Вы тут

Абнаўленне школьнага аўтапарка — гэта патрабаванне часу


Аляксандр Жэбін абслугоўвае адзін з васьмі школьных маршрутаў Краснапольскага раёна, курсуе на жоўтага колеру аўтобусе па гарадскім пасёлку і крыху за яго межамі. Працоўны дзень пачынаецца з перадрэйсавага агляду, а ў сем гадзін раніцы ён ужо забірае дзяцей з прыгараднага пасёлка «Усход», які за некалькі кіламетраў ад школы.


На фота — аўтобусы, якія займаюцца падвозам дзяцей да Гарбавіцкай школы ў Чавускім раёне

— У аўтобусе на 22 месцы 18 чалавек плюс суправаджальнік — настаўнік школы, — дае ён справаздачу. — Дзяцей на маім маршруце не так многа, таму дастаткова аднаго рэйса раніцай у школу і яшчэ аднаго ў абед са школы. Галоўнае, каб у салоне ніхто з дзяцей не стаяў. Гэта адсочваецца строга. Усе едуць прышпіленыя рамянямі, і гэта кантралюе суправаджальнік.

Правілы перавозкі вельмі строгія, адзначае суразмоўнік. Тэхнічныя агляды транспартнага сродку трэба праходзіць двойчы на год. А вось калі ўзнікне неабходнасць ехаць у той жа Магілёў, прыходзіцца рабіць пазапланавы агляд.

У Краснапольскім раёне функцыянуе дзевяць школ і пяць дзіцячых садкоў, дзе вучацца і выхоўваюцца 1357 і 415 дзяцей адпаведна. Усяго ў раёне падвозяць 149 дзяцей (з іх 14 дзяцей-інвалідаў) з 27 населеных пунктаў. Падвоз ажыццяўляецца згодна з рашэннем выканаўчага камітэта, якое прымаецца штогод у канцы жніўня і зацвярджае маршруты, населеныя пункты, колькасць дзяцей. У раённым бюджэце плануюцца сродкі на абслугоўванне школьнага транспарту.

— Парк у нас новы, толькі адзін аўтобус працуе дзесяць гадоў, і сёлета за сродкі абласнога бюджэту плануецца яго замяніць, — адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Краснапольскага райвыканкама Надзея Сінкевіч. — Апошні раз школы ў раёне аптымізаваліся ў 2016 годзе. Для вучняў, а на дзве школы іх было 36, быў арганізаваны падвоз. Калі школу аптымізуюць, гэта не значыць, што ўзнікае неабходнасць у дадатковым транспарце. Проста адбываюцца змены ў руху — адным маршрутам можам падвозіць школьнікаў у некалькі ўстаноў.

Нараджальнасць, школы, аўтобусы — паняцці непарыўныя. Рэчаіснасць такая, што сёння колькасць сельскіх вучняў памяншаецца і школы на вёсцы вымушаны закрывацца. Вельмі дорага абыдзецца дзяржаве вучань, дзеля якога трэба трымаць штат настаўнікаў і эксплуатаваць асобны будынак. Аўтобусы з паметкай на борце «школьны» даюць магчымасць вырашыць гэтую праблему і з камфортам даставіць дзіця ў дзіцячы садок або школу. У Магілёўскай вобласці сёння курсуе 263 такія аўтобусы, іх паслугамі карыстаюцца 8296 дзяцей.

Па словах начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення фінансава-гаспадарчага забеспячэння ўстаноў адукацыі Юліі Кузьмянковай, праблем у сельскіх населеных пунктах з транспартам для падвозу дзяцей у школу і назад у вобласці няма. Летась за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў былі абноўлены 22 адзінкі транспарту, сёлета плануецца абнавіць яшчэ 24. Амаль 50 % школьных аўтобусаў, якія займаюцца дастаўкай дзяцей у школы вобласці, знаходзяцца ў эксплуатацыі ўсяго да пяці гадоў. Дарэчы, ёсць аўтобусы на 22, 27 і 31 месцы.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Сыранкоў:

— Аптымізацыя і рацыяналізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, якая праводзіцца ў рэгіёне, абумоўлена ў першую чаргу памяншэннем колькасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, нізкай напаўняльнасцю класаў, што не дазваляе ў поўнай меры задаволіць патрэбы насельніцтва ў адукацыйных паслугах. Галоўная задача аптымізацыі — зрабіць у кожным рэгіёне эфектыўную сетку ўстаноў адукацыі, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням і забяспечваюць высокую якасць адукацыі.

Адначасова з закрыццём малакамплектных школ паўстае пытанне дастаўкі вучняў да новага месца навучання. Бо кожнае дзіця, незалежна ад таго, дзе яно пражывае, павінна мець магчымасць атрымаць якасную сучасную адукацыю. У сельскай мясцовасці гэтая задача ўскладняецца тым, што школу і дом часам аддзяляюць кіламетры. Таму пытанне папаўнення і абнаўлення школьнага аўтапарка — гэта патрабаванне часу. Для гэтага ў Магілёўскай вобласці прымаюцца ўсе неабходныя меры.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: З дастаўкай на ўрок

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.