Вы тут

Пісьменнікі з розных краін сустрэліся ў Мінску


Ужо традыцыйна на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая праходзіць гэтымі днямі, адбываўся і міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Аўтары са шматлікіх краін сабраліся разам, каб абмеркаваць тое, што набалела кожнаму, каб падзяліцца агульнымі дасягненнямі. Гаварылі і пра сучасныя тэхналогіі — і іх службу літаратуры, — і пра складанасць выхавання маладога пакалення, і пра важнасць культурнага ўзаемаўзбагачэння розных краін.


Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў:

— Мы вельмі ўдзячны ўсім літаратарам, якія працуюць у рэгіёнах і прадстаўляюць беларускую літаратуру. Прыклад таму — некалькі кніг, якія выйшлі апошнім часам. Гэта анталогія беларускай літаратуры, што выйшла на рускай мове. Яна пабачыла свет і ў Чувашыі, і ў Татарстане. Адам Ахматукаеў актыўна прапагандуе беларускую літаратуру на старонках часопісаў, якія выходзяць у Чачэнскай Рэспубліцы. Варта адзначыць, што многія прадстаўнікі розных літаратур прадстаўлены ў беларускім альманаху «Далягляды». На яго старонках знайшла месца літаратура Злучаных Штатаў, Кітая, Расіі, Францыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Ізраіля, Сербіі, Эквадора, Украіны, Літвы, Азербайджана, Туркменістана, Узбекістана, Бангладэш і Венесуэлы. Гэта тыя творы, што былі перакладзены ў апошнія гады. Альманах нарадзіўся дзякуючы Марыі Кобец, Юліі Алейчанцы, Івану Чароту, Андрэю Касцюкевічу, Яне Явіч, Міколу Мятліцкаму. Дарэчы, апошняга варта віншаваць і з яшчэ адной перакладной кнігай — кітайскага паэта Ай Цінь.

Пра важнасць перакладаў і ўзаемаперакладаў гаварылі і іншыя ўдзельнікі сімпозіума. Так, астраханскі паэт, перакладчык Юрый Шчарбакоў расказаў:

— Мы з беларускім паэтам Міхасём Пазняковым пераклалі адзін аднаго. І абедзве кнігі нядаўна пабачылі свет. Гэта, гучна кажучы, прыклад тых самых гарызантальных літаратурных сувязяў, без якіх у наш час не абысціся. Я шчыра лічу, што сёння для літаратара няма больш важнай справы, чым удзел ва ўзаемапранікненні і ўзаемаўзбагачэнні літаратур, а значыць, і культур народаў.

Госць з Італіі, у сваю чаргу, расказаў, што ўжо пэўны час жыве ў Беларусі, таму паспеў напоўніцу спазнаць тут нашу гасціннасць. І гэта яшчэ больш натхніла яго на тое, каб па вяртанні папулярызаваць беларускую літаратуру ў сябе на радзіме.

— Я ўжо паўтара года жыву ў Беларусі. І кожны дзень з вялікім задавальненнем адкрываю шмат новых рэчаў і новых цудоўных якасцяў вашага народа, — адзначае Гафрэда Муратджа, паэт з Італіі. — З самага пачатку я адчуваў сябе вельмі добра. Хачу адзначыць, што такое паняцце, як гасціннасць, тут прысутнічае ў вельмі значнай меры — сустракаю яго ў душах усіх беларусаў. Таму, калі я вярнуся на радзіму, мне насамрэч будзе вельмі цікава паглядзець, а што ў Італіі ведаюць пра беларускую літаратуру? Думаю, што стымулам да гэтага паслужыць і цікавы вопыт удзелу ў міжнародным сімпозіуме літаратараў. Дарэчы, згадаўшы пра гасціннасць, я адразу задумаўся пра агульную канцэпцыю паняцця «пісьменнік і час». Я хачу крыху сказаць пра адносіны пісьменніка і часу ў Італіі. У нашай краіне даволі востра абмяркоўваецца, наколькі пісьменнік абавязаны быць прадстаўніком свайго часу з палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага, маральнага пунктаў гледжання? Пачынаючы ад Вергілія і да аўтараў нашага часу, заўсёды задавалася пытанне, наколькі пісьменнік павінен быць удзельнікам сучасных яму падзей? Не так даўно выйшлі два вялікія артыкулы вядомага італьянскага літаратуразнаўцы Сабіяна Веранэзі, якія акурат заклікалі пісьменнікаў выступіць фронтам вакол актуальнай для Італіі праблемы іміграцыі. Але і тут не ўсё адназначна.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Больш падрабязна пра міжнародны сімпозіум літаратараў чытайце ў заўтрашнім нумары «Звязды».

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».