Вы тут

«З радзімак тых складаецца Радзіма, але радзімка ў кожнага — свая...»


Здавалася б, што можа кропелька вады расказаць пра мора? Прыкладна тое ж, што адзін чалавек (прычым не Колас, не Караткевіч...) пра сваю малую радзіму.

Але ж часам кроплі зліваюцца. Асобныя расказы — таксама. І з'яўляецца новая карціна.


Вёска Табулкі, рачулка Ясельда... Там засталіся нашы першыя слядкі і сляды, — піша спадарыня Ніна Бакун з вёскі Балічы Шчучынскага раёна (гэты і іншыя лісты друкуюцца ў скарачэнні. — Аўт.), — там першыя радасці і турботы, там самыя добрыя, самыя светлыя ўспаміны — успаміны пра родную хату, ружовыя заранкі, водар сена і сырадою, якім паілі матулі, каб мы хутчэй раслі. Хіба ж такое забудзецца? Не, малая радзіма — гэта наша душа. Магічнай сілай яна прыцягвае да сябе, не дае спакою і будзіць думкі. Голас малой радзімы — гэта яшчэ і магілы бацькоў, якіх ужо няма, але яны заўсёды ёсць і будуць, пакуль ёсць мы і нашы дзеці.

Што праўда тое праўда. І па доказы нікуды хадзіць не трэба. «У 1966 годзе наша сям'я з дзесяці чалавек (васьмёра дзяцей) пераехала ў вёску Карніца Глускага раёна. І тады ж насупраць новай хаты, праз вуліцу, мама пасадзіла грушу, — піша спадар Валерый Васілеўскі з г. п. Глуск. — З часам пад ёй з'явіліся лаўка, столік. Дрэўца расло, а разам з ім і мы, дзеці, а потым ужо і ўнукі...

Сёння бацькоўская хата, на жаль, пустуе, але кожны год — не толькі на Радаўніцу — пад мамінай ігрушай (на здымку) збіраюцца і будуць збірацца іх шматлікія нашчадкі...

Кажуць, кожны кулік, — працягвае аўтар, — хваліць сваё балота. Хваліў бы і я ў меру ўласных сіл, аднак зараз, у мінулым часе трэба гаварыць і пра добрых, працавітых людзей, і пра некалі грыбныя ды ягадныя лясы, і пра багатыя ўраджаі. А для чалавека няма, відаць, большай жуды, чым бачыць вось гэты заняпад сваіх родных мясцін і ведаць, што ты нічога не можаш паправіць. Нашы бацькі, якія жылі і працавалі тут, гадавалі дзяцей, на вялікі жаль, адправілі іх у вялікі свет, не пакінуўшы сабе замены, і таму вёска памірае. А некалі ж...

Варта заплюшчыць вочы і на балаціне паміж вёсак Карніца і Турыно адразу ўбачыш рознакаляровы дыван з важнымі бусламі, пачуеш салаўіныя спевы, якія несліся, здаецца, з кожнага куста!

Пасля меліярацыі тут назаўсёды зніклі крыніцы, а следам і ўсё, што жыло-красавала. На калгасныя палі сталі вывозіць верхні пласт торфу, разам з ім «рассейваць» пустазелле, потым знішчаць яго рознымі ядахімікатамі, і тым самым атручваць зямлю. Вось і думай, навошта нам быў гэты «стэп», перарэзаны пустымі канавамі? І ці варта было за нейкія дадатковыя цэнтнеры збожжа губіць так званыя лёгкія планеты, губіць прыгажосць.

Толькі праз паўстагоддзя тая спустошаная балаціна стала пакрысе ажываць, — працягвае спадар Васілеўскі. — Вось толькі ці ёсць каму гэтым цешыцца? Калгасныя палеткі месцамі зарастаюць хмызняком і травой — дарогі. Не стала нават той, па якой у апошні шлях везлі землякоў на іх могілкі ў вёску Вольніца, нябожчыкаў цяпер вязуць па кругавой, праз Глуск... А тым часам апошнія жыхары Карніц тройчы на тыдзень сустракаюць рэйсавы аўтобус з надзеяй убачыць на прыпынку кагосьці са сваіх.

Невясёлае відовішча, якое дапаўняе спадар Іван Астроўскі з Мінска:

Пабываў на радзіме

я трохі,

Паглядзеў

на павалены плот.

Зараслі там травою

дарогі,

Скрозь — баршчэўнік,

хмызняк ды асот.

Ну а хаткі?..

А хаткі згарэлі.

Галавешкі ў крапіве

гніюць,

Пагнілі, паржавелі

арэлі...

Хто народзіць тут?..

Тут не жывуць!

...Можа, некалі й з'явіцца

хтосьці,

Ды, падобна,

не наш беларус.

На зямлі сваёй

мы ўжо як госці,

Бо свайго адракліся

чамусь...

Дзякаваць Богу не ўсе. Але ж аб гэтым трошкі пазней, пакуль вельмі коратка — аб прычынах. І зноў жа — радком вершаваным ад спадара Міколы Грабянька з аграгарадка Радзюкі, што на Шаркаўшчыне:

Калі бываю

ў нейчай хаце

І там жаночы голас чую,

Я ўспамінаю

сваю маці —

Прыгожую і маладую.

На золку печ яна паліла:

Сям'я, карова,

«свінства», хата...

Работы шмат

перарабіла,

Як на адну,

дык мнагавата...

Не дзіва, што дочкам-сынкам хацелася іншай долі, іншага жыцця — лягчэйшага гарадскога. І яны сапраўды з'язджалі туды, каб нарэшце...

Не ведаю, як хто, а я нарадзіўшыся і амаль усё жыццё пражыўшы ў вёсцы, — піша спадарыня Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, — ніколі не стамлюся слухаць трэлі высокіх жаўрукоў, посвісты салаўёў у прыбярэжных кустах і нават сумнае «ку-ку». Люблю гудзенне трактароў, цвіценне лёну, водар хлеба, які ідзе ад спелай збажыны, люблю вёску, вуліцы якой нібы абдымаюць раку. Некалі яна была шырокай і паўнаводнай, па ёй на прыстань у Беразіно сплаўлялі лес, працаваў млын. І жыхароў было шмат, сем'і, у асноўным, шматдзетныя. Але ж гэта, як спяваецца ў песні, было нядаўна і было — даўно. Паступова стала пусцець наша вёска, страшна было глядзець на забітыя дошкамі вокны і дзверы...

Праўда, апошнім часам сітуацыя змянілася. У вёсцы няма больш пустуючых хат. Нейкія з іх гараджане скупілі пад дачы, а ў многія, пасталеўшы ды паразумнеўшы, з гарадоў вярнуліся дзеці. Прыкладам таму мой сусед Віктар Фёдаравіч Фясун. Яго жонка Марыя Дзмітрыеўна ўсё жыццё працавала ў сталічнай краме «Рыга», а як толькі выйшла на заслужаны адпачынак, пераехала ў пустуючы бацькоўскі дом. Муж падаўся следам, хоць яму да пенсіі заставалася гадоў сем ці восем... Але ж майстар-сантэхнік і ў вёсцы не застаўся без працы. Яго клікалі ажно ў тры месцы. Гэта я кажу тым, хто баіцца, што прападзе — не знойдзе работы...

Цяпер Віктар ужо на пенсіі, але па-ранейшаму працуе, і яго дом, на якім красуецца «шыльда» ўзорнага, служыць любімым прыстанкам для пяцярых дзяцей і пяцярых унукаў. Летам усе Фесуны шчыруюць на прысядзібным участку, яны ж першыя ў зборы грыбоў і ягад.

Незразумелым для многіх з'явілася вяртанне з Мінска і двух братоў Архіпцоў, — піша спадарыня Бурко. — Абодва яны — сямейныя, абодва прадпрымальнікі і людзі не бедныя. Маглі б, здавалася, адпачываць недзе ў цёплых краінах, але яны выбралі свой родны кут, свае Капланцы. Адзін з братоў усім на зайздрасць зрабіў бацькоўскую сялібу, другі — дзядулеву.

Ажывілі роднае гняздо, упрыгожылі яго сваёй прысутнасцю Людміла і Уладзімір Калолы. Дом абшылі модным цяпер сайдынгам, падворак ператварылі ў царства кветак і птушак...

І гэта яшчэ не ўсё. Першае, за што прыйшлося ўзяцца на радзіме Мікалаю Андрэевічу Шалаю, дык гэта высекчы алешнік, які заглушаў пад'езд да дома. Дроў у выніку назапасіў на тры зімы! Усе пабудовы — лазню, летнюю кухню, дах дома — пафарбаваў, усё, што трэба было — абшаляваў. Зрабіў прыгожай не толькі сваю сялібу, але і месца навокал.

А вось Віталій Уладзіміравіч Папруга аграсядзібу на радзіме адкрыў — з невялікім рыбным вадаёмам, пляжам, саўнай. Едуць людзі!

І ўсё ж найболей, — піша шаноўная Ніна Мацвееўна, — мяне здзіўляе наш Генадзь Уладзіміравіч Анцыпаў. Ён — кандыдат навук, у Мінску хадзіў у немаленькіх начальніках, а цяпер... Не перастаю здзіўляцца яго шматлікім талентам. Ён і пчаляр, і будаўнік, і агароднік, і рыбак... На ўсё гэта не хапала часу ў маладыя гады, затое зараз...

Вось таму я і думаю, што не зарастуць бацькоўскія сцежкі травою бяспамяцтва, будзе жыць вёска, хоць, можа, і не тым жыццём, што раней».

Пра яго, новае, яшчэ адзін ліст — ад спадара Уладзіміра Рудзінскага з Гомеля. Кожны раз, — піша ён, — я з вялікім задавальненнем наведваю вёску Пасека Жыткавіцкага раёна, вёску, дзе нарадзіўся і рос, дзе прайшлі мае дзіцячыя і юнацкія гады. Аднак расказаць хачу не пра яе, а пра Кольна, што знаходзіцца за два кіламетры. Не пазнаць яго ў апошнія гады: асфальт, дыхтоўныя дамы... І жывуць у іх добрыя, працавітыя людзі. Летась іх сельгаспрадпрыемства занесена на раённую Дошку гонару, летась да жыхароў «прыйшоў» прыродны газ. Ёсць тут і ўсе ўмовы для адпачынку: бібліятэка, Дом культуры, некалькі крам.

Трэба адзначыць, што не кожная вёска можа пахваліцца і тым, што яе наведваў Прэзідэнт. А вось у Кольна ён прыязджаў двойчы, — піша спадар Рудзінскі. І дадае, што мясцовыя жыхары вельмі ўдзячныя кіраўніку дзяржавы за тое, што пры яго падтрымцы і ўвазе была пабудавана сучасная сярэдняя школа-дзіцячы сад, дзе створаны ўсе ўмовы для навучання і выхавання.

У свой час я таксама заканчваў Коленскую сярэднюю. Мы вучыліся ў старым непрыстасаваным будынку з пячным ацяпленнем пры газніцы... У нас нават электрычнасці не было, яна з'явілася пазней, калі я ўжо вучыўся ў старшых класах, — піша Уладзімір Рудзінскі. — А вось жаданне вучыцца ў большасці вучняў было — ды яшчэ і якое! Школа можа ганарыцца сваімі выпускнікамі, бо з яе сцен выйшлі добрыя людзі. Дарэчы, у Коленскай сярэдняй вучыўся Віктар Адамавіч Атліванаў, які цяпер працуе старшынёй нашага Жыткавіцкага райвыканкама. Карацей, скажу адно: у вёсцы Кольна жывецца вольна».

І для выратавання «неперспектыўных» паселішчаў можна нешта зрабіць. Прыклад? Ды калі ласка.

«У вёсцы Вялікія Дворцы Пінскага раёна з'явіўся свой гісторыка-краязнаўчы музей. Стварылі яго мы, вяскоўцы: Андрэй Палюховіч (ён жа — аўтар ліста), Марыя Вячорка, Уладзімір Федаровіч. Экспанаты збіралі ўсе ахвотныя. Адкрыццё музея адбылося тры гады таму, і тады ў трох выставачных залах было 97 экспанатаў. Першым з іх стаў самавар 1876 года, пасля яго ў музеі сталі з'яўляцца прылады працы, адзенне, ткацкі станок, газета «Іскра» за снежань 1900 года, відэлец з гравіроўкай «1937 год», каваная дэталь з таўром «С. Висоцкі 1911 г.», электралічыльнік 1928 года, куфар 1900-га... І гэта — малая частка з трох тысяч экспанатаў, што размяшчаюцца ўжо ў дзевяці залах музея, у якіх за тры гады праведзена больш за 100 экскурсій».

Пра сваю малую радзіму расказаў і спадар Анатоль Пярхальскі з Глыбокага. расказаў, што яго вёсачкі Багатырова ўжо няма — на карце толькі аднайменнае ўрочышча, але ж памяць захоўвае ўсе імёны і прозвішчы вяскоўцаў, усе іх сцежкі-дарожкі. У пацвярджэнне гэтага шаноўны чытач даслаў свой малюнак: раптам некаму з нашчадкаў спатрэбіцца, бо...

Васіль Шукшын некалі пісаў, што людзі спачатку збяруцца ў вялікіх гарадах, а потым разбягуцца ў чыстае поле.

Так гэта ці не, але ў многіх нашых людзей ёсць пакуль шанц пачынаць не з нуля: многіх чакае Бацькаўшчына. Можна сумаваць па ёй, можна перажываць, што нічога не можаш зрабіць (калі сапраўды не можаш), а можна, як сведчыць пошта, вярнуцца і сапраўды «ўпрыгожыць яе сваёй прысутнасцю», можна адкрыць аграсядзібу альбо музей, напісаць верш, намаляваць для нашчадкаў свайго роду карту з пазнакай, хто дзе жыў...

Што яшчэ можна зрабіць?

Пішыце, будзем думаць і рабіць разам, бо яно ж і сапраўды (паводле Паэта) «Хто раней, / хто пазней, / Толькі ўсе / Зноў і зноў / Мы прыходзім / Да простых, / як хлеб і паветра, / Высноў: / Што жыццё чалавеку — / Любому — / Даецца адно, / І што, / як ні надточвай, / Кароткае вельмі яно, / І што праўда на свеце / Адна — / Без крупінкі маны, / І што шчасця на свеце / Няма / Без сваёй стараны...

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.