Вы тут

Ігар Петрышэнка: Трэба, каб да нас ехалі вучыцца, а не наадварот


«Узмацненне ўвагі да праблем адукацыі — агульнасусветная тэндэнцыя. Адукаваны чалавек, здольны самастойна асвойваць новыя веды, становіцца найважнейшай каштоўнасцю і асноўным капіталам сучаснага грамадства. Трэба крытычна і прынцыпова прааналізаваць стан спраў па ўсіх узроўнях адукацыі, выявіць праблемныя і «вузкія» месцы і намеціць план дзеянняў па ўдасканаленні і развіцці сістэмы адукацыі з улікам даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада, — заявіў на выніковай калегіі Міністэрства адукацыі намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА. — Прыцягвайце да гэтай работы вучоных, педагогаў-практыкаў, калі трэба, незалежных экспертаў. Але кожны крок павінен шырока абмяркоўвацца, бо мы не маем права на памылкі ў такой уразлівай для грамадства сферы, як адукацыя».


Ігар Петрышэнка звярнуў увагу на важнасць павышэння ў агульнаадукацыйнай школе якасці адукацыі па дысцыплінах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла і замежных мовах. «Трэба будзе таксама зрабіць падручнікі больш простымі для ўспрымання, павысіць эфектыўнасць арганізацыі шостага школьнага дня. Гэту работу неабходна завяршыць да пачатку новага навучальнага года. 1 верасня дзеці павінны вучыцца па абноўленых праграмах і падручніках», — сказаў віцэ-прэм'ер.

Урад неаднаразова звяртаў увагу на пытанні аснашчэння школ спартыўным інвентаром і абсталяваннем. «Сёлета для іх было цэнтралізавана закуплена 12 тысяч пар пластыкавых лыжаў, мацаванняў і чаравікаў. Але якая сітуацыя складваецца з інвентаром па летніх відах спорту? У якім стане знаходзяцца спартыўныя залы, школьныя стадыёны? Мяркую, не ўсё тут у нас добра», — канстатаваў віцэ-прэм'ер і прывёў статыстычныя даныя, паводле якіх забяспечанасць фізкультурным і спартыўным інвентаром у школах складае ўсяго 65 %, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 66 %, сярэдняй спецыяльнай — 57,2 %, вышэйшай — 51,1 %.

«Прыярытэтам у рабоце ўсіх устаноў адукацыі павінна стаць не толькі павышэнне якасці ведаў навучэнцаў, але і захаванне, умацаванне іх здароўя», — падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра. Ён даручыў Міністэрству адукацыі правесці маніторынг стану спартыўнай базы ўстаноў адукацыі, выпрацаваць разам са старшынямі аблвыканкамаў канкрэтныя планы па абнаўленні і ўмацаванні гэтай базы, адшукаць на гэтыя мэты патрэбныя сродкі.

Непакоіць віцэ-прэм'ера і высокі ўзровень траўматызму ва ўстановах адукацыі. Летась у краіне адбылося 67 выпадкаў траўматызму ў дашкольных установах і 741 выпадак — у школах, прычым 258 выпадкаў — на ўроках фізічнай культуры. «Я прашу разабрацца з забеспячэннем бяспекі дзяцей падчас іх знаходжання ва ўстановах адукацыі самым сур'ёзным чынам. Работа па прафілактыцы і папярэджанні няшчасных выпадкаў не павінна быць фармальнай. А мы, як правіла, пачынаем прымаць меры толькі пасля няшчасных выпадкаў, як гэта адбылося з катаннем дзяцей на цюбінгах», — канстатаваў Ігар Петрышэнка.

У цэнтры ўвагі павінна быць і канкурэнтаздольнасць нашай вышэйшай школы.

— Я не зусім разумею некаторую самазаспакоенасць рэктараў ВНУ. Сёння нашы суседзі (Польшча, Літва, Чэхія) пачынаюць актыўна прыцягваць на навучанне беларускую моладзь, прапануючы ім розныя ўмовы і прэферэнцыі, у тым ліку навучанне на англійскай мове, з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій. А мы глядзім на гэта, як староннія назіральнікі, — кажа Ігар Петрышэнка. — Трэба выпрацаваць прынцыпова новыя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу, прадугледзеўшы пашырэнне падрыхтоўкі на замежных мовах, прыцягваць выкладчыкаў вядучых замежных універсітэтаў, вопытных кіраўнікоў і спецыялістаў-практыкаў з найбольш паспяховых айчынных структур і арганізацый. Трэба, каб да нас ехалі вучыцца, а не наадварот.

Нацыянальная сістэма адукацыі павінна быць арыентаваная на патрэбы рынку працы. На думку намесніка прэм'ер-міністра, дзеючая мадэль прафесійнай адукацыі з'яўляецца недастаткова адкрытай сучасным патрэбам эканомікі,  рэдка прысутнічаюць такія формы навучання, як праектныя распрацоўкі, трэнінгі, стажыроўкі на вытворчасці і ў навукова-даследчых арганізацыях.

Адукацыйныя стандарты і праграмы распрацоўваюцца, як правіла, выкладчыкамі ўстаноў адукацыі і не ўлічваюць патрэбы рэальнага сектара эканомікі. Работа па іх пераглядзе не завершана, універсітэцкія вучэбныя дапаможнікі і падручнікі, як і школьныя, патрабуюць удасканалення. Ёсць прыклады, калі студэнтаў рыхтуюць па падручніках, выдадзеных яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. Вучэбна-метадычны савет павінен больш прынцыпова падыходзіць да адбору рукапісаў выданняў, якія рэкамендуюцца ў якасці вучэбных дапаможнікаў.

Ігар Петрышэнка агучыў вельмі важную і актуальную думку: «Трэба пераходзіць да шматканальнага фінансавання вышэйшай школы. На аснашчэнне лабараторый, фінансаванне навуковых даследаванняў, аказанне мэтавай падтрымкі адораных ці сацыяльна неабароненых студэнтаў, распрацоўку навуковых праектаў неабходна прыцягваць сродкі інвестыцыйных фондаў, спонсараў, развіваць пазабюджэтную дзейнасць».

Асобна намеснік прэм'ер-міністра спыніўся на пабудове лічбавай эканомікі, дзе адукацыі адводзіцца адна з ключавых пазіцый. Ужо некалькі гадоў у краіне рэалізуецца праект «Электронная школа», але толькі чвэрць устаноў адукацыі працуюць з электроннымі дзеннікамі і класнымі журналамі. Ёсць пытанне і з напаўненнем электронных адукацыйных рэсурсаў якасным кантэнтам, які б адпавядаў узроставым, псіхалагічным і ідэалагічным крытэрыям. «Не варта забываць, што нашы дзеці з пялюшак жывуць у лічбавым асяроддзі, — дадаў ён, — сістэма адукацыі будзе вымушана шукаць новыя формы ўзаемадзеяння педагогаў з навучэнцамі, укараняць новыя тэхналогіі навучання. І да гэтага трэба быць падрыхтаванымі ўжо сёння».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Жанчыну, якая здолела не толькі вярнуць дзіця з прытулку, але і далей выхоўвае яго, знайсці аказалася не проста. 

Грамадства

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Люты больш нагадвае пазачарговы вясновы месяц.

Грамадства

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву?

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».