Вы тут

Дзве мовы «двувершаў»


Невядомы твор Багдановіча чакае перакладу


У аматараў прыгожага пісьменства з’явілася добрая нагода далучыцца да цудоўнага свету класікі і прадэманстраваць свае здольнасці. Конкурс на лепшы літаратурны пераклад з рускай мовы на беларускую раней невядомага верша Максіма Багдановіча «Двувершы» распачаты ў сярэдзіне студзеня і прадоўжыцца да 18 сакавіка.

Старшыня журы, генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч, распавяла: «Мэта конкурсу — садзейнічаць умацаванню культурных сувязяў, міжнацыянальнага міру і згоды, садзейнічаць развіццю і падтрымцы нацыянальнай літаратуры Беларусі, папулярызаваць беларускую мову і прыцягнуць увагу да творчасці Максіма Багдановіча». Акрамя таго, гэта добрая магчымасць падтрымаць таленавітых перакладчыкаў і літаратараў, што дае дадатковы стымул для літаратурнай творчасці і развіцця культурнага жыцця ў краіне, паведамляе БелТА.

Інфармацыя пра знаходку, якая стала сенсацыяй, з’явілася ў лістападзе мінулага года. Невядомы верш Багдановіча выявіла намеснік дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага Расійскай акадэміі навук Дар’я Маскоўская, якая знайшла ў архівах студэнцкі сшытак класіка, датаваны ім самім 1913—1914 гадамі. Менавіта тады малады паэт жыў у Яраслаўлі і вучыўся ў Дзямідаўскім ліцэі. Беларускія даследчыкі шукалі сшытак амаль 100 гадоў. А сшытак, які згадваецца ў перапісцы Максіма Горкага, увесь час знаходзіўся ў архіве і проста трапіў не ў тую папку! Гэта нават не сшытак у звыклым разуменні слова — некалькі самаробна склееных аркушаў. Але, што асабліва важна, папяровыя аркушы, хутчэй за ўсё, клеіў сам Максім Багдановіч.

Невядомы верш класіка «Двувершы» напісаны на рускай мове. Прычым Максім Багдановіч адзначаў, што гэта пераклад з беларускай мовы. Аднак, паводле даследчыкаў, беларускамоўны арыгінал твора не публікаваўся. Урэшце, як і яго рускамоўны варыянт. З улікам значнасці знойдзенага верша дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота прапанаваў арганізаваць конкурс на лепшы пераклад на беларускую мову. Беларускае тэлеграфнае агенцтва падтрымала гэту ініцыятыву.

Акрамя Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Беларускага тэлеграфнага агенцтва, арганізатарамі праекта выступілі Інстытут сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага Расійскай акадэміі навук, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (філіял «Літаратурны музей Максіма Багдановіча»), Саюз пісьменнікаў Беларусі. Удзельнікамі конкурсу прапанавана стаць кожнаму, хто дасягнуў 16 гадоў, незалежна ад нацыянальнасці і грамадзянства.

 Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 2 красавіка 2019 года, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У якасці прызоў ад Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы — камплекты кніг, якія стануць добрым папаўненнем хатняй бібліятэкі.

Іна ЛАЗАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?