Вы тут

Ці можна дарыць нож?


Соф'я Парфір'еўна Н. з Мінска задала пытанне: «Маладым на вяселлі падарылі нажы. Жыццё ў сужэнцаў не склалася — пажылі толькі год. Старэйшыя людзі сказалі пасля, што дарыць нажы даволі кепская прыкмета. Нажы гэтыя ў яе захоўваюцца і цяпер. Што з імі рабіць?»


У сакральнай мове абрадавых практык беларусаў нямала рэгламентацый звязана з існаваннем і выкарыстаннем побытавых рэчаў селяніна. Прычым часцей за ўсё яны маюць характар дакладна сфармуляванай забароны, сутнасць якой не падлягае абмеркаванню: так трэба — і ўсё тут! Напрыклад, не пазычай суседу нічога ў вялікае свята, асабліва солі і агню. Да гэтага шэрагу адносяцца шматлікія прадметы хатняга ўжытку і побытава-гаспадарчага карыстання, у тым ліку і нож.

Прадметы хатняга побыту і гаспадарчыя прылады працы ў народным ужытку дзялілся на мужчынскія і жаночыя. Мужчынскі пачатак сімвалізавалі вострыя, калючыя, рэжучыя прадметы: сякера, нож, іголка, малаток, брусок, што касу менцяць, і іншыя. Шэраг рэчаў сімвалізаваў жаночы пачатак: дзяжа, даёнка, збан, міса, ложка, серп, падкова і іншыя. Даволі часта гэтыя рэчы ўтваралі сімвалічную «сямейную пару»: ключ і замок, прамы нож і закруглены серп, прамая іголка і загнутая шпілька, прамы крук і сагнутая завеса, дышаль і дуга, аглобля і хамут і г. д.

Магчыма, гэта функцыянальнае, семантычнае і знакавае размежаванне «парных» прадметаў хоць у нейкай ступені дапаможа зразумець прычыну таго, чаму нажы ніколі не былі прадметам, які дарылі родным і блізкім, а тым больш маладым на вяселлі.

Абрадавыя сітуацыі, у якіх нож з'яўляецца галоўным атрыбутам, даволі шматлікія і разнастайныя. Але шматпланавыя кантэксты зводзяцца да дзвюх асноўных функцый — перасцерагаць, абараняць і дзяліць, адразаць, адлучаць, раз'ядноўваць. Згадаем некалькі сітуацыйных прыкладаў.

Зусім нечакана нож аказаўся самым запатрабаваным прадметам на працягу першага года жыцця нованароджанага. Да часу хрэсьбін нож, які ляжаў пад посцілкай у калысцы, засцерагаў нехрышчонае дзіця, «каб яго не падмяніла нячыстая сіла». Калі ж па вёсцы неслі нябожчыка, маці клала нож у калысцы дзіцяці вастрыём да вуліцы. Каб па дарозе ў храм да дзіцяці не прычапіліся «прызоры», маці клала на парозе нож, а хросныя бацькі павінны былі пераступіць цераз яго. Калі ж немаўля пужалася, то яго «мералі» нажом, каб той «уцягнуў», гэта значыць забраў, у сябе спуд.

Нож выконваў сваю галоўную ролю як прадмет, які дзяліў цэлае на часткі. Гэта побытавая функцыя асэнсавана ў традыцыйнай культуры па-свойму і стала падставай для ўзнікнення пэўных абмежаванняў і патрабаванняў. Так, набываць нож павінен толькі гаспадар; відаць, таму лічылася, што і наразаць хлеб таксама павінен мужчына.

Функцыя дзяльбы, адлучэння, адмежавання, якая была замацавана за нажом, нарадзіла шэраг забарон, звязаных з паводзінамі людзей за сталом, які наадварот, з'яўляўся сімвалам аб'яднання, злучэння, збліжэння. Напрыклад, лічылася, што той, хто есць з нажа, будзе нястрыманым, злым, «вострым на язык», а таму ад яго адхінуцца людзі. Кожная выхаваная ў традыцыях гаспадыня ведала, што нельга пакідаць нож на стале і асабліва ўтыркнутым у хлеб, бо гэта прывядзе да таго, што дамачадцы будуць пастаянна сварыцца між сабой; менавіта таму забаранялася класці нож на стале паміж мужам і жонкай.

Для дапытлівых чытачоў нашых дыскурсаў звяртаем увагу, што гаворка ідзе не пра сталовыя нажы, якія ідуць у пары з відэльцам, а пра той нож, якім «працуюць» на кухні, калі гатуюць ежу.

Мудрая захавальніца народных традыцый Марыя Іванаўна Салановіч з вёскі Любонічы Кіраўскага раёна расказвала: «Пасля вяселля праз дзён дзесяць я прыбегла дамоў і кажу маці: «Матулечка, я хачу вярнуцца дамоў!» Маці палажыла на стол непачаты бохан хлеба, адрэзала акраец і сказала: «Глядзі, дачушка, во, абратна не прыляплю. Як гэты кавалак назад не прыклеіш, так і ты жыві з мужам, і да нас не вяртайся!»

Калі маладыя павінны сядзець на працягу вяселля за адным сталом, на адным кажусе, калі іх заводзілі за стол са звязанымі рукамі, то зразумела, што падарыць ім нож магло азначаць толькі адно — жаданне, каб гэты сямейны саюз быў недаўгавечным.

У беларусаў лічылі, калі дзяўчына падорыць свайму хлопцу сцізорык — іх вяселля не адбудзецца: з жаніхом здарыцца бяда. А сярод скандынаўскіх народаў да нашага часу бытуе павер'е: калі ў дзень вяселля нявеста дакранецца да нажа, яна можа застацца бяздзетнай. Параіць аўтару ліста можам наступнае: падараваныя нажы неабходна выкінуць, а лепш за ўсё любым чынам знішчыць.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.