Вы тут

Афрыканец Кофі Баатэнг Скай: Мару правесці сваё жыццё ў Беларусі


Здараецца, што для цікавага знаёмства дастаткова простага «прывітанне» альбо «hеllо». З гэтага кароткага слова і шчырай усмешкі ў ліфтхоле студэнцкага інтэрната і завязалася мая размова з афрыканцам Кофі Баатэнгам Скаем.


Па праўдзе, гутаркі магло і не адбыцца: хлопец па-нашаму не разумее. Для таго каб ён змог атрымаць бялізну ў кастэлянкі, на дзве хвіліны я стала яго перакладчыкам. І хоць маё валоданне англійскай мовай не дазваляе камунікаваць напоўніцу, афрыканец запэўніў: «Не хвалюйся, ты добра размаўляеш. На жаль, я рэдка сустракаю людзей, якія маглі б вольна са мной пагутарыць. З-за гэтага часта сумую...»

Слова за слова, і вось я ўжо ведаю яго імя, узрост (28 гадоў) і тое, што ён першакурснік Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава пры БДУ. Мне было цікава даведацца пра яго родныя мясціны, бачанне афрыканцам нашай краіны. А яму — знайсці яшчэ аднаго сябра.

— Я з Рэспублікі Гана, што ў Заходняй Афрыцы, — з цеплынёй расказваў тады Баатэнг Скай. — Мой родны горад Кумасі — другі па велічыні ў краіне. Вельмі люблю гэтае месца з прасторнымі раўнінамі і неверагоднымі плато, дажджавымі лясамі і вялікімі сінімі азёрамі. Там жыве мая вялікая сям'я: у мяне яшчэ ёсць тры браты і тры сястры.

— Як жа ты трапіў да нас?

— Аднойчы прыняў прапанову сябра сям'і, які ажаніўся з беларускай. Ён дапамог мне з афармленнем дакументаў для паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Не тое, каб у нас дрэнныя ВНУ, наадварот! Я вучыўся дома на праграміста. Аднак у вас хачу не толькі атрымліваць веды, але і знаёміцца з рознымі, зусім іншымі людзьмі.

— І як табе наша краіна?

— Я ў захапленні! Лічу, што знайшоў сябе тут. Шкада толькі, што замежныя студэнты не могуць нідзе працаваць падчас вучобы... Людзі тут добрасардэчныя і ветлівыя. Адзінае, не ўсе валодаюць замежнымі мовамі...

— Але ж у цябе ёсць сябры?

— Вядома! У вольны час заўсёды заходжу да іх у суседнія пакоі — жывём жа ў адным інтэрнаце! Мы разам гатуем, ядзім, а потым знаходзім якія-небудзь забавы. Заходзь, калі ласка, да нас у госці, будзем рады!

Аднак тады, праз занятасць, ні ўбачыцца яшчэ раз, ні даведацца больш адно пра аднаго не атрымалася. Стасункі ўзнавіліся толькі праз некалькі месяцаў у сацыяльнай сетцы. І за гэты час жыццё Баатэнга павярнулася амаль што на 180 градусаў...

— Я больш не жыву ў Беларусі, — піша афрыканскі знаёмы. — Тата, які аплачваў маю вучобу ў вашай краіне, памёр, а маці не змагла забяспечыць маё пражыванне за мяжой...

Як высветлілася, Баатэнг з'ехаў у Дубай з адной мэтай: знайсці працу з добрым заробкам. І ў выніку атрымаў яе ў тамтэйшым Нацыянальным банку. Нягледзячы на тое, што Дубай — даволі дарагі горад, хлопцу хапае грошай, каб здымаць кватэру, жыць ні ў чым сабе не адмаўляючы, а таксама адкладваць грошы. Для чаго? Каб вярнуцца ў Беларусь!

— Я не хачу жыць у Дубаі, — кажа афрыканец. — Веру, што абавязкова скончу навучанне ў вашай краіне. Я сапраўды хачу правесці ў Беларусі ўсё сваё жыццё. Бо палюбіў тутэйшыя клімат, традыцыі, ежу. А яшчэ — людзей... Сумую па сваіх беларускіх сябрах штодня...

Магчыма, калі-небудзь і я стану сябрам для цікавага і цікаўнага афрыканца Кофі Баатэнга Ская. Бо мы працягваем ліставацца, абмяркоўваем самыя розныя тэмы: рэлігію, культуру, планы на будучыню. Наперадзе ў ганца — цяжкі працоўны год. Галоўнае, мы з ім верым у лепшае і спадзяёмся на хуткую сустрэчу.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».