Вы тут

Вадзім Крук. Кветкі на асфальце (урывак з апавядання)


Вадзім Крук працуе інжынерам. Любіць літаратуру, гісторыю і рок-музыку, цікавіцца з'яўленнем і развіццём сучасных медыя. Марыць знайсці новыя, нечаканыя літаратурныя прыёмы ў малой прозе, бо лічыць, што сёння, у час высокіх хуткасцяў, блогаў ды сацыяльных сетак, у яе ёсць шанц перажыць новы росквіт.


Ноччу пасвяжэла, дыхаецца лягчэй. Праз прыадчыненае акно таксі з вулічных тэрас рэстарацый у салон прарываюцца пахі ежы ды цыгарэтнага дыму, змешваюцца з салодкім мятным водарам аўтамабільнага асвяжальніка. На галоўным праспекце людзей яшчэ шмат. Носяцца туды-сюды машыны, на тратуарах абдымаюцца і смяюцца закаханыя.

Горад не спіць. Ён разняволена раскінуў натомленыя за дзень вуліцы-рукі і лашчыцца ў абдымках доўгачаканага лёгкага ветру.

Антон хіліць галаву на бок. Выхоплівае вачыма вулічныя карцінкі: вітрыны крамаў, святлафоры, транспарт. Святло ліхтароў, фасадных свяцільнікаў зліваецца ў адзіную яркую пляміну, якая цягнецца паўз усю вуліцу побач з аўто. Штосьці ціха мармыча таксіст. Антон адчувае, што яго ногі больш не стаяць, а вісяць над безданню. Пахне ракой і лесам. Апошняя думка працярэбліваецца праз туман дрымоты: «Мусіць, Свіслач і парк».

Хлопец кружыцца, падае, узлятае пад самыя зоры, а потым апынаецца ў светлым, гонкім гаі. Тут так утульна і бяспечна, што адразу прыгадваецца дзяцінства. Антон глядзіць на свае рукі. Яны маленькія, дзіцячыя, праз тонкія пальцы струменіць святло. Ён не здзіўляецца гэтаму, як не здзіўляецца і таму, што стаіць босы і што птушкі на дрэвах маюць твары яго сяброў, а ўся паляна скрозь засыпана кветкамі. Яны жвава поўзаюць па траве, спрытна лезуць на дрэвы, на ногі Антона, дапамагаючы сабе лісцем і пялёсткамі. Антон не баіцца. Ён заварожана назірае за такім дзівам, пакуль знячэўку не адчувае руку ў сябе на плячы. Чуецца ласкавы жаночы голас, так падобны да Юльчынага:

— Скажы мне, любы...

— Што сказаць? — рэзка паварочваецца Антон і бачыць перад сабой жанчыну з парку. Толькі твар яе страшны, перакошаны вусцішнай усмешкай, пакрыты воспінамі і зморшчынамі.

— Скажы, чаму мае кветкі выкінуў? — яна жудасна смяецца, выскальвае жоўтыя зубы, крычыць на яго: — Чаму? Чаму? Скажы! Скажы! Сволач, сволач, сволач...

Сэрца грукоча, аддаецца ў вушах, спіна халадзее. Антон скаланаецца, расплюшчвае вочы, азіраецца. Чырвонае вока святлафора, машыны наперадзе і па баках, касцельная вежа над дахамі старасвецкіх дамкоў, раздражнёны таксіст. Ён заўважае, што кліент прачнуўся.

— Сволач якая, дзівіся, — фамільярна звяртаецца шафёр да пасажыра.

— Што? — разгублена пытаецца Антон, ізноў пачуўшы гэтае слова.

— Я кажу, што калі сеў за руль, дык вядзі сябе па-людску, а не як баран. Вунь, — паказвае ён на машыну перад сабой. — Мала таго што падрэзаў і стаў наперадзе, дык яшчэ і левы паварот урубіў у апошні момант. Цяпер чакай, калі праедзе.

Таксіст нервуецца, варушыць вусамі.

— А-а-а, ну так, — цягне пасажыр, а сам разумее, як у сон трапіла лаянка.

Антон больш не спіць. Яму тужліва і сорамна, слёзы пакрыўджанай зноў паўстаюць перад вачыма. Толькі дом і прадчуванне хуткага адпачынку на імгненне супакойваюць. Грошы таксісту, шумны смуродны ліфт, прыбіральня — і вось ён, нарэшце, у ложку. Антон доўга глядзіць у столь, змагаецца з цяжкімі думкамі, пакуль галава не робіцца пустой, як закінутая хата, у якой праз выбітыя шыбы гудзе, гуляе вецер. Ён валіцца ў сон.

Выхадныя праходзяць нудна і аднастайна. Гадзінамі ён сядзіць за камп'ютарам, потым павольна сунецца да халадзільніка, нешта есць, ізноў утаропліваецца ў сацыяльныя сеткі, серыялы ды смешныя відэа з інтэрнэту. А яшчэ злуе, бо ніяк не можа адбіцца ад згрызот сумлення.

Ён не разумее, чаму гэты выпадак прымушае цяпер думаць не толькі пра гісторыю з няшчаснай жанчынай, але і пра ўсе свае непрыгожыя ўчынкі, якія толькі можна ўспомніць. Ён думае пра пакуты майстра і Юлі, у якіх цяпер не сумняваецца, пра тое, як некалі крыўдзіў аднакласніцу і ўдзельнічаў у цкаванні аднакласніка, пра пабітых у дзяцінстве катоў ды галубоў, пра здрады дзяўчатам. Якой толькі, аказваецца, дрэні не паспеў ён нарабіць за нядоўгае жыццё! Не, не забіў, канешне, нікога, не згвалціў. Аднак усё адно душна і цяжка. І спёка гэтая за акном, і адзінота.

Трэба на працу. Там хлопцы, там можна забыцца на ўсё.

На рабоце майстар чапляецца. Сябры гэта бачаць і ўсё больш падбухторваюць распачаць вайну і адпомсціць. Толькі Антон цягне, не спяшаецца. Да сораму перад пакрыўджанай жанчынай дадалася яшчэ і трывога. Ва ўзрушаным стане нездаровы чалавек можа зрабіць з сабой усялякае. А станавіцца прычынай бяды дакладна не хочацца.

Вось Антону і здаецца, што калі зрабіць штосьці добрае, не рабіць болей зла, то павінна стаць лягчэй. Быццам гэта залічыцца, і строгі ўнутраны суддзя даруе. Асабліва калі адмова ад помсты ідзе поруч з неабходнасцю цярпець штодзённыя крыўды. Антон канчаткова вырашае прабачыць майстру ягоную дурасць, а яшчэ неяк паведаміць Юлі, што яна яго не цікавіць. Сябры на такое крывяць вусны ды выказваюць сумненні наконт наяўнасці ў Антона поўнага камплекта мужчынскіх прыкмет. Антон цвёрда трывае і гэта.

Павольна цягнуцца парныя ліпеньскія дні. Здаецца, што каля горада стаіць нерашучая навальнічная хмара, якая здолела выгнаць з вуліц свежае паветра, але ніяк не можа наважыцца абрынуць на галовы гараджан патокі вады. Антон з прыкрасцю адзначае, што яго план не прыносіць палёгкі. Спрабуе пераключыцца на гулянкі з сябрамі, алкаголь і цяжкую працу. Ды ўсё марна: як толькі ён застаецца сам-насам з сабой, тут жа прачынаецца сумленне ды вяртаецца туга. Антон пачуваецца ў нейкай бясконцай лазні, з якой няма выхаду і ў якой паддаюць і паддаюць ваду на каменне.

Таму на трэцім тыдні ён вырашае пачаць пошукі незнаёмкі. Антон не ведае, што будзе рабіць, калі сустрэне яе, што будзе ёй гаварыць. Ды ён нават і не ўпэўнены, што сустрэне яе. Аднак сядзець і пакутаваць болей не можа.

Кожны дзень пасля працы ён бадзяецца па набярэжнай, корміць качак і назірае за тым, як за шэра-сінюю дымку штовечар коціцца агніста-чырвонае сонца. Ён адчувае, што толькі цяпер, пасля таго як пачаў дзейнічаць, на душы стала трохі лягчэй.

Так мінае амаль тыдзень, аднак пошукі не прыносяць плёну. У суботу пад вечар Антон ходзіць каля вады і назірае, як у чароце хаваецца выдра, пакуль яго позірк не падае на бераг. Там між дрэваў на невялікай паляне і даволі блізка ад сябе хлопец заўважае знаёмую сукенку і ўсё тую ж белую хустку. Жанчына сядзіць на кукішках бокам да Антона і нешта шукае пад высокай хвояй. Антон прыглядаецца і бачыць, што адной рукою яна прыціскае да сябе хваёвыя шышкі. Хлопец пачынае хвалявацца, з галавы імгненна вылятаюць прыдуманыя словы, якімі ён планаваў выбачацца. Нейкі час ён глядзіць сабе пад ногі, пакуль не наважваецца падысці. Жанчына чуе, як ламаецца галлё пад яго нагамі, выпростваецца. Глядзіць на Антона са здзіўленнем і добразычлівасцю, быццам убачыла прыгожую лясную жывёлу.

Антон не ведае, як пачаць гутарку, выціскае з сябе толькі ціхае ды фармальнае «прывітанне». Яна не адказвае, усміхаецца.

— Некалькі тыдняў таму, — пачынае ён, — я вас моцна пакрыўдзіў. І вось цяпер... — голас Антона дрыжыць, ён сціскае пальцы, уздыхае, — гэта самае, цяпер, э-э-э, я вырашыў знайсці вас і выбачыцца. Бо, шчыра кажучы, пачуваюся неяк... ну, гэта, неяк, гмх, няўтульна. Таму прабачце, калі ласка. І калі я нешта магу зрабіць, каб вам забыцца на тыя кветкі і на тое, што я накрычаў...

Але тут нечаканае пытанне перарывае яго патугі:

— Даруйце, што вам трэба ад маёй сястры?

Перад хлопцам паўстае таксама сталая жанчына, усім сваім строгім выглядам яна нагадвае ці то настаўніцу, ці то доктарку. «Яшчэ і сястра тут як тут. То нікога знайсці не мог, а то ўсе разам на мяне як з неба зваліліся».

Ён вінавата ўсміхаецца новай знаёмай.

— Я зараз усё растлумачу. Некалькі тыдняў таму так склаліся абставіны, што я... Як бы тут правільна сказаць... Карацей, я на вашу сястру накрычаў. Нахаміў ёй. В-о-о-сь. Не ведаю, што на мяне найшло. Мы з сябрамі гутарылі, а тут яна са сваімі кветкамі. А ў мяне тады яшчэ якраз праблемы на працы былі... Я яе пакрыўдзіў, яна заплакала і ўцякла. Таму я вырашыў, што знайду вашу сястру і папрашу прабачэння. Мяне, па шчырасці, сумленне грызе.

Погляд суровай жанчыны мякчэе.

— Як вас завуць, малады чалавек? — мірна пытаецца яна.

— Антон.

— Дзякуй вам, Антон, за выбачэнні. І не хвалюйцеся. Яна не памятае, што вы яе пакрыўдзілі.

— Як так? — здзіўляецца хлопец.

— Хіба вы не заўважылі, што яна не такая, як усе?

— Заўважыў, так.

— Яна — хворы чалавек, Антон. Яна жыве ў сваім свеце, дзе ёй то гадоў трынаццаць-чатырнаццаць, а то і пяць-шэсць, дзе кожны новы дзень — новае жыццё. Яна вас папросту не памятае. Таму і не крыўдуе.

Антон з жалем глядзіць на хворую, а тая, заўважыўшы такі сумны позірк, усміхаецца і працягвае хлопцу некалькі шышак. Ён бярэ іх, усміхаецца ў адказ: «Дзякую. Шчыра дзякую!»

Жанчына смяецца, радасна гаворыць сястры:

— Глядзі, Волька, узяў мой падарунак. Такі прыгожы і ўзяў мой падарунак!

— Бачу я, бачу, — прытворна радуецца сястра, а потым дадае Антону: — Вы добры хлопец. Не хвалюйцеся і бывайце, мы пойдзем дадому.

Яна бярэ сястру за руку:

— Алена, развітвайся з Антонам, нам трэба ісці.

Алена моўчкі махае рукой, і жанчыны сыходзяць.

Антон павольна ідзе на набярэжную, да лавак. Ён занураны ў думкі, нават ціха мармыча сабе пад нос.

Ніякай справядлівасці няма ў гэтым свеце. Адзін жыве ўсё жыццё мярзотнікам і ніякіх праблем з сумленнем не мае, ніколі ні пра што не турбуецца. А тут зрабіў не самы страшны ўчынак, пасля столькі думаў пра гэта, хваляваўся. Потым вырашыў выправіць сітуацыю. І што з таго? Тая няшчасная не памятае, таму і прабачыць не можа. А ты памятаеш усё. І таму сабе прабачыць не можаш, бо не перад сабой вінаваты. І куды ад гэтага падзецца, хто цяпер дасць табе вольную?

А ніхто. Цяпер цягай сваю ганьбу з сабой.

Ён займае першую вольную лаўку і доўга яшчэ сядзіць, асцярожна трымаючы ў руках колькі хваёвых шышак.

Вадзім Крук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».