Вы тут

Чым небяспечныя вежавыя краны?


Калі перафразаваць вядомую прымаўку, то ў многіх праблем ёсць тры абавязковыя характарыстыкі: прозвішча, імя і імя па бацьку. Славуты чалавечы фактар, аднак, можа прывесці і да лятальнага канца. Прыкладам таму — сітуацыя з пад'ёмнымі механізмамі. Летась пры рабоце на кранах у Беларусі адбылося 17 няшчасных выпадкаў. На вялікі жаль, два з іх скончыліся лятальна. Падрабязней пра гэта расказаў начальнік упраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Пётр Клімко.


— Большасць няшчасных выпадкаў, аварый і інцыдэнтаў, якія звязаны з выкарыстаннем грузапад'ёмных кранаў, мае арганізацыйны характар, — кажа суразмоўнік. — Напрыклад, да кіравання і абслугоўвання кранаў у якасці кранаўшчыкоў і стропальшчыкаў дапускаюцца асобы без належнай кваліфікацыі.  Калі ж з прафесійнай падрыхтоўкай усё добра, то не заўжды ажыццяўляецца патрэбны кантроль за тым, як выконваюцца рабочыя інструкцыі і тэхналагічныя рэгламенты. Стропальшчыкі парушаюць схемы работы і выкарыстоўваюць для аперацый няспраўныя прыстасаванні. Чым гэта заканчваецца — разбяром на канкрэтных прыкладах.

Напярэдадні мінулага Дня Незалежнасці а чацвёртай гадзіне дня ў пятніцу, 29 чэрвеня, драма разыгралася ў вёсцы Копішча, што знаходзіцца зусім побач з мяжой Мінска. Зараз там масава ўзводзяцца высотныя жылыя дамы. На адной з чарговых будоўляў манціраваўся вежавы кран. Але ў нейкі момант работы пайшлі не па інструкцыі. Грузавы канат падхапіў і скінуў уніз датчык вугла ўздыму стралы крана. Апарат гэты даволі важкі: яго маса дасягае сямі кілаграмаў. І паляцеў ён уніз з вышыні 36 метраў. Калі ўявіць сабе гэту вышыню, то да такой адзнакі дацягваецца 12-павярховы дом. Прызямліўся датчык акурат на мантажніка будаўнічых машын і механізмаў. Шанцаў выжыць у небаракі не засталося.

Другая трагедыя здарылася праз паўтара месяца ў Свіслацкім раёне. Спецыялісты раённага прадпрыемства ЖКГ адправіліся ў гарадскі пасёлак Поразава для таго, каб на тэрыторыі мясцовага саўгаса замяніць у свідравіне глыбінную помпу. Аўтамабільны кран падняў наверх трубу, і слесары пачалі ставіць фіксавальны хамут для таго, каб пасля разабраць злучэнне труб. І вось у нейкі момант з верху ўзнятай трубы сарваўся агаловак і ўпаў проста на слесара, які ў гэты час ставіў хамут. Чалавек загінуў на месцы.

А вось наступны выпадак інакш, як вялікім шанцаваннем, і не назавеш. Пачатак мінулага красавіка выдаўся даволі ветраным. І вось у адну ноч на ніжнім грузавым прычале ў Мазыры парыў ветру сарваў і перакуліў грузапад'ёмны партальны кран. Тэхніка атрымала вельмі істотныя пашкоджанні. Дзякуючы таму што на гадзінніку было 00.20, абышлося без пацярпелых. Разбор гэтага здарэння выявіў цэлы шэраг парушэнняў. Мала таго што кран не быў замацаваны належным чынам проціўгоннымі тармазамі, дык яшчэ і два тармазы механізма перасоўвання былі няспраўныя. А двух іншых не было ўвогуле. Пуць пад кранам таксама не вытрымліваў ніякай крытыкі.

Куды менш аптымістычна скончылася гісторыя ў Мінску. У канцы красавіка цяжкую траўму атрымаў арматуршчык аднаго з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю. Без якога-небудзь узгаднення з выканаўцам работы ён пералез цераз сігнальную агароджу і зайшоў у небяспечную зону работы вежавага крана для таго, каб забраць падрыхтаваную раней арматуру, якая стаяла на бетоннай пліце каля новабудоўлі. Машыніст крана ў гэты час падаваў уцяпляльнік на 14-ы паверх. Адна з галін стропа зачапілася за паддон з уцяпляльнікам, які і зваліўся якраз на арматуршчыка.

Да цяжкіх наступстваў прывёў цэлы букет парушэнняў у Магілёве. Падчас рэканструкцыі цеплавой сеткі стралавы самаходны кран перамяшчаў шчыт апалубкі. Страпоўку груза рабіў чалавек, які не меў адпаведнай кваліфікацыі. Самі стропы таксама былі няспраўныя — там адсутнічалі замкі на круках. Крук з грузам лагічна расчапіўся і ўпаў на мантажніка тэхналагічнага абсталявання, які ў гэты час знаходзіўся ў небяспечнай зоне. І гэта яшчэ не ўсё. Экспертыза крана, якая праводзілася пасля здарэння, высветліла, што гэты агрэгат мала таго што быў у няспраўным стане, але яшчэ і яго эксплуатацыю забаранілі годам раней з-за таго, што ён не прайшоў тэхнічны агляд.

— Прычыны практычна кожнага надзвычайнага здарэння з грузапад'ёмнымі кранамі звязаныя з няправільнымі дзеяннямі стропальшчыкаў і машыністаў кранаў, — адзначае Пётр Клімко. — Менавіта таму Дзяржпрамнагляд разаслаў у рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, абласныя і Мінскі гарадскі выканкамы, а таксама ў арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, адмысловы ліст. Ад кіраўнікоў падведамасных арганізацый патрабуецца правесці пазапланавыя працоўныя інструктажы з машыністамі кранаў і стропальшчыкамі, а таксама забяспечыць вытворчы кантроль за выкананнем правілаў прамысловай бяспекі пры эксплуатацыі грузапад'ёмных кранаў. Вынікі гэтых мерапрыемстваў будуць разгледжаны на адмысловых нарадах, у якіх пры неабходнасці прымуць удзел і прадстаўнікі Дзяржпрамнагляду. Як кажуць, збан носіць ваду да пары. І за кожным здарэннем, якое трапляе ў нашу зводку, стаіць чалавечае гора і матэрыяльныя страты. Хоць усяго толькі дастаткова выконваць тэхніку бяспекі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Не стой пад стралой!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.