Вы тут

Як аптымізуюцца школы на Віцебшчыне?


Пры аптымізацыі ўстаноў адукацыі на Віцебшчыне заўсёды прадумваюцца ўсе «за» і «супраць». За гэты час закрылі каля 220 школ і садкоў.


Кіраўнікі мясцовай улады абласнога і рэгіянальных узроўняў неаднаразова падкрэслівалі, што зачыняюцца ўстановы выключна там, дзе іх функцыянаванне не рацыянальнае. Маецца на ўвазе, калі вучняў вельмі мала, ёсць магчымасць перавесці на вучобу ў школы ў суседніх населеных пунктах. Калі трэба, прапануюць пражыванне ў прышкольных інтэрнатах...

Вялікі плюс аптымізацыі ў тым, што грошы, якія эканомяцца, выдаткоўваюць выключна на патрэбы сістэмы адукацыі. З гэтага года, дарэчы, фінансаванне залежыць ад колькасці вучняў. І школы павінны быць зацікаўленыя, каб дзяцей было больш.

У ліку іншага сэканомленыя грошы «акумулююцца» на пакупку камп'ютараў і іншага абсталявання, без якога нельга абысціся ў век «высокіх тэхналогій». Сёлета каля 80 % школ павінны функцыянаваць у рамках праекта «Электронная школа». Пакуль што лічбавымі сэрвісамі карыстаюцца больш чым у палове ўстаноў сярэдняй адукацыі.

Каб забяспечыць дастаўку дзятвы ў школы і ў населеныя пункты, толькі сёлета плануецца набыць больш за сорак школьных аўтобусаў. Акрамя іншага, запланавана сёлета абнавіць школьныя харчаблокі...

Што датычыцца педагогаў, па магчымасці ім прапаноўваюць новыя месцы работы ва ўстановах адукацыі. Дарэчы, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў на мінулым тыдні падчас семінара з удзелам народных выбраннікаў прапанаваў беспрацоўным настаўнікам станавіцца прыёмнымі бацькамі. І такім чынам яны будуць атрымліваць зарплату, а педагагічны вопыт стане гарантыяй усебаковага развіцця дзяцей, якіх яны будуць выхоўваць. Ідэя агучваецца між іншым не першы раз.

У пачатку новага навучальнага года ў Прыдзвінскім краі функцыянуюць 535 устаноў дашкольнай адукацыі і 376 школ, паведамілі ў галоўным статыстычным упраўленні Віцебскай вобласці. Адпаведна ў спісе дзяцей — 50,5 і 111,8 тысячы чалавек. Цікава, што колькасць першакласнікаў павялічылася на 1,7 % у параўнанні з пачаткам мінулага навучальнага года. Імі сталі 11,8 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак.

Што датычыцца будынкаў былых школ і садкоў, іх выкарыстанне павінна быць больш эфектыўным. За гэтым сочаць і ў Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласці. Летась нашага карэспандэнта ўзялі ў рэйд у школы, якія зачыніліся. У рэпартажы гаварылася, што за сем гадоў аптымізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі было закрыта больш за 210 школ і садкоў, пераважна ў сельскай мясцовасці. У 2018 годзе закрылі толькі сем устаноў адукацыі... Сярод іх — у вёсцы Пішчалава Аршанскага раёна, дзе пабываў журналіст з прадстаўніком кантрольнага ведамства. Дарэчы, за тое, што не быў забяспечаны кантроль за захаванасцю аб'екта нерухомасці, потым па прадстаўленні камітэта прыцягнулі да адказнасці трох асоб.

У выніку закрытую школу купіў бізнесмен, які ў населеным пункце валодае фірмай па вырабе прадукцыі з лячэбных траў. Цяпер дзякуючы прадпрымальніку ў спартыўнай зале займаюцца фізкультурай вяскоўцы. Астатнюю частку будынка плануецца выкарыстоўваць у вытворчых мэтах.

А школу ў вёсцы Кляны суседняга Дубровенскага раёна, дзе мы таксама пабывалі, калісьці выкупіў фермер, каб разводзіць гусей. Чамусьці не атрымалася. На сёння будынак школы не эксплуатуецца. На погляд супрацоўнікаў камітэта, кіраўнікам мясцовай улады трэба больш аддаваць увагі пытанню эфектыўнага выкарыстоўвання дзяржаўнай маёмасці. Усе будынкі павінны быць у добрай захаванасці, каб потым іх выкарыстоўваць у гаспадарчым абароце. Пытанне знаходзіцца пад пільным кантролем.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.