Вы тут

Дакладныя навукі — не для дзяўчат?


А вы абудзі́це ў іх храбрасць і цікавасць да вучэбна-даследчай дзейнасці!

«20 гадоў таму жанчыны маглі быць сакратарамі, школьнымі настаўніцамі, магчыма, бібліятэкарамі, сацыяльнымі работнікамі ці медсёстрамі. Калі жанчына была насамрэч амбіцыйнай, то магла скласці канкурэнцыю мужчынам... звычайна працуючы больш упарта і больш працяглы час з меншай аплатай за тую ж самую працу. Але зараз з'явіліся асляпляльныя перспектывы і цалкам новы від работы для жанчын — праграмаванне...» Артыкул The Computer Gіrls («Камп'ютарныя дзяўчаты») з'явіўся ў выпуску часопіса Cosmopolіtan за 1967 год.

У тыя часы праграмаванне яшчэ не лічылася інжынернай або навуковай прафесіяй, і часта многія курсы па Computer Scіence выкладаліся ў рознапрофільных каледжах і ўніверсітэтах, уключаючы ўстановы гуманітарнай і артнакіраванасці, у якіх вучыліся тады пераважна дзяўчаты. У сярэдзіне шасцідзясятых гадоў ХХ стагоддзя праграмаванне пазіцыянавалася ў медыя як «жаночая праца». Жанчыны пачалі запаўняць ІТ-індустрыю, калі мужчыны ўжо дамінавалі ў тэхнічных спецыяльнасцях, але не так відавочна, як у свеце камп'ютарных вылічэнняў. Яшчэ ў 1987 годзе 42 % стваральнікаў праграмнага забеспячэння ў Амерыцы былі жанчынамі. 34 % сістэмных аналітыкаў таксама належалі да прыгожага полу. А потым сітуацыя змянілася...

Паводле даследаванняў 2015 года папулярнага рэсурсу StackOverflow, 92 % усіх распрацоўшчыкаў у свеце — мужчыны. Дзесьці гэты працэнт значна ніжэйшы, у прыватнасці, у Facebook 17 % тэхнічных пасад займаюць жанчыны, але на агульную карціну гэта не ўплывае...


Рызыка і «сацыяльны кантракт»

Некалькі гадоў таму ў Мінску адкрылася Акадэмія крэатыўных тэхналогій для дзяўчат (ІT Рrіnсеss Асаdеmу). Праект прасоўвае ідэю жаночай тэхнічнай адукацыі. Узрост «прынцэс» — ад 7 да 15 гадоў.

— Ідэю мог падхапіць любы, проста мы былі першыя, хто вырашыў звязаць дзяўчат і ІТ, — расказвае Валянціна ЧЭКАН, сузаснавальнік ІT Рrіnсеss Асаdеmу і STЕM-sсhооl. — Яны ў тэхналогіях могуць дасягнуць таго, што не пад сілу хлопчыкам, і гісторыя ІТ-сферы гэта даказвае.

Дарэчы, у Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША і іншых краінах навучальныя ўстановы з асобным навучаннем вельмі прэстыжныя. Заўважана, што хлопцы і дзяўчаты па-рознаму засвойваюць вучэбны матэрыял, а звычайная школа заахвочвае «мужчынскі» тып паводзін, фарміруючы стэрэатып: дакладныя навукі і высокатэхналагічныя галіны — не для дзяўчат.

— Педагогі ведаюць, што ў дзіцячым садку і пачатковай школе розніца паміж хлопчыкамі і дзяўчаткамі яшчэ мала заўважная. Але ўжо ў пятым, шостым, сёмым класах яна становіцца відавочнай. У пятым класе хлочыкі вучацца толькі за кошт увагі з боку бацькоў, у іх няма ніякіх амбіцый, а дзяўчаты, наадварот, вырываюцца наперад. Схільнасць да камунікацыі, уцягнутасць у любую дзейнасць, жаданне быць заўважанымі, як і хуткасць засваення вучэбнага матэрыялу, у раннім падлеткавым узросце ў дзяўчат намнога вышэйшыя. Даказана, што нават тэмпература ў пакоі, дзе вучацца школьніцы, павінна быць больш высокая, а хлопчыкам падыходзяць халаднаватыя памяшканні, — тлумачыць Валянціна Чэкан.

У 8—9-м класах у хлопчыкаў абуджаюцца амбіцыі. Іх матывуюць розныя рэйтынгі, «пагоны» і «зорачкі», а з дзяўчатамі ўсё адбываецца наадварот. Яны пазбягаюць канкурэнцыі і саперніцтва і не рызыкуюць у загадзя пройгрышнай сітуацыі. Чаму жанчын менш сярод прадпрымальнікаў? А таму, што яны не жадаюць рызыкаваць. Храбрасць, імкненне да рызыкі ў дзяўчат трэба выхоўваць.

«Які сэнс укладвае наша грамадства ў паняцце «добрая дзяўчынка»? Яна ўсё робіць па правілах, паслухмяная дачка, якая не дастаўляе нязручнасцяў ні бацькам, ні соцыуму, — разважае Валянціна Чэкан. — Я добра ведаю гэта, бо я таксама дачка і маці дачкі. Паміж намі і грамадствам ёсць «сацыяльны кантракт», і калі ты хочаш быць добрай дзяўчынкай, то, калі ласка, яго выконвай. Дзяўчынка-падлетак вельмі рана гэты кантракт «прачытвае», і калі мы прапануем: «А давай зробім па-іншаму...», то чуем у адказ катэгарычнае: «А дзеля чаго я буду рызыкаваць?» Так, рызыка мае на ўвазе высокую верагоднасць памылкі, значыць, ты аўтаматычна трапляеш у зону небяспекі! І што ўзамен? А калі дзяўчынка яшчэ і добра вучыцца ці ўвогуле выдатніца... Вось мы і задумаліся, як абудзіць у дзяўчат цікавасць да вучэбна-даследчай дзейнасці, да таго, што ў нас традыцыйна лічыцца тэрыторыяй мужчынскіх інтарэсаў? Як развіць у іх крэатыўнасць?

— Калі адкрывалі акадэмію, арганізавалі вялікую канферэнцыю, запрасіўшы на сустрэчу з дзяўчатамі прадстаўнікоў ПВТ. Выйшаў топ-менеджар кампаніі Wargamіng, яркі малады чалавек, які расказваў ім пра фізіку, пра важнасць гэтай дысцыпліны для стварэння праўдападобных гульняў, але на тварах дзяўчат я выразна прачытала: «Ты бог, усё супер, але дзе ты, а дзе я?» — расказвае Валянціна Чэкан. — А вось калі на сцэну выйшла звычайная дзяўчына Юля ў кедах, джынсах і футболцы, якая таксама працуе ў ПВТ, у зале адразу ўзнікла ажыўленне. Да яе было шмат пытанняў. 11-гадовую дзяўчынку цікавіла, напрыклад, колькі ў Юлі дзяцей. Высветлілася, што двое. Адказ задаволіў, таму што школьніца хацела б займацца праграмаваннем, але і дзяцей, сям'ю таксама хоча мець. І яна атрымала красамоўны доказ, што адно другому — не перашкода. «У дзяўчыны з ПВТ такія ж валасы, такія ж джынсы, кеды, усё ў нас у прынцыпе аднолькавае, але яна ўжо там, а я туды абавязкова прыйду», — прыкладна так яна разважала. Таму матывацыйны складнік для дзяўчат мы лічым вельмі важным.

Ада Лаў­лейс увя­ла ў аба­ра­чэн­не тэр­мі­ны «цыкл», «ра­бо­чая ячэй­ка», «раз­мер­ка­валь­ная кар­та», апі­са­ла асноў­ныя прын­цы­пы  ал­га­рыт­мі­за­цыі, на­пі­са­ла пер­шую пра­гра­му для пра­та­ты­па кам­п'ю­та­ра.

Яны былі першымі...

Звычайна на просьбу назваць вядомых айцішнікаў дзяўчаты згадваюць Стывена Джобса, Марка Цукерберга, Паўла Дурава, нават хлопчыкі называюць максімум шэсць-сем прозвішчаў. Але ІТ-індустрыя распачалася менавіта з жанчын. Хоць уклад многіх з іх быў доўгі час засакрэчаным.

Між іншым, дачка паэта Байрана Ада ЛАЎЛЕЙС лічыцца першым у гісторыі праграмістам. Яна апісала прынцыпы работы першага ў свеце «камп'ютара» (аналітычнай машыны), напісала праграмы, якія ніхто з яе сучаснікаў не зразумеў, але пазней менавіта яны ляглі ў аснову першых кодаў для ЭВМ. Ада Лаўлейс увяла ў абарачэнне тэрміны «цыкл», «рабочая ячэйка», «размеркавальная карта», апісала асноўныя прынцыпы алгарытмізацыі.

«Сутнасць і прызначэнне машыны будуць змяняцца ў залежнасці ад таго, якую інфармацыю мы ў яе ўкладзём. Машына зможа пісаць музыку, маляваць карціны і пакажа навуцы такія шляхі, якія нам і не сніліся», — пісала Ада Лаўлейс яшчэ ў першай палове XІX стагоддзя. А ў 1979 годзе Міністэрства абароны ЗША распрацавала агульную мову праграмавання для бартавых сістэм кіравання ваеннымі аб'ектамі, якая атрымала назву «Ада» ў гонар Ады Лаўлейс.

Яшчэ адна выбітная асоба — Хэдзі ЛАМАР. Яе дзень нараджэння сёння адзначаецца як Дзень вынаходніка. Вельмі папулярная ў 1930-я гады аўстрыйская актрыса яўрэйскага паходжання збягае ў Амерыку, у тым ліку і ад свайго мужа — аднаго з найбагацейшых прамыслоўцаў, мільянера і гандляра зброяй. У Галівудзе кар'ера актрысы таксама складваецца ўдала. Але Хэдзі прымае вельмі блізка да сэрца ўсё, што адбываецца ў яе на радзіме. Яна ненавідзіць фашызм усёй душой. Таму, калі ў рамках мер па ўмацаванні абараназдольнасці ў ЗША ствараецца Нацыянальны савет вынаходнікаў, яна неадкладна вырашае прапанаваць свае паслугі.

Хэдзі ведала, як працуюць радыёкіраваныя тарпеды, самым вялікім недахопам якіх была недасканалая сістэма навядзення: выявіўшы пагрозу, праціўнік лёгка глушыў сігнал, адпраўляючы перашкоды на той жа частаце. Хэдзі прапанавала разбіць сігнал на некалькі частак і перадаваць яго на розных частотах, што зрабіла б сістэму ўстойлівай да перашкод. Тэхнічна гэтую ідэю рэалізаваў кампазітар Антэйл, які прапанаваў выкарыстаць валік механічнага піяніна. Мікраэлектронікі тады яшчэ не было, а адзінай даступнай праграмаванай прыладай было якраз звычайнае фартэпіяна! Яго механізм аказаўся досыць кампактным, каб змясціцца ў корпусе марской тарпеды. Сістэма магла выкарыстоўваць набор з васьмідзесяці васьмі радыёчастот — па колькасці клавіш інструмента. У жніўні 1942 года патэнт на «Сістэму сакрэтных паведамленняў» быў нарэшце атрыманы. Прычым актрыса і кампазітар перадалі яго краіне бязвыплатна.

На жаль, вынаходства занадта моцна апярэдзіла свой час. Многія чыноўнікі нават не змаглі зразумець яго сутнасць і насмешліва ўсклікалі: «Гэтая жанчына прапануе засунуць піяніна ў тарпеду?» Канцэпцыя пераскоку частот адрадзілася толькі з развіццём электронікі пасля вайны. У васьмідзясятых патэнт нарэшце рассакрэцілі, тэхналогію сталі выкарыстоўваць для многіх відаў бесправадной перадачы і сотавых тэлефонаў ва ўсім свеце. Такім чынам, за з'яўленне спадарожнікавай сувязі, Wі-Fі, Bluetooth і стандарту GSM мы павінны сказаць «дзякуй» менавіта галівудскай актрысе і кампазітару.

Яшчэ адзін з піянераў праграмавання — Грэйс ХОПЕР — амерыканскі матэматык і контр-адмірал флоту ЗША. Яна была адной з першых, хто пісаў праграмы для гарвардскага камп'ютара «Марк І». Грэйс распрацавала першы кампілятар для камп'ютарнай мовы праграмавання, выявіла першы ў свеце «баг» (праграмную памылку) і стала аўтарам тэрміна debuggіng, яна мае шматлікія ўзнагароды за неацэнны ўклад у развіцце мовы праграмавання COBOL (яе празвалі «бабуляй Кобала»). Кажуць, што менавіта ёй належаць словы «праграмаваць — не складаней, чым планаваць вячэру».

А «маці» смартфонаў і планшэтаў лічыцца Сафі УІЛСАН. За 35 гадоў сваёй кар'еры яна атрымала 59 (!) патэнтаў. Сафі працавала над стварэннем першых камерцыйна паспяховых персанальных камп'ютараў і арыгінальнага ARM-працэсара, нашчадкі якога ў цяперашні час змяшчаюцца ўнутры большасці мабільных прылад.

За з'яў­лен­не спа­да­рож­ні­ка­вай су­вя­зі, Wі-Fі, Bluetooth і стан­дар­ту GSM мы па­він­ны ска­заць «дзя­куй» га­лі­вуд­скай акт­ры­се Хэ­дзі Ла­мар.

Матэматыка і фізіка + творчасць

— Як я ўжо казала, для дзяўчат вельмі важныя матывацыйныя гісторыі, прыклады таго, што хтосьці не пабаяўся парушыць «сацыяльны кантракт» і рызыкаваць, — падкрэслівае Валянціна Чэкан. — Калі нашы выхаванкі знаходзяцца адасоблена ад хлопчыкаў, ствараецца абсалютна бяспечнае і камфортнае асяроддзе: яны не канкурыруюць за ўвагу навакольных, не саромеюцца задаваць пытанні, не баяцца памыляцца. Расце іх працаздольнасць — можна «прайсці» больш, падрабязна разабраць складаныя тэмы. Ва ўмовах сепаратнага навучання дзяўчаты становяцца больш упэўненымі ў сабе, у іх павышаецца самаацэнка, фарміруюцца лідарскія якасці. У акадэміі выкарыстоўваецца новы падыход да напаўнення навучальнага плана (навука, тэхналогіі, інжынерыя, матэматыка плюс мастацтва). Ён стварае баланс паміж творчым пачаткам і тэхналагічным, тым самым палягчае вывучэнне тэхнічных дысцыплін.

Матэматыка, фізіка выкладаюцца праз мастацтва, дызайн, музыку і іншыя цікавыя рэчы. Упор робіцца на ўласныя праекты. Можна, напрыклад, стварыць калекцыю моды (фэшн-калекцыю), 3D-гульню, запусціць відэаблог, запісаць музычны трэк, асвоіць фотарэтуш. Праграма дазваляе развівацца адначасова па 16 прафесійных напрамках у галіне тэхналогій, дызайну, музыкі, медыя... Важны раздзел праграмы — навыкі для жыцця: работа ў камандзе, камунікатыўнасць, стварэнне стылю, іміджу, крытычнае і крэатыўнае мысленне. Апошняе — вельмі карысны інструмент для жыцця і працы, які дапамагае знаходзіць нестандартныя рашэнні нават у самых складаных сітуацыях. У Акадэміі студэнткі практычна кожны дзень сутыкаюцца з задачамі, якія накіраваны на развіццё крэатыўнага мыслення.

Пакуль што як у буйных, так і ў малых ІТ-кампаніях жанчыны — у меншасці. Тым, хто плануе звязаць сваю кар'еру з ІТ, спецыялісты раяць не ісці лёгкім шляхам. Калі дзяўчаты хочуць у ІТ, яны часцей за ўсё штурмуюць пасады HR (кадравага работніка), адміністратара ці ідуць у тэсціраванне праграмнага забеспячэння. Але там канкурэнцыя ўжо і так высокая. Варта глядзець шырэй: можна выбраць дызайн, маркетынг або аналітыку. Свет не стаіць на месцы: слабы пол даўно не саступае дужаму ні ў адукацыі, ні ў прафесійнай кампетэнцыі. Магчыма, што ўжо праз 5—10 гадоў ніхто і не ўспомніць, што галіна ІT была калісьці «не для дзяўчат»... Між іншым, тры найбольш важныя патрабаванні да праграміста за межамі сферы ведаў — гэта шматзадачнасць, добрая памяць і ўстойлівасць да стрэсаў. Па ўсіх гэтых крытэрыях мужчыны не могуць скласці слабаму полу канкурэнцыю...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.