Вы тут

Дзмітрый Нікановіч: Стрымліваю ў сабе авантурызм


Ён — малады выкладчык, журналіст і спявак. Пра такіх кажуць: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. З дзяцінства пачаў займацца вакалам, іграў у школьным тэатры, перамагаў на рэспубліканскіх алімпіядах па мове і літаратуры. Паступіў на факультэт журналістыкі БДУ — і завярцелася: стажыроўкі ў вядучых друкаваных выданнях краіны, на вядомых радыё- і тэлеканалах, навучанне па журналісцкіх праграмах у Швецыі і Італіі, заканчэнне магістратуры. Зараз Дзмітрыю 25 гадоў. У вольны час ён прысвячае сябе музычнай творчасці, але галоўнай дзейнасцю ўсё ж лічыць навуковую, піша кандыдацкую дысертацыю. Пра тое, як прадукцыйна працаваць і жыць у задавальненне, суразмоўнік і расказаў нам у інтэрв'ю.


— Дзмітрый, вы выглядаеце занадта сур'ёзна і арганізавана для сваіх гадоў. Так было заўсёды?

— Мне бацькі з дзяцінства казалі, што я дарослы не па гадах. Летам замест футбола і хованак вучыўся пісаць пропіссю літары, седзячы на балконе з адчыненымі вокнамі, — для натхнення на прыгожы почырк. У мяне амаль не было вольнага часу для бадзяння па двары ў шумнай кампаніі. Ды і жадання такога не было: падабалася чытаць кнігі, глядзець яркія сюжэты па тэлебачанні, спяваць, вучыць вершы. Не шкадую, што дзяцінства было менавіта такім, бо строгасць бацькоў і добрае выхаванне сфарміравалі ўпартасць, адказнасць за тое, што раблю.

— Чаму выбралі журналістыку?

— Шчыра кажучы, доўга не мог вызначыцца, бо атрымлівалася многае. З юнага ўзросту пачаў займацца вакалам, спяваць у музычным гурце, у хоры, хадзіць у музычную школу. Ужо ў 11 гадоў выступіў на тэлевізійным шоу «Сузор'е надзей». І ў сілу рамантычнасці сваёй натуры вырашыў прысвяціць сябе акадэмічнай музыцы: рыхтаваўся да паступлення ў музычны каледж, займаўся па спецыяльнай праграме з рэпетытарам. Але бацькі ў выніку не падтрымалі і настаялі на «больш сур'ёзнай» адукацыі. Было зразумела, што фізікам наўрад ці стану — вось і выбраў журфак і ніколькі не пашкадаваў пра гэта.

— Вы перш за ўсё выкладчык. Як адчуваеце сябе ў гэтай ролі?

— Я шчаслівы чалавек, бо мне падабаецца мая работа. На факультэце адчуваю сябе не адарваным ад жыцця — у маладзёжнай тусоўцы: кожны год на пары прыходзяць новыя студэнты. Памятаю, калі ўпершыню заходзіў у аўдыторыю, яны глядзелі на мяне з цікавасцю і здзіўленнем — выглядаў я молада, нетыпова, не як дацэнт ці прафесар.

Вучыцца я люблю і ўмею, таму паглыблены ў навуку ўжо са студэнцтва — з другога курса. За тры гады выкладання ва ўніверсітэце ў маім арсенале сабралася каля 15 навучальных дысцыплін. Лічу, што асноўныя сілы трэба аддаваць нейкай адной справе, і я ўпэўнены, што іду па правільным шляху. Мая творчая іпастась непастаянная, легкадумная. Гэта дапамагае на сцэне, але часам перашкаджае ў іншым. Таму стрымліваю ў сабе авантурызм, бо маю сям'ю, за якую адказваю.

— Які вы педагог?

— Лічу, што дэмакратычны, справядлівы. Строгасці не люблю — не дзейнічае, але мець сумленне іншы раз заклікаю. Пераздач за ўвесь час было няшмат. Я не тэрарызую дзяўчат і хлапцоў падчас семестра, не мучаю іх на заліках, але патрабаванні прад'яўляю сур'ёзныя. Некаторыя мяне на ўсялякі выпадак пабойваюцца. Наогул, стараюся праводзіць заняткі ў інтэрактыўным фармаце. Люблю, калі студэнты самі прадстаўляюць уласныя праекты і робяць прэзентацыі. Практыкую «праглядальныя» пары, часам забаўляльныя: уключаю студэнтам фільмы, інтэрв'ю і розныя шоу. Журналіст павінен быць не толькі начытаным, але і «нагледжаным».

— Дзмітрый, вы былі ўдзельнікам тэлевізійных праектаў «Акадэмія талентаў», «Імперыя песні», перамаглі ў песенным конкурсе «Заспявай 3.0» — нямала. Але кажаце пра спевы як пра захапленне. Артыстычная кар'ера для вас толькі хобі?

— Мне заўсёды здавалася, што сцэнічны свет цікавейшы, чым рэальны. Адчуваю сябе перад публікай свабодна. Будучы студэнтам журфака, за адзін год я выступіў на 37 канцэртах, якія ладзіліся на пляцоўках БДУ, за што атрымаў дыплом «Студэнт года» ў намінацыі «Культура». У 2016 годзе разам з Вольгай Сацюк мы перамаглі на песенным конкурсе «Заспявай 3.0» з кавер-версіяй хіта Эраса Рамазоці Pіu Che Puoі на беларускай мове (з новай назвай «За табой»). Выпусцілі акустычнае відэа, якое хутка набрала папулярнасць у сеціве. А ў 2017 годзе адбыўся мой першы сольны канцэрт — неверагодныя адчуванні.

На журфаку многія студэнты ведаюць, што я спяваю. Нядаўна адкрыў «Інстаграм», гартаю стужку, а на відэа студэнтка робіць хатняе заданне. Прыслухаўся — фонам у пакоі дзяўчыны іграе мая песня «Ключы». Безумоўна, прыемна, што яна падабаецца людзям, але лічу, што для таго, каб стаць паспяховым артыстам, трэба прысвячаць сябе творчасці цалкам, ахвяруючы нечым іншым. Трэба быць гарачым, бясстрашным... і прадпрымальным. Сцэна не любіць паўтонаў, сцэна любіць поўную пагружанасць і адданасць. Я ж чалавек зямны, кіруюся правілам «лепш сініца ў руках, чым журавель у небе».

— Праўда, што вас запрашалі на кастынг «Хачу да Меладзэ»?

— Так. У 2014 годзе прайшоў адбор у Мінску, пасля запрасілі ў Маскву. Цікава, што перад тым, як я даведаўся, каго шукае прадзюсар (бойзбэнд. — Аўт.), я напісаў у анкеце, што хачу займацца сольнай кар'ерай і не планую спяваць у гурце. Ужо пасля выступлення ў Расіі запрошаныя эксперты мне сказалі, што праспяваў я добра, але чагосьці ім не хапіла. Маўляў, «чартаўшчынкі», жарсці. Але дзе я, а дзе «чартаўшчынка»!

— У вас ёсць не толькі любімая праца, хобі, але і выдатная сям'я. Шчаслівы чалавек!

— З Кацяй мы разам з 16 гадоў. Вучоба ў розных гарадах не стала перашкодай для стварэння сям'і — на пятым курсе мы пажаніліся, і ў нас расце цудоўная дачка Ніка. Я адналюб, лічу, што няма нагоды чагосьці чакаць, калі можна ўсё зрабіць адразу. Лепшага моманту не будзе. Знайшлі сваю другую палавінку — усім раю, пажаніцеся!

— Як выглядае ваш ідэальны дзень?

— Прачнуцца а 10-й гадзіне раніцы, выпіць кавы з малаком і з чым-небудзь салодкім, прыняць гарачы душ, пагуляць з жонкай і дачкой па парку і адправіцца ў другую змену на працу. Правесці дзве-тры пары, вярнуцца да сям'і, пачытаць кніжку, паглядзець любімую кулінарную перадачу ў «Юцьюбе» і легчы спаць да поўначы. Але, на жаль ці на шчасце, такога не бывае. Кладуся часам так позна, што можна і не класціся. Устаю з вялікай цяжкасцю, асабліва да ранішніх пар. А пасля пачынаецца мітусня. Яшчэ і канцэрты па вечарах і на выхадных. Чым больш актыўнасці, тым больш паспяваю.

— Дзмітрый, якія творчыя планы на найбліжэйшы час?

— Планую і надалей ствараць прыгожыя кампазіцыі, удзельнічаць у конкурсах, быць «на хвалі» беларускай артыстычнай тусоўкі. Вельмі люблю і паважаю беларускую мову, таму чакайце ад мяне мілагучных песень!

Дар'я Шлапакова, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.