Вы тут

Зрабіць свет дабрэйшым


Да вялікага кніжнага свята застаюцца лічаныя дні. Саюз пісьменнікаў Беларусі ўваходзіць у склад суарганізатараў форуму. Пра гатоўнасць да гэтай знакавай падзеі распавяла першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах:


Падтрымка каштоўнасцяў

— Перш за ўсё заўважу: з буйнога кніжнага форуму ў Мінску традыцыйна распачынаецца сезон міжнародных выставак. На форуме выдатна прадстаўляецца кніжная палітра Беларусі. Да нас едуць госці з розных краін, якія маюць шырокі досвед і ў літаратуры, і ў выдавецкай справе, і ў кніжным гандлі. І таму пра дэвіз, які сёння носіць выстаўка-кірмаш — «Больш чым кнігі», можна з упэўненасцю гаварыць як пра галоўны сэнс кожнага кніжнага свята ў беларускай сталіцы.

Прафесіяналы сустракаюцца не толькі для таго, каб засведчыць факт наяўнасці кніжнага рынку, прадэманстраваць вынік сваіх здольнасцяў, пераняць больш сучасны досвед у калег. На гэтай міжнароднай пляцоўцы падтрымліваецца ідэалогія, у тым ліку і будучых каштоўнасцяў грамадства. Пісьменнікі, а разам з імі і ўсе, хто спрычынены да кнігі, пацвярджаюць яе непераўзыдзеную вартасць і тое, што чытанне чалавеку гэтак жа неабходна, як і іншыя патрэбы, без якіх ён не можа паўнавартасна жыць. У чытання значна больш пераваг перад іншымі, таксама вельмі істотнымі заняткамі. І ўсё ж, каб стаць значнай асобай, трэба прызвычаіцца чытаць, займець сапраўднае сяброўства з кнігай.

Мне здаецца, што кніжную выстаўку не варта называць спецыялізаванай. Яна не мае аніякіх абмежаванняў ні па ўзросце, ні па прыхільнасцях. Да таго ж і ўваход вольны. Выстаўку неабходна наведаць літаральна ўсім, бо сустрэча з кнігай і яе аўтарам узбагаціць кожную чуллівую душу.

Творчыя праекты

— На стэндзе Саюза пісьменнікаў размесцяцца найбольш значныя кнігі, выдадзеныя літаратарамі ў 2018 годзе. Быць у цэнтры ўвагі на такім узроўневым міжнародным кніжным форуме прэстыжна для аўтара. Гэта таксама ацэнка яго творчасці. Многія з наватвораў прысвечаны Году малой радзімы, які ўзрушыў пісьменніцкую грамадскасць да больш грунтоўнага асэнсавання гэтай тэмы.

Саюз пісьменнікаў сумесна з выдавецтвам «Чатыры чвэрці» рыхтуе культурна-асветніцкую праграму «Прычаснікі духоўнасці». Гэта своеасаблівы творчы падарунак Году малой радзімы і выдавецтву, якому нядаўна споўнілася 25 гадоў.

Адкрыццём мінулага года стала выданне кнігі школьніцы Сафіі Ворсы (пераклад Зоі Падліпскай) «Горад аслеплых скрыжаляў». Саюз пісьменнікаў разам з часопісам «Роднае слова» арганізоўвае прэзентацыю кнігі юнай аўтаркі, падтрымаць якую прыйдуць многія знакамітыя творцы.

Вялікую праграму, як заўсёды, будзе ладзіць Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Адно з найбольш гучных мерапрыемстваў — прэзентацыя кніг беларуска-расійскага праекта Мінскага гарадскога аддзялення СПБ і Астраханскага аддзялення СП Расіі. У ім возьмуць удзел Міхаіл Пазнякоў  з Беларусі і Юрый Шчарбакоў з Расіі. Аўтары зрабілі ўзаемныя пераклады кніг. Падтрымаць беларуска-расійскае літаратурнае сяброўства прыйдуць прадстаўнікі Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, адбудзецца прэзентацыя кнігі перакладаў Валянціны Паліканінай «Прызнанне ў любові» (вершы беларускіх паэтаў: ад класікаў да сучасных). «У палоне музыкі душы» — так названы спектакль Мінскага гарадскога тэатра паэзіі па вершах Лізаветы Палеес. «На крылах рамантыкі» — свята маладой паэзіі аб’яднае юных паэтаў і прыхільнікаў іх творчых памкненняў. На аўтограф-сесіі запросяць Міхась Пазнякоў, Анатоль Матвіенка, Валерый Чудаў, Наталія Касцючэнка, Тамара Бунта, Яна Явіч, Анатоль Зэкаў, Аляксандр Кавалёнак, іншыя пісьменнікі.

Кожнае абласное аддзяленне таксама рыхтуе сваю творчую візітоўку. Напрыклад, Мінскае абласное аддзяленне прадставіць кампазіцыю «Душы маёй выток». Гродзенцы назвалі сваё выступленне «Родны край — маё натхненне». Прысвячэнне 1000-годдзю г. Брэста і Брэсту, як культурнай сталіцы СНД, — творчы праект брэсцкіх літаратараў.

Сустрэчы з аднадумцамі

— Асноўная пляцоўка — стэнд Саюза пісьменнікаў Беларусі побач з нацыянальным стэндам будзе працаваць на працягу ўсёй выстаўкі. Асобныя мерапрыемствы пройдуць на галоўнай сцэне. Да таго ж вельмі насычаная праграма з удзелам пісьменнікаў СПБ і іх шматлікіх паплечнікаў, сяброў мяркуе адбыцца на спецыяльнай пляцоўцы «Пісьменнік і час».

У межах міжнароднага круглага стала «Пісьменнік і час» запланавана літаратурна-мастацкая кампазіцыя «Малая радзіма твая і мая» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў. Такім чынам беларускія творцы адкрываюць прасцягі Года малой радзімы ў блізкім і далёкім замежжы.

Асаблівую вартасць мае кніга народнага паэта Каўказа Саліха Гуртуева «Мае беларускія госці». Класікі і сучасныя аўтары беларускай літаратуры ў перакладзе на балкарскую мову — падарунак з Каўказа Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы ад слыннага літаратара. Мяркуе адбыцца прэзентацыя гэтага выдання.

Ведаем, што актыўнымі наведвальнікамі выстаўкі будуць бібліятэкары. Таму і з імі сустрэнемся ў Доме літаратара, каб пагаварыць пра нашы сумесныя надзённыя справы.

Прыемна, што сёлета выстаўка значна пашырае свае далягляды. І многае з таго, чым будзе жыць кніжны свет сталіцы, рэхам адгукнецца і па ўсёй Беларусі: бібліятэкі, тэатры, кніжныя крамы будуць ахоплены кніжным святам. Нашы пісьменнікі і ў аддаленых кутках краіны ахвотна сустрэнуцца з чытачамі, каб наблізіць іх да цэнтра культурнай падзеі, перадаць яе ўзнёслы настрой.

Асабістыя чаканні

— Літаральна напярэдадні выстаўкі мая новая казка «Павучок Славік» у перакладзе на казахскую мову, ілюстраваная казахскім мастаком, выйшла ў дзіцячым часопісе «Балдырган» — адным з найстарэйшых дзіцячых выданняў Казахстана. Прыемна, што на выстаўцы з маім «Павучком Славікам» пазнаёміцца і беларускі чытач. Пройдзе адкрыты ўрок пазакласнага чытання па гэтай казцы, які правядзе студэнтка 4 курса факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Лілія Стэфанюк з вучнямі 39-й пачатковай школы г. Мінска. Казка вучыць таму, як трэба марыць, сябраваць, спагадліва ставіцца да ўсяго, што нас акружае. Нагадаю, зрабіць свет больш добрым і светлым — галоўная сутнасць выстаўкі-кірмашу.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».