Уладзіміра Мулявіна няма сярод жывых ужо 16 гадоў. Чым далей мы ў часе, тым лепей разумеем і значнасць асобы, і тое, што насамрэч мала ведалі, мала цанілі. Разумеем, што загадка, тайна гэтага творцы так і не разгаданыя. Як і чаму хлопец са Свярдлоўска стаў вялікім чалавекам для беларускай культуры, для Беларусі? Чаму менавіта ён? Праз паўстагоддзя мы слухаем старыя запісы «Песняроў», і сэрца абмірае ў новым захапленні: як так можна было ў тыя часы? І адкуль гэта ўзялося, чаму нікім больш не паўтарылася? А чалавек быў, здаецца ж, навідавоку, на экранах, у эфірах, у прэсе. Пра скандалы і трагедыі апошніх гадоў дзесяці асабліва многа пісалі. Але пакаленні мяняюцца, і Уладзімір Мулявін са сваёй мудрай усмешкай на вядомым фотапартрэце становіцца класікам, фігурай кананічнай — Геніем, адлітым у бронзе. І кнігі, і артыкулы пра яго часта пішуцца менавіта ў такім «падручнікавым» тоне — пра дасягненні, здабыткі, поспехі і фанфары. Ці ж ужо пра скандалы. Жывы чалавек за гэтым губляецца.
Мне пашчасціла быць знаёмай з гэтым чалавекам, пашчасціла вырасці на гэтых песнях, любіць іх дагэтуль і насамрэч нешта ведаць пра гісторыю ансамбля. Але кнігу «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недаказанае…» і я чытала не толькі з захапленнем, але і з некаторым здзіўленнем: не казалі пра гэта, не пісалі. За энцыклапедычнымі радкамі пра Мулявіна накшталт «Свярдлоўск, служба ў арміі ў Мінску, “Лявоны” —“Песняры”, першая пласцінка, усесаюзны конкурс, гастролі…» хавалася простае і няпростае чалавечае жыццё, з якога нарадзіліся і славутыя песні, і легендарны калектыў.
Два гады таму свет убачыла кніга, створаная дачкой песняра Марынай Мулявінай і музыказнаўцам Вольгай Брылон. І гэта была ўжо трэцяя кніга ад розных аўтараў успамінаў пра Уладзіміра Мулявіна, але самая прыватная, асабістая, з адкрыццём мноства невядомых фактаў і старонак жыцця. Кніга пра чалавека, які стаў геніяльным музыкантам. Па часе гісторыя абмежаваная: ад дзіцячых гадоў да разводу з першай жонкай Лідзіяй Кармальскай, а гэта 1975 год. Калі былі ўжо ўсесаюзная слава, першыя пласцінкі, лепшыя песні.
А Лідзія Кармальская — не проста імя ў біяграфічным артыкуле пра славутага артыста, не проста першая жонка, а нават, як высвятляецца, удзельніца ВІА «Песняры», адна з яго стваральнікаў і натхняльнікаў. І цяпер гісторыя калектыву будзе правіцца, будуць дадавацца факты. Лідзія — сама папулярная артыстка, якая на пачатку пераўзыходзіла ў вядомасці мужа, гэта ён ездзіў за Лідзіяй па філармоніях, ёй акампаніраваў у эстрадных праграмах.
Кніга — гэта і гісторыя кахання, і гісторыя сям’і, і гісторыя ў тым ліку нашай беларускай музыкі. Бо «Песняры» тады і ствараліся, і рабіліся славутымі. А Лідзія Кармальская — унікальная артыстка, што працавала ў жанры мастацкага свісту, выступала з «Песнярамі» на сцэне да 1974 года. Выступала яшчэ да сёмага месяца цяжарнасці сынам Валодзем. Неўзабаве пасля яго нараджэння Мулявін сям’ю пакінуў дзеля іншай жанчыны.
Праз успаміны многіх людзей, што ў тыя часы працавалі і сябравалі з сям’ёй Мулявіных, адкрываецца невядомая нам гісторыя, якую можна чытаць і як захапляльны раман. Але чалавечае цесна пераплецена з творчым, бо ў той сям’і ўсё было аб’яднана — і мы па дэталях можам прасачыць, як гартаваўся вялікі ў будучыні музыкант, як з таленавітага віртуознага гітарыста вырастаў кампазітар, спявак, знаўца беларускага фальклору, фанат паэзіі Янкі Купалы, з якіх пачуццяў нараджаліся славутыя песні. І, канешне, мы адкрываем для сябе асобу Лідзіі Кармальскай — яскравай прадстаўніцы беларускай эстрады тых часоў. Тады небагата было тэлездымкаў, радыёзапісаў, нямногае захавалася для гісторыі. Затое была неверагодная колькасць жывых канцэртаў, былі гастролі па паўгода, і ў Беларусі працавала многа бліскучых эстрадных артыстаў. Праз расказы з гэтай кнігі шмат хто даведаецца ўпершыню і пра тое, якой цікавай была наша папулярная музычная сцэна, якія дзіўныя і арыгінальныя спевакі, і не толькі спевакі, на ёй выступалі — нават экстрасенс і паслядоўніца Вольфа Месінга прадстаўляла беларускую філармонію! І Мінск мяжы 60—70-х гадоў прыгадаецца з цёплымі настальгічнымі дэталямі. І цэлая плеяда потым славутых у Савецкім Саюзе музыкантаў, што ігралі з Уладзімірам Мулявіным падчас службы ў войску, і байкі з гастроляў і канцэртаў. І трагічная гісторыя гібелі ў Ялце Валерыя Мулявіна. І аванцюра з пакупкай гітары ў музыканта ансамбля легендарнага іспанскага спевака Рафаэля, калі той гастраліраваў у Савецкім Саюзе, і многае іншае.
Але найперш у памяці застанецца сямейная, чалавечая гісторыя. Вялікая частка ў кнізе аддадзена дзяцінству, юнацтву Уладзіміра Мулявіна. А там свая драма, свае тайны. Падчас напісання кнігі аўтарамі праводзіліся сур’ёзныя архіўныя росшукі. І ўпершыню — менавіта ўпершыню! — мы даведаліся пра расійскае дзяцінства беларускага песняра. Больш за тое, у працэсе стварэння кнігі сама дачка Марына адкрыла невядомыя ёй факты сямейнай гісторыі. З архівамі працавалі і ў тых гарадах, дзе выступалі да Мінска Мулявін з Кармальскай, — у Томску, Чыце, Калінінградзе, Кемерава… І таксама здараліся адкрыцці.
Канешне, кніга неверагодна каштоўная мноствам не проста рэдкіх, а выключна рэдкіх архіўных фота: і Уладзімір Мулявін рознага ўзросту, і яго маці, яго брат з сястрой, маленькая дачка, Лідзія Кармальская, артысты, з якімі працавалі, філармонія, канцэрты. Нават проста паразглядаць кнігу і пачытаць подпісы цікава. Унікальнасці выданню дадае асобны раздзел — перапіска Лідзіі і Уладзіміра, самі арыгінальныя лісты, дзе пясняр называецца «Лёцем» (так яго клікала толькі жонка Лідзія), а яна — «Лідушкай».
Кранальныя ўспаміны дачкі, вясёлыя ўспаміны армейскіх сяброў, месцамі рэзкія, але шчырыя словы спявачкі Нэлі Багуслаўскай, расказ пра найцікавейшыя прафесійныя моманты ад калег. Упершыню за ўвесь час дзеля гэтай кнігі выказаўся і Уладзіслаў Місевіч, ягоная глава называецца «Жыццё не-святых» — калі казаць, дык праўду. Больш за тое, цяпер, праз два гады, і Місевіч, чалавек, які больш за ўсіх працаваў з Уладзімірам Мулявіным у «Песнярах» і служыў з ім яшчэ ў арміі, рашыўся выдаць цэлую кнігу ўспамінаў.
Ёсць, ёсць яшчэ пра што расказваць, не ўсё яшчэ раскрытае. Але пасля кнігі Марыны Мулявінай і Вольгі Брылон болей не будзе забытым імя Лідзіі Кармальскай, папулярнай артысткі і адной з удзельніц ансамбля «Песняры», музы і натхняльніцы Уладзіміра Мулявіна. І сам вялікі музыкант стаў нам крыху бліжэйшы, стаў больш родны, блізкі і зразумелы. Адной белай плямай у нашай з вамі музычнай гісторыі стала меней.
Надзея КУДРЭЙКА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.