Вы тут

Аляксандр Карлюкевіч: Кнігі — гэта характар жыцця ў розных яго праявах


Міністр інфармацыі аб сэнсе дэвізу кніжнай выстаўкі, аб чытацкіх перавагах, мастацкай паліграфіі і някрызісе жанраў

Сёння ў сталіцы адкрываецца ўжо традыцыйны ў культурна-асветніцкім жыцці краіны форум — ХХVІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Мерапрыемства, прыцягальнае і для выдаўцоў, і для пісьменнікаў, і для чытачоў. Аб тэндэнцыях у выдавецкай галіне, аб попыце і прапановах на кніжным рынку, аб грамадскім значэнні пісьменніцкага дыялогу мы напярэдадні адкрыцця пагутарылі з міністрам інфармацыі Аляксандрам КАРЛЮКЕВІЧАМ.


— Аляксандр Мікалаевіч, дэвіз сёлетняй кніжнай выстаўкі: «Больш, чым кнігі». Ці не прызнанне гэта таго, што друкаваныя кнігі сыходзяць з інфармацыйна-адукацыйнага поля нашага грамадства, што, каб прыцягнуць увагу чытача, трэба штосьці большае?

— Не, усё ж такі іншы сэнс укладваецца ў гэты дэвіз. Кнігі — гэта характар жыцця ў розных яго праявах. Сацыяльнага, актыўнага жыцця. Кнігі — гэта не толькі хатняя бібліятэка вакол цябе, паліцы якой забіраюць прастору жыцця. Наадварот — кнігі пашыраюць прастору жыцця. Яны паблізу кожнага з нас. Яны дазваляюць нам шырока крочыць па свеце, насычаюць нас планамі і задумкамі. Дазваляюць летуценнасць, жаданні і мары зрабіць часткай рэальнага жыцця. Кнігі вучаць. Кнігі насычаюць ведамі. Кнігі дазваляюць думаць шырока, кнігі робяць жыццё нашмат багацейшым...

— Ведаю многіх людзей, якія ў пачатку лютага імкнуцца трапіць на выстаўку, каб набыць штосьці новае і цікавае для сваёй бібліятэкі. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца кнігі для дзяцей. Наколькі вядома, паводле рэйтынгаў продажаў «Белкнігі» за мінулы год, лідарам стаў «Дзіцячы атлас Беларусі». Атрымліваецца, не прайграе ў наш час той кнігавыдавец, які робіць стаўку на дзіцячыя кнігі?

— Так, гэта відаць і па статыстыцы айчыннага кнігавыдання. Паболела, на шчасце, кніг для падлеткаў, якія ўжо чытаюць самі, а не толькі прыгожа ілюстраваных выданняў для немаўлят, маленькіх чытачоў, якім і набываюць кніжкі, і чытаюць іх бацькі. Іншая справа, што важна правільна выбраць менавіта патрэбную кнігу для юнага чытача. Тут шмат залежыць ад бібліятэкараў, настаўнікаў, псіхолагаў чытання, метадыстаў чытання. Мы яшчэ вельмі мала часу выдаткоўваем на тое, каб прарэкламаваць дзіцячую кнігу, каб даказаць яе вартасці. Лічаныя выданні вядуць кніжныя калонкі.

І зусім лічаныя выданні прапагандуюць дзіцячую кнігу. Затое ў праграме выстаўкі — і ў Адміністрацыйным будынку па Пераможцаў, 14, і ў бібліятэках, кнігарнях горада вельмі шмат розных імпрэз, аўтограф-сесій, звязаных з дзіцячай кнігай. Над гэтым працуюць выдаўцы, над гэтым працуюць самі аўтары. І патрыярх беларускай дзіцячай літаратуры Уладзімір Ліпскі, і Анатоль Зэкаў, Мікола Чарняўскі, Алена Стэльмах, Яна Явіч, Генадзь Аўласенка, Міхась Пазнякоў — усе яны і шмат хто яшчэ ідуць да дзіцячага чытача, да іх бацькоў. Звярніце ўвагу на праграму выстаўкі, яна размешчана на сайце Міністэрства інфармацыі — і вы знойдзеце дзясяткі цікавых мерапрыемстваў, дзясяткі цікавых адрасоў, а галоўнае — у выніку адкрыеце для сябе новыя дзіцячыя кнігі, магчыма — нешта набудзеце.

— Увогуле, мне здаецца, што друкаваная кніга сябе не зжыве, могуць зжыць сябе толькі пэўныя жанры, напрыклад, раман. Людзі сёння хочуць чытаць, але каб хутчэй, няшмат і з карцінкамі... Вы пагодзіцеся ці паспрачаецеся?

— Пра жанры не буду спрачацца: для гэтага трэба быць вялікім тэарэтыкам. Хачу сказаць, мяркуючы не толькі па беларускай нацыянальнай літаратуры: існуюць, працягваюць сваё жыццё і традыцыйныя, добра вядомыя жанры, якія сцвердзілі сябе ў мінулым і пазамінулым і ранейшых стагоддзях. Вы перажываеце за знікненне рамана, а ён якраз зараз знаходзіцца на асаблівай вышыні. Для прыкладу хацеў бы прывесці раман «Зулейха адкрывае вочы» Гузель Яхінай. Татарская пісьменніца, якая піша па-руску. Яшчэ два гады назад яе дэбютны (!) раман быў перакладзены ўжо на 16 моў. Раман, які вяртае нас да падзей сталінскіх часоў. Здавалася б, шмат, усё ўжо сказалі пра іх. Але гэта якраз той выпадак, калі спрацоўвае вымярэнне не «Што сказаць», а «Як сказаць...» Вось і захапіла Гузель Яхіна ў цянёты, у свой тэкст, зрабіла расповед надзіва сучасным, па-мастацку рэльефным. І разам са сваімі памкненнямі сказаць праўду, калі хочаце, нават «рэабілітавала» жанр рамана. А следам мы ўжо не можам не прачытаць наступны яе раман — «Дзеці мае». Прыход Гузель Яхінай да шырокага чытача ва ўсім свеце — гэта падзея, роўная прыходу Льва Талстога...

— Ні больш ні менш..?

— Так. Думаю, што не толькі мой прыватны чытацкі густ так высока ўзводзіць пісьменніцкі талент Гузель Яхінай.

— А ў беларускай літаратуры традыцыі знікаюць..?

— Нікуды яны не знікаюць. І верлібр, следаванне многіх паэтаў «беламу вершу» — гэта не знікненне, а развіццё, спалучэнне традыцый і наватарства... Максім Танк — паэт, які прыняў на сябе ўвесь боль і драматызм ХХ стагоддзя, за сваё творчае жыццё паспрабаваў (і годна! дастойна!) сябе ў розных «фарматах» — і ў класічным вершы, і ў свабодных, вольных формах. А што да прозы, то і яна сёння з кнігамі Андрэя Федарэнкі, Алены Брава, Уладзіміра Сцяпана, Уладзіміра Саламахі, Альгерда Бахарэвіча, Алеся Бадака, Людмілы Рублеўскай, а цяпер і Андрэя ці Андруся Горвата нікуды не знікае, а развіваецца, прыцягвае да сябе мноства чытачоў.

— Калі казаць пра выдаўцоў, Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш, якая праводзіцца ўжо 26-ы раз, стала прызнанай пляцоўкай для абмену вопытам. Вы амаль увесь час яе правядзення мелі да яе самае непасрэднае дачыненне. Па вашых назіраннях, чаму вучацца нашы выдаўцы ў гасцей, а чаму — госці ў нашых выдаўцоў?

— Вучацца ці павінны вучыцца ўсе, безумоўна, адзін у аднаго. Найперш — паліграфічнаму выкананню кнігі. Дызайн, графічнае афармленне, папера, малюнкі, шрыфты — усё гэта не дробязі. І не ўлічваць іх кнігавыдаўцы, кніжныя графікі не маюць права.

— Сёлета традыцыйна будуць падводзіцца вынікі конкурсу «Мастацтва кнігі». Ці можна сказаць, што гэтым разам была відавочная канкурэнцыя паміж выданнямі?

— І не меней шырокая, чым у ранейшыя гады. Але ж агучванне вынікаў конкурсу яшчэ наперадзе, таму не буду называць нават прэтэндэнтаў на перамогу. Як на мой погляд, журы працавала на ўзроўні, меркаванні ў ацэнках выказваліся прафесійныя. Заўважу, што ў нашай краіне па-ранейшаму захоўваецца піетэт да знешняга выгляду кнігі, да ролі кніжнага дызайну, афармлення ў кнігавыдавецкай справе. Адпаведна і ёсць прафесіяналы, здольныя даць вартыя ацэнкі, прывесці аргументы, якія б уплывалі на гэтыя ацэнкі. Конкурс «Мастацтва кнігі» — шматгадовы і вельмі творчы праект. Вельмі шмат намаганняў да яго правядзення прыкладае ветэран кніжнай справы Валерый Рагалевіч. Мы яму і яго калегам па рабоце ў журы «Мастацтва кнігі» вельмі ўдзячны.

— Вынікі яшчэ аднаго конкурсу запланаваны на выстаўцы — на найлепшы кнігагандлёвы аб'ект. Але крытэрый, паводле якога ацэньваліся прэтэндэнты на перамогу, — інтэрактыўнае галасаванне — паказчык досыць суб'ектыўны...

— Але ж хоць і суб'ектыўны — разам з тым менавіта такі, які дазваляе ўсім выказацца. Заадно і паказчык таго, хто заходзіць у кнігарню.

— Міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час» — таксама традыцыйнае мерапрыемства на выстаўцы. Аб чым пойдзе гаворка сёлета?

— Да ўдзелу ў сімпозіуме прычыніліся болей дваццаці краін свету. Прыедуць паэты, празаікі, публіцысты, перакладчыкі, літаратуразнаўцы з розных старонак. Найперш я хацеў бы назваць тых сяброў беларускай літаратуры, якія па-за межамі нашай краіны прапагандуюць беларускае мастацкае слова, спрыяюць знаёмству з ім сваіх суайчыннікаў.
З Ташкента прыедзе перакладчыца Рысалат Хайдарава. Дзякуючы ёй ствараецца трывалы мост у развіцці беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязяў. З Душанбэ разам з калегамі-кнігавыдаўцамі прыязджае Ато Хамдам, які ў апошняе дзесяцігоддзе шмат зрабіў для прадстаўлення беларускай літаратуры ў Таджыкістане. Вялікая дэлегацыя пісьменнікаў чакаецца з Алматы. На чале гэтай дэлегацыі — наш добры сябра літаратуразнаўца Святлана Ананьева. І ў беларускім, і ў казахстанскім друку яна актыўна выступае з артыкуламі пра сучасную беларускую літаратуру. Шмат гасцей прыедзе з Расійскай Федэрацыі: галоўны рэдактар часопіса «Роман-газета» Юрый Казлоў, дырэктар выдавецтва «Художественная литература» празаік Георгій Прахін, першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник» публіцыст і літаратурны крытык Аляксандр Казінцаў, маладая пісьменніца Алена Тулушава, народны паэт Татарстана Рэнат Харыс, народны паэт Чувашыі Валеры Тургай... Дарэчы, і на выстаўцы Расійская Федэрацыя са сваімі кнігамі, выдавецтвамі — у цэнтры ўвагі. Расія як краіна з'яўляецца Цэнтральным экспанентам ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

Канешне ж, пісьменнікі будуць весці рэй, звязаны з лёсам мастацкага слова, мастацкай літаратуры, культуры, з іх уплывамі на развіццё грамадства, на лёс нашых краін і народаў. Пляцоўка сімпозіума «Пісьменнік і час» — гэта дадатак у тым велізарным складніку палітыкі міралюбства і добрасуседства, які сцвярджае кіраўніцтва нашай краіны, які сцвярджае ў сваёй штодзённай палітыцы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

— Сёлета да правядзення выстаўкі, дакладней, да прыцягнення ўвагі да кнігі далучыліся іншыя ўстановы. Напрыклад, Купалаўскі музей, які прапануе інтэрактыўную экспазіцыю, Усіхсвяцкі храм, дзе будзе арганізавана дыскусійная пляцоўка аб ролі кнігі ў фарміраванні духоўнага развіцця грамадства, а таксама арганізавана тэматычная выстаўка і прэзентацыі новых кніг, і нават сталічныя кафэ і рэстараны, дзе пройдзе гастратыдзень, у час якога ў меню ўключаць стравы, апісаныя ў кнігах беларускіх пісьменнікаў... Але ці не адцягне гэта ўвагу людзей ад самой выстаўкі?

— А якая розніца, дзе чытач, наведвальнік знойдзе патрэбную яму кнігу, дзе ён будзе знаходзіцца пад уражаннем сустрэчы з пісьменнікам?! Што да Купалаўскага музея, то там пройдзе адмысловая вечарына «Янка Купала і Уолт Уітмен». А «Мастацкая літаратура» наўмысна да выстаўкі падрыхтавала выданне Уолта Уітмена «Лісце травы» на беларускай мове. Дарэчы, трэцяе выданне кнігі «Лісце травы», пачынаючы з 1978 года. Унікальны выпадак для перакладной кнігі! Але ж і паэт вялікі!..

У Нацыянальным гістарычным музеі пройдзе выстаўка беларускага экслібрыса. Пэўна, за апошнія гады першы раз на такім узроўні прэзентуецца беларускі кніжны знак. У Палацы мастацтва — выстаўка кніжнай графікі... І такіх прыкладаў досыць шмат. Галоўнае — шчырая ўвага да кнігі, да кніжніцтва. А якая розніца — на якіх пляцоўках і ў якіх фарматах...

Пытанні задавала Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».