Вы тут

Таварыства беларускай школы запрашае да ўдзелу ў конкурсе «Лаві фэйк!»


Ад сённяшняга спажыўца навін патрабуецца ўменне не толькі чытаць, але і аналізаваць іх, наяўнасць своеасаблівага ўнутранага фільтра, які дазваляе рабіць правільныя высновы наконт надзейнасці крыніцы інфармацыі. Устаноўлена, што чалавекам, які праводзіць асноўную частку жыцця ў віртуальнай прасторы, значна прасцей маніпуляваць. З экранаў мы атрымліваем толькі мноства слаба звязаных паміж сабой фактаў, у нас адключаецца логіка, губляецца прычынна-выніковая сувязь. Псіхолагі нават увялі такое паняцце, як віртуальная калектыўная свядомасць. Інтэрнэт-аўдыторыя з гатоўнасцю «праглынае» ананімныя фэйкавыя паведамленні. Дарэчы, як сведчаць даследаванні, 78 % людзей цалкам давяраюць сваім кантактам у сацыяльных сетках і той інфармацыі, што яны распаўсюджваюць.


Асновы медыяадукацыі ўжо не першы год укараняюцца ў рамках розных вучэбных прадметаў у беларускіх школах. Магчыма, самы час падзяліцца сваімі ведамі з іншымі? Таварыства беларускай школы прапаноўвае падлеткам і школьным медыя паўдзельнічаць у конкурсе «Лаві фэйк!».

«Ты бачыш, што людзі вакол цябе сутыкаюцца з праблемамі, гледзячы тэлевізар ці блукаючы ў інтэрнэце, і ведаеш, як ім дапамагчы? Твой медыяпраект, магчыма, дапаможа тым, хто некрытычна ўспрымае ўсё, што кажуць з экрана; не ўмее адрозніць факты ад меркаванняў; трапляе пад уплыў рэкламных хітрыкаў; не разумее, што трэба абараняць свае персанальныя даныя; не можа даць рады інтэрнэт-тролям ці тым, хто ў сацыяльных сетках здзекуецца з іншых...

Прапануем табе паспрабаваць свае сілы ў ролі медыямэйкера і мэдыяэксперта! Выкажы сваё меркаванне ў любым медыйным жанры на тэму «Быць медыяпісьменным — гэта проста!»

Раскажы аб праблеме, з якой сутыкаюцца твае сябры, аднакласнікі, настаўнікі, бацькі, бабулі-дзядулі ці суседзі, калі глядзяць тэлепраграмы, фільмы, серыялы, чытаюць вэб-сайты ці «сядзяць» у сацыяльных сетках. Пакажы, як гэтую праблему можна было б вырашыць.

Конкурс прадугледжвае наступныя намінацыі:

  • 1. Мультымедыя — аўдыё ці відэа: кліп, міні-фільм (не даўжэйшы за сем хвілін), анімацыя, навучальны відэаролік, падкаст, тэле- ці радыёперадача для школьнага тэлебачання і г. д.
  • 2. Графічныя і інтэрактыўныя медыя: інфаграфіка, фота і фотарэпартаж, плакат, комікс, гульня, квіз і г. д.
  • 3. Тэкставыя медыя: лонгрыд, блог, пост (група ці старонка) у сацыяльнай сетцы, артыкул у школьнай прэсе, журналісцкае расследаванне, рэпартаж і г. д.

Падрабязную інфармацыю аб крытэрыях ацэньвання можна знайсці на партале.

Прыняць удзел у конкурсе вельмі проста. Падумай, якія, на твой погляд, ёсць праблемы ў карыстанні прадукцыяй масмедыя. Выберы адну з іх і прапануй, як можна яе вырашыць. Але інфармацыя для тваёй бабулі і для твайго сябра павінна быць пададзена па-рознаму. Пры стварэнні свайго медыяпраекта прытрымлівайся журналісцкай этыкі і стандартаў, паважай аўтарскія правы. Дашлі свой праект ці спасылку на яго на адрас mеdіаkоnkurs2019@gmаіl.соm з тваім прозвішчам у тэме ліста і намінацыяй (напрыклад: Саша Кавалевіч_ Мультымедыя).

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца падлеткі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Работы прымаюцца да 15 красавіка. Пажадана выканаць іх на беларускай мове. Ацэньваць праекты і вызначаць пераможцаў будзе прафесійнае журы: вядомыя журналісты, рэжысёры, акцёры, педагогі-медыяэксперты, прадстаўнікі партнёрскіх арганізацый гэтага праекта.

Даведка

Фэйк — слэнгавы тэрмін, які абазначае падробку, копію або фальсіфікацыю. У дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі пад фэйкам разумеюць навіну, якая не мае нічога агульнага з праўдай, так бы мовіць, падробку навіны. Фэйкі могуць кранаць за жывое тых, хто іх чытае. У гэтым выпадку ў чалавека адключаецца логіка, уключаюцца эмоцыі і ён верыць у самую неверагодную інфармацыю.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Лаві фэйк!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.

Грамадства

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

Гісторыя кар'еры падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава.

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад.