Вы тут

Ці ўплывае кармленне дзіцяці грудзьмі на іх форму?


Якую бялізну — што прываблівае мужчынскія погляды ці функцыянальную і бяспечную — насіць жанчыне, ці ўплывае кармленне дзіцяці грудзьмі на іх форму, чым пагражае праседжванне ноччу ў сацсетках, і ў цэлым аб захаванні здароўя гутарым з загадчыкам аддзялення анка-2 (мамалагічнага) Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы Аляксандрам Хомбакам.


Як хвалі ўплываюць на клетку

— Аляксандр Міхайлавіч, давайце пачнём размову з таго, што вызначым, наколькі ўплывае эмацыянальны фон жанчыны на яе здароўе?

— Ад эмацыянальнага стану залежыць узровень гармонаў: пазітыўны настрой вызначае баланс эстрагенаў і прагестынаў, а патрэбнае спалучэнне гэтых гармонаў станоўча ўплывае на структуру малочнай залозы. Адна з прычын, па якой у ёй адбываюцца змены (што прыводзіць да мастапатыі, а ў далейшым і да злаякасных новаўтварэнняў) — гэта парушэнне гарманальнага фону. На яго ўплывае практычна ўсё: хранічны стрэс, недахоп сну і фізічнай нагрузкі, і гэта адбіваецца на гарманальным дысбалансе. Апошні, у сваю чаргу, прыводзіць да значных змен у структуры малочнай залозы. Мінімальна — гэта кістозныя ўтварэнні, затым можа з'явіцца фіброзная тканка, што далей можа прывесці да ўтварэння злаякаснай клеткі. А калі на гэты фон напластоўваецца спадчынная схільнасць, рызыка развіцця раку значна павялічваецца.

У цэлым рак малочнай залозы з усіх злаякасных новаўтварэнняў у жанчын знаходізіцца на першым месцы. Таму каб прафілактаваць гэтае захворванне трэба падыходзіць, як мы кажам, да ўсяго правільна і прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. Такое стаўленне да сябе складаецца з невялікай колькасці кампанентаў: гэта правільныя харчаванне, псіхаэмацыянальны стан, задаволенасць сваім жыццём, прафесіяй, пазітыўнае стаўленне да свету, імкненне максімальна адыходзіць ад шкодных фактараў, якія нас акружаюць і ўсё больш і больш спрабуюць...

— ... узяць у кола?

— Яны ўжо нас ўзялі. І мы павінны паспрабаваць разарваць ланцужок. З аднаго боку, гэта бытавая тэхніка, якой усё больш і больш. Яна — крыніца розных нізкачастотных хваляў, якія на нас уздзейнічаюць з усіх бакоў. А мы яшчэ імкнёмся, не ўсведамляючы таго, каб гэтае ўздзеянне было кругласутачным: камп'ютар, прас, чайнік уключаны, тэлефоны...

— І фітнес-трэкер? — паказваю на модную навінку на сваёй руцэ.

— Ну вядома! А яшчэ чалавек прыдумаў, каб у святая-святых — спальні — паставіць тэлевізар, мабільнікі побач, што катэгарычна непрымальна. Ноччу неабходна спаць, і для гэтага прырода адвяла час — мінімум восем гадзін. Колькі сёння цывілізаваная прыгожая жанчына спіць і калі яна кладзецца? Пасля дванаццаці ночы, таму што працуе за камп'ютарам, сядзіць у сацыяльных сетках. Усё гэта шкодна. Калі цёмна, у вочы не павінна трапляць святло. Гэта час для мелатаніна (рэгулятара гарманальнай сістэмы). Калі ён з дзяцінства, юнацтва не выпрацоўваецца ў дастатковай колькасці, ужо ў маладосці пачынаюцца праблемы, якія прыводзяць да мастапатыі.

А цяпер моладзь тэму ўплыву тэхнікі не ўсведамляе. З аднаго боку — гэта ўзровень цывілізацыі — віртуальная рэальнасць, якая бярэ верх, а з другога — тэхніка выпраменьвае пэўныя хвалі, і яны павольна на нас дзейнічаюць. Даказана: тыя, хто вядзе начны лад жыцця — маюць вышэйшую рызыку развіцця паталагічных працэсаў у малочнай залозе, чым тыя, хто вядзе здаровы лад жыцця.

Усё вызначае генетыка

— Ці ўплывае памер грудзей на з'яўленне паталогіі?

— Такой заканамернасці (чым больш малочная залоза, тым вышэйшая рызыка развіцця раку) і дакладных даных няма. А вось чым большая яна па аб'ёме, тым складаней для дыягностыкі — такі момант існуе. Таму што яе памер вызначаецца не толькі жалезістай тканкай. У постменапаўзе аб'ём павялічваецца за кошт тлушчавай праслойкі, а жалезістая памяншаецца — яна становіцца невялікай, але агрэсіўнай. Малочная залоза вялікая, крыніца раку маленькая і пракантраляваць яе з-за аб'ёму ўжо складана. Не ўсялякі мамограф зможа ацаніць адэкватна, нават мамаграма можа прапусціць вонкавы квадрант, які не трапляе ў зону абследавання.

Я хачу сказаць, што пры вялікіх памерах грудзей верагоднасць злавіць анкалагічны працэс у пачатковай стадыі меншы, чым у каго яны меншыя. Чым большы памер, тым складаней для дыягностыкі.

— Ці адбіваецца доўгае кармленне дзіцяці на наступных паводзінах малочнай залозы?

— Доўгае кармленне дзіцяці — больш за паўгода — з'яўляецца фактарам абароны ад развіцця раку малочнай залозы. Нішто не можа ў прыродзе замяніць матчына малако! І нежаданне карміць сваё дзіця грудзьмі толькі таму, што зменіцца іх форма — таксама не апраўданне. Усе вызначае генетыка. У некаторых жанчын форма захоўваецца нават пасля трох родаў і наступнага кармлення, іншыя нарадзілі адзін раз і выгляд іншы. Гэта — генетыка, тут ні пры чым кармленне.

— Калі закранулі тэму генетыкі: наколькі спадчынная схільнасць можа ўплываць на развіццё анкапаталогій?

— Існуе так званая спадчынная форма раку малочнай залозы, пры якой маюцца мутацыі генаў BRCA1/ BRCA2 (яны адказваюць за ўзнікненне раку малочнай залозы і раку яечнікаў). Мутацыі ў гэтых генах перадаюцца ад пакалення да пакалення і спрыяюць з'яўленню злаякасных пухлін. Рэалізацыя захворвання, хто мае мутацыі ў гэтых генах, да 80 %. Як правіла, у пакаленнях выразна прасочваецца сувязь у сваякоў першай-другой лініі: маці, сястра, цётка, бабуля. Адпаведна, гэтым жанчынам неабходна вызначыць мутацыі з пункту гледжання атрымання інфармацыі аб сваім здароўі і далейшым прагнозе.

— Ці існуюць механізмы, якія стрымліваюць развіццё анкапаталогіі?

— Так, вядома. Існуюць пэўныя рэчывы, якія блакуюць назапашванне свабодных радыкалаў у арганізме, што ўплываюць на з'яўленне злаякаснай клеткі: вітаміны А, Е, С, лікапін, селен. Гэтыя важныя кампаненты, якія досыць эфектыўныя для прафілактыкі злаякасных утварэнняў (не толькі для прафілактыкі раку малочнай залозы, а ў цэлым усяго арганізма), розныя кампаненты-флаваноіды, якія спрыяюць ўтварэнню гармонаў у дастатковай колькасці, іх правільнаму балансу.

Харчуемся і апранаемся правільна

— У кітайцаў ёсць падыход «ежа — як лекі» (яны не любяць лячыцца, але аддаюць перавагу пэўнаму набору прадуктаў, багатаму мікраэлементамі, вітамінамі, ужыванне якіх замяняе ім паход да ўрача). Чым харчавацца, каб заставацца здаровай?

— Прынцып філасофіі, якую вызнаюць кітайцы, абсалютна слушны: у арганізм павінны трапляць рэчывы і кампаненты, у якіх ён мае патрэбу паўсядзённа. Ва ўсіх, напэўна, на слыху міжземнаморская дыета. Гэта галоўным чынам морапрадукты. Яны багатыя на антыаксіданты, пра якія мы ўжо казалі: вітаміны А, Е, С, селен і гэтак далей. У дыеце менш рэчываў, якія мы лічым смачнымі, але яны шкодныя для нас — жывёльныя тлушчы і ў вялікай колькасці.

— А як жа кавалачак сальца?

— Вядома, кавалачак сала з цыбулькай-часначком — гэта цудоўна! Але тры разы на дзень наўрад ці неабходна. Я хачу сказаць: чым разнастайнейшае харчаванне, тым больш гэта мэтазгодна для арганізма. Галоўнае — не кідацца да крайнасцяў, выбіраючы супермодныя дыеты ў надзеі, што яны створаць цуды.

— Ці можна казаць пра ўзаемасувязь няправільна падабранага, напрыклад, бюстгальтара «з костачкамі» і лакалізацыяй паталогіі ў месцы пастаяннага траўмавання?

— Вядома, бялізна мае вялікае значэнне. У цэлым, ёсць агульныя патрабаванні: яна павінна быць зручнай, бясшкоднай і «дыхаць». Натуральна, яна не павінна траўмаваць цела. Гэта датычыцца модных бюстгальтараў «з костачкамі» — яны траўмуюць тканкі малочнай залозы. Усе траўмы (нават дзесяцігоддзі таму) абавязкова рэалізуюцца, і маецца выразная сувязь паміж атрыманай траўмай і ўзнікненнем анкалагічнага працэсу. Бываюць траўмы вострыя (удар, напрыклад) і хранічныя (тымі ж «костачкамі»). Гэта ўздзеянне на жалезістую тканку, ацёк у гэтай зоне і фактар рызыкі развіцця новаўтварэнняў. Таму неабходна знайсці баланс паміж прыгажосцю і ўласным камфортам.

— Калі мы ўжо згадалі фактары рызыкі, давайце пералічым іх...

— На першым месцы знаходзіцца спадчынная схільнасць з мутацыяй генаў BRCA1/ BRCA2. Фактарам рызыкі з'яўляецца ўзрост пацыентак: пасля 50 гадоў развіццё раку малочнай залозы ўзрастае. Захоўваецца значная рызыка раку другой малочнай залозы ў жанчын, якія перанеслі рак у адной з іх. Небяспечныя моцнае іанізацыйнае апрамяненне, праліфератыўныя фіброзна-кістозныя змены.

Сярэднія і менш інтэнсіўныя фактары рызыкі: ранні пачатак першай менструацыі (да 13 гадоў), позняя першая цяжарнасць (пасля 30 гадоў), адсутнасць або кароткае кармленне грудзьмі дзіцяці, адсутнасць родаў, позняя менапаўза (пасля 54 гадоў), атлусценне ў постменапаўзе, захворванні жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы (рак яечнікаў, рак цела маткі, перанесеныя траўмы малочнай залозы, мастыты). Са шкодных звычак на першым месцы — алкаголь. Нават не гаворым аб аб'ёмах: рэгулярнае спажыванне алкаголю адносіцца да фактараў рызыкі.

— Наколькі эфектыўная скрынінгавая праграма па раннім выяўленні раку малочнай залозы сярод жанчын ва ўзросце 50—69 гадоў?

— На сёння даных, што будуць знойдзеныя эфектыўныя лекі ад раку, няма. А калі так, то трэба разлічваць на рэальныя магчымасці — гэта лячэнне анкалагічнага працэсу ў пачатковай стадыі. А выяўляць яго мы можам. На гэта накіраваны скрынінг. Пацыентак з першай стадыяй раку малочнай залозы выяўляем больш чым у 50 % выпадкаў, калі сярод агульнай катэгорыі толькі 35—36 %. У скрынінгавай групе з першай-другой стадыямі — 90 %. Вядомая дакладная заканамернасць: пры лячэнні рака малочнай залозы першай стадыі пяцігадовая выжывальнасць дасягае да 90 %. Другая стадыя — крыху ніжэй. А ў цэлым, гэта самы лепшы вынік лячэння. Скрынінг вельмі эфектыўны і альтэрнатывы яму сёння няма.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Калі памер мае значэнне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Жанчыну, якая здолела не толькі вярнуць дзіця з прытулку, але і далей выхоўвае яго, знайсці аказалася не проста. 

Грамадства

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Люты больш нагадвае пазачарговы вясновы месяц.

Грамадства

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву?

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».