Вы тут

Прадпрымальнік з Краснаполля заснаваў свой бізнес у неперспектыўнай вёсцы


Наш сённяшні герой мог бы з поспехам рэалізаваць сябе ў любым іншым месцы, але ён выбраў для гэтага сваю малую радзіму. Дзякуючы такім людзям і жыве наша глыбінка. Калі б не яны, магчыма, некаторых вёсачак сёння ўжо і не існавала б.

Прадпрымальнік з Краснаполля заснаваў свой бізнес у неперспектыўнай вёсцы, і ў землякоў прачнулася цікавасць.

Вёска Гарадзецкая маленькая, але вельмі маляўнічая. Шмат дрэў і сенажацяў, адным словам — раздолле. Тут разумееш, чаму Юрый Зямцоў зрабіў стаўку на коней. Нават, калі іх няма паблізу, душа рвецца вонкі і тупаціць у нецярпенні, як неаб'езджаны скакун.


Пры­га­жу­ня з гас­па­дар­кі Юрыя.

Хобі стала працай

— Жыў у сельскай мясцовасці, з самага дзяцінства сярод коней. Бацькі былі толькі рады. Гэта ж нармальна, калі сын дапамагае араць, скародзіць. А ў калгасе, як толькі пачынаецца нарыхтоўка сена, мы хутчэй заскокваем на нашых саўрасак — і дапамагаць. Касцам ваду падвозіў, напэўна, яшчэ ў класе пятым, — расказвае пра сябе мясцовы прадпрымальнік, вялікі аматар каней Юрый Зямцоў, заснавальнік КФГ «Зямцоў».

Калі ў восьмым класе прыйшлі агітаваць паступаць у Клімавіцкі аграрны тады яшчэ тэхнікум, Юрый доўга не раздумваў. А што было сумнявацца, калі там якраз адкрылі конна-спартыўную школу. Пра алімпіяды і кубкі, прызнаецца, думкі не было, а вось тое, што зможа знаходзіцца бліжэй да сваіх улюбёнцаў, грэла. І спецыяльнасць ветэрынара выбраў з такім разлікам, што ў будучыні будзе ім дапамагаць. Пакуль вучыўся, сяброў знайшоў па інтарэсах, з некаторымі і зараз падтрымлівае сувязі.

Апошнія дзесяць гадоў суразмоўнік займаўся тым, што разводзіў коней як аматар, а два гады таму вырашыў зрабіць хобі справай жыцця. І зараз імкнецца да таго, каб бізнес быў на ўзроўні.

— А чаму не займацца? — паціскае плячыма Юрый. — Мясцовая ўлада падтрымлівае. Ды і ўмовы вядзення бізнесу задавальняюць. Калі аформіўся, былі паслабленні. Тры гады без падаткаў, з палівам дапамагаюць — адным словам, падтрымка вялікая. Выдзелілі зямлі 240 гектараў — больш узаром, болей атрымаем збожжа і сена. Для коней гэта асноўная ежа. Стварыў пяць рабочых месцаў, аднаму з такімі аб'ёмамі не справіцца. Ёсць надзейныя памочнікі. Адзін з іх — сябра Аляксандр Клачко з пасёлка Шырокі. У яго свая падсобная гаспадарка. Я яму дапамагаю, ён мне. Трактарыст Аляксандр Саўчанка з вёскі Сідараўка добра нарыхтоўвае кармы. Усе хлопцы майстры сваёй справы. Разам прасцей зарабіць. Калі адно аднаму дапамагаць, заўсёды лягчэй. Нехта сена нарыхтуе, нехта дапаможа з будаўніцтвам. Тым больш калі гаспадарка вялікая. Акрамя коней, напрыклад, вырошчваю яшчэ і бычкоў на продаж.

Зо­рач­ка — га­лоў­ная ў жа­но­чым «ба­таль­ё­не».

Аграсядзіба з сялянскім ухілам

У Гарадзецкай поўным ходам ідзе будоўля. Прадпрымальнік за адну базавую выкупіў былую пачатковую школу, якая некалькі гадоў пуставала. Непадалёк зроблена прасторная альтанка, дзе можна будзе добра правесці час у дажджлівае надвор'е. А вось у драўляным будынку школы плануе зрабіць вялікую банкетную залу і пакой для адпачынку.

Унутры кіпіць работа. Ужо зроблены каміны і вялікая руская печка. У печцы гарыць агонь, у памяшканні цёпла і прыемна пахне свежым дрэвам. Будучая банкетная зала ўражвае памерамі. Сцены, удакладняе гаспадар, будуць драўляныя, на адной з іх — карціна на ўсю шырыню. Уяўленне тут жа пачынае маляваць нешта ў сялянскім стылі. Пакой для адпачынку размесціцца ў другім крыле будынка. Зараз там пакуль што адзін камін, але з цягам часу з'явіцца мяккая мэбля. Дарэчы, работы яшчэ ідуць, а людзі ўжо цікавяцца: калі можна заязджаць? Чуткі хутка распаўсюджваюцца.

Побач цагляны будынак, да якога яшчэ рукі не дайшлі. Але ён у добрым стане. З часам у ім адкрыецца гасцініца. З вокнаў яе будзе адкрывацца маляўнічы від.

Пералескі мяжуюцца з сенажацямі, спіць пад лёдам маленькая рачулка. Прыгожа. Гаспадар прадбачліва паставіў лаўку, і нават не адну. Летам пейзаж разбавіць табун коней, глядзець на якіх можна таксама бясконца, як і на агонь у каміне.

— Вясной яшчэ некалькі лавак пастаўлю, зраблю альтанкі, — дзеліцца планамі Юрый. — Збіраюся добраўпарадкаваць парк. Разам з будынкамі школы мне далі для абслугоўвання каля гектара зямлі ў арэнду. Летась пасадзіў каля трох сотняў маладых хвоек. Будуць абараняць аграсядзібу ад ветру. Ды і пах цудоўны.

Звяртаю ўвагу на пафарбаванае ў белы колер дрэва пасярод сядзібы. Гэта што, такі дызайнерскі ход? «Збіраемся такім чынам звярнуць на сябе ўвагу буслоў, — усміхаецца прадпрымальнік. — Зробім на ім яшчэ і аснову пад гняздо». Для аховы аграсядзібы і коней Юрый збіраецца зрабіць гадавальнік для туркменскіх алабаяў. Гэтыя вартавыя сабакі вельмі яму падабаюцца.

Са­ні для ту­рыс­таў.

Сціплае абаянне ламавікоў

Каняферма знаходзіцца крыху далей ад аграсядзібы. Там таксама вядзецца будаўніцтва, узводзяцца камфартабельныя апартаменты для коней.

На падворку шчыруюць людзі ў будаўнічай форме, за іх перамяшчэннямі ляніва назірае туркменскі алабай Шаман. Убачыўшы нас, пазяхнуў і пачаў манатонна брахаць. На выгляд дабрадушны, але яго лепей не злаваць, параіў гаспадар.

На гаспадарчым двары заўважаю сані — амаль музейны экспанат. А побач новыя, зробленым рукамі таленавітага тутэйшага майстра Дзмітрыя Казлова. У фермера ёсць планы катаць гасцей на навагоднія святы.

У загоне адпачываюць коні. Каля іх завіхаецца Алег Чэкін. «Сена, вада, соль, авёс — галоўны рацыён нашых гадаванцаў, — кажа ён. — На гэтым і вырастаюць асілкі. Пакуль у нас восем жарабят, але хутка яшчэ будуць». Ён падзывае да сябе Марсэліту. Кабылка крыху саромеецца, але ж пазіруе для фота. І не хавае сваіх пачуццяў да канявода.

Цяжкавозы — менавіта тыя коні, на якіх робіць стаўку Юрый Зямцоў. Спартыўныя, вядома, прыгажэйшыя, але ім і догляд болей далікатны патрэбны. Цяжкавозы больш вынослівыя і амаль не хварэюць. У табуне Зямцова каля 30 коней гэтай пароды. Ёсць жаданне купіць яшчэ і ўладзіміраўскага жарабца для верхавой язды, ужо і перагаворы вядуцца.

Алег Чэ­кін і Мар­сэ­лі­та доб­ра ра­зу­ме­юць ад­но ад­на­го.

Прызнаюся, пасля сустрэчы з гэтымі веліканамі сімпатыі да іх у мяне дадалося. Асабліва ўразіў Рупар — гняды конь з доўгай чорнай чупрынай на вачах. Выгляд у яго як на карціне Васняцова з трыма асілкамі. Напэўна, менавіта на такім калісьці ездзіў Ілья Мурамец.

— Засталося купіць Рупару добрую збрую, і наогул прыгажун будзе, — кажа Юрый. — Плануем выездзіць некалькі коней, каб на святы катаць людзей.

Кабылкі пасуцца асобна. Кармоў для іх нарыхтавана з запасам, на мой погляд, не на адзін табун хопіць. «Дзяўчаты» спачатку на нас не рэагуюць. Потым адна з іх адрываецца ад ежы і накіроўваецца да гаспадара. «Гэта сяброўка Рупара», — знаёміць Юрый і ласкава дадае: — Зорачка. Адчуваецца, што яна галоўная ў гэтым жаночым «батальёне». За ёй падцягваюцца і іншыя — сівая, шэрая, рудая, руда-рабая. Ну якія ж яны прыгажуні, вока не адвесці. Здаецца мне, што бізнес у Юрыя добра пойдзе. Не захапіцца коньмі нельга. Абавязкова захочацца сустрэцца з імі яшчэ раз.

— Вельмі важна застацца менавіта на сваёй тэрыторыі і неяк яе развіваць. Малая радзіма — гэта вечнае, — дзеліцца напаследак думкамі Юрый Зямцоў. — Я нават вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі дэпутата. З людзьмі заўсёды быў у добрых адносінах, я ж тут раней ветэрынарам працаваў. Калі звяртаюцца, не адмаўляю. Вось павільён для жыхароў вёскі Мядзвёдаўка разам са сваімі работнікамі зрабіў. Я сябе знайшоў на радзіме і задаволены. Добра, дзе нас няма. З'язджаюць тыя, хто сябе на радзіме рэалізаваць не можа. Мы ж спраўляемся. Трэба ставіць мэту і дабівацца. А цяжкасці паўсюль можна знайсці. Я не гарадскі чалавек, мне даспадобы вёска.

Старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжаліка Гоман:

— Бізнес і ўлада ў нас у раёне добра супрацоўнічаюць. Робім стаўку на жывёлагадоўлю і лес. Ёсць прадпрымальнікі, якія займаюцца гэтым па-сур'ёзнаму. Наогул, для раёна ініцыятыўныя, актыўныя людзі заўсёды знаходка. А Юрый Зямцоў не толькі прадпрымальнік, ён яшчэ і дэпутат сельскага і раён-нага Саветаў. Заўсёды ідзе насустрач пажаданням насельніцтва. Як прадпрымальнік стварыў новыя рабочыя месцы ў рамках рэалізацыі Дэкрэта № 3. Важна, што такія людзі застаюцца ў раёне і займаюцца развіццём сваёй тэрыторыі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Стаўка на Рупара

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.