Вы тут

Што адбываецца ў Сальвадоры?


37-гадовы Наіб Букеле атрымаў пераканаўчую перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Сальвадоры, набраўшы амаль 54 працэнты галасоў. «Сёння мы ствараем гісторыю», — заявіў малады палітык яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў. Букеле меў рацыю, паколькі стаў першым пасля заканчэння ў 1992 годзе грамадзянскай вайны кіраўніком гэтай дзяржавы, які не з'яўляецца прадстаўніком адной з дзвюх найбуйнейшых партый. За яго канкурэнта з правага Нацыянальна-рэспубліканскага альянсу Карласа Калеху аддалі свае галасы 31,6 працэнта выбаршчыкаў, а за Уга Марцінэса, прадстаўніка левага Фронту нацыянальнага вызвалення імя Фарабунда Марці, — 13,7 працэнта. Новы прэзідэнт атрымаў перамогу пад лозунгам барацьбы з карупцыяй і аднаўлення парадку на вуліцах краіны з высокім узроўнем злачыннасці. У гэтым яму, сярод іншага, дапамагла досыць паспяховая дзейнасць на пасадзе мэра сальвадорскай сталіцы, а таксама ўменне працаваць з сацыяльнымі сеткамі. Куды рушыць цэнтральна-амерыканская краіна?


Вада за золата

Сальвадор нярэдка называюць «краем вулканаў». Асноўная частка яго тэрыторыі ўяўляе сабой нагор'е вышынёй 600—700 метраў над узроўнем мора. Над ім уздымаюцца два паралельныя ланцугі вулканаў. Паўночны, больш нізкі, складаецца з патухлых вулканаў, а паўднёвы — з дзеючых. Самы высокі з іх — Санта-Ана (на захадзе краіны) дасягае вышыні амаль 2,4 кіламетра. Вулкан Ісалька, які амаль бесперапынна дзейнічае з XVІІІ стагоддзя, нярэдка называюць «маяком Сальвадора»: па начах зарыва над ім відаць з караблёў, якія праходзяць далёка ў акіяне. Частыя вывяржэнні і землетрасенні прычыняюць немалую шкоду насельніцтву і эканоміцы краіны. З іншага боку, попел і лава, якія пакрываюць зямлю нагор'я, спрыяюць значнаму павелічэнню ўраджайнасці. А сельскагаспадарчая прадукцыя цяпер — аснова экспарту краіны.

Да прыходу ў ХVІ стагоддзі іспанскіх заваёўнікаў тут існавала дзяржава Кускатлан, што перакладаецца з мовы індзейцаў-наўа як «зямля каштоўных камянёў». І гэта сапраўды так — у нетрах Сальвадора шмат карысных выкапняў. Даказаны запасы жалеза, медзі, цынку, свінцу, серабра, золата, плаціны, ртуці, баксіту, серы, азбесту, кааліну, кварцу, гіпсу, вапняку. Ёсць таксама граніт і мармур. Аднак распрацоўка гэтых прыродных запасаў больш не праводзіцца. Сальвадор, які з'яўляецца самай маленькай дзяржавай Цэнтральнай Амерыкі, першым у свеце ўвёў поўную забарону на здабычу рудных карысных выкапняў, каб не дапусціць забруджвання і змяншэння запасаў пітной вады. Заходнія кампаніі доўгі час рваліся перш за ўсё да радовішчаў золата на поўначы краіны, падраздзяленне канадска-аўстралійскай Oceana Gold нават падавала іск у Міжнародны цэнтр па ўрэгуляванні інвестыцыйных спрэчак (ІCSІD) — арбітражную ўстанову групы Сусветнага банка, паведаміла Fіnancіal Tіmes. Заканадаўчая асамблея Сальвадора прыняла закон, які ператварыў мараторый на распрацоўку ў паўнавартасную забарону, большасцю ў 69 галасоў з 84. У падтрымку гэтай ініцыятывы выступалі службовыя асобы і навукоўцы, прафесійныя лабісты і каталіцкая царква. Пры гэтым закон не закранае здабычу вугалю, солі, работу каменяломняў.

Узровень забруджвання навакольнага асяроддзя ў Сальвадоры з'яўляецца адным з самых высокіх у рэгіёне (другі пасля Гаіці), а даступнасць пітной вады — самай нізкай, сведчаць даныя ААН. «Горная справа — тая галіна, першай і асноўнай ахвярай якой з'яўляецца вада. У выпадку з Сальвадорам гэта пытанне жыцця і смерці», — сцвярджае эксперт па горнаруднай галіне Андрэс Макінлі з Цэнтральнаамерыканскага ўніверсітэта ў Сан-Сальвадоры. Разам з тым, як адзначаюць эканамісты, краіна адчайна мае патрэбу ў новых крыніцах даходаў. Рашыць гэты «рэбус» пакуль не ўдаецца.

Чатырнаццаць сем'яў

Невялікая рэспубліка (афіцыйная назва краіны — Рэспубліка Эль-Сальвадор) з насельніцтвам каля 6,5 мільёна чалавек доўгі час знаходзілася на адным з першых месцаў у свеце па ўзроўні гвалту. За апошнія некалькі гадоў улады змаглі дамагчыся паляпшэння сітуацыі ў сферы бяспекі, паведаміла ТАСС. Паводле афіцыйных даных, летась у Сальвадоры было здзейснена 3,34 тысячы забойстваў — на 15 працэнтаў менш, чым годам раней. Узровень злачынстваў такога роду склаў 51 выпадак на 100 тысяч жыхароў, што ў два разы менш, чым у 2015-м.

Паводле неафіцыйных даных, у сталіцы Сальвадора штодня ад рук злачынцаў гіне каля дваццаці чалавек. Людзей забіваюць пры рабаванні ці, напрыклад, за супрацоўніцтва з паліцыяй. Дарэчы, мясцовыя вартавыя парадку працуюць толькі ў масках, імкнучыся схаваць асаблівыя прыкметы. Адна з самых вядомых бандаў, якая дзейнічае не толькі ў Сальвадоры, але і іншых краінах, у тым ліку ЗША, — Mara Salvatrucha, што на слэнгу азначае «брыгада сальвадорскіх бадзяжных мурашак». «Брыгадзіры» з татуіроўкамі па ўсім целе вылучаюцца крайняй жорсткасцю.

Эканоміка краіны знаходзіцца пад кантролем алігархіі — так званых чатырнаццаці сем'яў (хоць на самай справе іх значна больш). Першакрыніцай багаццяў гэтых сямейных кланаў была кава, але з цягам часу іх дзейнасць набыла больш рознабаковы характар і ўключала інвестыцыі ў апрацоўчую прамысловасць, фінансы, гандаль і розныя галіны сельскай гаспадаркі. Адно з галоўных абяцанняў фаварыта і пераможцы прэзідэнцкай гонкі Наіба Букеле — барацьба з карупцыяй. Што не дзіўна, бо амаль усе палітычныя партыі краіны загразлі ў звязаных з ёй скандалах. З апошніх шасці прэзідэнтаў краіны ў карупцыі былі афіцыйна абвінавачаныя трое. Франсіска Флорэс (займаў пасаду ў 1999—2004 гадах) абвінавачваўся ў тым, што з $15 млн, выдзеленых урадам Тайваня на дапамогу ахвярам землетрасення, ён перавёў $10 млн на рахункі АРЕНА, а $5 млн забраў сабе. Франсіска Флорэс памёр, не дажыўшы да прызначанай даты суда. Яго пераемнік Антоніа Сака (кіраваў краінай у 2004—2009 гадах) летась быў асуджаны за растрату дзяржаўных сродкаў і адмыванне грошай. Ён быў прысуджаны да дзесяці гадоў турмы і павінен вярнуць дзяржаве $260 млн. Экс-прэзідэнт Маўрысіа Фунесу (знаходзіўся ва ўладзе ў 2009—2014 гадах) быў у мінулым годзе аб'яўлены ў міжнародны вышук. Яго разам з групай службовых асоб і сваякоў абвінавачваюць у карупцыйных дзеяннях і нанясенні дзяржаве шкоды на суму $351 млн. Фунесу хаваецца ад правасуддзя ў Нікарагуа. У інтэрв'ю AP, дадзеным на апошнім тыдні перад выбарамі, Наіб Букеле сказаў: «Мы заяўляем гучна і выразна: незалежна ад таго, ці будзе гэта хто-небудзь з нашай партыі ці з іншай партыі, хто заўгодна... мы будзем рабіць захады супраць карупцыянераў».

Былыя сапернікі

Дзве вядучыя палітычныя партыі Сальвадора, былыя сапернікі з часоў грамадзянскай вайны, — Нацыяналістычны рэспубліканскі альянс (ARENA) і «Фронт нацыянальнага вызвалення імя Фарабунда Марці» (FMLN). ARENA пачыналася як палітычнае крыло «батальёнаў смерці», арыентаванае на ЗША. Першапачаткова займала ўльтраправыя пазіцыі, пазней зрушылася крыху налева. FMLN пачынаўся як аб'яднанне пяці паўстанцкіх груповак, арыентаванае на СССР, але пасля завяршэння грамадзянскай вайны ў 1992 годзе трансфармаваўся ў левую палітычную партыю. З 1989-га да 2009 года пасаду прэзідэнта краіны займалі прадстаўнікі ARENA, з 2009 па цяперашні час — прадстаўнікі FMLN.

Фронт на гэтых выбарах прадстаўляў 51-гадовы Уга Роджэр Марцінэс Банілья. Пры дзеючым і папярэднім прэзідэнтах ён быў міністрам замежных спраў. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, ён займаўся аднаўленнем дыпламатычных адносін з Кубай, некалькі разоў бываў у Расіі.

ARENA выставіла Карласа Калеха — 42-гадовага бізнесмена, уладальніка ступені MBA, атрыманай у Нью-Ёрку. Ён сын аднаго з найбагацейшых жыхароў краіны і займае пасаду віцэ-прэзідэнта ў сямейным бізнесе Grupo Calleja, які дзейнічае ў сферах нерухомасці, фінансавых паслуг, харчовай прамысловасці і рознічнага гандлю. Пад кіраўніцтвам гэтай кампаніі знаходзіцца вялікая частка супермаркетаў найбуйнейшай у краіне сеткі Super Selectos.

Кандыдат Хасэ Альварада прадстаўляў на выбарах новую партыю VAMOS! (яе назва перакладаецца з іспанскай як «Наперад!» ці «Давай!»). Альварада ганарыцца тым, што яго партыя — адзіная ў краіне, якая не мае цёмнага мінулага.

Сэлфі на трыбуне

Наіб Арманда Букеле Артэс — былы мэр сталіцы Сан-Сальвадора, які карыстаецца велізарнай папулярнасцю сярод моладзі. Яго перамога ўжо ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў раптоўна паклала канец амаль 30-гадоваму перыяду, на працягу якога існавала фактычна двухпартыйная сістэма і краінай кіравалі альбо ўльтралевыя, альбо ўльтраправыя лідары, якія супрацьстаялі адзін аднаму. Букеле, як звычайна, у пацёртых джынсах і скураной куртцы (гэта яго пастаяннае адзенне), пасля таго як мясцовы Цэнтрвыбаркам абвясціў, што ён набраў ужо амаль 54 працэнты галасоў і яго перамога стала бясспрэчнай, адзначаў свой неверагодны поспех разам з тысячамі прыхільнікаў на Морасане — цэнтральнай плошчы Сан-Сальвадора, перадала svoboda.org.

Прэзідэнт, інаўгурацыя якога адбудзецца 1 чэрвеня, — этнічны палесцінец (у Сальвадоры пражывае каля 100 000 этнічных палесцінцаў, у асноўным хрысціян, чые продкі імігравалі ў краіну ў пачатку XX стагоддзя). З 18 гадоў займаецца бізнесам. Паводле даных газеты El Faro, Букеле належыць кампанія, якая займаецца дыстрыбуцыяй тавараў вядомай японскай фірмы Yamaha ў Сальвадоры (кіраўніком кампаніі з'яўляецца яго брат Ібрахім). Таксама ён валодае рэкламным агенцтвам Obermet (намінальным уладальнікам лічыцца яго брат Карым). У 2012 годзе Букеле быў абраны мэрам мястэчка Нуэва-Кускатлан. Па даных газеты El Faro, выручка яго кампаній у той год перавысіла $13 млн. З 2015-га па 2018-ы Букеле кіраваў Сан-Сальвадорам.

У 2017 годзе камісія па этыцы FMLN выключыла яго з партыі. У спісе вылучаных супраць яго абвінавачанняў значыліся парушэнне праграмных дакументаў партыі, раскольніцкія дзеянні, выказванні, якія ганяць годнасць членаў партыі і паўстанцаў, грэбаванне правамі жанчын. Пасля выключэння Наіб Букеле абвясціў сябе незалежным кандыдатам, гэтую заяву ён зрабіў у «Твітэры». Ён увогуле актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. У «Фэйсбуку» на яго падпісаныя 1,45 мільёна чалавек. Пра свой намер балатавацца ў прэзідэнты ён таксама заявіў праз гэтую сацыяльную сетку. Відэаролік паглядзелі больш за мільён чалавек.

Перад выбарамі Букеле спрабаваў зарэгістраваць уласную партыю Nuevas Іdeas («Новыя ідэі»), але не паспеў гэта зрабіць. Ён зазнаў скаардынаваны ціск з боку быццам бы непрымірымых праціўнікаў — і левай FMLN, і правага Нацыяналістычнага альянсу. Яму не давалі дзейнічаць і выступаць, пагражалі забойствам і не дапускалі да СМІ. Аднак у рэшце рэшт Букеле знайшоў падтрымку ў дзіўнага з пункту гледжання палітычнай арыентацыі, ідэалогіі і лозунгаў аб'яднання — правацэнтрысцкага крыла кансерватыўна-левацэнтрысцкага Шырокага альянсу за нацыянальнае адзінства (GANA).

Было б няправільна лічыць легкадумнасцю тое, што адразу пасля абвяшчэння вынікаў галасавання ён зняў на мабільны тэлефон сэлфі са сваімі прыхільнікамі, заўважае El Paіs. Гэта добра прадуманая стратэгія, якая прынесла свой плён, яна дазваляе зірнуць на палітыку пад іншым ракурсам. Але, як справядліва заўважае выданне, адна справа выйграць выбары з дапамогай сацыяльных сетак, і зусім іншая — правільна выкарыстоўваць іх пры кіраванні краінай. А праблем у невялічкага Сальвадора, як бачым, багата. Яшчэ адна з іх — эміграцыя. За межамі краіны знаходзяцца, па розных ацэнках, да 3,5 мільёна яе грамадзян. Відавочна, што працяг актыўнай барацьбы са злачыннасцю, развіццё эканомікі і павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва стануць асноўнымі задачамі, якія давядзецца вырашаць будучаму кіраўніку дзяржавы.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Край вулканаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.