Вы тут

Калі прыйдзе прыродны газ у вёску Пагарэльцы Нясвіжскага раёна?


Прыродны газ у жылым доме — гэта камфорт, утульнасць. «Блакітнае паліва» здымае шмат праблем і клопатаў, асабліва ў жыхароў сельскай мясцовасці. У чалавека не баліць галава, як ацяпліць памяшканне, дзе здабыць дровы ды іх прывезці. Вядома, усё больш уладальнікаў жылля хочуць як мага хутчэй займець гэтую выгоду ў сябе. Але жаданні не заўсёды супадаюць з рэальнасцю і магчымасцямі...


Фота superarch.ru

«Так здарылася, што ў нашай вёсцы Пагарэльцы да гэта часу не праведзены газ, хоць ва ўсіх суседніх населеных пунктах і амаль ва ўсім Нясвіжскім раёне ёсць газавае ацяпленне. Магчыма, справа ў тым, што мясцовыя ўлады толькі ў ліпені гэтага года паведамілі жыхарам нашай вёскі аб Указе Прэзідэнта № 368, згодна з якім мы маем права на льготнае фінансаванне па газіфікацыі. Амаль адразу, 18 жніўня, быў створаны кааператыў «Пагарэльцы-2018». На раённым узроўні спачатку нас падтрымалі, членамі кааператыва сталі адразу 70 чалавек са 166 пражываючых. Затым — пасля яго рэгістрацыі — падалі заявы яшчэ 14 чалавек. Такім чынам, мець газ у сябе дома жадае ўся вёска Пагарэльцы», — піша наша чытачка Марына Еўдакімава.

Марына Фаустаўна скардзіцца, што, калі справа дайшла да выдзялення грашовых сродкаў на аплату дакументацыі, Нясвіжскі райвыканкам і агракамбінат «Сноў» адмовілі ў дапамозе.

Што датычыцца агракамбіната, то ў Пагарэльцах пражывае ўсяго некалькі яго работнікаў. Пераважная большасць жыхароў — пенсіянеры, былыя работнікі самых розных устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў. Некаторыя з іх у маладосці жылі і працавалі ў іншых гарадах, нават у іншых рэспубліках Савецкага Саюза. А з выхадам на заслужаны адпачынак вярнуліся на сваю малую радзіму ў бацькоўскія хаты.

— Чаму яны не маюць права палепшыць свае жыллёвыя ўмовы? — задаецца пытаннем Марына Еўдакімава. — Указ дзейнічае да 2020 года, бюджэтных грошай мала і на ўсіх не хопіць. Хутка будзе пабудавана атамная электрастанцыя, газіфікацыяй у дзяржаве займацца не будуць, вы проста не паспееце правесці газ да канца 2020-га,— такія адказы чуў старшыня нашага кааператыва, калі звяртаўся да мясцовых улад.

Зразумець хваляванні Марыны Фаустаўны можна. Землякі аказалі ёй высокі давер — выбралі дэпутатам Сноўскага сельскага Савета і ўскладаюць на народнага абранніка свае спадзяванні. А ў сваю чаргу Марына Еўдакімава імкнецца іх апраўдаць.

Мы звярнуліся ў Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт з пытаннем: ці могуць пасадзейнічаць членам кааператыва з Пагарэльцаў паскорыць працэс газіфікацыі. Там і рады дапамагчы, але ёсць заканадаўства, парадак чарговасці, якія ніхто не мае права парушыць.

Газіфікацыя эксплуатаванага жыллёвага фонду грамадзян ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Указам № 368 у парадку чарговасці. Згодна з Дзяржаўнай праграмай «Спрыяльнае асяроддзе і камфортнае жыллё», першым у чарзе стаіць спажывецкі кааператыў па газіфікацыі «Лань-Міцькавічы». Ён мае гатовую праектна-каштарысную дакументацыю на будаўніцтва газаправода высокага ціску, якая знаходзіцца на экспертызе. Рашэннем выканкама ад 1 кастрычніка 2018 года ўстаноўлена чарговасць праектавання і будаўніцтва аб'ектаў газаразмеркавальнай сістэмы для эксплуатаванага жыллёвага фонду грамадзян раёна на 2019 год. У пераліку два кааператывы — «Лань-Міцькавічы» і «Пагарэльцы-2018». Гэтае рашэнне накіравана ў Мінаблвыканкам для ўключэння ў пералік фінансавання праектавання і будаўніцтва вулічных размеркавальных газаправода (сярэдні ціск). Узвядзенне падводзячага газаправоду высокага ціску ажыццяўляецца за кошт рэспубліканскага бюджэту. Пералік такіх аб'ектаў фарміруецца штогод пасля прыняцця Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце» па хадайніцтве райвыканкама. У спіс уключаюцца аб'екты, якія забяспечаны праектна-каштарыснай дакументацыяй, а таксама фінансаваннем будаўніцтва вулічных размеркавальных газаправодаў (сярэдні ціск) у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта.

Да цяперашняга часу кааператыў «Пагарэльцы-2018» не вызначыўся з фінансаваннем на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва газаправода высокага ціску. Таму няма магчымасці ўключаць яго ў адпаведны пералік.

Ва ўнітарным прадпрыемстве «Мінскаблгаз» пацвердзілі, што да іх ніхто не звяртаўся па атрыманне тэхнічных умоў, без якіх немагчыма выканаць праектна-каштарысную дакументацыю. Спецыялісты растлумачылі, што паводле Указа № 368 праектаванне новых вулічных размеркавальных газаправодаў з газаправодамі-ўводамі для газіфікацыі ажыццяўляецца ў памеры 70 % — за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і 30 % — за кошт сродкаў грамадзян, якім жылыя памяшканні належаць на праве ўласнасці. Аднак гэты працэс не такі хуткі, як хацелася б, чарга ёсць чарга. Ці можна паскорыць справу? Можна, але ў тым выпадку, калі аб'яднаныя ў кааператывы грамадзяне ўносяць асабістыя грошы за ўсе работы. Аднак, як сведчыць ліст, у Пагарэльцах жывуць практычна адны пенсіянеры, якім цяжка знайсці сродкі нават на падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі. Як толькі члены кааператыва вызначацца з крыніцай фінансавання, справа зрушыцца з месца.

Наконт хвалявання нашай чытачкі, што з уводам у эксплуатацыю атамнай электрастанцыі праграма па газіфікацыі будзе згорнутая. Наадварот, у жыхароў Беларусі з'явіцца дадатковая магчымасць — адмовіцца ад дроў, торфабрыкету. Электрыфікацыя або газіфікацыя — гэта прыярытэты ў будучым развіцці. Эканоміка вызначыць і дасць магчымасць чалавеку выбраць крыніцу ацяплення, якая яму выгадная і больш зручная.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.