Вы тут

Краіна і кніга. Кніга і чытач


Нямецкі літаратуразнаўца Вольфганг Ізер сцвярджаў, што аўтарскі тэкст робіцца мастацкім творам толькі падчас яго прачытання. Чытач — паўнапраўны ўдзельнік літаратурнага працэсу, бо, як і аўтар, удзельнічае ў стварэнні мастацкіх сэнсаў. Мастацкі твор — гэта не проста напісаны ці змешчаны ў кнізе тэкст, а тэкст, які чытаецца сучаснікамі ці нашчадкамі аўтара. Развагі пра тое, што адбываецца ў сучаснай беларускай літаратуры, часам варта пачынаць менавіта з чытача — дакладней, з камунікацыі паміж ім і аўтарам.


Тут варта адзначыць адну выдатную тэндэнцыю: на працягу апошніх гадоў беларуская літаратура стала нашмат больш прыветнай, камфортнай і прывабнай для шырокага чытача — у параўнанні з пачаткам ХХІ стагоддзя. У 2000-х гадах многія здольныя, таленавітыя і актыўныя аўтары пісалі рэчы, якія ўспрымаліся як надта брутальныя / змрочныя / іранічныя / інтэлектуальныя / выштукаваныя / рафінаваныя. Цалкам ігнаруючы канцэпцыі прадстаўнікоў амерыканскай і нямецкай рэцэптыўнай крытыкі, літаратары арыентаваліся на элітарысцкую стратэгію: сапраўдны творца ў найменшай ступені мае дбаць пра колькасць чытачоў, галоўнае — мастацкія здабыткі, шырокія магчымасці самавыяўлення ці сур’ёзныя, актуальныя ідэі. Пашырэнне элітарысцкіх поглядаў мела найперш «гістарычнае» тлумачэнне: 1990-я гады сталі часам адкрыцця новых літаратурных плыняў, напрамкаў, школ. Творцы атрымалі магчымасць пісаць абсалютна па-новаму, арыгінальна і нязвыкла. Гэта было цікава — і ў пэўным сэнсе меркантыльныя клопаты пра чытача падаваліся не вельмі істотнымі. Пры гэтым, як адзначала Ірына Шаўлякова-Барзенка, «многія літаратурныя з’явы, якія падаваліся надзвычай рэвалюцыйнымі, на самай справе былі спараджэннем не “сістэмы навацыйных тэндэнцый”, а хутчэй “постфактумам забароненых тэндэнцый”».

Элітарызм тагачаснай літаратуры вызначаўся таксама імкненнем аўтараў пакалення 90-х максімальна дыстанцыявацца ад сваіх папярэднікаў — савецкіх пісьменнікаў, якія пісалі доўгія, грунтоўныя эпічныя творы фармальна для самага шырокага чытача. Але насамрэч савецкія пісьменнікі таксама не маглі пахваліцца вялікай чытацкай аўдыторыяй, бо сталыя, працавітыя, сур’ёзныя беларусы, якім былі адрасаваны тэксты, або не мелі звычкі шмат чытаць, або не сачылі за літаратурным жыццём — і не ведалі пра кніжныя навінкі, якія незаўважна траплялі ў мясцовыя бібліятэкі. Што да рэальных чытачоў (якія заўсёды былі і будуць), то большасць з іх, не ўлучаныя ў беларускі культурны кантэкст, наўрад ці ў 1990-я гады паставілі на паліцу новую кнігу — побач з улюбёным Васілём Быкавым або Уладзімірам Караткевічам…

Нельга не адзначыць, што беларуская культурная сітуацыя доўгі час з’яўляецца ўнікальнай. Складана знайсці падобную краіну і, адпаведна, запазычыць у тамтэйшых пісьменнікаў стратэгіі поспеху. Напрыклад, яшчэ на парозе 1990-х гадоў Сяргей Кавалёў звяртаў увагу на тое, што жанры масавай літаратуры наўрад ці прыжывуцца ў беларускай культурнай прасторы. Бо чытач, які бярэ ў рукі кнігу на беларускай мове, не зацікавіцца лёгкім чытвом з банальным сюжэтам і шаблоннымі героямі.

У савецкі час знаходзіць паралелі было прасцей. Так, у артыкуле «Нулявая катэгорыя», прысвечаным праблеме запатрабаванасці беларускай літаратуры, С. Кавалёў успамінаў выступленне Уладзіміра Караткевіча на VII з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі: «Пачаў i скончыў ён (У. Караткевіч. — А. Л.) заклікам да калег пісаць дэтэктывы i прыгодніцкія раманы, як гэта рабілі славацкія, здаецца, пісьменнікі, калі сярод публікі раптоўна ўпала цікавасць да роднай культуры i літаратуры, узнікла пагроза страціць мову. I больш за ўсіх гаварылі тады пра становішча мовы i пра чытача, якога мы губляем, Быкаў i Караткевіч, пісьменнікі, якім страта чытача пагражае найменш...».

«Нельга не падзяліць трывогу найлепшых нашых пісьменнікаў за сённяшні стан беларускай літаратуры, звязаны са станам мовы i культуры ўвогуле. Нельга не заўважыць пэўную анамальнасць становішча нашай літаратуры, якая павінна побач з агульнасусветнымі, агульначалавечымі мэтамі ставіць сабе за першасную i найважнейшую задачу — змаганне за сваё рэальнае існаванне», — разважаў С. Кавалёў, звязваючы «рэальнае існаванне» літаратуры з шырокай цікавасцю да яе з боку чытачоў.

Выдатна, што ў беларускай культурнай прасторы ў апошнія гады з’явіліся літаратурныя праекты, якія шмат каго прывабілі і зацікавілі. Гэта нататкі Ромы Свечнікава пра кругасветнае падарожжа «Рома едзе», дзённік Андруся Горвата «Радзіва “Прудок”», зборнік вершаў Андрэя Хадановіча «Нататкі таткі», кнігі Ганны Янкуты пра ката Шпрота і разнастайныя таямніцы, знакамітая «Айчына» Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава, казка Льюіса Кэрала «Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса», перакладзеная на беларускую мову Верай Бурлак, кнігі Ксеніі Шталенковай, зборнік апавяданняў «10+10: Мінск», падрыхтаваны з самым дзейсным удзелам арганізатараў фестывалю «Горад і кніга». Як сведчаць вынікі конкурсу «Урокі сучаснасці», праведзенага нашай рэдакцыяй, нязменную цікавасць выклікаюць творы Алены Маслы, Андрэя Федарэнкі, Георгія Марчука, Людмілы Рублеўскай, Валерыя Гапеева.

Нельга не заўважыць, што большасць пералічаных праектаў альбо разлічаны на дзяцей, альбо адносяцца да літаратуры нонфікшн. Паспяховымі робяцца кнігі «для сямейнага чытання», якія выбіраюць (і набываюць) не столькі дзеці, колькі бацькі. Але галоўная якасць гэтых праектаў — іх абсалютная адкрытасць чытачу. Ёсць кнігі, якія чакаюць чытача, радуюцца яму, імкнуцца паведаміць менавіта яму нешта важнае і цікавае. Ёсць кнігі маналагічныя, самадастатковыя, індыферэнтныя да чытача — і ім нашмат больш складана ўзняцца з паліцы і патрапіць камусьці на вочы…

Сярод пералічаных аўтараў ёсць маладыя творцы, якія добра адчуваюць, што можа зацікавіць сучасную моладзь, ёсць аўтары сталыя, якія ахвотна ідуць насустрач чытачу. Вельмі сімпатычна, што літаратары, улучаныя пераважна ў праекты, разлічаныя на вузкую аўдыторыю, пачынаюць выдаваць кнігі для шырокага кола чытачоў. Бо цікавасць да аўтара, якая з’явілася дзякуючы «папулярнай» кнізе, можа прывесці да больш складаных яго твораў, да адкрыццяў у аспекце эстэтычным і аксіялагічным. Безумоўна, пошук уласнай літаратурнай стратэгіі — справа рызыкоўная, і часам хацелася б, каб рэакцыя літаратурнай супольнасці на пралікі і нават правакатыўныя ўчынкі была больш мяккая і ўзважаная.

На жаль, праблемнай застаецца камунікацыя з «дарослым» чытачом, бо колькасць імёнаў, якія гіпатэтычна могуць быць вядомыя шырокаму колу, наўрад ці сягае некалькіх дзясяткаў. Многія пісьменнікі трапляюць у пастку, якая засталася з савецкіх часоў: бачаць сваім імпліцытным чытачом добра вядомага працавітага, памяркоўнага, спакойнага беларуса, але не вельмі ўяўляюць, колькі такіх людзей бяруць у рукі кнігі сучасных айчынных пісьменнікаў і па якіх каналах атрымліваюць інфармацыю пра літаратурныя навінкі. У гэтай сферы шмат нявырашаных пытанняў, і вельмі хацелася б, каб дзеці і падлеткі, якія з рук настаўнікаў і бацькоў атрымліваюць яркія, прыгожыя, цікавыя кнігі, раслі разам са сваімі аўтарамі і з цікавасцю ставіліся да беларускай літаратуры. Вядома, для гэтага патрэбна вялікая супольная праца, дзе важны ўдзел абсалютна кожнага: пісьменніка, журналіста, крытыка, выдаўца, рэдактара, выкладчыка, маркетолага, і — найперш — актыўная пазіцыя ўжо існых зацікаўленых чытачоў!

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».