Вы тут

Маніторынг школьных «сталовак» выявіў парушэнні нормаў, завышэнне цэн


Міністр адукацыі Ігар Карпенка на калегіі міністэрства агучыў вынікі маніторынгу харчавання ва ўстановах адукацыі, які праводзіўся ў 2018 годзе. Сярод выяўленых недахопаў — парушэнні санітарных нормаў, завышаныя цэны, недаважкі.

Маніторынг закрануў 118 устаноў адукацыі розных відаў. «Выяўлены шэраг парушэнняў: адсутнасць кантролю за арганізацыяй харчавання з боку кіраўнікоў устаноў адукацыі, парушэнні санітарна-гігіенічных нормаў, адсутнасць альбо няякаснае вядзенне адпаведнай дакументацыі, завышэнне цэн на прадукцыю, якая пастаўляецца, і гатовыя стравы, недаважкі, недаўкладанні і іншае», — праінфармаваў міністр.

Ігар Карпенка адзначыў, што парушэнні дапускаліся, нягледзячы на тое, што былі распрацаваны пакрокавыя рэкамендацыі па арганізацыі харчавання. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 1 633 работнікі, з іх 339 — кіраўнікі, звольненыя 22 чалавекі.

Вывучаецца пытанне адносін бацькоў і навучэнцаў да арганізацыі школьнага харчавання. Вынікі апытання неадназначныя: 57,7 % школьнікаў і 61,2 % бацькоў адзначылі, што якасць іх задавальняе, незадаволеныя — 39 % і 24,2 % адпаведна. «Даследаванне пацвярджае, што на месцах недапрацоўваюць у арганізацыі харчавання, перш за ўсё кіраўнікі ўстаноў адукацыі», — канстатаваў міністр.

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што пытанні арганізацыі харчавання застаюцца на кантролі ўрада. Ён канстатаваў, што эфектыўная сістэма кантролю ў гэтай сферы пакуль што не створана. Таму даручыў Міністэрству адукацыі сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і МАРГ у першым паўгоддзі правесці маніторынг выканання даручэнняў урада па якасці школьнага харчавання і падаць свае прапановы, у тым ліку з ацэнкай работы кадраў.

Паводле БелТА

Загаловак у газеце: Смачна есці?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.