Вы тут

Выпускнікі зніклай школы вырашылі захаваць дарагую сэрцу памяць


Так атрымалася, што Савініцкую школу ў Клімавіцкім раёне закрылі, калі ёй павінна было споўніцца 100 гадоў. Спачатку драўляная, потым цагляная — яна б прастаяла, напэўна, яшчэ столькі, калі б не чарнобыльская трагедыя. Вёска, а з ёй і школа перасталі існаваць у 1991 годзе. А ў 2015 годзе нечакана пачалося другое жыццё школы, гэтым разам у граніце. Каля сотні былых вучняў вырашылі захаваць дарагую сэрцу памяць. Помнік з'явіўся ў аграгарадку Ціманава, менавіта там у Доме культуры штогод збіраюцца былыя выпускнікі.


— Мы патрыёты, вось ужо будзе 11 гадоў, як рэгулярна сустракаемся кожную трэцюю суботу чэрвеня, — кажа выпускніца 1967 года Лідзія Антонава. — Нам самім ужо некаторым па 70 гадоў, нашы настаўнікі-франтавікі даўно пайшлі з жыцця, але мы з удзячнасцю іх успамінаем. Першы раз сабралася болей за 200 чалавек, але і зараз прыязджае не меней за 50. Некаторыя едуць нават з Амерыкі.

— Помнік прысвечаны Савініцкай школе і пачатковым, якія таксама сцёр з зямлі Чарнобыль — Гарадзешня 1-я, Студзянец, Дзяражня і Цітаўка, — удакладняе Валянціна Халадзінская (у школе Іванова). Менавіта яна адкрыла ў Мінску рахунак для збору сродкаў. А Лідзія Васілеўна Іванова (Шавялёва) займалася пытаннямі ўстаноўкі помніка школе, тэлефанавала землякам, пісала ім лісты. Дзякуючы яе намаганням была сабрана большая частка грошай. Яшчэ адзін выпускнік, Леанід Паўлавіч Цыркуноў, стаў сапраўдным біёграфам школы, дзе шмат гадоў працавалі настаўнікамі яго бацькі. Ён сабраў вельмі багаты архіў, у тым ліку і фота, прысвяціў установе і яе выпускнікам некалькі відэаролікаў.

Усе гэтыя людзі клапоцяцца, каб сустрэчы не прыпыняліся і школа працягвала жыць у памяці. Кажуць, што стасункі з дарагімі сэрцу людзьмі падаўжаюць жыццё. Ініцыятары школьных сустрэч у гэтым перакананыя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Памяць у граніце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.