Вы тут

Актыўным і ініцыятыўным — прэміі «За справу»


Тыя, хто займаецца дабрачыннасцю, звычайна не шукаюць матэрыяльных выгад. Яны атрымліваюць нашмат больш — удзячнасць іншых. Заахвочванне — толькі бонус, хоць і прыемны. Дваццаць пяць актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі па выніках Года малой радзімы атрымалі прэмію «За справу», заснаваную Мінскім гарадскім камітэтам БРСМ. Сярод іх — трэцякурсніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вікторыя Любамірава і трэцякурснік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ілья Сакалоў.


Ілья Са­ка­лоў (чац­вёр­ты зле­ва) з ка­ман­дай.

Хлопец — камандзір маладзёжнага атрада аховы правапарадку і добраахвотнай дружыны «БАРС» сваёй ВНУ.

Яго атрад разам з супрацоўнікамі патрульна-паставой службы міліцыі ўдзельнічае ў сезонных дзяжурствах. Летам ходзяць на вадаёмы, спартыўныя пляцоўкі, у паркі, дзе папярэджваюць людзей пра небяспеку, тлумачаць правілы паводзін, нагадваюць, што трэба сачыць за дзецьмі. У пачатку і ў канцы зімы — расказваюць рыбакам і іншым аматарам адпачынку на прыродзе, што на тонкі лёд выходзіць небяспечна. Таксама ў абавязкі атрада ўваходзіць дзяжурства ў метрапалітэне.

— Мы заўсёды ў адметным адзенні, — гаворыць Ілья, — таму многія ўжо ведаюць нас. Ці бываюць здарэнні падчас дзяжурстваў? Вядома. Напрыклад, на памяці выпадак, калі ў аддзяленне прывялі жанчыну ў стане наркатычнага ап'янення. Яна паводзіла сябе жудасна, казала жахлівыя рэчы. Думаю, што гэта той самы жывы прыклад, як наркотыкі ўздзейнічаюць на людзей...

Ілья працуе і ў дружыне ўніверсітэта. Сярод абавязкаў — падтрыманне парадку ў актавай зале, якая разлічана на восемсот чалавек.

— Там даволі вузкія праходы, — тлумачыць хлопец. — Ёсць рызыка, што пры масавым выхадзе людзей хтосьці паваліцца. Кантралюем, каб, не дай божа, нічога не здарылася. Упэўнены, што хлопцы сарыентуюцца і дапамогуць у любой сітуацыі, нават пры пажары... Мы вучымся самі і праводзім для іншых міні-лекцыі, як сябе паводзіць пры здарэннях. А як самаабараняцца, нам паказвае ва ўніверсітэце майстар спорту па тэквандо.

Ілья арганізоўвае работу астатніх: праводзіць гутаркі, зборы, перадае назапашаныя веды.

— Які камандзір, такая і каманда, — перакананы ён. — Мы заўсёды стараемся адзін аднаму дапамагчы. Для мяне гэта карысны досвед. Цудоўна разумею, што ён дапаможа ў жыцці пасля заканчэння ўніверсітэта.

...Вікторыя — намеснік сакратара ўніверсітэцкай арганізацыі БРСМ, камандзір атрада «Добрае Сэрца», старшыня студэнцкага савета на факультэце.

— Вельмі ўдзячная свайму сябру Уладу Дубіцкаму — сакратару нашай маладзёжнай арганізацыі, — кажа дзяўчына. — Менавіта ён і прывёў мяне сюды на другім курсе. Спачатку паклікаў на адно з мерапрыемстваў, дапамагчы. Калі зразумеў, што ў мяне атрымліваецца, пачаў запрашаць далей. А потым я стала яго намеснікам і цяпер усіх таксама клічу-клічу-клічу.

Разам з іншымі сябрамі БРСМ Віка апякуецца над удзельнікамі конкурсаў «Студэнт года» і «Каралеўская вясна».

— Дапамагаем ім з музыкай, пастаноўкамі: нездарма ж вучымся ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, — расказвае дзяўчына. — Прыходзім на ўсе рэпетыцыі, сустрэчы. Нам давяраюць, з намі раяцца...

Здараецца, што хлопцы і дзяўчаты прапаноўваюць свае ідэі для мерапрыемстваў. А яшчэ — арганізоўваюць дабрачынныя канцэрты. Тэлефануюць «зоркам» беларускай эстрады, кажуць імя таго, каму збіраюць грошы і для чаго. Шмат хто згаджаецца: акцыі ўжо падтрымалі Аляксей Грос, Аляксандр Саладуха, гурт BуСіtу...

Вік­то­рыя Лю­ба­мі­ра­ва з Ула­дзі­мі­рам Ду­біц­кім.

Падчас падобных мерапрыемстваў, як кажа Віка, актывісты больш працуюць за кулісамі. А вось у атрадзе «Добрае Сэрца» яны выконваюць ужо галоўныя ролі. Напрыклад, падчас акцыі «Цуды на Раство» каманда перапранаецца ў казачных герояў і паказвае сваю навагоднюю праграму ў дзіцячых дамах, шматдзетным і праблемным сем'ям.

— Як студэнтам творчай ВНУ, нам няцяжка штосьці прыдумаць, — кажа Вікторыя. — Часам бяром нейкія нумары з універсітэцкіх мерапрыемстваў. Для дзяцей стараемся не проста «адпрацаваць» праграму, але і пагуляць з імі. Хтосьці робіць малым прычоскі, мадэлюе паветраныя шары ў выглядзе сабачкі ці кветачкі і паказвае, як гэта зрабіць. Ёсць тыя, хто прыдумляе і праводзіць квэсты.

Я звычайна надзяваю касцюм Снягуркі. Разам з Дзедам Марозам мы запрашаем дзяцей спяваць, танцаваць, вадзіць карагоды. Гэта так здорава і весела, мы атрымліваем неверагодныя эмоцыі! Дзеці нас абдымаюць, расказваюць свае сакрэты, кажуць «дзякуй».

Без Вікторыі і яе каманды не абышлася і падрыхтоўка да адкрыцця рэканструяванага сталічнага стадыёна «Дынама». Амаль штодня яны прыходзілі туды: мылі, фарбавалі, выносілі смецце... А яшчэ Віка ўдзельнічала ў акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі».

— У фінале ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых мы прыбіралі тэрыторыю, чысцілі, грэблі, садзілі дрэвы, — успамінае яна. — А напрыканцы — заклалі адмысловую капсулу ў сцяну...

Вікторыя шчыра прызнаецца, што сумяшчаць вучобу і грамадскую працу няпроста. Даводзіцца ахвяраваць вольным часам і нават сном. Аднак дзяўчына аб гэтым не шкадуе:

— У нас — самая лепшая каманда, — кажа яна. — Нягледзячы на тое, што бываюць і спрэчкі, і несупадзенні ў поглядах, заўсёды прыходзім да кампрамісу. А пасля напружаных дзён, бяссонных начэй разам адпачываем: ездзім на квэсты, у аквапарк, проста гуляем. Таксама разам вандруем за мяжой. Пабывалі ўжо ў Егіпце, Празе, Парыжы, Берліне, Амстэрдаме...

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.