Вы тут

Найстарэйшую жыхарку Суража віншавалі са 100-годдзем


Найстарэйшай жыхарцы прыгранічнага з Расіяй Суража, былога райцэнтра (цяпер — у Віцебскім раёне), у дзень свята Вадохрышча споўніўся век. Цікава, што бабуля працавала трактарысткай.

Таццяна Сідараўна Волкава дэталёва расказвае пра работу, вайну, сваякоў. На здароўе не скардзіцца. У прыватнасці, падчас чарговага агляду здзівіла медработнікаў ціскам 130 на 80. Ды і таблеткі ж не ўжывае! За ўсё жыццё толькі адну аперацыю зрабілі — апендыцыт выразалі!


Дарэчы, на Віцебшчыне пражывае 62 чалавекі ва ўзросце 100 і больш гадоў. Сярод іх сем мужчын. Пра гэта паведамілі «Звяздзе» ў Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.

Нечаканым сюрпрызам для аўтара гэтых радкоў стала інфармацыя пра тое, што доўгажыхарку з глыбінкі можна назваць сваячкай. Яе сын, які, на жаль, памёр, быў жанаты з жанчынай, якая з'яўляецца свекрывёю маёй стрыечнай сястры.

Павіншаваць юбілярку праз некалькі дзён пасля дня нараджэння мы накіраваліся, як той казаў, цэлай дэлегацыяй на чале з кіраўніком сельвыканкама Аляксандрам Вялітчанкам.

Усяго ў Суражы насельніцтва каля 950 чалавек. Гарадскі пасёлак, як у песні Юрыя Антонава, падзяляе рака. Там, дзе жыве пенсіянерка, прыблізна 90 суражцаў. Гэтую частку населенага пункта тутэйшыя называюць Задзвінне. Калі накіроўваліся туды, прайшліся і па замёрзлай Заходняй Дзвіне. (Мароз у гэты дзень быў каля мінус 20.) Справа ўбачылі паром, пра які «Звязда» шмат разоў пісала. Як і пра катар з ганарлівай назвай «Тытанік». Па дарозе кіраўнік мясцовай улады заінтрыгаваў тым, што суседка імянінніцы трохі не дажыла таксама да векавога юбілею. (А быў бы насамрэч унікальны выпадак: дзве жанчыны жывуць побач і абедзве ва ўзросце за 100 гадоў.)

І вось ён акуратны дом з калодзежам ва двары. Ва ўтульным пакоі за сталом юбілярка. Побач завіхаецца дачка Зоя Міхайлаўна. Жыве яна аж у Камсамольску-на-Амуры. Цяпер дачка — пенсіянерка, працавала на будоўлях. У яе ёсць брат-блізня, тэлемайстар у Полацку...

Расіянка часта наведвае маму, жыве з ёй месяцамі. Калі ж няма такой магчымасці, дачку замяняе сацыяльны работнік.

Прызнаюся, спачатку падумаў, што Зоя Міхайлаўна будзе «перакладчыкам», бо з людзьмі ў вельмі паважаным узросце складана гутарыць. Але бабуля здзівіла тым, што добра разумела пытанні і распавядала пра ўсё, чым цікавіліся суразмоўцы, агучваючы і нюансы.

Яна нарадзілася ў Горацкім раёне Магілёўшчыны. 7 класаў скончыла. Працавала ў саўгасе — на полі, коней пасвіла. Пасля курсаў механізатараў стала трактарысткай. Ездзіла на жалезным кані Харкаўскага трактарнага завода. Калі пачалася вайна, механізаваную трактарную станцыю, дзе працавала, перавезлі ў Горкаўскую вобласць.

Бабуля расказала, як праходзіла эвакуацыя, як два нямецкія самалёты ляталі над чыгункай. Падчас чарговага налёту ёй нехта крыкнуў, каб легла на зямлю і па-пластунску перасоўвалася. Але гэтага яна не ўмела рабіць, устала ды і пайшла. Магчыма, такім чынам захавала жыццё.

Калі Віцебск яшчэ не вызвалілі, жанчына вярнулася на свабодную ад акупантаў зямлю. Зноў жа працавала на трактары. Між іншым, яе будучы муж таксама быў трактарыстам. Яна нарадзіла яму чатырох дзяцей. У юбіляркі шасцёра ўнукаў і тры праўнукі.

Адказала і на мае пытанні пра даўгалецце. Ніхто з яе блізкіх сваякоў не пражыў такое доўгае жыццё. Харчавалася, як і ўсе. І цяпер можа выпіць чарачку-другую. Яшчэ пару гадоў таму з задавальненнем працавала ў агародзе, хадзіла ў лазню. З людзьмі ніколі старалася не сварыцца, ліха нікому не жадала, незайздрослівая. Напэўна, у гэтым яе «сакрэты».

Бабуля вельмі рада была таму, што прыйшлі яе павіншаваць і самадзейныя артысты. Гучаў гармонік і народныя песні. Прыемны падарунак зрабіў народны жаночы клуб «Залаты ўзрост» Мазалаўскага сельскага дома культуры.

Дарэчы, пенсіянерка і сама добра спявае і словы не блытае. Любіць жартаваць, расказваць анекдоты.

Бабуля не адстае ад часу. Напрыклад, аднойчы спытала ў дачкі, што такое інтэрнэт, бо пра гэта перыядычна кажуць па тэлевізары. Цяпер вырашыла, што будзе вучыцца карыстацца скайпам, каб гутарыць са сваякамі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: А ціск амаль як у касманаўта

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.