Вы тут

Выстава кніжнай графікі адкрылася ў Палацы мастацтваў


Ужо ў аўторак, у межах XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы, у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў, што ў Палацы мастацтваў, адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы кніжнай графікі. Тут былі прадэманстраваны найлепшыя ўзоры кніг, што паўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі”, вынікі якога будуць падведзены ўжо зусім хутка – у гэту пятніцу.


Наведвальнікі выставы змаглі не толькі сузіраць цудоўныя карціны, але і сваімі рукамі пагартаць прыгожа аздобленыя кнігі – зборнікі вершаў, казак, апавяданняў, гістарычныя і навукова-папулярныя выданні. Натуральна, што прыгожа аздобленую кнігу хочацца прачытаць яшчэ больш – і займець яе ў прыватную калекцыю. Такі вось сінтэз слова і ўзору.

Пабачыўшы працы беларускіх мастакоў, адразу стала зразумела, што айчыннымі ілюстратарамі можна ганарыцца – і з лёгкасцю даверыць ім афармленне каштоўных, прыгожых думак.

Свае малюнкі ў галерэі прадставілі прызнаныя мэтры кніжнай графікі – Валерый Славук, Віктар Мікіта, Уладзімір Савіч. Не менш уражвалі і так званыя творцы 2000-х гадоў: Павел Татарнікаў, Юрый Якавенка, Генадзь Мацур, Ігар Гардзіёнка, Уладзімір Даўгяла, Маргарыта Цімохава, Тамара Шэлест. Своеасаблівым дадаткам да і без таго салодкага торту сталі працы на тэму кніжнай ілюстрацыі студэнтаў кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У іх праглядаліся і натхненне маладосці, і ўласнае бачанне, і рысы прафесійнай школы графікі.

Выстава кніжнай графікі будзе працаваць да канца кніжнага кірмашу – да 10 лютага ўключна.

Нагадваем, што сваю працу XXVI Мінская міжнародная кніжная выстава распачне ўжо заўтра, у сераду, у выставачным цэнтры “БелЭкспа”. Урачыстае адкрыццё адбудзецца ў 12 гадзін. Адразу пасля яго, у 12.40 можна будзе ўбачыць і паслухаць прэзентацыю кніг серыі «100 вершаў» выдавецтва “Мастацкая літаратура”. У яе межах свет пабачылі кнігі «Зямля бацькоў, зямля святая. Зборнік вершаў пра малую радзіму…», таксама зборнік Яўгеніі Янішчыц «Кахання сад і ластаўка вясны», Генадзя Бураўкіна «Ніці лёсу», Пімена Панчанка «Сэрца маё», Міхася Стральцова «Я зноўку тут”. Вершы з гэтых кніг прадэкламуюць запрошаныя артысты і чытальнікі-школьнікі.

У 15.40 у сераду адбудзецца ўрачыстае адкрыццё новай кнігарні пад назвай “Дружба”, якая размясцілася на праспекце Пераможцаў, 51/1. У 17 гадзін ахвотныя змогуць зазірнуць на літаратурна-мастацкі вечар “Малая радзіма твая і мая”, што адбудзецца ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі – Фрунзэ, 5.

З больш падрабязнай праграмай выставы можна азнаёміцца на сайце Міністэрства інфармацыі. Аднак нават там змясціліся далёка не ўсе цікавыя мерапрыемствы – настолькі іх шмат. Не прапусціце – і ўбачыце ўсё на свае вочы!

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.