Вы тут

Журналіст «Звязды» — пра падарожжа ў Рыгу


Дзе жыў савецкі Шэрлак Холмс? Дзе вырабляюць, бадай, самыя вядомыя і смачныя шпроты, а архітэктуру можна лічыць наглядным канспектам па стылі мадэрн? Адказ адзін — у Рызе. Трэба сказаць, што з гэтым горадам мяне звязваюць асаблівыя пачуцці. Там я нарадзілася: тата заканчваў Рыжскае вышэйшае ваеннае вучылішча. Праўда, у латышскай сталіцы я пражыла ўсяго некалькі месяцаў і з таго часу ні разу там не была. У Год малой радзімы выпраўляю гэту недарэчнасць! А заадно дзялюся парадамі, як нясумна правесці выхадныя непадалёк ад узбярэжжа Балтыйскага мора.


Ра­туш­ная пло­шча з До­мам Чор­на­га­ло­вых.

Пеўні на шпілях і гарматы ў зямлі

У Рыгу варта ехаць па сярэднявечную атмасферу. Брукаваныя вуліцы ў цэнтры горада, здаецца, яшчэ памятаюць, як па іх хадзілі рыцары, епіскапы і каты. Пра апошніх тут ёсць цікавая легенда. Кажуць, кат некалі жыў у доме са Шведскімі варотамі і, каб папярэдзіць мясцовых жыхароў пра чарговае пакаранне смерцю (а іншых «забаў» для беднага насельніцтва ў тыя часы асабліва і не было), выстаўляў у акне чырвоную ружу.

Славутасці, якія абавязкова трэба ўбачыць, — гатычная царква святога Пятра (да таго, як з'явілася Рыжская тэлевежа, яна была самым высокім будынкам у горадзе), Домскі сабор ХІІІ стагоддзя, куды турысты сцякаюцца паслухаць арган, Дом Чорнагаловых (тут жыло аднайменнае купецкае брацтва) з багатым фасадам.

На шпілях храмаў засталіся флюгеры-пеўнікі: для партовага горада важна было ведаць напрамак ветру. Да таго ж певень лічыўся хрысціянскім сімвалам, які нагадвае пра адрачэнне апостала Пятра. Іншая цікавінка горада — гарматы, закапаныя дуламі ў зямлю. Кажуць, так загадаў зрабіць Пётр І — у знак таго, што тут ніколі больш не будзе вайны.

Шпацыруючы па латышскай сталіцы, можна ўбачыць, што сабой уяўляе стыль мадэрн (ці, як яго тут называюць, югендстыль). Або перанесціся ў... Швецыю. Справа ў тым, што ў ХVІІ стагоддзі Рыга была заваявана шведскім каралём, і гэта паўплывала на мясцовую архітэктуру: некаторыя дамы вельмі падобныя да тых, што стаяць у Стакгольме. Хочаце ўбачыць, дзе здымалася савецкае кіно? Тады вам на вуліцу Яўніела, больш вядомую пад назвай Кветкавая, як у «Сямнаццаці імгненнях вясны», ці Бэйкер-стрыт, як у «Прыгодах Шэрлака Холмса і доктара Ватсана».

Убачыце будынак з чорнымі катамі на даху — успомніце смешную легенду. Стагоддзе таму тут жыў багаты домаўладальнік. Ён хацеў уступіць у Вялікую гільдыю, якая засядала акурат цераз дарогу, але яму адмовілі. Каб адпомсціць, мужчына ўстанавіў на доме скульптуры катоў — хвастамі ў бок вокнаў кабінета старэйшыны гільдыі. І толькі калі атрымаў запаветнае членства, пагадзіўся развярнуць «мурлыкаў».

Бюджэтны транспарт — ...таксі

Зручны спосаб перамяшчацца па горадзе — на трамваі. Білет каштуе крыху больш за еўра (калі набываць у кіроўцы, то два еўра), але ў святочныя дні праезд бывае бясплатным. А калі апыняцеся ў Рызе летам, зможаце праехацца на рэтра-трамваі — ён быў адноўлены па чарцяжах пачатку мінулага стагоддзя.

Тыя, хто падарожнічае кампаніяй, могуць лёгка дазволіць сабе таксі. З ускраіны да цэнтра рэальна даехаць за чатыры еўра.

Паглядзець на горад з вышыні турыстычныя гіды раяць з Рыжскай тэлевежы. Але па-першае, гэта платна. Па-другое, тэлевежа нядаўна закрылася на рэканструкцыю. Таму лавіце іншы (бясплатны!) варыянт — гатэль Radіsson Blu, што знаходзіцца непадалёк ад помніка Свабоды (вельмі падобнага да стэлы на мінскай плошчы Перамогі). На 26-м паверсе гасцініцы працуе бар з панарамнымі вокнамі, адкуль адкрываецца цудоўны від на гістарычны цэнтр. А калі аглядаеш горад, спускаючыся ў шкляным ліфце, дух захоплівае ў прамым сэнсе гэтага слова.

Каб зарадзіцца ўдачай, шукайце помнік Брэменскім музыкам. Падказка для студэнтаў: па прыкмеце, калі дацягнуцца да дзюбы пеўня, сесію здасце на «выдатна».

Санаторый з пляжам

Ехаць на халодную Балтыку зімой — сумнеўная ідэя. Але быць у Рызе і не паглядзець Юрмалу, да якой адтуль усяго паўгадзіны дарогі, недаравальна.

Скажу шчыра: папулярны курорт крыху расчараваў. Некаторыя асабнякі стаяць закінутыя, а легендарная канцэртная зала «Дзінтары» ў рэчаіснасці зусім не такая, якой яе бачыш па тэлевізары. Але ў Юрмалы ёсць сваё абаянне. Высокія сосны, драўляныя дамы ў югендстылі, утульныя рэстаранчыкі — такі гарадок-санаторый, дзе хочацца не спяшаючыся піць рамонкавую гарбату і пісаць мемуары. А ў перапынках бегаць на пясчаны пляж, каб удыхнуць салёнага паветра і паслухаць шум мора. Зімой пустому ўзбярэжжу асаблівы каларыт надаюць вароны, якія, уявіўшы сябе чайкамі, плёскаюцца ў халоднай вадзе.

Бліжэй пазнаёміцца з латышскімі традыцыямі можна ў Юрмальскім музеі пад адкрытым небам. Праўда, ехаць туды лепш з мая да канца верасня — у гэты час турыстам прапануюць навучыцца вэндзіць рыбу, паслухаць народную музыку і асвоіць старажытныя рамёствы (напрыклад, віць вяроўкі і вязаць вузлы).

Асцярожна: далікатэс!

Бадай, найлепшыя ўражанні, якія можна прывезці з падарожжа, — гастранамічныя. Зазірніце ў адзін з рэстаранаў у сярэднявечным стылі. Яны месцяцца ў падвалах старых будынкаў, дзе яшчэ захавалася цагляная кладка і векавыя калодзежы. Антураж адпаведны: у зале паўзмрок замест лямпачак свечкі, афіцыянты адзеты па модзе тых часоў, а масіўныя дзверы зачыняюцца пры дапамозе механізма з падвешанымі гірамі. Цэннік у такіх установах, вядома, высокі — гарачая страва каштуе 16—19 еўра. Затое той свіной галёнкі хопіць на дваіх (і яшчэ на «ссабойку» застанецца — праверана на сабе).

Каб адведаць свежай рыбы, ідзіце на Цэнтральны рынак (аналаг нашай Камароўкі). Ласося там засольваюць адразу пры куплі — і праз дзве-тры гадзіны ён ужо гатовы да ўжывання. Тут жа знойдзеце славутыя рыжскія шпроты: гаспадынь парадуе не толькі смак, але і тое, што рыбінкі ў кансервах як на падбор.

Мясцовым далікатэсам лічаць міногу. Перш чым адведаць, пагугліце, што гэта за рыба. Міногу называюць «марскім вампірам», і нездарма: ежу сабе яна здабывае тым, што, як піяўка, паразітуе на іншых. А яе рот падобны да варонкі, усеянай мноствам зубоў. Бр-р! На смак той далікатэс — нічога асаблівага (хоць тыя, хто каштаваў вугра, кажуць, што вельмі падобна да яго).

У крамах з шыльдай Laіma знойдзеце вядомы латвійскі шакалад. Але са спявачкай Лаймай Вайкуле ён не мае нічога агульнага: назву фабрыка атрымала па імені старажытнабалтыйскай багіні шчасця і лёсу.

І яшчэ адна візітная картка краіны — рыжскі бальзам. Ён настойваецца на 24 інгрэдыентах (сярод якіх бярозавыя пупышкі, дубовая кара, ліпавы цвет) і лічыцца лячэбным. Але паколькі гэта моцны алкагольны напой, ужываць яго трэба акуратна. Мясцовыя жыхары ніколі не п'юць бальзам нашча і да 12 дня.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Па ўражанні — на рыжскае ўзмор'е

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».