Вы тут

Гомельскі аблдрамтэатр у сакавіку пакажа камедыю "Французская вячэра"


Гомельскі абласны драматычны тэатр рыхтуе прэм'еру камедыі "Французская вячэра" паводле п'есы Марка Камалеці "Піжама на шасцярых". Прэм'ерныя паказы пройдуць у сакавіку. Новую пастаноўку прымяркуюць да Міжнароднага жаночага дня, піша БЕЛТА са спасылкай на прэс-сакратара дзяржаўнай установы Уладзіміра Ступінскага.


Фота: pervoe.fm

"Рэцэпт сапраўднай французскай вячэры просты. Пад адным дахам трэба сабраць мужа, жонку, палюбоўніцу мужа, палюбоўніка жонкі (па сумяшчальніцтве сябра мужа), кухарку і яе мужа. Усё гэта добра трэба перамяшаць з франкавымі купюрамі, дабавіць дарагую шубку і каштоўнае калье - нясумны вечар гарантаваны", - расказаў Уладзімір Ступінскі.

Глядач стане сведкам, як сямейнае жыццё французскай пары ператвараецца ў заблытаны клубок адносін, сплецены з недагаворанасці, інтрыг, прытворства, здрады, як героі трапляюць у недарэчныя і смешныя сітуацыі і як яны змогуць разблытаць гэты клубок няпраўды. 

"Піжама на шасцярых" - адна з самых паспяховых п'ес Марка Камалеці. Упершыню была пастаўлена ў парыжскім тэатры Michel у 1985 годзе, вытрымала 900 паказаў, перакладзена на многія мовы свету. 

Пастаноўку камедыі ў Гомелі ажыццяўляе даўні сябар аблдрамтэатра, мастацкі кіраўнік Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Т.Г.Шаўчэнкі Андрэй Бакіраў. "Гомельскай публіцы вядомы такія яго сцэнічныя работы, як "12-я ноч", "Загоншчыкі агню", "Пярэварацень або Смерць Тарэлкіна", "Тэатр", "Ля-гушкі", - адзначыў прэс-сакратар. 

У тэатры плануюць, што новая пастаноўка стане міжнародным праектам - у Чарнігаве гэты спектакль ужо ідзе, таму гомельскія акцёры змогуць выканаць галоўныя ролі на чарнігаўскай сцэне і наадварот. 

Над стварэннем касцюмаў для камедыі ў Гомелі працуе мастак Таццяна Стысіна. У пастаноўцы заняты акцёры Настасся Задорына, Сяргей Лагуценка, Юрый Марціновіч, Таццяна Кандраценка, Вера Грыцкевіч, Ала Леная, Міхаіл Грышачкін, Сяргей Арцёменка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?