Вы тут

Амаль тысячу школьнікаў штодня возяць на заняткі ў Іванаўскім раёне


Вучэбна-педагагічны комплекс «Дзіцячы сад-сярэдняя школа» ў Дружылавічах — сярэдняя па велічыні ўстанова адукацыі па мерках цяперашняй палескай вёскі. Тут навучаецца 87 школьнікаў і 18 дашкольнікаў. Палову дзяцей падвозяць на заняткі школьным аўтобусам.


Кіроўца Сяргей Бучык, настаўніца Таццяна Райкевіч.

Тры рэйсы зранку і шэсць пасля абеду

За школай замацаваны асобны аўтобус. Кіроўца Сяргей Бучык паказвае сваю машыну жоўтага колеру з эмблемай Банка развіцця: крэслы мяккія, у салоне чысціня і парадак, зверху прымацаваны экран, на які можа трансліравацца відэа. На пасаду школьнага кіроўцы Сяргей Аляксеевіч прыйшоў у 2006 годзе, тады ж і атрымаў гэты аўтобус. Машына захоўваецца ў гаражы мясцовага сельгаспрадпрыемства. Заняткі пачынаюцца ў 8.30, да гэтага часу трэба зрабіць тры рэйсы.

Дырэктар школы Святлана ЛЯХАВЕЦ гаворыць, што сістэма падвозу, маршруты, прыпынкі даўно адпрацаваны. Дакумент на гэты конт зацвярджаецца ў райвыканкаме перад пачаткам кожнага навучальнага года. У іх выпадку аўтобус робіць першы рэйс у Шчакоцк, дзе забірае 20 дзяцей, потым з Замошша прывозіць 25 вучняў, і нарэшце шэсць школьнікаў дастаўляе з вёскі Трыліскі. Па дамах навучэнцаў развозяць два разы на дзень: спачатку пасля ўрокаў, потым вучняў з групы падоўжанага дня і дашкольнікаў з садка.

Ранкам дзяцей суправаджаюць дзве настаўніцы на змену, а пасля абеду малых і падлеткаў дастаўляе бацькам сацыяльны педагог Таццяна Райкевіч. Паводле слоў дырэктара, графік суправаджэння складаецца ў пачатку года. Гэта грамадскае даручэнне атрымліваюць мясцовыя настаўнікі. Бо некаторыя педагогі ездзяць на працу з горада, яны прывязаныя да раскладу грамадскага транспарту, і ім, вядома, было б вельмі нязручна. У калектыве на конт гэтага ёсць згода. «Усе мы разумеем, што адказваем за жыццё і здароўе дзяцей не толькі падчас урокаў, але і да самага вяртання дадому, — гаворыць дырэктар, — таму ніякіх пытанняў не ўзнікае. (Цікава, што размову аб рабоце па суправаджэнні на грамадскіх пачатках мы вялі 30 студзеня, а 31-га стала вядома, што педагогам за гэта даплацяць. — Аўт.)

Таццяна Райкевіч паказвае адмысловы сшытак, дзе яна кожны дзень адзначае вучня, які выйшаў на прыпынку каля свайго дома, у ім жа калега ранкам адзначыла, што вучань прыехаў на заняткі. Школьнікі выходзяць на прыпынку і бягуць дадому самі, выхаванцаў садка забіраюць бацькі ці дарослыя члены сям'і. Такі парадак. Цікава, што маршрут наведвання вёсак «плавае». Калі, скажам, сёлета першы рэйс аўтобус робіць у Шчакоцк, то налета ён зранку будзе ехаць у Замошша. Такім чынам, вучні з адной вёскі змогуць паспаць крыху больш, а на наступны год — з другой.

Конкурсы, алімпіяды, экскурсіі

Аўтобус для сельскай школы гэта не толькі своечасовая дастаўка на ўрокі. Гэта яшчэ магчымасць удзельнічаць ва ўсіх раённых мерапрыемствах, конкурсах, алімпіядах, а таксама экскурсійнай дзейнасці. Вось у наступную суботу запланавана паездка групы вучняў у Псышчаўскую школу на канферэнцыю па развіцці радыёэлектронікі, расказваюць настаўнікі, потым пачнуцца прадметныя алімпіяды.

— Наўрад ці мы паўдзельнічалі б у столькіх агульных справах, каб не былі на колах,— разважае дырэктар Святлана Ляхавец. — Добра памятаю тыя часы, калі вазілі вучняў на падобныя мерапрыемствы рэйсавым аўтобусам. Гэта ж трэба было паспець, падстроіцца пад расклад яго руху. А цяпер і аўтобусаў стала менш, у некаторыя вёскі яны ходзяць ледзь не раз на тыдзень.

Да таго ж усе памятныя мясціны свайго раёна з кожным класам аб'язджаем: музей Дастаеўскага ў Дастоеўскай школе, карцінную галерэю Напалеона Орды ў Варацэвічах, мотальскія музеі — грэх было б не ведаць славутасці малой радзімы. Таму перыядычна выбіраемся на экскурсіі.

Святлана Мікалаеўна родам з Дружылавіч, згадала, як крыху старэйшыя яе аднавяскоўцы хадзілі ў школу ў Дастоева за восем кіламетраў (гэта ў добрае надвор'е напрамкі), а калі ў абход, то і больш атрымлівалася. А дзеці і ўнукі іх маюць зусім іншыя ўмовы.

Абед — бясплатны

У Шчакоцку мы спыніліся каля першай хаты ад прыпынку. Насустрач выйшла гаспадыня, аказалася, шматдзетная маці — Любоў Валошына. У Любові Іванаўны трое школьнікаў — сямікласнік Улад, шасцікласнік Арцём і Яна, вучаніца 2 класа. Раней, калі сям'я пераехала ў гэты дом, дзяцей самі бацькі вазілі ў горад у школу, а з гэтага года перавялі ў Дружылавіцкую. Цяпер маці не нарадуецца: «Стала зручна, прыпынак каля самай хаты. Выбеглі ранкам, з акна бачаць, як аўтобус падыходзіць, і заехалі. З заняткаў прыехалі, нам не трэба ні адвозіць, ні забіраць. У суботу таксама ездзяць на секцыі, гурткі. Я іншым разам прапаноўвала дома застацца, не згаджаюцца, ім там падабаецца».

Любоў Іванаўна родам са Століншчыны. Таму не дзіўна, што на яе сядзібе ўстаноўлена некалькі радоў цяпліц. Разам з мужам яны займаюцца вырошчваннем агародніны. Работы хапае, а за дзяцей спакойныя. Тым больш што тыя заўсёды не проста дагледжаныя, але і смачна накормленыя. Усе вясковыя вучні атрымліваюць гарачы абед бясплатна. А дзеці са шматдзетных сем'яў на такіх жа ўмовах забяспечваюцца двухразовым гарачым харчаваннем, калі яны займаюцца ў групе падоўжанага дня.

Загадчык сектара аддзела адукацыі Іванаўскага райвыканкама Уладзімір БЭНДА расказаў, што ў гэтым навучальным годзе ў сельскія школы раёна арганізаваны падвоз 934 вучняў. Падвоз арганізуюць 18 аўтобусаў. Большая частка з іх захоўваецца на вытворчай базе ў Ляскавічах.

Па дарозе ў школу мы зазірнулі ў гэты вялікі гараж. Там стаяла некалькі аўтобусаў. Кіроўца Віктар Гарбацэвіч рыхтаваў сваю машыну да выезду. Віктар Аляксандравіч, як і яго калега з Дружылавіч, машыну атрымаў у 2006 годзе. Ёсць старэйшыя машыны, ёсць і навейшыя, парк іх увесь час папаўняецца.

Алена ДАРАГАКУПЕЦ, старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Працэс аптымізацыі сельскіх школ непазбежны. Невялікія школы закрываюцца. Летась у раёне закрылі адну школу, яшчэ адна рыхтуецца да закрыцця ў наступным навучальным годзе. Але дзяржава робіць усё, каб дзеці не адчулі нязручнасці, каб яны ў любое надвор'е заўсёды своечасова прыступілі да заняткаў. У адным толькі нашым раёне на падвоз дзяцей і забеспячэнне прадуктамі сельскіх школ траціцца 15 тон бензіну штомесяц.

Не так даўно пра сельскія школы давялося гутарыць з польскімі калегамі. У іх тыя ж праблемы. Яны, дарэчы, падвозяць дзяцей у школу нават за 60 кіламетраў. Там таксама ёсць школьныя аўтобусы, але гэта паслуга для бацькоў — платная. У нас жа затраты цалкам бярэ на сябе дзяржава.

Сістэма падвозу адпрацаваная гадамі і добра функцыянуе. Калі ж здараюцца скаргі альбо прапановы, то яны, як правіла, датычацца прыпынкаў. Скажам, бацькі просяць зрабіць прыпынак каля іх дома, нягледзячы на тое, што аўтобус забірае іншых школьнікаў на адлегласці, напрыклад, трох дамоў. Як правіла, у такіх выпадках хапае тлумачэння. Нярэдка аказваецца, што самі бацькі ў свой час хадзілі ў школу за некалькі кіламетраў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Прыпынак каля хаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».