

Частка ўдзельнікаў відавочна капіруе кагосьці іншага – адны адчайна спяваюць соўл, не маючы для гэтага галасавых магчымасцяў, другія пакутуюць з англійскім вымаўленнем, ад якога міжволі ўспамінаеш школьныя тэмы "Ландан із зэ кэпітэл сіці...", трэція прыпадабняюцца да вядомых артыстаў  з адбораў мінулых гадоў. Прыкладам, калі на сцэну выйшаў Станіслаў Гутнік, дзяўчаты ў студыі ці не хорам завойкалі "о, які тэнар прыгожы, гэта наш Alekseev, толькі дзе ж ты быў летась, хлопец?".

Паўла Лашанчука з Украіны бачна здалёк – па-першае, ён, мабыць, самы ўзроставы з усіх удзельнікаў сёлетняга адбору, а па-другое, дакладна ён адзін прывёз 26 (!) варыянтаў тэксту сваёй песні "Я за мір на планеце Зямля". А вось фанаграму не прывёз: "Камп'ютара ў мяне няма, інтэрнету таксама. Ёсць вось капялюш спецыяльны, каб атрымаўся хлопец з коскамі – а што, барадатая жанчына ўжо ўдзельнічала, будзе такі наш адказ. – разважае канкурсант. – Толькі, можна, каб не збіціся, я буду трымаць тэкст у руках, і каб мне не свяцілі ў вочы?" – "Як жа вы на "Еўрабачанне" паедзеце, там паўсюль святло на сцэне", – заўважаюць у журы. – "А нічога, як-небудзь", – адмахваецца ўдзельнік. Яму ўсё ж знаходзяць фанаграму і даюць выступіць, аднак бясконцыя ўкраінскія прыпеўкі са зместам "наш Тарас Шевченко з краіны песень, слава Беларусі – краіне песень, Ізраілю слава – краіне песень" асаблівага поспеху не маюць, таму мужчыну апладзіруюць хутчэй за ўпартасць у дасягненні мэты.

Апісваць выступленні значнай часткі ўдзельнікаў бессэнсоўна і, магчыма, нават забаронена Жэнеўскай канвенцыяй, але скласці пэўнае ўяўленне пра іх песні можна па тэкстах:

"Не твоя я теперь, я другим открою дверь, не тебя, не тебя, не тебя я буду ждать..."

"И ты нежно-нежно вручишь ключик счастья только мне"

"Одна минута, одна минута счастья, за последнюю минуту меня разорвёт на части, а куда пропало тело, я вам не скажу..."

"Вчера я был пьян и понял, что снова эффекты Манделы к нам были суровы"

"Да, я неудержима, непримирима, прозрачна, как алмаз, и несокрушима, непобедима я!"

Змест і форма

Пра тое, што нефармат – гэта можа гучаць добра, нагадаў канкурэнтам паэт-авангардыст Віктар Лупасін, чыя музычная адозва "Круці пэдалі і спявай" стала адным з самых яркіх перформансаў дня і вывела журы з паўсоннага стану, выкліканага некалькімі дзясяткамі аднолькавых лірычных балад.

Яшчэ адной "зорачкай" адбору стаў гурт Андруся Такінданга, беларускамоўная кампазіцыя якога – сумесь аградыскатэкі, рэпу, фольку, кантры і яшчэ чагосьці аптымістычна-заваднога прымусіла практычна ўсіх гледачоў у студыі прытанцоўваць і пляскаць у ладкі. "На-ра-на-на" – калі гэта песня трапіць у фінал, паверце, вы будзеце падпяваць!

– Андрусь, – пацікавіліся мы ў невялікай паўзе паміж канкурсантамі, – як вас занесла на гэтыя галеры?

– Ды, па шчырасці, проста хацелася павесяліцца. Мы так шмат дзе прайграем, што трэба ўжо навучыцца рабіць гэта з усмешкай. Што буду рабіць, калі нас пусцяць далей? Ды не пусцяць, тут вельмі шмат добрых выканаўцаў – галоўнае, што мы ўсім, і сабе таксама, палепшылі настрой!

У фрык-дуэце "Рамірас", замаскіраваным капелюшамі і штучнымі вусамі, знаўцы прызнаюць комікаў са стэнд-ап шоу, якім, відаць, сталі вузкія рамкі гумарыстычных праграм і карпаратываў. На адбор "Еўрабачання" яны прынеслі рэчытатыў пра няшчаснае каханне з прыпевам "Как же ты могла, как же это всё, как ты повела, мне нехоросё" і з гонарам вытрымалі пікіроўку з журы:

– Хлопцы, які ў вас нумар?

– Выбітны!

– А кветкі каму?

– Гэта не вам, гэта рэквізіт. Мы прайшлі? О, дзякуй, убачымся на "Славянскім базары!".

...Але лідзіраваў у неафіцыйным фрык-парадзе сёлета, безумоўна, прадстаўнік Партугаліі. Многія нават спадзяваліся, што Карлас Гансалес Коста да праслухоўвання не даедзе, каб пазбегчы таго ніякаватага моманту, як прадстаўляць артыста: "ён" ці "яна". Але Коста прыбыў і, хоць таемныя сілы спрабавалі ўратаваць вушы слухачоў і згубіць флешку з фанаграмай, усё ж выступіў. Ну, як выступіў – цяжка сказаць, што ў гэтым нумары, больш падобным да фітнес-трэніроўкі, запомнілася і ўразіла больш: шыкоўная грыва выканаўцы, удалая работа пластычных хірургаў ці намёкі на кубікі прэсу.

Чалавек-баян Віталь Варанко, які ў тандэме з яшчэ адным беларускім удзельнікам скандальнага тэлешоу "Дом-2" Арцёмам Сарокам вырваўся з тэлевізійнага дома на радзіму, прывёз з сабой беларускі баян вытворчасці маладзечанскага прадпрыемства, адмысловыя баксёрскія халаты з нацыянальным беларускім арнаментам, дызайнерскія майкі і... гімн бульбе. "Бульба" і "потато" – самыя частыя словы ў чарговым ягоным творы, які Віталь з сябрам, паводле ўласнага прызнання, пісалі некалькі месяцаў у кожную вольную хвілінку, у тым ліку ў цягніках і самалётах. "Трэба ўжо выйсці і расказаць свету пра Беларусь, а для гэтага ўзяць самае вядомае, што ў нас ёсць, – падзяліліся артысты пасля выступлення. – Так што мы падышлі да песні адказна, з прагай перамогі, з любоўю і бульбай у сэрцах".

На кантрасце з гэтым дуэтам выступленне гурта "Аўра", як заўжды, парадавала беларускай мовай, нацыянальнымі матывамі і фірменным лірычным гучаннем – відаць. недарэмна ў кулуарах гурт называюць адным з фаварытаў сёлетняга адбору. Таксама паказала "фірменны" стыль, але ўжо з расійскай прасторы шоу-бізнесу, падапечная прадзюсара Віктара Дробыша ЗЕНА, яна ж Зіна Купрыяновіч – маладая спявачка і вядучая леташняга дзіцячага "Еўрабачання". Зрэшты, і іншыя беларускія заўсёднікі адбору – Анжэліка Пушнова, Napoli, Alen Hit, гурт "PROвокация" пацвердзілі, што не спяць у шапку і напрацоўваюць сцэнічнае майстэрства не толькі дзеля адбораў на "Еўрабачанне".

Хто з больш чым сотні ўдзельнікаў жывога праслухоўвання здолеў пераканаць экспертаў і трапіў у фінал, будзе абвешчана ўжо сёння. А заўтра, 5 лютага, у Белтэлерадыёкампаніі пройдзе жараб'ёўка ўдзельнікаў фінальнага канцэрту, які мусіць адбыцца ў тэрмін да 8 сакавіка. Нагадаем, сёлета гледачы ў выбары беларускага прадстаўніка на "Еўрабачанні" не ўдзельнічаюць наогул – выбар у прамым эфіры адкрытым галасаваннем зробіць журы.


(Абноўлена)

Паводле рашэння фокус-групы, у фінальным гала-канцэрце нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2019" выступяць:

  • Michael Soul - «Humanize»
  • Гурт «PROвокация» - «Running Away From The Sun»
  • Ева Коган - «Run»
  • Sebastian Roоs (Швецыя) - «Never Getting Close»
  • ZENA - «LIKE IT»
  • Алена Гарбачова - «Can we dream»
  • КейСі - «No Love Lost»
  • Гурт “Аура” - «Чаравала»
  • Эмануэль Імагбе (Нігерыя) - «Champion»
  • NAPOLI - «Let it go»

Магчыма, некаторых артыстаў, якія не ўвайшлі ў гэту дзясятку, мы таксама ўбачым у якасці спецыяльных гасцей фіналу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК, Ганна ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!