Вы тут

Намаганні, якія жывяць літаратуру


Міжнародная літаратурная суполка ці адзінокі творца аднолькава могуць змагацца з сусветным неспакоем, варожасцю і супрацьстаяннем. Якімі магчымасцямі валодае сучасны пісьменнік у зменлівым свеце, разважаюць літаратары рознах краін напярэдадні Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, у межах якой традыцыйна пройдзе сімпозіум «Пісьменнік і час».


Пётр ЧЭКАЛАЎ, доктар філалагічных навук, прафесар, спецыяліст па літаратурах народаў Паўночнага Каўказа:

— Пісьменнік не толькі можа, але і павінен — калі ён сапраўдны пісьменнікграмадзянін, пісьменнік-гуманіст — супрацьстаяць і сусветным канфліктам, і сусветнай пошласці, і сусветнай квазікультуры. Іншая справа, што прадухіляць сваім пяром ні сусветныя, ні іншыя беды ў літаральным сэнсе ён не ў стане. Але яго творчасць прызнана спрыяць стварэнню такой атмасферы, дзе ні вульгарнасць, ні насілле, ні псеўдакультура непрымальныя. Пісьменнік не можа заставацца ўбаку ад падзей. Ён павінен фізічна адчуваць іх уздзеянне, дыхаць іх паветрам і пераўтвараць у мастацкіх вобразах. Адлюстраванне рэчаіснасці, яе аналіз і выказванне ўласнага погляду павінны не ўзаемавыключаць, а ўзаемадапаўняць адзін аднаго. Дзякуючы таму, што ў міжнародных творчых мерапрыемствах прымаюць удзел не толькі пісьменнікі, але і крытыкі, літаратуразнаўцы, перакладчыкі, кнігавыдаўцы, творы могуць прыцягнуць увагу грамадскасці, а пры шчаслівым збегу абставін — пашырыць кола чытачоў, прынесці знакамітасць і плённую выдавецкую дзейнасць. Далёка не заўсёды так бывае, але супрацоўніцтва на тое і існуе, каб садзейнічаць папулярызацыі вартай кнігі вартага аўтара. Я, напрыклад, мяркую гаварыць пра паэта Карыма Мхце, прадстаўніка аднаго з самых нешматлікіх народаў Каўказа — абазін. Лічу самадастатковым сам факт вынясення яго імя на такі значны форум. Калі гэта выклікае хоць самую малую цікавасць з боку творчай суполкі, я буду шчаслівы і за паэта, і за народ. Бо пісьменнік — найлепшы праваднік і транслятар нацыянальнай культуры. Чым вышэйшы яго талент, тым больш каларытны і мнагагранны паўстане яго народ перад сусветным чытачом. Ні адзін тэлежурналіст з усімі перавагамі, якія даюць яму прафесія і сучасныя тэхналогіі, не зможа сапернічаць па глыбіні пранікнення ў нацыянальны свет, перадаць пачуцця сакральнасці і любові да свайго народу так, як гэта зробіць пісьменнік. У гэтым для мяне няма ніякага сумнення.

Святлана АРХІПАВА, паэтэса, старшыня рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Рэспублікі Марый Эл:

— Пісьменнік можа супрацьстаяць сусветным канфліктам у той ступені, у якой само паняцце «сусветны канфлікт» адносіцца да маральных праблем сучаснага грамадства. Несумненна, што любы сур’ёзны літаратурны твор аўтар піша ў першую чаргу з мэтай паставіць тое ці іншае этычнае пытанне, разгледзець нейкую сацыяльную праблему і пераканаць свайго чытача задумацца над пошукамі яе вырашэння. Мастацкая літаратура — гэта не зводкі навін, і пісьменнікі, як мне падаецца, не павінны наўпрост адлюстроўваць рэчаіснасць. Задача аўтара — стварыць у пэўным сэнсе другую рэчаіснасць, сцвярджаючы, тым не менш, агульначалавечыя каштоўнасці: гуманізм, цярпімасць, спачуванне… Папулярнасць сучаснай кнігі ў свеце ствараецца мноствам фактараў, у ліку якіх — і міжнароднае літаратурнае супрацоўніцтва. Без яго немагчыма папулярызацыя твораў за мяжой. Цікавасць, якая ўзнікла ў чытача да замежнай літаратурнай творчасці, абавязкова выклікае цікавасць і да роднай мовы аўтара, і да яго культурнай і гістарычнай спадчыны. Галоўнае — зацікавіць чытачоў, пераканаць іх звярнуцца да кнігі, напісанай у іншай краіне і на іншай мове. Пісьменнік адкрывае замежнаму чытачу дзверы ў сваю культуру, спрыяе яе правільнаму разуменню і прыняццю. І тут непазбежна паўстае пытанне якаснага літаратурнага перакладу, які б дазволіў кнізе захаваць моўныя нюансы, у поўным аб’ёме перадаць асаблівасці іншага светапогляду і светаадчування, якія сфарміраваліся ў іншай нацыянальнай культуры.

Юрый ШЧАРБАКОЎ, паэт, перакладчык, старшыня Астраханскага рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі:

— Леў Талстой заўважыў: «Літаратура супрацьстаіць злу». Не змагаецца — супрацьстаіць, калі яна сапраўдная, а не псеўдалітаратура. А сусветныя канфлікты і ёсць увасабленне зла. Галасы пісьменнікаў з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія з грамадзянскім пафасам выкрываюць зло і яго творцаў, вядома, больш чутныя. Але і быццам «ціхая» лірыка таксама выконвае гэту высакародную задачу, таму што спакваля лечыць чалавечыя душы, адварочваючы іх ад няправеднага і пачварнага. Адлюстроўваючы суровую рэальнасць ці займаючыся «чыстым» мастацтвам, пісьменнік непазбежна супрацьстаіць злу, а значыць, не застаецца ўбаку ад падзей. Калі ён не «тупейны мастак», а сапраўдны майстар. Таму і значэнне міжнацыянальнага літаратурнага супрацоўніцтва пераацаніць цяжка. У нас у Астрахані жыў сапраўдны энтузіяст гэтай справы Віктар Рыгоравіч Дзідзякоў. Больш як сорак гадоў таму ён стварыў літаратурны музей «Дружба народов». Віктар Рыгоравіч пісаў лісты многім знакамітым пісьменнікам розных краін з просьбай падарыць кнігі з аўтографамі яго музею. І многія адгукнуліся! З часам гэты грамадскі музей пачаў іграць у нашай правінцыі ролю сапраўднага прапагандыста сучаснай літаратуры розных народаў. Пасля смерці В. Г. Дзідзякова пра музей і яго выдатную ролю забыліся. На жаль, без дапамогі дзяржавы роля пісьменніка ў прасоўванні сваёй культуры і спадчыны за мяжой вельмі сціплая. Асабістыя кантакты, удзел у рэдкіх міжнародных форумах не могуць вырашыць праблему. І ўсё ж такі застаецца спадзявацца на гэта ды песціць надзею, што сітуацыя зменіцца.

Марат ГАДЖЫЕЎ, галоўны рэдактар літаратурна-мастацкай газеты «Горцы»:

— У гісторыі вядома шмат выпадкаў, калі пісьменнікі прадказвалі тыя ці іншыя падзеі, а пісьменнікі-фантасты апярэджвалі час на дзясяткі гадоў. Пісьменнікі станавіліся небяспечнымі, калі выказвалі адрозны пункт гледжання ад таго, што бытуе ў грамадстве, ці казалі пра заганы грамадства. Многія станавіліся ізгоямі, дысідэнтамі. Але ўсё ж часцей прыгадваюць пісьменнікаў, якія ў цяжкія для Радзімы дні пісалі праўду пра вайну. У гады Вялікай Айчыннай вайны шмат аўтараў стварылі вялікія творы, здольныя ўплываць на розумы і сэрцы. І ў гэтым сэнсе можна сцвярджаць: яны супрацьстаялі вайне, умацоўвалі дух салдат і тых, хто знаходзіўся ў тыле. Але папракаць пісьменніка за тое, што ён апалітычны, не бяруся. Пасля распаду СССР пра гэта ўвогуле не гавораць, пісьменнікі са сваімі правамі засталіся адзін на адзін з рынкам. Мне як чытачу цікава бачыць у літаратуры аўтарскую ацэнку выдуманым і рэальным падзеям. Магчыма, гэта адбіваецца мая работа ў журналістыцы, дзе аўтарскія ацэнкі мала вітаюцца. У мяне ёсць досвед супрацоўніцтва з выдавецтвамі Беларусі. Хочацца верыць, што тыя гарызантальныя сувязі, што мы будуем з калегамі, не знікнуць. Больш за тое, я воляй лёсу стаў прадстаўляць культуры Дагестана на беларускіх форумах, у СМІ, выдавецтвах і выставачных праектах. У літаратурна-мастацкай газеце «Горцы» рэгулярна публікуюцца творы беларускіх паэтаў і празаікаў, напрыклад, у хуткім часе — апавяданні Алеся Бадака і Эльвіры Вашкевіч. Рыхтуецца да выдання штогадовы альманах «Кавказский экспресс», у якім абавязкова будуць друкавацца аўтары розных краін. Беларускі вагон будзе курыраваць галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Аляксей Чарота. Спадзяюся, у нас будзе моцны састаў. Але ёсць справы яшчэ больш плённыя. Я бачу, як гэта мала ў параўнанні з тым, што яшчэ можа быць зроблена.

Нурдаўлет АКЫШ, пісьменнік, доктар філалагічных навук, прафесар Інстытута літаратуры і мастацтваў імя М. Аўэзава Рэспублікі Казахстан:

— З майго пункту гледжання, пісьменнік не можа непасрэдна ўплываць на міжнародныя канфлікты. Ці чуў хто-небудзь, каб пісьменнікі ўмешваліся ў сутнасць сірыйскага канфлікту і вырашалі нешта станоўча? Пісьменнік — перш за ўсё творчая асоба, якая на свядомасць і на мастацкае ўспрыманне людзей уплывае праз эстэтычныя прызмы. Лепш адлюстроўваць рэчаіснасць. Якім чынам — залежыць ад таленту творцы. Натуральна, літаратурнае супрацоўніцтва павінна на гэта ўплываць. Калі творы пісьменніка публікуюцца на іншых мовах, ён сам па сабе становіцца носьбітам культуры і духоўнага вобраза свайго народа. Мне падаецца, для беларускага чытача казахскі народ не зусім знаёмы. Для яго прадстаўнікі гэтага народа найперш жыхары азіяцкага кантынента. І беларус пазнае ўвесь вобраз казаха праз творы пісьменнікаў-казахаў.

Валеры ТУРГАЙ, народны паэт і заслужаны работнік культуры Чувашскай Рэспублікі:

— Пісьменнік сваёй працай можа дамагчыся шмат. Можна хаця б успомніць Талстога, Дастаеўскага і іншых вялікіх. Але супрацьстаяць сусветным канфліктам, тым больш у адзіночку? Наўрад ці. За сусветнымі канфліктамі стаяць наймагутнейшыя сілы — і палітычныя, і эканамічныя, і фінансавыя, і нацыянальныя… Права быць «убаку» мае кожны пісьменнік. Яго апалітычнасць не гаворыць пра яго абыякавасць. Тут важней, каб ён ствараў тое, што не пакіне раўнадушнымі яго чытачоў і што магло б станоўча ўплываць на тыя ці іншыя падзеі. Да таго ж каму патрэбен творчы чалавек без уласнага погляду? Роля міжнароднага літаратурнага супрацоўніцтва ў аспекце ўплыву на рост папулярнасці сучаснай (і не сучаснай!) кнігі ў наш час, у эпоху інтэрнэту, велічэзная. У гэтым плане ўсяму цывілізаванаму свету, на мой погляд, добры прыклад паказвае Беларусь. Упэўніўся ў гэтым асабіста летась, наведаўшы Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш і стаўшы ўдзельнікам цудоўнага сімпозіума «Пісьменнік і час». Але справа не ў святах ці праектах — асабліва цешыць тое, што кіраўніцтва рэспублікі і нашы беларускія калегі робяць усё, што ад іх залежыць, дзеля прапаганды найлепшых прыкладаў беларускай літаратуры за межамі рэспублікі і наладжвання нашых творчых сувязяў, якія часта перарастаюць у сяброўскія адносіны. Вось за гэта я пакланяюся перад беларусамі! Калі звярнуць увагу на любога сапраўднага пісьменніка (толькі не графамана!), ён не толькі праводзіць свой каштоўны час за пісьмовым сталом, але яшчэ і актыўна, усвядомлена і мэтанакіравана прасоўвае сваю нацыянальную культуру і ў суседніх рэгіёнах, і за межамі. Так і павінна быць! Бо кожны выдатны пісьменнік — вялізны набытак свайго народа і яго надзвычайны і паўнамоцны пасол!

Закі АЛІБАЕЎ, старшыня Саюза пісьменнікаў Башкартастана, дэпутат Дзяржсходу-Курултая Рэспублікі Башкартастан:

— Асноўны сродак пісьменніка — слова. Ва ўсе часы вобразнае слова мела сваю вагу і дорага цанілася. У башкірскім міфалагічным эпасе «Урал батыр», дзе апісваюцца падзеі 4 тысяч гадоў таму, усе добрыя ўчынкі пачынаюцца з добрага слова. Ад першых твораў да твораў сённяшніх дзён у башкірскім мастацтве слова «дабро» — у трэндзе. Як яно праяўляецца, з якіх пунктаў гледжання апісваецца або як у нацыянальных творах ва ўмовах глабалізацыі аўтары здолелі захаваць вялікую шматвяковую традыцыю — на ўсе гэтыя пытанні можна знайсці адказы ў сучаснай башкірскай літаратуры. Цяпер творца ў авангардзе грамадскага жыцця, ён жыве жыццём народа. Менавіта пісьменнік сваёй працай можа супрацьстаяць сусветным канфліктам, змяняць погляды грамадства. Жывучы ў соцыуме, чалавек не можа быць свабодным ад яго. Падзеі, якія адбываюцца вакол творцы, праходзяць праз сэрца, праз душу — і з’яўляюцца новыя творы. Такія башкірскія паэты, як Равіль Бікбаеў, Тамара Ганіева, Зульфія Хананава, Ларыса Абдуліна, заўсёды адчуваюць думы і спадзяванні народа і ў іх паэзіі пульсам б’е сучаснае жыццё, духоўнае ўвасабленне нацыі. Аўтарскі погляд займае асаблівае месца ў літаратуры. Якраз у ім цалкам адлюстроўваецца жыццёвая філасофія. Сучасная кніга вельмі разнастайная па форме. Але якая б яна ні была, без чалавека, без падтрымкі грамадства і грамадскіх арганізацый яна мёртвая. А літаратурнае супрацоўніцтва — цудоўны мост духоўнага жыцця. Вядома, тут асаблівае месца займаюць пераклады. У прасоўванні сваёй культуры за межамі краіны пісьменнік — як паплечнік. Менавіта праз яго творы ёсць магчымасць меркаваць аб сапраўдным жыцці народа. Напрыклад, праз творы Мустая Карыма многія спазнавалі культуру башкірскага народа, а Чынгіз Айтматаў заўсёды гаварыў вуснамі кіргізскага. Сёння гэтыя сувязі згублены, але мы павінны аднавіць добрую традыцыю мінулага.

Юрый САЛАЎЁЎ, пісьменнік, журналіст, дырэктар «Выдавецкага дома “Марийское книжное издательство”», заслужаны работнік культуры Рэспублікі Марый Эл:

— Па маім глыбокім перакананні, пісьменнік можа ўнесці лепту ў супрацьстаянне сусветным канфліктам. Можа застацца і ўбаку, бо ўсё залежыць ад яго жыццёвых пазіцый, перакананняў, якія кожны вызначае сам. Але пісьменнік адчувае на сабе ўплыў становішча ў краіне, у свеце, яго хвалюе жыццё простых людзей, і кожны марыць аб міры і згодзе ва ўсім свеце. Пісьменнік павінен быць голасам свайго часу, але галасы могуць гучаць па-рознаму. Гэтым літаратура і цікавая. Кожны робіць у жыцці свой выбар. Але прызначэнне пісьменніка — трывожыць сумленне. Мы павінны прымушаць людзей думаць аб тым, што яны робяць. Безумоўна, калі б аўтар адчуў, прааналізаваў і прадставіў свой аўтарскі погляд, гэта было б чытачу больш цікава. Нам важна, каб нашу нацыянальную літаратуру ўбачылі і за мяжой. Мне цікава паглядзець на кнігі іншых краін, зразумець, што карыстаецца попытам на міжнароднай арэне, якія трэнды, жанры цяпер запатрабаваныя, каб пасля прадставіць і сваю — марыйскую літаратуру. Візіт у Беларусь для мяне — цікавая магчымасць пазнаёміцца з пісьменнікам Алесем Карлюкевічам, чые аповесці і апавяданні я зараз перакладаю на марыйскую мову. Дарэчы, у 2015 годзе я пераклаў п’есу беларускага драматурга Д. Багаслаўскага «Любоў людзей», якая была пастаўлена ў нашым Марыйскім нацыянальным тэатры драмы імя М. Шкетана. Спектакль на фестывалі «Яшкар-Ала тэатральная — 2015» быў выбраны пераможцам у шматлікіх намінацыях, а таксама атрымаў высокую ацэнку на фестывалі ў Казані. Хіба гэта не здорава? Наогул, нам трэба часцей сустракацца, наладжваць кантакты, быць у дыялогу, бо гэта адкрывае мноства магчымасцяў для ўзаемнага развіцця.

Хайке ЗАБЕЛЬ, пісьменніца, журналіст (Германія):

— Аўтар расказвае гісторыі, у якіх часта знаходзяць адлюстраванне канфлікты. Натуральна, гэта вынікае не з назвы ці прадмовы кнігі, а з таго, што ў творы напісана, асабліва між радкоў. Размова можа ісці пра глабальныя канфлікты ці праблемы штодзённага жыцця, часта між імі існуе ўзаемасувязь. Немагчыма пісаць без адлюстравання ўласнага погляду на падзеі, бо кожны чалавек, незалежна ад таго, з’яўляецца пісьменнікам ці не, мае сваё меркаванне пра рэчы і падзеі і такім чынам дзеліцца імі з многімі. Яго героі ідуць сваёй дарогай: падзяляе чытач гэтыя дарогі ці не. Адлюстраванне праўды — гэта пачатак дарогі; шляхі пошукаў вырашэння праблем — гэта працяг. Толькі рабіць гэта неабходна не з пазіцыі настаўніка. Пісьменнік не павінен успрымаць сябе занадта сур’ёзна. Увогуле, кніга ў любой форме мае ўнікальную магчымасць адкрываць дзверы. Праз творы мы можам паглыбіцца ў чужыя культуры, зразумець грамадства, яго працэсы. Пісьменнік з’яўляеццца часткай сацыяльнай мазаікі, у якой ёсць мноства іншых кавалачкаў. Усе яны фарміруюць вобраз культуры, які потым перадаецца праз пакаленні, каб даць культуры магчымасць жыць.

Рыма ХАНІНАВА, паэт, празаік, перакладчык, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела мангольскай філалогіі Калмыцкага навуковага цэнтра РАН (Эліста), член Саюза пісьменнікаў Расіі:

— Пісьменнік можа супрацьстаяць канфліктам двума спосабамі — публіцыстычным і мастацкім, тым і іншым, у залежнасці ад таго, чаму аддае перавагу. Вастрыня, як правіла, з часам губляе сваю актуальнасць, а абарона вечных універсальных каштоўнасцяў — міру, ісціны, дабра, міласэрнасці, працы, любові, сям’і — застаецца назаўсёды, не губляючы эстэтычнай канстанты. Аўтарскі погляд заўсёды прысутнічае ў яго мастацкім тэксце незалежна ад пісьменніцкіх сродкаў — экспліцытна ці імпліцытна, сэнсавая інтэрпрэтацыя ў галоўным застаецца прынцыповай. Ёсць і ўплыў міжнароднага літаратурнага супрацоўніцтва на папулярнасць сучаснай кнігі. Іншая справа, што ўсё залежыць ад салідарызацыі актыўных сіл. Дастаткова прывесці прыклад калмыцка-беларускіх літаратурнах узаемасувязяў. У пачатку 1960-х гг. дзякуючы тагачаснаму старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Петрусю Броўку і майму бацьку Міхаілу Хонінаву пачалі творча супрацоўнічаць нашы пісьменнікі, публікаваць узаемныя пераклады твораў, выдаваць кнігі. Так, у Міхаіла Хонінава і Аляксея Балакаева выйшлі зборнікі калмыцкіх перакладаў лірыкі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пасля сыходу з жыцця М. Хонінава ў 1981 годзе гэтыя сувязі абарваліся. Узнавіліся яны ў пачатку новага стагоддзя па ініцыятыве беларускага пісьменніка Алеся Карлюкевіча праз сумесныя праекты: пераклады лірыкі Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, сучасных паэтаў Беларусі і Калмыкіі. Асабліва ўсцешна, што да стагоддзя М. Хонінава новае пакаленне беларускіх пісьменнікаў — Рагнед Малахоўскі, Адам Шостак, Таццяна Сівец, Алесь Карлюкевіч, Аляксей Адзінец — пераклалі яго вершы, апавяданні і паэму «Колокола Хатыни», пачаты пераклад драмы «Белая дорога». Падчас удзелу ў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў 2017 годзе я наведала горад Беразіно, ганаровым грамадзянінам якога стаў у 1975 годзе мой бацька, які абараняў Беларусь падчас вайны, пабывала на вуліцы яго імя і вырашыла ўвекавечыць гэтую памяць стварэннем мемарыяльнай дошкі. Па ўзгадненні з гарадской адміністрацыяй мастак Васіль Кіштанаў выканаў праект. Плануем у межах сёлетняга пісьменніцкага форуму ўстанавіць гэту гранітную дошку ў Беразіно 8 лютага.

Вікторыя КІНГ, празаік, публіцыст (ЗША):

— Аўтарскі погляд на рэчаіснасць арганічна спалучае адлюстраванне рэальнасці і аналіз сучаснасці праз развіццё вобраза героя і яго эмацыянальна-філасофскае ўспрыманне навакольнага свету. Немагчыма аддзяліць адно ад другога. У кожнага пісьменніка ёсць свабода выбару — быць на палітычнай арэне або ўздымаць балючыя пытанні, якія ўзбударажаць грамадства. Сваімі ідэямі пісьменнік здольны перасцерагчы ад магчымасці сусветных канфліктаў. Імкненне нацыянальных культур да міжкультурнага дыялогу дае магчымасць не толькі зразумець культуру іншага народа, але і яго рэлігію, дух. Тут вялікая роля перакладчыкаў, якіх я называю суаўтарамі, бо дакладнасць перакладу дапамагае адчуць як эмацыянальны, так і ідэйны бок твора. Дарэчы, чытаючы творы іншай літаратуры, ва ўяўленні ўзнікае доля міфа пра іншую краіну і народ незалежна ад ведання гісторыі і фальклору. А рэальнасць і міфалагічнасць нашага быцця неаддзельныя. На сёння ўзнікае пытанне, наколькі асобная нацыянальная культура можа ўплываць на развіццё планетарнай свядомасці, якая ёсць усведамленне грамадскага быцця як быцця агульнапланетарнага. Ці здольны пісьменнік стварыць героя, у якім нацыянальная ідэя будзе спалучацца з праблемамі планетарнага маштабу: магчымая гібель планеты, гібель усёй людской цывілізацыі ці планетарнае адзінства, этнічная і глабальная ідэнтычнасць? Зараз у нас вялікая колькасць тэхналагічных платформ для прасоўвання нацыянальных культур і спадчыны, некаторыя з іх дазволяць узнікнуць новым жанрам, такім як інстапаэзія, якая ўжо існуе ў прасторы «Інстаграм». Усё залежыць ад жадання пісьменніка. Напрыклад, адным з маіх праектаў стаў альманах «Литературная Америка», у якім друкуюцца творы як знакамітых, так і малавядомых пісьменнікаў, паэтаў і эсэістаў, якія пішуць на рускай мове і жывуць у ЗША ці за мяжой. Капля ў моры, але па меры сіл і фінансавых магчымасцяў кожны з нас робіць тое, што можа.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?