Вы тут

14 лютага споўнілася б 70 гадоў Мікалаю Яроменку-малодшаму


Ён нарадзіўся ў Віцебску ў сям'і народных артыстаў Мікалая Яроменкі і Галіны Арловай, з маленства шмат бываў у тэатры, а таму лагічна абраў для сябе акцёрскі шлях, скончыў Усесаюзны інстытут кінематаграфіі і ў 20-гадовым узросце дэбютаваў у вялікім кіно — але вядомым стаў не дзякуючы бацькоўскай пратэкцыі, а па сукупнасці ўласнага таленту і рыс характару. Нездарма ж Яроменку-малодшага прызналі найлепшым савецкім акцёрам 1980 года, а праз некалькі гадоў ён атрымаў званні заслужанага, а потым і народнага артыста Расійскай Федэрацыі.  У дзень нараджэння акцёра і рэжысёра сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3» пакажа адну з апошніх яго кінаработ — фільм «Падары мне месячнае святло», а «Звязда» прапануе прыгадаць некалькі самых яркіх з больш чым 50 роляў Мікалая Яроменкі-малодшага.


Жульен Сарэль, «Чырвонае і чорнае» (1976)

У гэтай гістарычнай драме акцёр сыграў галоўную ролю — амбіцыйнага маладога чалавека, які прыязджае з правінцыі скарыць Парыж, але ў выніку праводзіць час у абдымках заможнай каханкі і здраджвае ўласным — былым — ідэалам.

«31 чэрвеня» (1978)

Мастак ХХІ стагоддзя Сэм Пэнці шукаў вобраз дзяўчыны для рэкламы і ўсё ніяк не мог злавіць музу. А калі атрымалася — убачыў у люстэрку і ўмудрыўся пакахаць дзяўчыну з далёкага мінулага — прынцэсу ХІІ стагоддзя Мілісэнту з каралеўства Перадор. Каб зберагчы сваё пачуццё, закаханым трэба падарожнічаць між двух сусветаў і супрацьстаяць злому чараўніку... Гэту фантастычную музычную казку, па чутках, чыноўнікі ад кіно доўгі час не хацелі выпускаць на экран, а песню «31 чэрвеня» нават забаранялі выконваць на сцэне — і тым не менш карціна знайшла шлях да гледача і палюбілася на доўгія гады.

«Піраты ХХ стагоддзя» (1979)

Брутальны старшы механік сухагруза Сяргей Сяргеевіч — не вытанчаны прыгажун, не летуценны рамантык, у вобразе якога гледачы запомнілі акцёра раней. У гэтым прыгодніцкім баевіку Мікалай Яроменка-малодшы сыграў героя, які хоць і не выратоўвае цэлы свет, але затое адбівае ў ліхадзеяў экіпаж і каштоўны груз карабля, практычна ў адзіночку распраўляючыся з піратамі. Ці варта здзіўляцца, што фільм стаў не толькі лідарам кінапракату ў 1980-м, але і адным з самых касавых у СССР, а Мікалай Яроменка — кумірам савецкіх гледачоў?

«У пошуках капітана Гранта» (1985)

Тут Яроменка — лорд Эдуард Гленарван, які знаходзіць запіску зніклага капітана Гранта і вырашаецца на кругасветнае плаванне, каб адшукаць чалавека, якога раней ніколі не бачыў, і дапамагчы яго дзецям... Скажыце толькі, што вы не пераглядалі ў дзяцінстве гэты шматсерыйны прыгодніцкі фільм па некалькі разоў!

«Сын за бацьку» (1995)

За гэты фільм, дзе акцёр таксама дэбютаваў у якасці рэжысёра, ён узяўся дзеля бацькі, які доўгі час нідзе не здымаўся. Атрымаўся выдатны сямейны і акцёрскі дуэт: Мікалай Яроменка-старэйшы сыграў пластычнага хірурга, які з прыходам жорсткіх рыначных адносін застаўся без работы, а Мікалай Яроменка-малодшы — яго сына Віктара, які дапамагае бацьку адкрыць прыватную клініку і разам з ім становіцца на шляху крымінальных аўтарытэтаў, якія жадаюць «падмяць» прыбытковы бізнес пад сябе.

«Падары мне месячнае святло» (2001)

Фільм Дзмітрыя Астрахана, дзе Яроменка-малодшы сыграў папулярнага тэлежурналіста, які заблытаўся ў стасунках паміж жонкай і каханкай, выйшаў на экраны пасля смерці акцёра, а прэм'ера яго на сочынскім фестывалі «Кінатаўр» суправаджалася скандалам. Так, у цітрах меладрамы адсутнічалі імёны рэжысёра і аўтара сцэнарыя — тыя адмовіліся ўносіць у карціну змяненні, прапанаваныя прадзюсарамі, пераключыліся на іншы праект і заявілі, што не будуць мець нічога агульнага з «прадзюсарскай» версіяй. Але, на шчасце, гэтыя пост-пракатныя разбіральніцтвы не паўплывалі на ўспрыманне гледачамі самога сюжэта карціны і сямейнай пары, якую сыгралі Мікалай Яроменка і Наталля Андрэйчанка.

Загаловак у газеце: Рамантык, супергерой і секс-сімвал савецкага кіно

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.