Вы тут

«...Як травінка, што прабіваецца да сонца»


Напрыканцы мінулага года былі падведзены вынікі Міжнароднага конкурсу «Першацвет» на лепшы твор сярод маладых аўтараў, які быў заснаваны ў 2016 годзе Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкім домам «Звязда» і выдавецтвам «Мастацкая літаратура». На гэты раз у ім удзельнічала больш за сто маладых літаратараў. Па выніках творчага спаборніцтва падрыхтаваны да друку альманах з аднайменнай назвай. Гэта ўжо трэцяе адпаведнае выданне з творамі 10 лепшых паэтаў і 10 лепшых празаікаў. Пра асаблівасці правядзення конкурсу наш карэспандэнт пагутарыў з галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» і сябрам журы Віктарам Шніпам.


— Ці адчуваюцца, на ваш погляд, нейкія зрухі ў літаратурным працэсе дзякуючы конкурсу?

— Конкурсы выяўляюць лепшых. Публікацыі, якія робяцца па выніках, — гэта пэўная колькасць імёнаў, пазнака якасці. З іх многія застануцца ў літаратуры. На сёння ёсць ужо 60 пераможцаў: па 30 паэтаў і празаікаў. Яны маюць публікацыі ў рэспубліканскім друку, нехта ўжо выдаў уласную кнігу, прыняты ў СПБ — час ідзе, змена рухаецца наперад, хоць і нялёгкім шляхам…

— У конкурсе ўдзельнічае моладзь. Ці не згасае ў пачаткоўцаў жаданне пісаць па-беларуску?

— Большасць піша па-беларуску. Колькасць не змяншаецца. Прычым калі параўноўваць вершы па-руску і па-беларуску, то апошнія — на больш высокім мастацкім узроўні.

— Пра што пішуць, што хвалюе?

— Большасць схіляецца да тэм, якія традыцыйна лічыцца складанымі — пра родную мову, пра любоў ды каханне. Але пра гэта ўжо напісана амаль усё нашымі папярэднікамі, і каб тут сказаць нешта новае, трэба вельмі пастарацца… Тэмы неканкрэтныя, як, уласна кажучы, і сама паэзія. Найперш вобраз, а потым праўда. Стварэнне свету, які жыве і пасля цябе, дзе вобразы і літаратурныя героі, якіх пазнаюць…

— Ці ёсць зусім юныя ўдзельнікі? Ці часта яны становяцца пераможцамі? Як увогуле рэагаваць, калі ты не аказаўся ў ліку лепшых?

— Сярод удзельнікаў ёсць і школьнікі. Але пры аднолькавым мастацкім узроўні перавагу аддаём тым, каму, дапусцім, 29. Бо маладыя яшчэ сваё возьмуць, у іх усё наперадзе, іх падтрымаюць. І калі ты не перамог, гэта не значыць, што пісаць не варта. Можа быць, цябе крыху не зразумелі… Трэба быць упэўненым у сабе — як травінка, што прабіваецца да сонца праз асфальт. Яна ж не пытаецца, прабівацца ёй ці не, — яна вылазіць да сонца. Так і творчы чалавек: павінен ісці да сонца, да чытачоў…

Для сапраўднага творцы гэтыя перамогі ці паражэнні не павінны шмат значыць, бо літаратура — не спорт, тут рэкордоў алімпійскіх не трэба. А працаваць варта няспешна. Не баяцца атрымаць і крытыку — гэта стасункі з чытачамі і калегамі па пяры, якія загартоўваюць і надаюць упэўненасці…

— Ці шмат маладыя азіраюцца на папярэднікаў?

— У сваёй большасці не азіраюцца, і гэта добра, бо тут праяўляецца самастойнасць. Але хочацца верыць, што падмацаваная яна веданнем сваіх папярэднікаў. Абавязкова трэба ведаць, хто быў да цябе!

Раней мы, маладыя, адразу ж прачытвалі кнігі, якія только выйшлі — мы маглі гадзінамі абмяркоўваць і цытаваць іх, седзячы ў скверы.

— Ці шмат сярод пачаткоўцаў схільных да эксперымента?

— Ёсць прыхільнікі і традыцыйных, і белых вершаў. Але санетаў, трыялетаў, тэрцын не пішуць.

— У чым для арганізатараў была складанасць правядзення конкурсу «Першацвет»?

— Найперш вельмі шмат удзельнікаў, якія амаль нідзе не друкаваліся, акрамя раённага друку ў лепшым выпадку. У іх няма настаўнікаў. Зразумела, што яны пазбаўлены магчымасці быць пракансультаванымі і паўдзельнічаць у літаратурнай вучобе. Ніхто са старэйшых нічога ім не параіў, таму ў многіх радках, з верша ў верш паўтараюцца памылкі. А некаторыя ўдзельнічаюць трэці раз — з моманту заснавання конкурсу. Але... На жаль, росту не адбылося. Яны лічаць, што ім увогуле ніхто не патрэбны, бо яны і так пішуць добра. Хтосьці прывык да дзеяслоўных рыфмаў, хтосьці выкарыстоўвае «ў» пасля зычных ці «у» пасля галосных. Ім своечасова не падказалі, што гэтыя месцы слабыя, яны і прызвычаіліся…

— А што б вы як рэдактар, праз чые рукі праходзяць творы шматлікіх канкурсантаў, параілі б маладым пісьменнікам?

— Той, хто хоча звязаць сваё жыццё з літаратурай, хай не баіцца хадзіць па рэдакцыях, каб атрымаць слушную параду, — кожны з супрацоўнікаў там чалавек невыпадковы, і любая кансультацыя — гэта пэўная дапамога. Кожны з нас так рабіў у маладосці. Мне ў свой час параіў Пятрусь Макаль: «Слухай усіх, але розум свой май, адчувай… Бо і мы можам памыляцца».

Гутарыла Яна БУДОВІЧ


У суладдзі з творчай пульсацыяй

Варта толькі адчуць сваё пакліканне да творчасці, як рэаліі навакольнага свету быццам страчваюць абрысы, размываюцца, а становіцца існым нешта зусім іншае — метафізічная пульсацыя, з якою душа ўваходзіць у поўнае суладдзе. Маладыя творцы, якія перажылі свае першыя радасці, сутыкнуліся з пэўнымі творчымі пакутамі ў стасунках з чыстым аркушам і сталі пераможцамі ў сёлетнім конкурсе «Першацвет», у межах ХХVI Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу будуць урачыста прэзентаваць альманах з аднайменнай назвай.

Конкурс ладзіцца ўжо трэці раз. Аб’яўлены Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкім домам «Звязда» і выдавецтвам «Мастацкая літаратура» ў 2016 годзе, ён меў статус рэспубліканскага, але адразу ж стаў міжнародным — творы дасылалі і з Расіі, і з краін былога СНД. Ужо вядома, што сярод сёлетніх удзельнікаў ёсць нават асоба небеларускага паходжання, чые творы, напісаныя па-беларуску, не менш цікавыя і таленавітыя, чым у айчынных калег па пяры.

Дасланыя на конкурс творы вылучаюцца надзвычайнай жанравай разнастайнасцю. Так, акрамя традыцыйных форм — апавяданняў і сілаба-танічных вершаў, былі прадстаўлены казкі, міні-аповесць, вершаваны цыкл, верлібры, белыя вершы, якія карыстаюцца ў літаратурным моладзевым асяродку папулярнасцю. Але, на думку сяброў журы, уражанне, што ў нерыфмаваных вершах значна прасцей самавыявіцца, — павярхоўнае. Калі адпаведнае імкненне ды жаданне паэтычна пахуліганіць не кантраляваць, можна прыйсці і да адсутнасці стрыжнёвай думкі... А ўвогуле, калі чалавек усведамляе сябе творцам, ён мусіць разумець, што гэта адказны выбар, які скіроўвае на шлях, поўны не толькі авацый, але і выпрабаванняў. Хай кожная публікацыя маладых будзе новым рашучым крокам на гэтым шляху...

Яна БУДОВІЧ


Што рабіць, калі я пішу?

Гэтым пытаннем задаецца любы аўтар на пачатку свайго творчага шляху. Нягледзячы на тое, што праца пісьменніка вельмі асабістая, кожны, хто піша, нават «для сябе», хоча, каб яго творчасць знайшла свайго чытача. Дык што рабіць, калі я пішу?

Першае, што прыходзіць у галаву, асабліва калі вучышся на нейкай гуманітарнай спецыяльнасці (або ў школе) — падысці да свайго настаўніка па літаратуры. Яны нярэдка адыгрываюць ролю першых рэцэнзентаў для таленавітых людзей. Яшчэ адзін класічны варыянт — літаратурныя аб’яднанні ў навучальных установах, у якіх можна знайсці не толькі чытачоў, але і аднадумцаў. Але наўрад ці гэтага будзе дастаткова таму, хто сур’ёзна ставіцца да сваёй творчасці і хоча развівацца.

Найбольш лёгкі спосаб праверыць сваё майстэрства — конкурсы. Першы крок — універсітэцкія праекты. Напрыклад, на факультэце журналістыкі БДУ кожны год праводзяцца конкурс «БрамаМар» для студэнтаў любых ВНУ і старэйшых школьнікаў і міжуніверсітэцкі паэтычны форум, падчас якога аўтары дэкламуюць свае вершы. Сапраўды, самы моцны спосаб праверыць творчую трываласць — быць пачутым у літаральным сэнсе.

У Мінску дастаткова магчымасцяў для маладога пісьменніка, асабліва паэта, выступіць перад сапраўднай, жывой публікай і адразу атрымаць водгукі.

Адзін з найбольш вядомых праектаў — адкрыты мікрафон «Дрэнныядобрыя вершы». Трапляе туды, вядома, не кожны, каму захацелася, але гэта не так складана. Адбор адбываецца ў сацыяльнай сетцы. Яшчэ адзін праект, дзе можна пачуць не проста водгукі, а сапраўдную крытыку ад кваліфікаванага журы, — паэтычнае шоу «Эшафот». Склад журы ўвесь час мяняецца, але «Эшафот» зарабіў сабе рэпутацыю месца, дзе крытыкуюць жорстка, не падбіраючы далікатных слоў. Добра гэта ці дрэнна, але ахвотнікі праверыць сваю трываласць пад шквалам каверзных пытанняў заўсёды знаходзяцца.

У 2019 годзе на фестывалі імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» ўпершыню будзе арганізавана моладзевая сцэна. Фестываль «Сусветны дзень паэзіі», створаны расійскай паэткай Стэфаніяй Данілавай, будзе праводзіцца ў Мінску ўжо другі раз. У мінулым годзе ён сабраў дастаткова гледачоў.

На любую імпрэзу можна падаць заяўку і рана ці позна трапіць на сцэну. Галоўнае ў такіх праектах тое, што публіка тут вельмі блізкая да выступоўцаў — маладыя людзі, якім блізкі светапогляд аўтараў, якія падзяляюць іх цікаўнасць да літаратуры. І пры гэтым кожны з залы можа быць даволі аб’ектыўны ў ацэнках і параіць пачаткоўцу штосьці слушнае.

Але першы адказ на пытанне «Што рабіць, калі я пішу?» павінен быць: «Ісці ў бібліятэку ці кнігарню». Бо маладому пісьменніку, каб дасягнуць узроўню сапраўднага майстэрства, неабходна быць уважлівым і цікаўным чытачом.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».