Вы тут

Стаўка рэфінансавання пакуль не мяняецца


Аб гэтым паведаміў на брыфінгу старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур пасля штоквартальнага пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы.


Два асноўныя рашэнні

Ён, у прыватнасці, зазначыў, што праўленнем прыняты два ключавыя рашэнні. Першае — захаваць нязменнымі стаўку рэфінансавання і стаўку па пастаянна даступных аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў. Гэта 10 і 11,5 працэнта гадавых адпаведна.

Другое з'яўляецца, хутчэй, тэхнічным: павысіць з 13 лютага гэтага года стаўку па дэпазітах авернайт на 0,5 працэнтнага пункта да 8,5 працэнта гадавых. Дадзенае рашэнне прынята ў рамках планамернай працы па зніжэнні валацільнасці (зменлівасці) працэнтных ставак на крэдытна-дэпазітным рынку. Цяпер калідор працэнтных ставак па аперацыях рэгулявання ліквіднасці стане сіметрычным адносна стаўкі рэфінансавання. Гэта дазволіць узмацніць значнасць апошняй у механізме грашова-крэдытнай палітыкі.

Унутраны попыт на інфляцыю не цісне

Пры прыняцці рашэння аб стаўцы рэфінансавання кіраўніцтва рэгулятара імкнулася ўлічыць увесь спектр знешніх і ўнутраных умоў, якія ўплываюць на дасягненне мэтавага параметра па інфляцыі на 2019 год.

Летась пры вызначанай мэце не больш за 6 працэнтаў мы дасягнулі 5,6 працэнта. Цяпер стаіць задача пакінуць інфляцыю па выніках года ў межах 5 працэнтаў. Калі шэраг унутраных фактараў кажа аб магчымасці асцярожнага зніжэння працэнтных ставак, то знешнія ўмовы паказваюць нявызначанасць і цягнуць за сабой адпаведныя рызыкі.

«Мы бачым, што з боку ўнутранага попыту адсутнічае значны інфляцыйны ціск», — заявіў Павел Калаур. Паводле яго слоў, эканамічны рост паступова запаволіўся пасля завяршэння фазы аднаўлення. Набывае больш умераны характар спажывецкая актыўнасць.

Рэальны курс беларускага рубля застаецца на сваім раўнаважным узроўні. Працэнтныя стаўкі адпавядаюць макраэканамічнай сітуацыі, улічваюць рызыкі з боку знешніх шокаў і ўзровень інфляцыйных чаканняў. Дынаміка грашовага прапанавання, з аднаго боку, забяспечвае падтрыманне цэнавай стабільнасці, а з другога — не аказвае стрымліваючага ўплыву на дзелавую актыўнасць.

Дарагое мяса і рост заробкаў

Разам з тым ёсць шэраг фактараў, якія з'яўляюцца праінфляцыйнымі, лічыць старшыня праўлення.

Напрыклад, неспрыяльная кан'юнктура рынку сельскагаспадарчай прадукцыі, якая прывяла да паскоранага росту цэн на мяса. Адбіваецца хуткі рост заработных плат у канцы
2018 года. Уплыў на інфляцыю назіраецца з боку павышэння ўнутраных цэн на паліва, якое ў тым ліку прывяло да павелічэння выдаткаў вытворцаў.

У той жа час, на думку экспертаў Нацбанка, уплыў дадзеных фактараў з'яўляецца часовым. Іх дзеянне захаваецца ў пачатку гэтага года. Паводле ацэнак, інфляцыя ў першай палове года будзе перавышаць усталяваны на 2019 год мэтавы параметр. Гэта звязана з тым, што негатыўны ціск з боку часовых фактараў, якія ўжо дзейнічаюць, не знікне ў адно імгненне. Хоць паступова іх уздзеянне будзе згасаць.

Паводле ацэнак Нацбанка, праінфляцыйны ўплыў шоку цэн на мяса і мясапрадукты сыдзе да другой паловы бягучага года. «У пацвярджэнне гэтага мы ўжо назіраем некаторае запаволенне інтэнсіўнасці росту цэн на тавары дадзенай группы».

Што датычыцца заработнай платы, то пасля высокіх тэмпаў яе росту ў канцы 2018 года далейшы рост чакаецца на ўзроўні, які адпавядае павышэнню прадукцыйнасці працы. Таму дадзены фактар не будзе мець працяглага інфляцыйнага эфекту.

Такім чынам, дзеянне часовых і кан'юнктурных інфляцыйных фактараў у другой палове года будзе сыходзіць. На фоне збалансаванага росту ўнутранага попыту грашова-крэдытная палітыка захавае свой нейтральны характар. У выніку інфляцыя замарудзіцца да значэнняў, вызначаных мэтавым параметрам.

Але істотны ўплыў на інфляцыю аказваюць знешнія фактары. Гэта павышаны інфляцыйны фон у Расіі ў сувязі з павелічэннем ПДВ. У той жа час ціск на нашы цэны ад расійскай інфляцыі будзе зніжацца, паколькі, па нашых меркаваннях і па прагнозах Банка Расіі, рост цэн замарудзіцца ў другой палове 2019 года.

Аднак нельга выключыць пагаршэнне эканамічнага становішча ў гэтай краіне, перш за ўсё з-за развіцця сітуацыі з санкцыямі ў дачыненні да яе эканомікі. Магчымы адток капіталу можа прывесці да паслаблення расійскага рубля, што стане фактарам паскарэння інфляцыйных працэсаў у Расіі.

Па рублёвых дэпазітах — ужо без абмежаванняў

Каментуючы рашэнне Нацбанка аб зняцці абмежаванняў гранічных працэнтных ставак па рублёвых дэпазітах, Павел Калаур адзначыў, што гэта «можа прыводзіць да розных сітуацый». «Але мы не чакаем нейкага значнага адхілення або вагання працэнтных ставак», — дадаў ён.

Рынак павінен сам вызначаць раўнаважны ўзровень ставак. Асабліва гэта датычыцца нацыянальнай валюты, для таго каб належным чынам працаваў трансмісійны механізм грашова-крэдытнай палітыкі. Гэта трэба таксама для таго, каб кіраўніцтва Нацбанка магло прымаць адпаведныя правільныя рашэнні па стаўцы рэфінансавання і па іншых працэнтных стаўках.

«А па валютных укладах, мы лічым, на дадзеным этапе заўчасна адмяняць гэтыя рэкамендацыі па абмежаванні гранічных працэнтных ставак. Паглядзім, як рынак будзе працаваць далей з гэтым механізмам», — сказаў старшыня праўлення.

Давер трэба заслужыць

І яшчэ. Фінансавы рэгулятар пачаў распрацоўку стратэгіі павышэння даверу да нацыянальнай валюты.

Яна прадугледжвае ў абавязковым парадку і адказнасць Нацбанка па забеспячэнні фінансавай стабільнасці. Гаворка ідзе аб павелічэнні долі нацвалюты ў разліках і ў балансах камерцыйных банкаў.

Павел Калаур адзначыў, што заўчасна казаць аб крытэрыях, якія будуць вызначаны ў стратэгіі. «Пакуль зафіксавалі адзін паказчык: аб'ём крэдытаў у нацыянальнай валюце павінен быць не меншы за 50 %», — удакладніў ён.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.