Вы тут

Чытацкае паляванне


Добрыя кнігі і навінкі літаратуры можна набыць з добрай скідкай — гэта важкі аргумент, каб наведаць выстаўку. На якія выданні звярнуць увагу, падказваюць літаратуразнаўцы:


Іван САВЕРЧАНКА, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы:

— Я як чалавек, які прысвяціў літаратуры ўсё жыццё, вельмі люблю час, калі ў Мінску пачынае працаваць кніжная выстаўка-кірмаш. Здавалася б, ведаеш, якія кнігі былі выдадзены ў мінулым годзе. Аднак у межах выстаўкі ёсць магчымасць іх параўнаць, ацаніць у атмасферы святочнасці.

Кожны набывае кнігі на свой густ. Але ж калі ў мяне ёсць шанс параіць, то я абавязкова б звярнуў увагу на зборнік твораў Міхася Зарэцкага і Андрэя Мрыя, выдадзены ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 2018 годзе. Гэта цудоўны зборнік, які дэманструе якаснае і моцнае слова двух інтэлектуальных і вельмі тонкіх пісьменнікаў. Нельга абысці ўвагай апошнія кнігі з серыі «Беларускі кнігазбор». Напрыклад, зборнік выбраных твораў Усевалада Ігнатоўскага, Леаніда Дайнекі, Канстанціна Тышкевіча і іншых. Увогуле, яшчэ абавязкова трэба будзе падчас выстаўкі разгледзець увесь кніжны асартымент, каб знайсці штосьці новае.

Ганна КІСЛІЦЫНА, доктар філалагічных навук:

— Штогод напярэдадні кніжнай выстаўкі-кірмашу я раблю свой спіс найлепшых кніг беларускіх аўтараў. Ім магу і падзяліцца. Сёлета назваць самыя важныя кнігі года асабліва цяжка, бо некаторыя выйшлі літаральна за некалькі дзён да навагодніх святаў. Праўда, некаторыя тэксты, так і не паспеўшы з’явіцца на паперы, патрапілі ў чытацкія рэйтынгі і занялі высокае месца.

Несумненна, адным з галоўных выданняў года можна лічыць кнігу паэта Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж». Сюды ўвайшлі пункціры — самы просты і адначасова самы лірычны жанр у творчасці паэта. Пункціры Разанава адрозніваюцца лёгкасцю, глыбінёй і парадаксальнасцю мыслення. Кніга Андрэя Федарэнкі «Сузіральнік» выйшла ў самым канцы года і стала сапраўдным сюрпрызам для аматараў павольнай, удумлівай прозы (апошні раз ён выдаваўся амаль пяць гадоў таму). Кніга складаецца з дзвюх аповесцяў, двух апавяданняў і двух эсэ. Перш за ўсё яна зацікаўлівае мовай — дакладнай, дэталёвай і паветранай.

Параю яшчэ кнігу Алены Бравы «Садомская яблыня», якая зусім не адпавядае святочнай атмасферы. Тым не менш гэта, несумненна, адна з самых моцных і запамінальных кніг года. Ну і нельга не згадаць цікавае выданне «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча» Зміцера Дразда, які за гады творчасці стварыў новы вобраз беларускай драматургіі, што адчуваецца ў гэтай кнізе. Мінулы год быў багаты на цікавыя і якасныя кнігі — наведнікам будзе з чаго выбіраць.

Алесь МАРЦІНОВІЧ, пісьменнік, літаратуразнаўца, крытык:

— Сёлета выстаўка будзе здзіўляць аматараў чытання разнастайнасцю выбару. Але ж я вельмі раю звярнуць увагу на кнігі з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», якая ўвосені папоўнілася кнігай пра Янку Маўра.

Мне да густу кнігі на гістарычную тэматыку, дзе падаюцца падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны. І лічу, что іх абавязкова трэба чытаць рознай аўдыторыі, каб быць дасведчанымі. Канкрэтныя выданні называць не буду, таму што іх з’явілася шмат за апошнія гады. Аднак параю прыходзіць да стэнда выдавецтваў «Беларуская навука» і «Беларусь», якія апошнім часам удзяляюць шмат увагі гістарычнай і краязнаўчай праблематыцы.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.